Чацвер, 25.04.2024, 15:25

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Сусветныя войны і беларуская дзяржаўнасць
Гістарычна склалася, што на жнівень прыпадаюць угодкі цэлага шэрага падзей, якія непасрэдным чынам паўплывалі на станаўленне нашай дзяржавы. Пачатак быў пакладзены 90 гадоў таму, падчас заканчэння Першай сусветнай вайны, а завяршаўся працэс паралельна з агоніяй СССР. Варта нагадаць тыя летнія даты.

Не сакрэт, што распад СССР адбыўся раней, чым беларуская нацыя саспела да суверэнітэту. Тым не менш і падзеі суверэнізацыі Беларусі самага пачатку 1990-х былі не настолькі нечаканымі, як многім тады падавалася. Да гэтага краіна ішла цягам складанага і брутальнага XX стагоддзя.

Парасткі пачалі з'яўляцца падчас Першай сусветнай вайны. У 1915 годзе пасля нямецкай акупацыі заходняй часткі Беларусі дзеячы беларускіх, літоўскіх, польскіх і яўрэйскіх палітычных арганізацый стварылі нават Канфедэрацыю ВКЛ. Аднак ідэя патухла не разгарэўшыся.

У лютым 1918 г. ва ўмовах наступлення германскіх войск і адыходу бальшавікоў з Менска беларускія палітыкі — прадстаўнікі выканкама Усебеларускага Кангрэса — вырашылі узяць уладу ў свае рукі. Ужо пад нямецкай акупацыяй 25 сакавіка 1918 г. імі была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Але па заканчэнні сусветнай вайны новая дзяржава была расціснута молатам (бальшавіцкай Расіяй) на кавадле (панскай Польшчы), якія яе падзялілі 18 сакавіка 1921 г. у Рызе.

Перамір, як і прадназвалі многія палітычныя аналітыкі, быў толькі перапынкам у глабальнай бойні. Асноўныя яе суб'екты не на міг не пераставалі супакойвацца, вядучы барацьбу і на ўсіх франтах, акрамя ваеннага. Менавіта ў кантэксце той барацьбы Масква была вымушана пайсці на стварэнне хоць намінальнай, але непасрэдна беларускай дзяржавы, а пасля да таго ж вырашыла правесці так званае ўзбуйненне Савецкай Беларусі.

Зліццё дзвюх частак аднаго народа ў верасні 1939 г. таксама не столькі вынік унутранае нацыянальнае эвалюцыі, колькі абумоўленая логікай працэсу гісторыі падзея. Логіка заключаецца ў тым, што вынікі Першае сусветнае вайны, Версальска-Вашынгтонская сістэма, былі відавочна няўстойлівымі, і многія дзяржавы (у першую чаргу Германія ды СССР) імкнуліся да перабудовы свету паводле сваіх геапалітычных меркаванняў. Аднак імі не былі адэкватна засвоены ўрокі 1914 — 1918 гг., галоўны з якіх дэклараваў, што сусветная вайна нясе разбурэнне імперыям, а не спрыяе іх стварэнню ці замацаванне. Таму дзяржаватворчы працэс Бела¬русі перарваны ў міжваенны перыяд, заканамерна меў актыўны працяг падчас чарговае глабальнае вайны.

У 1939 г. БССР павялічыла тэрыторыю і колькасць насельніцтва ў два разы. Парадаксальна, што паслабленне ўнутранага патэнцыялу Беларусі за ваенны час не прывяло да страчвання пазіцый на міжнароднай арэне палітыкі — Крамлю ў чарговы раз спатрэбілася актывізаваць тыя пазіцыі, выдаўшы іх хоць часткова за самастойныя імкненні моцна пацярпелага ў ліхалецце беларускага народа. Па-першае, Заходняя Беларусь, за выняткам Беласточчыны, была адстаяна для БССР, што было важна для "матэрыялізаванасці" краіны. Па-другое і, напэўна, у сэнсе ідэі беларускай дзяржаўнасці нават галоўнае, Савецкая Беларусь становіцца не проста членам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, а адным з яе заснавальнікаў. Можна дадаць і па-трэцяе: менавіта з часоў Другой сусветнай вайны беларускі народ абазначыў своеасаблівы "пачэсны пасад" між савецкімі народамі ўслед за расіянамі і ўкраінцамі.

Змянілася ў той час і расстаноўка сіл на глобусе. Крэмль лепей сябе пачуваў у трох- і большпалярнай геапалітычнай сістэме, калі можна было весці падобную да нейтральнай палітыку, імкнучыся саштурхнуць ілбамі іншыя бакі, аднак у сілу слабой мабільнасці сацыялістычнай эканомікі (у параўнанні з капіталістычай) Савецкі Саюз аказаўся не ў стане па гістарычных мерках працяглы час непасрэдна, сам-на-сам супрацьстаяць свайму капіталістычнаму візаві. Таму Беларусь у развіцці дзяржаўнасці, патрэбна лічыць, зрабіла чарговы крок наперад. На міжнароднай палітычнай арэне БССР ішла ў фарватэры Крамля, але для гэтага перыяду важна тое, што Беларусь увогуле паўстала як суб'ект знешняй палітыкі, чаго яна не бачыла з часоў БНР.

"Халодная вайна", якую небеспадстаўна многія аналітыкі лічаць трэцяй сусветнай, капіталістычна-сацыялістычнае супрацьстаянне завяршылася палітычнай паразай "сацыялістычнага лагеру". I, як заўсёды бывала ў XX ст. пасля заканчэння глабальнай віхуры, зноў адбыўся перападзел свету з паралельным адраджэннем дзяржаў ды ўзнікненнем новых.

У 1990 - 1991 гг. пераіменаваная ў Рэспубліку Беларусь краіна атрымлівае не проста фармальную, але фактычную незалежнасць, з якой напачатку не ведае што рабіць: савецкая палітычная эліта да такога павароту не была падрыхтавана ні па якіх аспектах, а ў першую чаргу маральна, аднак у той жа час не хацела развітвацца з уладай, а нацыянальна-дэмакратычная плынь знаходзілася ў зародкавым стане (безумоўна, на гэтым адбіліся брутальныя савецкія рэпрэсіі). Таму працэс афармлення паўнапраўнай незалежнасці працягваецца. Улічваючы тое, што ў працэсе глабалізацыі сусветная вайна (а такія войны, як казалася вышэй, садзейнічаюць узнікненню новых дзяржаў) адбываецца бесперапынна, і мяркуючы па логіцы разгортвання гісторыі, незалежнасць будзе толькі ўзмацняцца.

1.08.1914 - пачатак Першай сусветнай вайны
Жнівень 1915 - акупацыя Германіяй часткі Беларусі (Ганцаўшчына з'яўлялася прыфрантавой зонай, а ў лютым 1918 г. і яна была захоплена).
31.07.1920 - абвяшчэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (потым перайменавана ў БССР).
27.07.1990 - прыняцце "дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. 19-21.08.1991 - спроба дзяржаўнага перавароту ў Маскве (путч).
25.08.1991 - наданне "Дэкларацыі аб суверэнітэце" статусу канстытуцыйнага закона.

Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (26.02.2009) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 4079 | Тэгі: Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 4.4/7
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.