Пятніца, 26.04.2024, 10:48

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Галоўнае падарожжа ў жыцці
Год таму газета "Савецкае Палессе" (№ 63 за 11 жніўня 2010 года) у артыкуле "Вяртанне да сваіх каранёў" расказвала аб прыездзе ў Агарэвічы Кшыштафа Бонгарта Свяжынскага — аднаго з нашчадкаў апошняй уладальніцы мясцовай сядзібы пані Марыі Апацкай. Дзякуючы гэтаму візіту тады ўдалося даведацца пра некаторыя, раней невядомыя старонкі з гісторыі маёнтка і жыццёвага шляху яго жыхароў. I вось сёлета ў сярэдзіне жніўня пан Кшыштаф зноў наведаў Агарэвічы і на некалькі дзён спыніўся ў доме сваіх продкаў, на базе якога, дарэчы, нядаўна адкрыўся турыстычны комплекс. Падчас трохдзённага знаходжання на Ганцаўшчыне Кшыштафа Свяжынскага з ім сустрэўся намеснік галоўнага рэдактара "Савецкага Палесся" Генадзь Паплаўскі, якому госць з Варшавы больш падрабязна і дакладна расказаў пра лёс дачок Марыі Апацкай, а таксама пра род Свяжынскіх, які быў у блізкіх сваяцкіх сувязях з імі. Мяркуем, што нашым чытачам таксама будзе цікава даведацца пра гэтую неад'емную часцінку гісторыі нашага раёна.

Агарэвічы
Так выглядае сядзіба ў Агарэвічах сёння

Генеалагічная лінія шляхецкага роду Свяжынскіх бярэ свой пачатак у сямнаццатым стагоддзі. Іх асноўнае радавое гняздо знаходзілася на Піншчыне, у вёсцы Стараселле. Таксама ім належаў маёнтак у Пачапаве (там цяпер знаходзіцца вядомы санаторый "Ясельда", частку будынкаў якога складаюць ацалелыя рэшткі маёнтка Свяжынскіх). Акрамя гэтага, недзе на пачатку дваццатага стагоддзя адзін з прадстаўнікоў роду — Пётр Свяжынскі — набыў сядзібу ў Агарэвічах. Прыкладна ў 1907 годзе ён ажаніўся з Марыяй Алявіньскай, якая ў шлюбе стала Свяжынскай. У 1908 годзе ў іх нарадзілася дачка Ірэна, якая прыходзілася стрыечнай сястрой бацьку Кшыштафа — Чаславу (той нарадзіўся і вырас у Стараселлі). У 1910 годзе Пётр, які быў хворы на цяжкую форму цукровага дыябету, памёр у даволі маладым узросце. Аднак пахаваны ён быў не ў Агарэвічах, а на радавых могілках Свяжынскіх у Стараселлі. Дарэчы, пан Кшыштаф паказаў зроблены ім там сёлета здымак (яго маршрут у Агарэвічы пралягаў праз Піншчыну), на якім бачны надпіс па-польску на надмагільнай пліце першага мужа пані Марыі: "Пётр Свяжынскі. Уладальнік маёнтка Агарэвічы. Ад жонкі і дачкі.".

Праз некаторы час Марыя Свяжынская выйшла замуж за Тараевіча, ад якога нарадзіла дачку Марыю. Аднак шлюб з Тараевічам у пані Марыі не склаўся: той любіў гарадское жыццё і амаль не бываў у агарэвіцкім маёнтку. Пасля скасавання шлюбу з Тараевічам Марыя выходзіць замуж за мясцовага памешчыка Апацкага. У гэтым шлюбе ў іх нарадзіўся сын Браніслаў. Вось пад гэтым апошнім прозвішчам пані Марыя найбольш вядомая на Ганцаўшчыне. Нягледзячы на тое, што Марыя некалькі разоў выходзіла замуж, яна не парывала адносін з родам Свяжынскіх. Тыя часта наведваліся з Піншчыны ў Агарэвічы для палявання ці проста ў госці. He раз у маёнтку бываў і бацька пана Кшыштафа Часлаў. Па яго ўспамінах, уладальнікі агарэвіцкай сядзібы былі людзьмі забяспечанымі, ім належала (a калі быць дакладным, то маці пані Марыі — Юзэфе Алявіньскай) шмат гектараў лесу за вёскамі Любашава і Сукач, a таксама сядзіба каля апошняй вёскі. Пра іх дастатак сведчыць і той факт, што старэйшая дачка пані Марыі — Ірэна атрымала выдатную адукацыю ў прыватнай "Школе Уршулянак" у Кракаве. Разам з тым, як узгадвалі мясцовыя старажылы, Марыя Апацкая з вялікай павагай ставілася да простых людзей і пры неабходнасці дапамагала ім. Тыя ж, у сваю чаргу, адказвалі ёй вялікай удзячнасцю.

