Субота, 27.04.2024, 06:42

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Ірэна Фусэк-Фарасевіч — польская і брытанская дзяячка культуры з Круговіцкай гміны
Уладальнікі маёнтка ў вёсцы Агарэвічы Свяжынскія далі свету дзеяча культуры і мастацтва — Ірэну Фусэк-Фарасевіч. Звесткі пра яе адшуканы толькі нядаўна. На радзіме яе імя застаецца невядомым.

Ірэна Фусэк-Фарасевіч

Жыццё агароўкі атрымалася доўгім — 92 гады. Яны ўмясцілі пры гэтым не толькі поспехі яе таленту, але і глыбока драматычныя старонкі.

Пані Ірэна нарадзілася 4 жніўня 1910 года. Тым часам наша мясцовасць уваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Нічога не азмрочвала далягляды новароджанай.

Аднак праз чатыры гады пачалася Першая сусветнай вайна. Разам з трагедыямі людскіх лёсаў яна несла і некаторыя надзеі. Так, дагэтуль прыгнечаныя народы паспрабавалі набыць суверэнітэт. Беларусам і ўкраінцам гэтага не ўдалося. А вось у шэрагу іншых нашых суседзяў — Літвы, Латвіі, Польшчы — атрымалася. Апошняя здабыла незалежнасць у выніку супрацьстаяння з Савецкай Расіяй — вайны 1919–1920 гадоў, якая ўспыхнула пасля заканчэння Першай сусветнай.

Свяжынскія лічылі сябе палякамі. Таму, натуральна, пераймаліся лёсам сваёй дзяржавы. Жывучы ўсё ж на беларускіх землях агароўскіх паноў яшчэ турбавала пытанне, па які бок савецка-польскай мяжы застанецца іх паселішча. На іхнюю радасць Круговіцкая гміна, у якую ўваходзілі Агарэвічы, уключылі ў склад Польскай Рэспублікі. Хоць мяжа з саветамі, акрэсленая Рыжскім дагаворам 18 сакавіка 1921 года, прайшла і не так далёка — не больш чым за паўсотню кіламетраў.

Нягледзячы на сацыяльныя катаклізмы ў выглядзе рэвалюцый 1917 года і войнаў, Свяжынскія мелі і светлыя дні. Прынамсі, як ўспамінала Ірэна, у Агарэвічах яе спасцігла першае сур’ёзнае захапленне — конная язда.

Ці вучылася ў школе падчас ваеннага ліхалецця Ірэна, нам не вядома. Пэўна, што хатні настаўнік быў і даў базавую адукацыю. Яе прынамсі хапіла для таго, каб у 1922 годзе пастапіць у Жаночую прыватную гуманітараную гімназію ў Кракаве. Там яе паланіла музычнае мастацтва. Ірэна робіцца спявачкай школьнага хору.

У 1930 годзе Ірэна складае іспыты на атэстат сталасці. Тады ж становіцца студэнткай аддзялення садаводства Галоўнай школы сельскай гаспадаркі. Але пасля першага семестра яна крыху змяняе напрамак вучобы на земляробчы.

Такая змена можа ўказваць на пошук сябе. Маладой дзяўчыне было цесна ў рамках навучальнай установы і запраграмаванай вучобы. Наўрад ці ёй падабаўся абраны шлях.

Таму Ірэна тым часам прымае актыўны ўдзел у занятках па спевах. Яе выкладчыкам быў сам Адам Дзідур (1874—1946) — адзін са знакаміцейшых басаў, слава якога асабліва грымела на пераломе ХІХ і ХХ стагоддзяў.

У 1937 годзе Ірэна Свяжынская выходзіць замуж за Станіслава Кучынскага, кадравага афіцэра Польскага войска. Праз два гады, калі пачнецца Другая сусветнай вайна, ён будзе схоплены ў палон Чырвонай арміяй і, па ўсёй верагоднасці, закончыць шлях у засценках НКУС пад Харкавам.

Па ўстанаўленні савецкай улады на Заходняй Беларусі сям’я Ірэны, як і іншыя памешчыкі, трапіла пад рэпрэсіі. Яе маці Марыя Апацкая (Свяжынскі, першы муж, бацька Ірэны, да таго часу памёр) у адну з начэй была забрана энкавэдыстамі. Доўгі час пра гэту гісторыю не было дакладных звестак. Пакуль на Бацькаўшчыну не прыехалі нашчадкі рода. Ад іх даведаліся, што служанка Юзэфа, жанчына сталага веку, уратавала дзяцей гаспадыні, у тым ліку 29-гадовую Ірэну.

Чытайце таксама:
— Галоўнае падарожжа ў жыцці

Гісторыя, што праўда, па-ранейшаму пакідае нямала таямніц. Не вядома, як у той віхурны час Ірэна апынулася ў Варшаве. Думаецца, так сталася па акупаванні Беларусі нямецкімі войскамі, калі перастала існаваць савецка-германская дэмаркацыйная лінія, якая падзяліла землі нядаўняй польскай дзяржавы.

Пасля вайны пані Ірэна доўгі час пражывала ў Бытамі — на поўдні Польшчы. Там агароўка не проста займалася любімай справай, — прыняла чынны ўдзел у арганізацыі оперы, у якой і стала спявачкай.

У 1958 годзе пані Ірэна паехала ў Шатландыю нібыта праведаць сваякоў. Але адтуль у сацыялістычную Польшчу вырашыла не вяртацца. Там другі раз пабралася шлюбам — з Уладзіславам Фусэк-Фарасевічам.

У 1969 годзе пані Ірэна, маючы за плячыма амаль шэсць дзясяткаў, на прафесійным узроўні зацікавілася выяўленчым мастацтвам і з гэтай прычыны праходзіць пяцігадовы курс навучання, закончаны надзвычай добра. Яе першая выстава адбылася ў 1977 годзе. Праз восем гадоў карціны агароўкі мелі магчымасць сузіраць у Варшаве.

Памерла пані Ірэна 18 снежня 2002 года ва Уэльсе. З часу апошняй вайны па розных прычынах яна так і не здолела наведаць радзіннае гняздо. Але яно, як сведчаць яе маладзейшыя сваякі (сама яна не пакінула нашчадкаў), заўсёды ўспаміналася, па ім агароўка заўсёды смуткавала.

Талент Ірэны Фусэк-Фарасевіч раскрыўся у двух іпастасях — як спявачкі і мастачкі. Яе творчасць атрымала прызнанне. Прычым у некалькіх краінах. Сярод іх пакуль няма Бацькаўшчыны ўраджэнкі палескай вёскі Агарэвічы.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: vitalis (17.09.2022) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 338 | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.