Пятніца, 26.04.2024, 17:44

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Брама ў Агарэвічах. Гасцінічны комплекс з багатым мінулым
Больш за сто курганных могільнікаў перыяду Сярэднявечча хаваюць у сваіх нетрах таямніцы Ганцавіцкай зямлі, што ў свой час з'яўлялася важнай часткай Турава-Пінскага княства. Цікавая адметнасць гэтага раёна ў тым, што літаральна побач з унікальнымі адзнакамі старажытнай археалогіі размяшчаюцца помнікі архітэктуры і паркавага мастацтва. 

Агарэвічы, Огаревичи
Так выглядае сядзіба ў Агарэвічах сёння

І калі пераважная большасць артэфактаў даўніны, знойдзеных у сярэдзіне мінулага стагоддзя на раскопках курганных могільнікаў, захоўваецца ў Музеі Беларускага Палесся ў Пінску (пакуль што толькі тры гліняныя прасніцы былі перададзены на экспанаванне ў Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей), то адметныя архітэктурныя помнікі радуюць сваім дагледжаным абліччам вока айчыннага і замежнага турыста. І яскравым прыкладам дбайнага стаўлення да сваёй спадчыны з'яўляецца сядзіба роду Свяжынскіх у вёсцы Агарэвічы. Сёння гэта - невялікі гасцінічны комплекс з утульнай кавярняй. Непадалёк ад яго - пляцоўка для навучання арыстакратычнаму віду спорту: адзіны ў раёне конны манеж.

Па словах дырэктара Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея Алы Занька, сёння гасцінічны комплекс сядзібы Агарэвічы карыстаецца папулярнасцю не толькі ў айчынных падарожнікаў, але і ў турыстаў з ЗША, Германіі, Галандыі і Польшчы, чые захопленыя ўражанні можна прачытаць у кнізе водгукаў. Відавочна, гасцей прываблівае не толькі чароўная навакольная прырода і адметная архітэктура сядзібы, але і яе гісторыя.

Як сведчаць дакументы, у 1-й палове ХІХ ст. Свяжынскія пабудавалі ў Агарэвічах драўляную сядзібу, якая ў 1911 г. была істотна перабудавана яе новымі гаспадарамі. Нельга не адзначыць архітэктурныя адметнасці сядзібы, у асобных пакоях якой да нашага часу захаваліся фрагменты старадаўніх фрэсак. У прыватнасці, будынак палаца мае ўсяго адзін паверх, накрыты закругленым з усходняга боку двухсхілавым дахам, а з заходняга - паўвальмавым з дэкарыраванымі дахавымі вокнамі. Пры гэтым сядзібнапаркавы ансамбль уключаў палац, мураваную стайню, гумно, парк, сажалкі і ўязную браму на двух мураваных слупах.

Паводле даследаванняў айчыннага гісторыка, доктара бiялагiчных навук Анатоля Федарука, парк адносіцца да тыпу рэгулярных перыяду эклектыкі. Ён быў закладзены прыкладна ў 2-й палове ХІХ ст. на адносна невялікай плошчы. Парадная частка парку мела сіметрычна-восевую кампазіцыю і сістэму сажалак. Асноўную частку яго складаў фруктовы сад, размешчаны за сядзібным домам. Уздоўж цэнтральнай і бакавых алей цягнулася прагулачная сцежка з лінейнай пасадкай кветкавых раслін. Адметна і тое, што ў парку шырока прымянялася дэкаратыўная стрыжка дрэў пры фарміраванні алей з елак і грабаў.

Пасля ўключэння тэрыторыі Заходняй Беларусі ў склад БССР сядзіба была нацыяналізавана, а яе гаспадары - раскулачаны. Доўгі час лічылася, што восенню 1939 г. супрацоўнікі НКУС сярод ночы паднялі пані Марыю і разам з трыма дзецьмі вывезлі на станцыю Ганцавічы, каб адтуль адправіць у Сібір. Толькі нядаўна, дзякуючы інфармацыі Кшыштафа, пляменніка старэйшай дачкі апошняй гаспадыні маёнтка Ірэны Свяжынскай, які сёлета прыязджаў у Агарэвічы, высветлілася, што на самой справе пазбегнуць высылкі на Поўнач здолелі ўсе трое дзяцей: іх выратавала старая служанка пані- Юзэфа.

У свой час, каб захаваць гісторыю роду і паспрыяць у справе пошукаў родных, Ірэна па памяці намалявала схематычны план сядзібы і зрабіла аўдыязапісы сваіх успамінаў. Копію гэтага плана разам з унікальнымі фотаздымкамі сядзібы пачатку ХХ ст. Кшыштаф Свяжынскі перадаў сённяшняму дырэктару комплексу Галіне Кулікоўскай. Дзякуючы плану можна ўбачыць, што на тэрыторыі сядзібы рупліва даглядаліся алеі, некалькі кветнікаў і вялікі сад. А непадалёк ад іх размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы і сыраварня, якую стварыла апошняя гаспадыня сядзібы Марыя Свяжынская-Апацкая ў пачатку ХХ ст.

Нельга не сказаць колькі слоў пра далейшы лёс гэтай сядзібы. Як адзначыла дырэктар Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея Ала Занька, памяшканне сядзібы выкарыстоўвалася ў якасці сельскага клуба. У 1960-70-х гадах сядзіба Свяжынскіх стала месцам жыхарства для некалькіх сем'яў, а пасля іх высялення - пэўны час пуставала і прыходзіла ў заняпад. Толькі ў 1996-м, дзякуючы намаганням тагачаснага старшыні мясцовага калгаса Міхаіла Кунцэвіча, будынак быў адрэстаўраваны і стаў выдатным аб'ектам турыстычнай інфраструктуры Ганцавіцкага раёна.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (24.01.2012) | Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
Праглядаў: 2015 | Тэгі: Агарэвічы, Свяжынскія, газета Культура, Канстанцін Антановіч | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.