ЗАСЛАЎЕ –
горад у Мінскім раёне, на р.Свіслач побач з Заслаўскім вадасховішчам. За 27 км ад Мінска на шляху Мінск –
Маладзечна.
Адшуканыя ў выніку археалагічных раскопак (Ляўданскі, Загарульскі, Штыхаў, Гілеп, Заяц) рэшткі паселішча (Изяславль, Жеславль, Жаславль) датуюцца канцом X ст. Паводле летапісных запісаў Заслаўе пабудавана (1127 – 1128) кіеўскім князем Уладзімірам для былой жонкі Рагнеды і іхняга сына Ізяслава на месцы пасялення
крывічоў.
У канцы XI ст. за 1 км ад яго заснавана крэпасць-«замэчак». Паселішча стала гандлёва-рамесніцкім пасадам.
3 XIV ст. у складзе
ВКЛ, да XVI ст. лічылася горадам. Ім валодалі князі Яўнут, Свідрыгайла, феадалы Глябовічы, Сапегі і інш. У 2-й палове XVI ст. тут жыў С.Будны і мог працаваць у мясцовай друкарні. У часы ВКЛ мела прывілеі на 4 кірмашы ў год, дзейнічалі цагельны завод, суконная фабрыка. Былі мураваны палац, кветнікі, штучныя сажалкі.
Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Царква Праабражэння Гасподняга
3 1793 г. у складзе Расіі, мястэчка Мінскага павета, цэнтр воласці. У канцы XVIII – пачатку XIX стст. і пры касцёле Раства Багародзіцы і кляштары існавалі школы,
бібліятэкі, шпіталі.
Гісторыка-культурны музей-запаведнік Сучаснае Заслаўе падзелена чыгункай, паміж часткамі праходзіць галоўная вуліца, забудаваная ўстановамі культуры і гандлю, жылымі дамамі, развіваецца мясцовая прамысловасць. Па цяперашніх мерках, Заслаўе – невялікі горад, але яно шмат чым праславілася ў гісторыі і культуры Беларусі: керамікай (Х – ХVІІІ стст.),
кафляй (ХV – ХVІІІ стст.), замкам (XVI – XVII стст.), Спаса-Праабражэнскай царквой (2-я палова XVI – пачатак XVII стст.), фарным касцёлам (ХVIIІ – ХІХ стст.),
курганным могільнікам (365 насыпаў X – 1-й чвэрці XII стст.), музеямі,
гісторыка-культурным запаведнікам (з 1986 г.).