1939 год для сям'і Свяжынскіх — Тараевічаў — Апацкіх стаў часам цяжкіх выпрабаванняў. Спачатку памёр пан Апацкі. Потым пачалася Другая сусветная вайна, і мужа Ірэны — Станіслава Кучыньскага, шлюб з якім яна ўзяла незадоўга да вайны, мабілізавалі ў польскую армію. Забягаючы наперад, скажам, што лёс яго склаўся трагічна: вясной 1940 года ў ліку тысяч іншых, ні ў чым не вінаватых людзей, ён быў расстраляны НКУС у Старабельску на Украіне (там, як і ў Катыні, і ў Асташкаве, знаходзіўся адзін з лагераў для польскіх афіцэраў, узятых у палон Чырвонай Арміяй у верасні 1939 года). А пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР усе былыя памешчыкі і іх сем'і, у тым ліку і Марыя Апацкая з дзецьмі, сталі для новай улады "ворагамі народа", і лёс іх быў прадвызначаны.

Восенню 1939 года пані Марыю ў яе доме пасярод ночы арыштавалі супрацоўнікі органаў НКУС і пагналі пад канвоем на станцыю Ганцавічы. Дзяцей Марыі Апацкай: Ірэну, Марыю і Броніка — адразу з маці не забралі, і яны ўцяклі з маёнтка. Год таму мы пісалі, што іх быццам бы схавала старая служанка пані — Юзэфа, якая жыла побач з маёнткам у месцы пад назвай "Залешша". Ha самай справе, як патлумачыў пан Кшыштаф, гэта была не служанка, а ўзгаданая вышэй маці пані Марыі — Юзэфа Алявіньская. Такім чынам, устойлівае меркаванне, што панскіх дзяцей выратавалі мясцовыя сяляне ці ўдзячная служанка, аказалася міфам: насам-рэч іх прытуліла родная бабуля.

Праз пару дзён пасля арышту маці Ірэна па вузкакалейцы, якая праходзіла паблізу маёнтка, прыехала ў Ганцавічы. На чыгуначнай станцыі, сярод іншых людзей, якіх заганялі ў таварныя вагоны для адпраўкі ў сібірскую ссылку, яна ў апошні раз убачыла сваю маці, сляды якой пасля гэтага беззваротна губляюцца. У Ганцавічах Ірэне пашанцавала сесці на цягнік да Львова, адкуль яна перабралася ў Варшаву да родных, дзе і перажыла вайну. Пасля яе заканчэння Ірэна спявала ў оперы горада Бытам у польскай Сілезіі (вось дзе згадзілася адукацыя, атрыманая ёй у "Школе Уршулянак"). У 1956 годзе яна пераехала ў Англію, дзе выйшла замуж за былога афіцэра арміі Андэрса Станіслава Фусэка — Фарасевіча.

Маці Марыі Апацкай Юзэфа сцюдзёнай зімой 1940 года, шукаючы па навакольных вёсках хлеба, моцна захварэла і памерла. Пасля гэтага лёс назаўсёды раздзяліў брата з сёстрамі. Дзе і як перажыў вайну юны Бронік — не вядома. Са слоў жыхара Агарэвіч Міхаіла Ігнацьевіча Міхневіча, з якім сябраваў у дзяцінстве, вядома толькі тое, што пасля вайны ён прыязджаў у вёску, сустракаўся з ім і распытваў пра сваіх блізкіх. Што з ім сталася далей — Міхаіл Ігнацьевіч не ведае. Сястра Браніслава Марыя праз некаторы час пасля смерці бабулі апынулася ў Сібіры, адкуль змагла выбрацца ў час Вялікай Айчыннай вайны дзякуючы таму, што запісалася ў сфарміраваную з былых польскіх грамадзян армію Андэрса, часці якой пад камандаваннем англічан змагаліся з немцамі ў Паўночнай Афрыцы, а затым — у Італіі. Пасля вайны яна пераехала ў Англію, выйшла замуж і пражыла там да самай смерці — да 1999 года. Дарэчы, менавіта да яе ў 1956 годзе і прыехала сястра Ірэна.

