Пятніца, 26.04.2024, 15:31

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Беларускай Народнай Рэспубліцы – 95!
Яшчэ адна пяцігодка засталася да векавога юбілею слаўнай старонкі гісторыі беларускага народа – абвяшчэння незалежнасці. 25 сакавіка 1918 г. патрыёты Беларусі заявілі ўсяму свету, што наша краіна хоча існаваць у выглядзе самастойнай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі.

Беларуская Народная Рэспубліка
Вайскова-дыпламатычная місія БНР у Латвіі і Эстоніі, шыльда

У свой час шляхам трох падзелаў Рэчы Паспалітае, у якую уваходзілі Вялікае Княства Літоўскае і Польшча, Расійская Імперыя атрымала ў свой склад усе беларускія этнаграфічныя землі – тыя, на каторых магла б утварыцца беларуская нацыя і нацыянальная дзяржава ў разуменні Новае гісторыі. Чарговы ўздым нацыянальнага руху ў Еўропе прывёў да імкненняў многіх "падымперскіх" народаў да самавызначэння. Палякі ў сваім адраджэнні кіраваліся менавіта станам на 1772 г., калі краіны-суседзі пачалі брутальна ўмешвацца ва ўнутранае развіццё канфедэратыўнае дзяржавы. Але палякі не ўлічваюць, што нашы землі Польшчай не з’яўляліся, бо на іх было ВКЛ. Таму незалежніцкія тэндэнцыі, праяўленыя нацыянальнай элітай беларусаў у 1918 г., мелі аніяк не меншыя падставы. У прыватнасці "Дэкларацыя правоў народаў Расіі" (ад 2 лістапада 1917 г. па ст. ст.) гарантавала нацыям права на вольнае самавызначэнне аж да адддзялення і ўтварэння самастойнай дзяржавы. Больш таго, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 29 жніўня 1918 г. савецкі ўрад прыняў падпісаны У.Леніным дэкрэт аб адмове ад дагавораў і актаў, заключаных урадам былое Расійскае імперыі аб падзеле Рэчы Паспалітай. А гэта значыць, расійская інкарпарацыя беларускіх зямель, якія з’яўляліся ядром ВКЛ, de iure ліквідоўвалася, а за іх насельніцтвам прызнавалася права на самавызначэнне – калі яны адмовіліся б ад ранейшага дзяржаўнага status quo ў выглядзе ВКЛ ці Рэчы Паспалітае. Выбар народаў былое Рэчы Паспалітае (палякаў, літоўцаў, ураінцаў) быў зроблены на карысць самастойнага шляху дзяржаўнага будаўніцтва, што фактычна не пакідала альтэрнатывы беларусам у выпадку самастойнага вырашэння свайго лёсу.

БНР вымусіла лічыцца з сабою ўсіх суседзяў, якім, аднак, суседства такое не было патрэбным. У першую чаргу гэта датычыцца панскай Польшчы і бальшавіцкай Расіі. Як лічыць Кляўдуш Душ-Душэўскі, дзеяч БНР, і Польшча, і савецкая Расія фактычна прызналі БНР у 1918 г. Пра гэтае прызнанне згадвае Старшыня польскае дэлегацыі ў сваёй заяве на другім паседжанні Галоўнае камісіі мірнае канферэнцыі 4 кастрычніка 1920 г.: «Польская республика, не ожидая шагов со стороны России, признала независимость Литвы, Украины и Белоруссии». А ў дэкларацыі расійскае дэлегацыі ад 24 лістапада 1920 г. гаварылася пра прызнанне Расіяй незалежнасці Беларусі яшчэ ў 1918 г.. Ёсць і юрыдычныя дакументы, якія з’яўляюцца пацверджаннем прызнання прынамсі Расіяй на прававым узроўні прадстаўнікоў БНР пры ўрадзе РСФСР (такім у якасці генеральнага консула быў Алесь Бурбіс, копія дыпламатычнага пашпарта якога захавалася. Па меркаванні беларускага гісторыка Анатоля Грыцкевіча, "бальшавікі ў Маскве вымушаны былі лічыцца з трэцяй Устаўной Граматай да народаў Беларусі. У лістападзе 1918 г. урад Леніна нават спрабаваў дамовіцца з тагачасным урадам БНР на чале з Антонам Луцкевічам, але потым спыніў перамовы". Дый Варшава ж мела дыпламатычныя стасункі з прадстаўнікамі БНР менавіта ў іх такой якасці. Прэзідэнт Рады БНР П.Крэчэўскі прыводзіць дакументы з цытатамі аб прызнанні ў 1918 г. незалежнасці Беларусі і Польскай Рэспублікай, і РСФСР. Па меркаванні Аляксандра Ціхамірава, урад Украінскай Народнай Рэспублікі прызнаваў Беларусь дэ-факта, але адмовіўся прызнаць яе дэ-юрэ, спасылаючыся на ўмовы Брэст-Літоўскага мірнага дагавора, прыйшоўшы пасля дзяржаўнага пераваторту да ўлады, гетман Скарападскі заняў прыкладна такую ж пазіцыю.

