Пятніца, 26.04.2024, 18:16

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Дэпутат 1-й кадэнцыі міжваеннай Польскай Рэспублікі Антоні Кардоўскі і Круговіцкая гміна (па старонках польскай прэсы)
Уводзіны ў тэму

Не кожны грамадзянін Беларусі ведае сваіх актуальных дэпутатаў. Самых ранніх па часе абраннікаў народа наогул будуць ведаць толькі гісторыкі, якія спецыялізуюцца на адпаведным перыядзе. У нашым выпадку маем ліквідаваць гэту невядомасць прынамсі для жыхароў Круговіцкай гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводства (да польска-савецкай вайны — паўднёва-заходні кут Слуцкага павета Менскай губерні, цяпер — паўночная частка Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці).

Выбары на беларускіх землях (у адрозненне, напрыклад, ад маскоўскіх / расійскіх) — справа даволі звычайная. Ім як гістарычнай з’яве не менш тысячагоддзя. Аднак удзел у іх доўгі час прымалі толькі прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў. Так было ў часы княстваў, затым — Рэчы Паспалітай. Тады баяры / шляхта абіралі як дзяржаўныя органы кіравання, у тым ліку караля, так і мясцовыя — соймікі. Прычым фармальна кожны шляхціч мог быць абраны нават на галоўны трон. Пасля ўваходжання беларускай зямлі ў склад Расійскай імперыі (канец XVIII стагоддзяя) выбары дэпутатаў увогуле не практыкаваліся ў палітычнай сістэме: нейкага парламенцкага органа доўгі час не было. Першая Дума ўзнікла толькі ў 1905 годзе! Аднак асаблівай дэмакратыяй пры яе фарміраванні не пахла. Галоўнае — выбарчае права заставалася вельмі абмежаваным.

Каталізаваліся дэмакратычныя працэсы ў выніку падзей Першай сусветнай вайны (1914–1918 гады) і Лютаўскай рэвалюцыі (сакавік 1917 года). Кастрычніцкая рэвалюцыя (лістапад 1917 года) многім падарыла надзею на "свабоду, роўнасць, братэрства”. Беларусы таксама зажадалі заняць "свой пасад між народамі” (Янка Купала). 5–17 снежня 1917 года быў скліканы ў Менску Усебеларускі з’езд. Яго дэпутатаў патрэбна лічыць першымі дэмакратычна абранымі прадстаўнікамі ў палітыцы на беларускай зямлі. Праўда, выбарчы працэс той быў даволі стыхійны і не татальны тэрытарыяльна і электаральна.

Вялікія Круговічы тады знаходзіліся ў прыфрантавой паласе. Пакуль не знойдзена звестак, ці з Круговіцкай воласці быў дэлегаваны прадстаўнік на Усебеларускі з’езд (такая верагоднасць была). Калі ўсё ж такі быў, дык яго і трэ было б лічыць першым дэпутатам.

Сумнеўна, што нашы землякі трапілі на Першы Усебеларускі з'езд Саветаў рабочых, салдацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, які быў арганізаваны бальшавікамі і адбыўся 2—3 лютага 1919 года ў Менску. Там было дэлегатаў на парадак менш, чым на вышэйзгаданым снежаньскім. Дый вылучаліся яны хутчэй па разнарадцы.

У далейшым праз тэрыторыю Круговіцкай воласці некалькі разоў пракаціўся фронт. Было не да выбараў. Спярша немцы наступалі — у лютым 1918 года. Затым два разы прыходзілі палякі — у ліпені 1919 года і ў кастрычніку 1920 года. У другі раз яны засталіся надоўга.

Вынікі першых выбараў у Пінскай акрузе Палескага ваяводства

Першыя мірныя выбары ў вышэйшыя ўладныя органы на тэрыторыі Круговіцкай гміны пад польскім панаваннем прайшлі ў лістападзе 1922 года.

У тагачаснай Польшчы парламент складаўся з дзвюх палат — Сейма і Сената. Апошні, аднак адыгрываў ролю меней значную. Адпаведна падзеі, звязаныя з Сеймам, станавіліся ў першы шэраг палітычнага жыцця.

Прынцып абрання быў наступны: колькасць месцаў на акругу размяркоўвалася прапарцыйна колькасці галасоў, узятым партыямі (на Заходняй Беларусі 1 дэпутат абіраўся ад 86000 чалавек). На дзевяць акруг з пераважана беларускім насельніцтвам было выдзелена 48 пасольскіх (дэпутацкіх) мандатаў (з усіх 444). Выбарчым правам надзяляліся ўсе грамадзяне Польскай Рэспублікі, якім споўніўся 21 год. Прычым не залежна ад полу. Упершыню круговіцкія жанчыны атрымалі права галасаваць. Такіх магчымасцей дагэтуль мясцовае насельніцтва не мела ніколі. Аднак савецкія гісторыкі настойвалі на тым, што ўсеагульнае выбарчае права "заходнікам” падарыла толькі бальшавіцкая ўлада — у 1939 годзе. (Як ні дзіўна, такой жа пазіцыі прытрымліваюцца нават некаторыя сучаснікі ў гістарычнай навуцы.) 

