Чацвер, 28.03.2024, 22:29

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Агарэвічы. Сляды спадчыны
Cядзібавы дом Апацкіх у Агарэвічах пасля нядаўняй перабудовы пачаў больш нагадваць сучасны катэдж, чым стары радавы маёнтак XIX стагоддзя. І ўсё ж Агарэвіцкая сядзіба – ледзь не адзінае цэласна захаванае да нашых дзён старашляхецкае котлішча на Ганцавіччыне.


Сядзіба Апацкіх у Агарэвічах. Выгляд з парку

Учора

Маёнтак у Агарэвічах быў прапісаны яшчэ ў дакументах канца XVII стагоддзя. І належаў ён заможнаму шляхецкаму роду Свяжынскіх, герба «Пагоня». У першай палове XIX стагоддзя Свяжынскія паставілі тут новы драўляны дом, які ў змененым выглядзе захаваўся да нашых дзён.


Сядзібны дом Апацкіх


Сядзібны дом Апацкіх. Выгляд з боку

Дзесьці на мяжы XIX – XX стагоддзяў Агарэвічы перайшлі ва ўласнасць Апацкіх, герба «Прус». З атрыманнем правоў на валоданне Апацкія кардынальна перабудавалі і дабудавалі сядзібу. У пачатку мінулага стагоддзя ў яе вопіс уваходзілі аднапавярховы драўляны дом на адзінаццаць пакояў, два флігелі, комплекс гаспадарчых будынкаў... Сядзібавы дом меў высокі дах, ганак на чатырох калонах, яшчэ дзве калоны меў невялікі ганачак пры бакавым уваходзе. З усходняга боку быў дабудаваны паўкруглы будыначак зімовага саду.


Ганак сядзібавага дому Апацкіх

Вакол дома быў пасаджаны парк, у які вяла заязная алея з белай таполі. Па абодва бакі сіметрычна алеі былі спланаваны два вадаёмы. Як піша даследчык А.Федарук, гэта быў невялікі рэгулярны парк перыяду эклектыкі, закладзены ў другой палове XIX стагоддзя. Яго асноўную частку складаў сад. У парку была прадугледжана сцежка для шпацыраў, абсаджаная кветкамі. Пры фармаванні паркавых прысадаў гаспадары шырока прымянялі дэкаратыўную стрыжку дрэваў.

Межы сядзібы Апацкіх пазначала драўляная агароджа з брамаю, якую афармлялі два каменныя пілоны. Як пазначаюць даследчыкі, гэта была невялікая, кампактная і вельмі ўдала спланаваная сядзіба.

Сёння

У сядзібавым доме Апацкіх у нашы дні размясцілася гасцініца-сталоўка. Цяпер тут гатуюць ежу механізатарам, у банкетнай зале мясцовае кіраўніцтва наладжвае прыёмы прыезджых дэлегацый, а ў жылых пакоях селяцца студэнты і іншыя прыезджыя. Дом пафарбаваны, новы дах імітуе старадаўнюю чарапіцу. У абноўленым абліччы дома не адразу пазнаецца старая шляхецкая сядзіба.

Колішняму гаспадарчаму двару Апацкіх, які яшчэ ў 1939 годзе налічваў дванаццаць пабудоў для ўтрымання быдла і сельскагаспадарчага начыння, пашанцавала менш.

Да нашых дзён захаваны толькі адзін амбар – крамяны будынак на высокім цокалі, з высокімі франтонамі. Пабудаваны з чырвонай цэглы, з пабеленымі нішамі і карнізамі, амбар выглядае надзвычай кантрасным і прывабным. Выкладзеная на адным з яго франтонаў дата – 1911 – сведчыць пра год вялікай перабудовы Апацкімі старой сядзібы Свяжынскіх.



Стары амбар Апацкіх у Агарэвічах

Дзесьці ў 90-я гады мясцовыя гаспадарнікі меліся наладзіць у гэтым будынку вытворчасць піва, паспеўшы ўсталяваць нават неабходнае начынне.

Жыхары Агарэвіч сцвярджаюць, што піва павінна было называцца «Пані Апацкая», і ўпэўніваюць, нібыта бачылі нават этыкеткі з-пад таго піва… Аднак залатому піву пад гучнай маркай чамусьці так і не суджана было з’явіцца, і колькі гадоў таму ўсё абсталяванне для піўной індустрыі расцягалі. Сёння амбар стаіць цалкам затоплены, без гаспадарчага нагляду.

Закінута ў нашы дні і танцпляцоўка, пабудаваная яшчэ ў савецкія часы пасярод адной з сажалак. Планіроўка прысядзібавага парку таксама парушана.


Сядзіба ў Агарэвічах. Куток парку

У новым парку насупраць сядзібы яшчэ прасочваюцца фрагменты старога брукаванага шляху. На яго месцы сёння растуць маладыя дрэвы. Сучаснае жыццё Агарэвіч праходзіць ўжо ўздоўж новай асфальтавай дарогі.

Як даехаць?

З Баранавіч у Агарэвічы можна трапіць так: дызелем Баранавічы-Лунінец даехаць да Ганцавіч, адкуль да Агарэвіч – каля пяці кіламетраў. Дызель на Лунінец ад’язджае з Баранавіцкага Палескага вакзала штодзённа, у 4.40, 8.05, 12.02, 17.25, 19.32.

Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (11.08.2010) | Аўтар: Алесь ГІЗУН W
Праглядаў: 2156 | Тэгі: Інтэкс-прэс, Агарэвічы, Апацкія, Свяжынскія, Алесь Гізун | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.