Беларуская Народная Рэспубліка
Першы склад Народнага Сакратарыята.
Злева направа: сядзяць — Бурбіс, Серада, Варонка, Захарка,
стаяць — Смоліч, Крачэўскі, Езавітаў, Аўсянік, Заяц


Такім чынам, маем шэраг фактычных прызнанняў БНР з боку непасрэдных суседзяў (Расіяй у тым ліку), якія – будзем аб’ектыўнымі – у цэлым не былі зацікаўлены ў такіх прызнаннях, але вымушаны былі на іх пайсці з прычыны магчымага выкарыстання высокай па вартасці беларускай карты. Іншая справа, што прызнанні тыя былі вельмі асцярожнымі, двайными і часам прыхаванымі. Выяўляць канкрэтнасць – таго ці іншага парадку – міжнародна-палітычная кан’юнктура не дазваляла, бо 1) існаванне незалежнай Беларусі не прадугледжвалася – у першую чаргу Савецкай Расіяй ды Польшчай, 2) канкрэтнасць, абазначанасць пазіцыі па гэтай праблеме касавала б гнуткасць яе выкарыстання на дыпламатычна-прававым полі.

1918 г. для беларусаў не стаў годам аднаўлення дзяржаўнасці: ў адрозненне ад заходняга суседа (і Літвы) не хапіла сіл (унутранага патэнцыялу і знешняй падтрымкі) забяспечыць БНР, абвешчанай 9 сакавіка з дэклараваннем незалежнасці 25 сакавіка 1918 г. (дарэчы раней, чым гэткі акт здзейснілі палякі 11 лістапада таго ж года), жыццяздольнасць. Сілы беларускага адраджэння на той гістарычны момант не маглі супрацьстаяць неспрыяльнаму ім міжнароднаму развіццю па аб’ектыўных прычынах: разгром бальшавікамі ў канцы 1917 г. Усебеларускага З’езда стварыў сітуацыю, у якой нацыянальныя сілы Літвы і Ўкраіны апынуліся ў лепшым становішчы, што прымусіла звярнуць увагу ваюючых бакоў на праблему самавызначэння гэтых усходнееўрапейскіх народаў.

Бальшавікі на словах выступалі за самавызначэнне народаў, у тым ліку беларускага. Але толькі на словах. Прывядзём некалькі прыкладаў. Так, сведчанне размовы (напрыканцы 1917 г.) з камісарам па нацыянальных справах І.Сталіным даўно апублікаванае: "Никакого насильственного удержания народов в рамках какого бы то ни было государства, «Декларация советской делегации на первом пленарном заседании Мирной конференции в Брест-Литовске» от 9 декабря 1917 г. народу обеспечивает права свободного самоопределения путем референдума. <…> По вопросу о Белоруссии могу сказать то же самое, что и обо всех прочих народах России, т.е. полное самоопределение вплоть до отделения". Здавалася б гэтыя словы можна расцэньваць як дазвол нацыянальнасцям на дзяржаўніцкую самадзейнасць, тым больш на глебе савецкае ўлады і федэралізму з Расіяй. Але праз пару месяцаў чарговае выказванне І.Сталіна ўдакладняе вышэйсказанае: "Принцип на самоопределение должен быть средством борьбы за социализм". Гэтым самым давалася метадалагічная ўстаноўка да правядзення нацыянальнай палітыкі, у тым ліку і перадусім стасоўна беларускага народа. Той палітыцы адводзілася роля сродку, але не мэты. А, успомнім, паводле марксізму, сродкі апраўдваюць мэту. Таму, калі насамрэч запахла беларускім сепаратызмам, хай сабе і з савецка-сацыялістычным ухілам, яго паімкнуліся адразу задушыць у зародку. У святле пражэктаў У. Леніна, паводле накідаў пачатку студзеня 1918 г., планаваўся выхад Расіі з вайны, каб 1) тым самым узмацніць Германію супраць саюзнікаў: "пусть они истощаются (пока не взорвет революция и у них" 2) "сначала додушить русскую буржуазию и переорганизовать социалистически Россию, затем начинать революционную войну, ни на минуту не прекращая подготовки к ней". І каб не рызыкаваць лёсам сацыялістычнай рэвалюцыі, У.Ленін быў гатоў згубіць Польшчу, Літву і іншыя тэрыторыі (без сумневу ў той шэраг уваходзіць і Беларусь) на карысць Германіі. "Это – вернее путь к международной социалистической революции". Ніякае самастойнасці Беларусі ў святле тых праектаў не прадугледжвалася.