Дэпутаты парламента ці, кажучы польскаю моваю, паслы Сейма выбіраліся 5 лістапада. Палескае ваяводства дзеля гэтага было падзелена на дзве акругі з цэнтрамі ў Брэсце і Пінску. Круговіцкая гміна (так стала называцца воласць) уваходзіла ў Пінскую пад №60, якая збольшага ахоплівала тэрыторыю сённяшніх Пінскага, Лунінецкага, Столінскага і Ганцавіцкага раёнаў. Ад акругі выбіралася 5 паслоў.

У выніку адбылася сакрушальная перамога сацыялістаў. Яна была абумоўлена наступнымі палітычнымі раскладамі. Палескае ваяводства вырашылі "падзяліць” украінскія і беларускія палітыкі Блока нацыянальных меншасцей. Брэсцкую акругу пакінулі за першымі, Пінскую – за другімі. Беларускія дзеячы мала таго, што мелі слабыя ўплывы на насельніцтва акругі, дык і агітацыйную кампанію правялі надзвычай кепска. Гэтым і скарысталіся "левыя” — сацыялісты. Такім чынам дэпутатамі былі абраны:
1) пэпээсаўцы Венчыслаў Бадзян, Станіслаў Валіцкі, Юзаф Дзенгялеўскі,
2) "вызваленец” Антоні Кардоўскі,
3) беларус Фабіян Ярэміч.

Іх і патрэбна лічыць першымі дэпутатамі ад насельніцтва акругі, у рамках якой знаходзілася Круговіцкая гміна. Сярод абраных няма мясцовых ураджэнцаў. За выключэннем апошняга, яны былі палякамі. Дый адзіны беларус паходзіў з тэрыторыі сучаснага Ваўкавыскага раёна.

Трэба адзначыць, што ў параўнанні з наступнымі гэтыя выбары былі адносна дэмакратычнымі ў міжваеннай Польшчы. У Сейм прайшло шмат апазіцыйных паслоў — як у нацыянальным аспекце, так і ў класавым.

Асаблівасці выбараў у Круговіцкай гміне

Дзякуючы таму, што захаваліся больш падрабязныя звесткі па гмінах, сёння можна вызначыць, якому дэпутату аддавалі перавагу ў кожнай з іх. Такім чынам відно, хто з прыведзенай вышэй пяцёркі быў найбольш папулярны і ў Круговіцкай гміне. Адзначым даволі шырокую прадстаўнічасць у яе выбарчых камісіях (ілюстрацыя 1).

Ілюстрацыя 1. Адбітак фрагмента тагачаснага дакумента-абвесткі — спісаў членаў выбарчых камісій у Круговіцкай гміне
Крыніца: Obwieszczenie No 4 [Inc.:] Przewodniczący Okręgowej Komisji Wyborczej No 60 J. Reutt na zasadzie art. 31 punkt 2 podaje do publicznej wiadomości skład Obwodowych Komisji Wyborczych do Sejmu i Senatu. Powiat Łuniniecki [...] : Pińsk, dnia 25 grudnia 1927

Па Лунінецкім павеце пераконваючую перавагу атрымала Польская сацыялістычная партыя, узяўшы 67,8% галасоў, якія прынялі ўдзел у мерапрыемстве. Яшчэ 10,9% узяла Польская народная партыя "Вызваленне”. Яе трохі апярэдзіў Блок нацыянальных меншасцей у Польшчы — 13,1%.

Па Круговіцкай ўсяго гміне налічвалася 13474 жыхары. Выбарчае права з іх мелі 6294 грамадзяне. Праявілі свядомасць і прынялі ўдзел у выбарах 4416 чалавек — 70% патэнцыйнага электарату.

Вынікі іх выбару аказаліся наступнымі:
— Польская народная партыя "Вызваленне” атрымала 2310 галасоў,
— Польская сацыялістычная партыя — 1657,
— Блок нацыянальных меншасцей – 258.

Іншыя — багата меней, што не склала агулам нават 4%.

Зыходзячы з гэтага ў працэнтных суадносінах выбарчыя галасы размеркаваліся наступным чынам:
— Польская народная партыя "Вызваленне” атрымала 52% галасоў — абсалютную большасць,
— Польская сацыялістычная партыя — 38%,
— Блок нацыянальных меншасцей — 6%.

Як бачым, па Круговіцкай гміне сацыялістычныя арганізацыі мелі яшчэ большы поспех, чым па павеце. Аднак што датычыцца партый акцэнты расставіліся начай у параўнанні з акругай. Першынствавала з велічэзнай перавагай "Вызваленне”. Напэўна кіраўнікі партыі мелі на ўвазе магчымасць такога зыходу. Ускосным сведчаннем таму з’яўляецца прысутнасць у выбарчым спісе ад сацыялістаў ажно двух з дзесяці кандыдатаў – жыхароў Круговіцкай гміны (ілюстрацыя 2 — пад № 4 і 7).

