РЭПЛЯЎСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІГалоўная »
РЭПЛЯЎСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ размяшчаецца ва ўсходняй частцы вёскі Рэпля Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. Пабудаваны ў 1902—09 гады з цэглы на месцы папярэдняга драўлянага храма. Пасля Вялікай Айчыннай вайны закрыты, асвячоны 8.12.1992 года біскупам А.Кашкевічам. На 1997 год налічвалася каля 1600 парафіян.
Аўтар фота - Андрэй Дмітрыеў (globus.tut.by)
Помнік архітэктуры неаготыкі. Буйнамаштабны храм вырашаны паводле канона трох нефавай двух вежавай базілікі з прамавугольнай апсідай і дзвумя сакрысціямі. Архітэктурная кампазіцыя пабудавана на імкненні да вертыкальнага дынамізму, што дасягаецца спічастымі шпілямі вежаў, высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і нішамі, аркатурамі, ступеньчатымі контрфорсамі. Тарцы аб'ёмаў завершаны зубчастымі двухграннымі шчытамі. Над стральчатым уваходным парталам размешчана круглае акно-ружа, фасад завершаны ступеньчатым атыкам.
У інтэр'еры цыліндрычныя нервюрныя скляпенні. Абразы пачатку 19 стагоддзя «Святая Сям'я» і «Святы Казімір».
У кутку бутавай агароджы размешчана мураваная капліца, вырашаная ў адзіным з касцёлам архітэктурным стылі. Прамавугольнае ў плане збудаванне пад двухсхільным дахам, тарцы якога закрыты двухграннымі зубчастымі шчытамі. На фоне бутавай муроўкі бакавых сцен вылучаны чырвонацагляныя вуглавыя лапаткі і аркатурны фрыз.
Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.
|