Беларуская Народная Рэспубліка
Урад Беларускай Народнай Рэспублікі ў Гродна

Разгон Усебеларускага З’езда, які прытармазіў палітычнае станаўленне на крыло беларускай нацыі, і міжнародныя падзеі ва ўсходняй частцы Еўропы прывялі да таго, што пытанне пра беларускую дзяржаўнасць, як і яе юрыдычнае кшталтаванне 9 і 25 сакавіка 1918 г., у плоскасці гістарычна-палітычнае рэальнасці, практычнага ўвасаблення стала "раскручвацца", лабіравацца некалькі пазней, чым паўночнага і паўднёвага суседзяў, аднак таго часавага адрэзка было дастаткова, каб гэтае пытанне аказалася лішнім для ўсіх, акрамя саміх беларускіх адраджэнцаў, так як да гэтага быў заключаны шэраг міжнародных дагавораў, якія не прадугледжвалі наяўнасць беларускага боку (што прывяло нават да правядзення па Заходняй Беларусі літоўска-ўкраінскае мяжы, але толькі на мапе). Самы значны тут для Беларусі – Брэсцкі мірны дагавор.

Ды ў канцы 1918 г. пасля рэвалюцыі ў Германіі бальшавіцкая Расія дэнансавала яго. І, такім чынам, з улікам прынятых самімі бальшавікамі дакументаў адносна дзяржаўнага самавызначэння народаў для дзеячаў БНР складвалася спрыяльнае юрыдычнае поле. Тым больш, што 29.11.1918, калі не было ніякай улады на большай частцы Беларусі, яны прынялі IV Устаўную грамату, якая паўторна дэкларавала незалежнасць і самастойнасць беларускай дзяржавы ў выглядзе БНР. Аднак бальшавікі падышлі да тых падзей з характэрнай ім палітыкай двайных стандартаў і нават не звярнулі ўвагі на непадмацаваны ваеннай сілай голас маладой рэспублікі.

Анатоль Сідарэвіч упэўнены ў акупацыйных намерах Савецкай Расіі, чаго не хаваў сам Ленін. У яго тэлеграме да І.Вацэсіса ад 29 лістапада 1918 г. ён сам называе ўкраінскія і прыбалтыскія землі акупаванымі, адзначаючы пры гэтым, што стварэннем абласных часовых урадаў аднімаецца магчымасць разглядаць рух бальшавіцкіх войск як акупацыю. Бальшавіцкі правадыр пры гэтым дбаў пра мінімум вонкавай прыстойнасці. Дзеля гэтага і ствараліся так званыя абласныя бальшавіцкія ўрады для Эстоніі, Латвіі, Літвы, Украіны. Беларусь у той шэраг не мела гонар патрапіць. Прычынай, як паказана далей, з’яўлялася еўрапейская геапалітычная кан’юнктура.

Аддзяленне ад Расіі, як дэкларуе найбольшы тагачасны аўтарытэт бальшавікоў У.Ленін, дапускалася, як патрэбна разумець, толькі тэарэтычна: "Мы за автономию для всех частей, мы за право отделения (а не за отделение всех!) <…> В общем, мы против отделения. Но мы стоим за право на отделение. <… > Ничего, абсолютно ничего кроме права на отделение здесь нет и быть не должно" (усе выдзяленні аўтарскія). Такая вось імперыялістычная амбівалентнасць.

Нягледзячы на тое, што яшчэ летам 1916 г. У.Ленін катэгарычна не згаджаўся з тымі, хто адмаўляў няспеласць украінскага і беларускага нацыянальных рухаў, на справе бальшавікоў не толькі не турбавала пытанне пра беларускую дзяржаўнасць, але і прыўносіла лішнія складанасці ў распаўсюджванні рэвалюцыі: у немалаважных для будучага гістарычнага развіцця дакументах Беларусь не згадвалася ў кантэксце народаў з правам на нейкую дзяржаўнасць. Пакуль беларускі нацыянальны рух (як, зрэшты, і іншыя) набываў сілу пад царскай уладай, ён каталізаваўся бальшавікамі, бо такім чынам расхістваўся царызм. Яшчэ на самым пярэдадні кастрычніцкага перавароту У. Ленін, што праўда, у форме рытарычнай фігуры ўмоўнага ладу заяўляў пра "немедленное восстановление полной свободы Финляндии, Украины, Белоруссии, для мусульман и т.д." Калі ж бальшавікі захапілі ўладу, ім нацыянальныя рухі сталі муляць, і яны іх уплывы імкнуліся мінімізаваць ці фармалізаваць, а беларускі – спачатку на пэўны час увогуле аказаўся "па-за гульнёй". Беларуская Народная Рэспубліка, паводле планаў Масквы, падлягала знішчэнню. Як дзяржава БНР так і не замацавалася на карце. Але яе гістарычнае значэнне бясцэннае: менавіта тыя падзеі сталі пачаткам сучаснай дзяржаўнасці Беларусі.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (25.03.2013) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 3171 | Тэгі: Беларуская Народная Рэспубліка, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.