Ілюстрацыя 2. Адбітак спісу кандыдатаў ад "Вызвалення”.
Крыніца: Dziennik Urzędowy Województwa Poleskiego. 1922. 27 paźdz. Nr10. S. 3

Трохі дзіўна, што БНМ у Круговіцкай гміне атрымала галасоў вобмаль, нават прыкметна меней, чым па павеце. Гэты паказчык мог быць большым хаця б таму, што насельніцтва гэтай часткі павета выяўляла большую нацыянальную свядомасць, чым у іншых, тыпова палескіх, вёсках.

У цэлым сацыяльна-палітычная дзейнасць абранцамі ў сейм па рэалізацыі перадвыбарнай праграмы у населеных пунктах Пінскай акругі была разгорнута слаба, несістэмна, фрагментарна. Праз некалькі гадоў адзін з выбаршчыкаў выступіў ва ўкраінскай мясцовай прэсе з наступнай ацэнкай: "Прыйшлі выбары ў Сейм, плакалі над намі воўчымі слязамі розныя вызваленцы, пэпээсы — горы абяцалі, а як выбралі іх, паслалі ў Сейм, яны і думаць пра нас забыліся. Не разабралі мы іх тады, не ведалі, што сваіх ворагаў пасылаем”. Тоесныя выказванні гучалі і з боку насельніцтва Круговіцкай гміны: "…Мы-ж выбіралі паслоў, каб яны баранілі нашыя інтарэсы і аб сваей працы паведамлялі нас… <....> Другі раз не дамо ашукаць нас і не аддамо сваіх галасоў польскім партыям…” (ілюстрацыя 3).

Ілюстрацыя 3. Адбітак артыкула з газеты сацыялістаў-рэвалюцыянераў«Вольны Сьцяг».  Рэдактар выдання — Язэп Лагіновіч. Яго старонка жыцця звязана з Вялікімі Круговічамі: у 1919 годзе ён быў адным з бальшавіцкіх кіраўнікоў Круговіцкай воласці
Крыніца: Прысутны беларус. Весткі з вёскі // Вольны Сьцяг. 1923. 9 верасня. С. 3

Тым не менш прыведзенае меркаванне — абагульненае. Некаторыя паслы працавалі сумленна. Ці прынамсі актыўна.

Фабіян Ярэміч, напрыклад, свае высілкі скіраваў на агульнанацыянальныя справы беларускай меншасці ў Польскай Рэспубліцы. Але не быў заўважаны ў дэпутацкай дапамозе насельніцтву мясцовасці, ад якой абіраўся (ва ўсялякім разе Круговіцкай гміны).

Як ні дзіўна, непасрэднымі лакальнымі і нават кропкавымі праблемамі ў акрузе №60 найбольш актыўна заняўся варшавяк Антоні Кардоўскі. Усё-такі сказвалася, што яго партыя ўпэўнена перамагла ў Круговіцкай гміне. Таму ёй новаспечаны дэпутат удзяляў вялікую ўвагу. Прынамсі большую, чым шмат якім іншым гмінам, і дакладна большую, чым гэта рабілі яшчэ чатыры дэпутаты, абраныя ў той жа акрузе. Гэта дае падставу засяродзіць больш пільную ўвагу на гэтай асобе.

Біяграфічная даведка пра Антона Кардоўскага

Антоні Баніфацы Кардоўскі нарадзіўся 4 чэрвеня 1892 годзе ў Варшаве. Бацька быў дзяржаўным служачым. Нагадаем: тым часам польская сталіца ўваходзіла ў склад Расійскай Імперыі. Ёй, атрымліваецца, і служылі чыноўнікі Польскага Царства — адміністрацыйнай адзінкі названай дзяржавы.

Аднак гэта не павінна бянтэжыць. Як правіла, жыхары этнічнай Польшчы, якая тым часам была падзелена паміж трыма імперыямі, мроілі адраджэннем сваёй краіны і ў іх сем’ях панаваў дух патрыятызму.

Таму не дзіўна, што яшчэ задоўга да паўналецця Антоні Кардоўскі меў сфарміраваную грамадзянскую пазіцыю і ў ёй было мала лаяльнасці да расійскай улады. Гэта праявілася з пачаткам Першай рускай рэвалюцыі. У 1905 годзе Антоні, будучы яшчэ 12-гадовым гімназістам, прымае ўдзел у моладзевым страйку. Лозунгі акцыі мелі дэмакратычны і патрыятычны змест. Трэба сказаць, што вынікі былі даволі паспяховыя. Так, польская моладзь змагла дабіцца панавання роднай мовы ў навучальных установах.

Заканчвае гімназію Антоні Кардоўскі ў 1910 годзе. Пасля пэўны час вучыцца ў Варшаўскім палітэхнічным універсітэце на факультэце машынабудавання. Паралельна займаецца палітычнай дзейнасцю. У 1912 годзе ўступае ў Саюз актыўнай барацьбы (Związеk Walki Czynnej) — сакрэтную вайсковую арганізацыю, якая ставіла на мэце незалежнасць краіны і рыхтавалася да ўзброенай барацьбы. У наступныя гады юнак-патрыёт не цураецца членствам яшчэ некалькі арганізацый палітычна-вайсковага кшталту. Летам 1915 года, пасля ўсталявання ў Варшаве нямецкай акупацыйнай улады, Антоні Кардоўскі ўступае ў польскія легіёны і прымае ўдзел у бітвах супраць расійскай арміі.

У сваіх поглядах тым часам ён спалучаў нацыянальныя інтарэсы Польшчы і сацыялістычныя памкненні. У гэтым назіраецца пэўная тоеснасць з тагачаснай пазіцыяй палітыка, палкаводца і будучага кіраўніка Польшчы Юзафа Пілсудскага. (Апошні ў далейшым, аднак, зрокся свайго сацыялізму.)

Вайсковую службу нясе да 1923 года. Паралельна актыўна займаецца палітычнай і журналісцкай дзейнасцю. Як ужо было сказана, абіраецца дэпутам першага парламента адроджанай польскай дзяржавы. У 1926 годзе гэты дэпутат-сацыяліст закончыў Варшаўскі ўніверсітэт, атрымаўшы спецыяльнасць юрыста. Удзельнічаў у выбарах 1928 года, але гэтым разам не прайшоў у парламент. У далейшым працаваў галоўным чынам юрыстам на розных пасадах.

Падчас нямецкай акупацыі, у маі 1942 года, Антоні Кардоўскі быў арыштаваны, заключаны ў канцлагер у Асвенцыме, дзе і памёр 12 ліпеня таго ж года.

Ілюстрацыя 4. Фотаздымак Антонія Кардоўскага
Крыніца: Antoni Kordowski // Wikipedia [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://pl.wikipedia.org/wiki/Antoni_Kordowski. Дата доступу: 13.11.2019

Формы дзейнасці Антоні Кардоўскага ў ролі дэпутата

Варшаўскі журналіст за працу кандыдата, прычым кандыдата ад пэўнай — адной з палескіх — акругі, узяўся дыхтоўна. Першыя сляды на зямлі будучага электарата, знойдзеныя намі, датычацца Сарненскага павета. Пра свае ўражанні і дзейнасць там ён выкладаў звесткі ў газеце сваёй партыі "Wyzwolenie”. Яна і стала асноўнай крыніцай звестак пра дзеяча.

Антоні Кардоўскаму ў сілу сваёй дзейнасці даводзілася шмат выступаць. Адзначым асноўнае кола яго прамоў:
— перад выбаршчыкамі, у рэгіёнах;
— у парламенце, перад дэпутатамі, кіраўніцтвам Польскай Рэспублікі;
— на партыйных пасяджэннях, перад калегамі па палітычнай дзейнасці.

Гэта ўсё былі галоўным чынам вусныя прамовы. Аднак, акрамя таго, дэпутат карыстаўся і пісьмовымі зваротамі — праз прэсу. Натуральна, у першую чаргу рупарам стаў друкаваны орган ПНП "Wyzwolenie”. Антоні Кардоўскі выступаў з артыкуламі як агітацыйнага плану за палітыку сваёй партыі, так і супраць дзеянняў канкурэнтаў на ўнутрыпалітычнай арэне. Не грэбаваў і прыватнымі праблемамі насельніцтва сваёй акургі. Прычым адказаць на запыты (тым больш яны маглі зацікавіць іншых грамадзян) мог нават праз газеты. Так, у адным з нумароў "Wyzwoleniа” ажно тры з сямі запытаў датычацца Круговіцкай гміны. Гэта ўказвае на сацыяльную актыўнасць насельніцтва рэгіёна ў параўнанні з іншымі куткамі выбарчай акругі Антонія Кардоўскага. Цікава, што адзін з запытаў закранае інтарэсы не сялян, якіх у Круговіцкай гміне была пераважная большасць, а памешчыка Абуховіча, у якога яўрэй Глінскі, гандляр лесам, набыў зямлю з лесам.

Асноўнай барыкадай у палітычнай барацьбе Антонія Кардоўскага была пляцоўка Сейма. Акрамя выступленняў на пасяджэннях і ўдзелу ў прыняцці разнастайных законаў, гэты дэпутат атктыўна заступаўся ў парламенце за пакрыўджаных мясцовымі ўладамі ў глыбінцы. У выніку прадукаваліся дзясяткі інтэрпеляцый. Толькі па Круговіцкай гміне іх зафіксавана не меней сямі.

Са сваім электаратам гэты дэпутат працаваў вельмі шчыльна. Антоні Кардоўскі не толькі "збіраў” праблемы на месцах, каб іх вырашаць на самым версе, але і справаздачыўся непасрэдна перад выбаршчыкамі. Лагічна, што дзе была іх канцэнтрацыя, там сустрэчы з насельніцтвам мелі высокі ўзровень арганізацыі (глядзіце, напрыклад, ілюстрацыю 5).

Ілюстрацыя 5. Адбітак абвесткі — паведамлення пра справаздачны сход Антоні Кардоўскага.
Крыніца: Wyzwolenie : dawniej Polska Ludowa. 1923. 4 marca. Nr 10. S. 8

Увогуле праз тры гады працы першага парламента нават палітычныя апаненты вымушаны былі канстатаваць, што ў межах Пінскай акругі найбольшую актыўнасць у кантактах са сваім элекратаратам праяўляе менавіта адзіны па рэгіёне "вызваленец”: "Найболей швэндаецца ў нашых ваколіцах дэпутат Кардоўскі”. Сапраўды так было. Ён выяўляў сутнасць мясцовых улад. Шмат крытыкаваў іх. Галоўнай прычынай яму бачылася аддаленасць адміністрацыі мясцовых органаў самакіравання ад народных масаў. Пра гэта Антоні Кардоўскі заяўляў адкрыта на з’ездзе павятовых і гмінных праўленняў у пачатку 1925 годзе.

Антоні Кардоўскі не цураўся самай "чорнай” працы. Так, дзеля партыйных інтарэсаў ён адшукваў падпісчыкаў газеты сваёй палітычнай арганізацыі – "Wyzwolenie”. Напрыклад, на квартал 1926 годзе такіх ён знайшоў 10, стаўшы другім па гэтым паказчыку ўсяго сярод чатырох дэпутатаў-аднапартыйцаў.

Такая актыўнасць дазволіла гэтаму "вызваленцу” заняць сваё месца сярод лідараў партыі (ілюстрацыя 6). Не пакінуў ён яе і ў часы ваганняў, у 1924 годзе, калі многія аднапартыйцы перайшлі ў больш радыкальную Незалежную сялянскую партыю (НСП).

Ілюстрацыя 6.Фотаздымак З’езд Польскай народнай партыі (ПНП) "Вызваленне”, 21-22 сакавіка 1926 года
У левай частцы здымка пад №10 у прэзідыуме сядзіць А. Кардоўскі.
Крыніца: Wyzwolenie : dawniej Polska Ludowa. 1926. 4 kwietnia. Nr 14. S. 3

Дзейнасць Антонія Кардоўскага як дэпутата: сацыяльны аспект

Мэтанакіравана ў рэчышчы адстойвання сацыяльных праў насельніцтва Антоні Кардоўскі працаваў з пачатку 1922 года (калі яшчэ не быў дэпутатам). Галоўным тэзісам яго праграмы быў вядомы бальшавіцкі лозунг "Зямлю – сялянам!”.

Антоні Кардоўскі ўшчыльную займаўся праблемамі свайго электарата, Кандыдат меў сваіх актывістаў на месцах. Прычым — па ўсёй акрузе. Інтэнсіўнасць яго дзейнасці і маштаб не могуць не здзіўляць. Сваёй працаю дэпутат ахопліваў людзей, пачынаючы ад якога-небудзь забітага селяніна ў палескай вёсцы і заканчваючы самай аўтарытэтнай асобай у Польшчы маршалкам Юлюусам Пілсудскім, да якога Антоні Кардоўскі непасрэдным чынам пісьмова звяртаўся. (Дакументальна намі не выяўлена, але адчуваецца, што гэты дэпутат спадзяваўся на пэўную падтрымку Начальніка — так называлі Юзафа Пілсудскага. Разлік, відавочна, быў на некаторае супадзенне ў палітычных поглядах, якое, тым не менш, да таго часу названага звароту перастала такім быць у сілу радыкальнай трансфармацыі палітычнай праграмы маршалка з левага на правае крыло палітычнага спектру. Болей за тое, менавіта пасля дзяржаўнага перавароту пілсудчыкаў (1926) рэйтынг ПНП "Вызваленне” і Антонія Кардоўскага ў прыватнасці пачаў імкліва падаць.)

Многія сацыялісты у сваёй дзейнасці не ішлі далей элементарнага гарлапанства. На публіцы выступалі даволі красамоўна, абвяшчалі сімпатычныя народным масам лозунгі. Аднак рэальнага змагання за іх не праяўлялі (глядзіце вышэйпрыведзены прыклад Станіслава Валіцкага).

Антоні Кардоўскі тут выгадна выдзяляўся. Ён прадпрымаў магчымыя захады па рэалізацыі сацыялістычнай праграмы. У той жа час быў схільны да пэўнага кампрамісу. Так, у маі 1924 годзе ў Пінску быў праведзены ваяводскі з’езд сацыялістаў — ПСП і ПНП "Вызваленне”. На ім Антоні Кардоўскі прапанаваў правесці зямельную рэформу, але без выкупу зямлі сялянамі. З аднаго боку, гэта быў адкат назад у палітычных мэтах, але ў той жа час — і імкненне знайсці кампраміснае, прымальнае для шырэйшага кола насельніцтва (уключна з буйнымі земляўласнікамі) вырашэнне вострага пытання.

Зазначым, што праз некалькі гадоў урад пайшоў на рэформу у такім кірунку — заканадаўча прымусіў абмежаваць свае зямельныя ўладанні латыфундыстаў. У прыватнасці круговіцкі памешчык Напалеон Абуховіч вымушаны быў прадаць "лішніх” 100 гектараў. Значыць, захады сацыялістаў засталіся не без выніку.

Іншая справа, што і мэта дасягнута не была. Яшчэ на сярэдзіне працы першага парламента, у чэрвені 1925 года, сам Антоні Кардоўскі прызнаваў, што яго партыя "Вызваленне”, прыклаўшы максімальныя высілкі, не дасягнула належных мэт у вырашэнні аграрных праблем. У пэўным сэнсе гэта пацвердзілі і вынікі наступных, праваленых выбараў.

Як бачна, Антоні Кардоўскі займаўся справамі не проста агульнасацыяльнымі, а тымі, што найперш хвалявалі яго непасрэднага выбаршчыка. Таму зямельнае пытанне, канечне, тут займала асаблівае месца. Фактычна ўсе абмеркаванні, якія адбываліся ў парламенце ў сувязі з праблемамі зямлі, не абыходзіліся без удзелу Антоні Кардоўскага. З гэтай прычыны яго імя рэгулярна ўпамінаецца ў прэсе, прычым не толькі ў газетах сваёй партыі. У пачатку 1926 года ён з калегам па партыі Лыпацэвічам прыняў удзел у апрацоўцы закона, звязанага са знаходжаннем уласнікаў будынкаў на дзяржаўных землях. Зразумела, тыя юрыдычныя правілы названыя таварышы імкнуліся схіляліць на карысць грамадзян, але не дзяржавы.

Яшчэ адным клопатам дэпутата стала адстойванне чалавечай годнасці сваіх выбаршчыкаў. Яны, галоўным чынам бедныя сяляне-беларусы, ад пачатку панавання польскай улады крыўдзіліся, зневажаліся ёю. Дробныя чыноўнікі і паліцыя паводзілі сябе адносна сялян як з людзьмі другога гатунку, дазвалялі сабе самавольства і фізічны гвалт. Не заўсёды гэта былі здарэнні на палітычнай глебе. Так, з вышэйзгаданых сямі выяўленых намі скаргаў Антоні Кардоўскага "Пану Міністру ўнутраных спраў” з-за парушэння праў жыхароў Круговіцкай гміны толькі дзве мелі выразна палітычную канатацыю (былі пакрыўджаны аднапартыйцы Спірыдон Аскерка з цэнтральнай вёскі гміны і Аляксандр Перапечка з Кукова). Іншыя пацярпелі або матэрыяльна, або фізічна. Гэтыя факты мясцовымі "вызваленцамі” браліся на ўлік і выкарыстоўваліся круговіцкім абранцам у палітычнай барацьбе. Што праўда, прынцыповых вынікаў, прынамсі па Круговіцкай гміне, яе заступнік-дэпутат не дасягнуў. Прынамсі пра іх нічога не вядома.

Папулізм, якім традыцыйна грашылі сацыялісты ў цэлым і Антоні Кардоўскі ў прыватнасці, часам знаходзіўся на мяжы з законам. Некаторая інфармацыя, якую распаўсюджвалі і выкарыстоўвалі ў сваёй грамадскай дзейнасці такія палітыкі была, мякка кажучы, непраўдзівай. Гэта пільнавалася ўладамі і нават пераследавалася, а таксама магло быць пакараным. Меры ў свой бок справакаваў і Антоні Кардоўскі. У канцы 1925 года ён быў выкліканы ў суд менавіта з азначнай прычыны. Дэпутат, аднак, па выкліку не з’явіўся. Неўзабаве ён быў увогуле апраўданы. З крыніцы мы так і не даведаліся, наколькі быў ён вінаваты.

Антоні Кардоўскі пастаянна падкрэсліваў, што гэта ён выступае (прабачце за простамоўнасць) за "сільную і працьвятаюшчую” Польшчу. А хто не з ім — той, такім чынам, супраць. Прычым не столькі яго, колькі — дзяржавы. Натуральна, пра вобраз той дзяржавы, за якую выступаў палітык, ён меў сваё ўяўленне, дакладней партыйнае. Адсюль узнікалі і разыходжанні па многіх праблемах сацыяльна-палітычнага і эканамічнага развіцця Польскай Рэспублікі. Галоўным з іх з’яўлялася тое, што наш герой хацеў будаваць сацыялізм, а дзяржава — катэгарычна не.

Дзейнасць Антонія Кардоўскага як дэпутата: нацыянальны аспект

Яшчэ адным каменем сутыкнення ў міжваеннай польскай дзяржаве з’яўлялася нацыянальнае пытанне. Да таго ж на Палессі — рэгіёне беларуска-ўкраінскага памежжа з вялікай доляй насельніцтва, дзе станаўленне нацыянальнай самасвядомасці адбывалася параўнаўча марудна.

Рэч у тым, што да 1926 года ў міжваеннай Польскай Рэспубліцы была абвешчана асіміліцыйная праграма. Яе мэтамі была нацыянальная асіміляцыя, паланізацыя, ператварэнне прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцей у палякаў. Меншасцей было нямала: акрамя беларусаў, украінцы, яўрэі, немцы – гэта толькі большыя па колькасці. Насельніцтва меншасцей складала некалькі мільёнаў чалавек. Такі кавалак, даволі стракаты, і пастаўлена была задача пераварыць.

Што датычыцца Палесся, дык тут была свая спецыфіка. Ваявода Станіслаў Юзаф Даўнаровіч распрацаваў канцэпцыю асаблівай палітыкі ў гэтым рэгіёне. Паводле яе, Палессе павінна стаць польскім паскоранымі тэмпамі. На гэта дазваляла спадзявацца нізкая нацыянальная свядомасць палешукоў-тутэйшых. Аніякіх беларусаў ці ўкраінцаў там бачыць не дазвалялася. Больш за тое, у выніку той паланізацыі ствараўся клін паміж арэаламі беларускага і ўкраінскага насельніцтва, якое, такім чынам, не магло судакранацца і салідарызавацца ў сваім нацыянальным развіцці і барацьбе супраць польскай улады, супраць гэтай самай паланізацыйнай палітыкі.

Антоні Кардоўскі, нягледзячы на дэклараваны сацыялістамі інтэрнацыяналізм, не забываўся пра нацыянальныя патрэбы. Сярод іх ці не цэнтральным пытаннем з’яўлялася моўнае, у тым ліку — праблема адкрыцця школ на роднай для насельніцтва мове. У прыватнасці Антоні Кардоўскі прапаноўваў вырашыць моўнае пытанне на карысць нацыянальных меншасцей — беларусаў і ўкраінцаў. Аргументаваў гэта тым, што яны гэтаксама баранілі сваёю крывёю Усходнія крэсы, гэта значыць ваявалі за Польшчу (пры гэтым нават мінімальнага намёку на права любога народа самавызначыцца у словах і тым больш дзеяннях Антонія Кардоўскага не было). Прычым даследчыкі адзначаюць, што прамоўцы-агітатары "Вызвалення” выступалі перад палескімі сялянамі галоўным чынам на польскай ці рускай мове. Думаецца, мясцовыя кандыдаты ды агітатары (такія былі і па Круговіцкай гміне) больш карысталіся сваімі дыялектамі. Гэта магло быць выклікана не столькі апазіцыйнасцю да паланізацыйнай палітыкі, колькі элементарным разлікам быць пачутым сярод сялянства, якое асабліва па першым часе не разумела польскай мовы, дый выклікаць такім чынам сімпатыі да сябе, бо аднолькавая мова (тым больш у тыя часы) вельмі радніла людзей. Да таго ж тутэйшы селянін мог і не ведаць іншых моў, акрамя роднай беларускай у форме яе лакальнай гаворкі.

Антоні Кардоўскі бачыў, што аб’ектыўна палешукі не такія ўжо і несвядомыя. Яны мелі пэўную этнатоеснасць. Хоць яе ступень магла быць і невысокай. Тым не менш дэпутат гатовы быў працаваць на развіццё і беларусаў, і ўкраінцаў — у залежнасці ад мясцовасці на Палессі. Прычым не толькі заступаўся за гэтыя меншасці ў кіраўнічых колах Польскай Рэспублікі, але і праводзіў агітацыю сярод масаў. У прыватнасці заклікаў бацькоў, каб яны не пасылалі сваіх дзяцей у польскія школы і каб выказвалі жаданне адкрываць беларускія. Ці прадпрымаў падобныя захады нехта з так званых народных абраннікаў ад разгляданай тэрыторыі ў савецкі час і ў сучаснасці? Думаецца пытанне рытарычнае. На яго фоне яшчэ болей высвечваецца ўнікальнасць асобы Антонія Кардоўскага і яго значэнне не толькі для сваіх выбаршчыкаў, але і тагачаснай Польшчы наогул.

Гэтым самым з боку многіх апанентаў гэты пінскі дэпутат выклікаў крытыку ў свой адрас. З пазіцый сённяшняга дня яна выглядае як найлепшы паказчык працы ў азначаным рэчышчы.

Так, Антонію Кардоўскаму прысвечаны цэлы артыкул у ваяводскай газеце "Głos Poleski”. У ім нібыта выкрываецца сапраўднае аблічча варожага для Польшчы палітыка. Наступным (пасля абвінавачвання ў сацыялістычных памкненнях) з’яўляецца тое, што гэты дэпутат, па прызнанні яго самога, ужо атрымліваў заўвагі ад ваяводы С. Даўнаровіча, які сказаў, што ні ў якім разе не дапусціць, каб нехта рабіў з палескага насельніцтва беларусаў.

Удастоіўся гонару Антоні Кардоўскі, каб яго згадалі ў дзённіках сучаснікі. У прыватнасці тагачасны маршалак Сейма Мацей Ратай (прычым ён быў у 1918—1919 гадах аднапартыйцам з Антоніем Кардоўскім) ацаніў дзейнасць гэтага палескага дэпутата як "наскрозь бальшавіцкую і антыпольскую” (запіс ад 26 лютага 1924 года).

Разам з тым і сам Антоні Кардоўскі падкрэсліваў сваё непрыманне шавінізму, хоць сабе беларускага ці ўкраінскага, абвяшчаючы, што будзе змагацца супраць іх. Нягледзячы на гэта, некаторыя сучасныя польскія гісторыкі схільны лічыць, што гэты палітык не быў супраць самастойнасці беларускіх зямель уключна з часткай, якая знаходзілася ў складзе Польскай Рэспублікі. Тым не менш гэта падаецца перабольшваннем, бо выяўленыя палітычныя інтэнцыі Антонія Кардоўскага не складваюцца ў акрэсленую тымі даследчыкамі лінію. З яго боку спрыянне нацыянальным меншасцям выглядае хутчэй як заігрыванне у інтарэсах партыі. 

Заключэнне

У 1928 годзе насталі чарговыя выбары ў Сейм. Антоні Кардоўскі пайшоў праторанай сцяжынай. Балазе настроі электарата надта не змяніліся. Улады яго пабойваліся. Яшчэ да канца зімы яны ўзялі ды арыштавалі кандыдата. Так сталася ў Сарнах. Прычым віною сталі нібыта грахі 1922 года. Гэта паведамляецца ва ўсё той жа партыйнай газеце. У нататцы падкрэсліваецца, з аднаго боку, народная любоў і палякаў, і беларусаў, і ўкраінцаў (менавіта ў азначнай паслядоўнасці) да Антонія Кардоўскага; з другога боку, гаворыцца пра яго барацьбу супраць тых палітыкаў, якія настройвалі народ варожа стасоўна Польскай Дзяржавы. Там жа дэкларавалася ўпэўненасць ў поспеху на выбарах Антонія Кардоўскага. Яшчэ ў адным нумары выказвалася меркаванне, што прычынай для такой нейтралізацыі Антонія Кардоўскага стала выкрыццё злачынстваў праваахоўнікаў — найперш перавышэння службовых абавязкаў і хабарніцтва.

У іншым нумары газеты паведамлялася пра іронію лёсу палітыкаў у Польскай Рэспубліцы. Так, той жа Антоні Кардоўскі ў зняволенні апынуўся сярод мясцовых ураднікаў і паліцэйскіх. Гэта былі тыя самыя людзі, злачынствы якіх — найперш хабарніцтва і перавышэнне службовых паўнамоцтваў — былі выкрыты менавіта нядаўнім дэпутатам. Не ўпаўшы духам, з турмы Антоні Кардоўскі нават выслаў ліст (нелегальным шляхам) са зваротам да свайго канкурэнта па выбарчай акрузе.

Змаганне было працягнута і ў зняволенні. Тымі сродкамі, якія былі там даступны. А менавіта — Антоні Кардоўскі абвясціў галадоўку. Праз пяць дзён яго здароўе моцна пагоршылася. Ці такі крок дапамог, ці што іншае, але кандыдата ў дэпутаты неўзабаве вызвалілі. Хворым ён паехаў ў сталіцу.

Аднак… гэтым разам не склалася. Поспех на выбарах ад Антонія Кардоўскага адвярнуўся.

Тое паражэнне горача перажывалася многімі. Гэта, натуральна, падкрэслівалася ў партыйнай газеце. У прыватнасці ў адным артыкуле гаварылася наступнае: "Дэпутат Кардоўскі замагаўся супраць кожнай крыўды, бараніў кожнага, хто яе зведваў і цярпеў”.

Такім чынам, з аднаго боку, Антоні Кардоўскі хацеў, каб тыя, хто ўсведамляе сябе беларусамі, імі заставаўся. Пры гэтым большае жаданне ў яго было мацаваць польскую дзяржаву. Трэба прызнаць, што ў польскім патрыятызме дзеячу нельга было адмовіць. На сацыялістычны капыл. Таму, з другога боку, сепаратызму гэты палітык не прымаў. Яго мэтай былі сацыялістычныя арыенціры развіцця Польскай Рэспублікі. Калі б не трагічная доля, гэта, несумненна, прыдалося б у пасляваеннай, "пээнэраўскай” Польшчы.

Паколькі электарат названага дэпутата быў вясковы, абраннік вельмі шмат займаўся праблемамі сялянства. Але вынік аказаўся горшы, чым чакалі ўсе – і сам дзеяч, і яго выбаршчыкі. З іншага боку, дзейнасць Антоні Кардоскага, хоць і не зусім удалая, не задавальняла ўладу. Таму для яе паражэнне гэтага палітыка было справай неабходнай.

Наогул дэпутат Антоні Кардоўскі вылучаўся працавітасцю і мабільнасцю. І гэта пра тагачасных сродках і магчымасцях перамяшчэння! (Улічым тутака да ўсяго палескія ўмовы.) З усіх сваіх калег па парламенце менавіта гэты "вызваленец” найбольш бываў у рэгіёнах. Круговіцкая гміна таксама не раз ляжала на яго палітычных шляхах. Але пасля няўдалых для яго выбараў 1928 года ён адышоў ад палітыкі і гэта мясцовасць больш не трапляла ў поле яго жыцця і дзейнасці. У гісторыю рэгіёна, тым не менш, гэтага чалавека можна занесці як першага дэпутата парламента, да таго ж абранага на выбарах параўнаўча дэмакратычных. Прынамсі мне больш невядома абраннікаў ад гэтага рэгіёна (нават сярод сучасных), якія б змагаліся за беларускую мову і беларускія школы.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: vitalis (14.01.2023) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 275 | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.