Бацька пана Кшыштафа таксама змагаўся з нацыстамі. У жніўні 1944 года ён удзельнічаў у Варшаўскім паўстанні, быў моцна паранены, трапіў у палон і быў адпраўлены немцамі ў канцлагер пад Гановерам. Адтуль яго на пачатку 1945 года вызвалілі англа-амерыканскія войскі. Пасля вайны Часлаў вярнуўся ў Варшаву, дзе сустрэў свайго стрыечнага брата Казімежа, які незадоўга перад гэтым бачыўся Ірэнай Свяжынскай. Сваякі больш не гублялі адзін аднаго з поля зроку і падтрымлівалі цесныя кантакты паміж сабой.

Па словах пана Кшыштафа, цётка ўсё жыццё марыла пабываць у родных мясцінах і адшукаць брата Браніслава. Аднак зрабіць гэтага не паспела: у 2001 годзе ў яе здарыўся інсульт, a 17 снежня 2002 года яна памерла. Пасля смерці Ірэны Свяжынскай ад яе засталося шмат успамінаў пра маці і брата, пра агарэвіцкую сядзібу, запісаных на магнітафонныя касеты, а таксама падрабязны план маёнтка, які яна намалявала па памяці.

Дарэчы, Ірэна Свяжынская вельмі добра малявала: у Англіі яна вывучылася на мастака, а яе работы ёсць у многіх калекцыях Еўропы, у тым ліку і ў Польшчы. Пан Кшыштаф паабяцаў, што ў наступны свой прыезд ён пастараецца прывезці адну з работ цёткі ў Агарэвічы, каб яна захоўвалася ў яе родным доме. А на гэты раз ён прывёз і перадаў Галіне Кулікоўскай некалькі фотакопій даваенных здымкаў агарэвіцкай сядзібы і яе жыхароў.

Гаворачы пра свой прыезд на ганцавіцкую зямлю, Кшыштаф Свяжынскі зазначыў, што сёлетні візіт не ідзе ні ў якае параўнанне з леташнім: "Тады я збіраўся ў Агарэвічы з нейкім страхам і няўпэўненасцю, бо не ведаў, што тут убачу і ці сустрэну каго-небудзь з людзей, якія б ведалі што-небудзь пра маіх сваякоў. Аднак мне пашанцавала: першым чалавекам, якога я сустрэў у Агарэвічах, аказалася пані Галіна (Галіна Кулікоўская — загадчыца турыстычнага комплексу, створанага нядаўна ў сядзібе), якая не толькі гасцінна сустрэла, але і дзякуючы таму, што хутар яе бацькоў знаходзіўся непадалёк ад сядзібы, змагла з іх слоў шмат чаго цікавага паведаміць пра гісторыю маёнтка ў даваенны і пасляваенны перыяды. Таму сёлета я ехаў сюды з цвёрдай упэўненасцю, што ў Агарэвічах мне будзе дзе спыніцца і з кім паразмаўляць".

I яго спадзяванні спраўдзіліся. Кшыштаф Свяжынскі не толькі пабываў у сядзібе, але і разам са сваёй знаёмай пані Янінай, якая суправаджала яго падчас візіту, наведаў сельскую бібліятэку, праехаўся на вазку з невялікай экскурсіяй (якая была арганізавана Галінай Кулікоўскай пры падтрымцы загадчыка каняфермы СВК "Агарэвічы" Леаніда Крысюка) па землях былога маёнтка і яго ваколіцах, сустрэўся са старшынёй раённага Савета дэпутатаў В.Я.Драздом, які працяглы час узначальваў мясцовы сельгаскааператыў, з'ездзіў у вёску Сукач.

Як зазначыў пан Кшыштаф, ён даўно хацеў пабываць у Беларусі, але здзейсніць сваю мару змог толькі тады, калі пайшоў на пенсію (зараз яму 62 гады). "Ведаеце, я шмат падарожнічаў па свеце, — кажа Кшыштаф Свяжынскі, — і пабываў на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды (больш за трыццаць гадоў ён плаваў інжынерам-механікам на караблях), аднак сустрэча з радзімай продкаў — самае галоўнае падарожжа ў маім жыцці".

Паколькі ні ў Ірэны Свяжынскай, ні ў Марыі Тараевіч не было дзяцей, а лёс Браніслава Апацкага невядомы, так атрымалася, што Кшыштаф Бонгарт Свяжынскі і яго трыццацідвухгадовы сын Роберт з'яўляюцца адзінымі вядомымі нашчадкамі апошніх уладальнікаў агарэвіцкай сядзібы. "Кожны цывілізаваны чалавек павінен памятаць пра свае карані і шанаваць продкаў, таму я разлічваю яшчэ не раз прыехаць у Агарэвічы і, магчыма, у наступным годзе — разам з сынам", — сказаў на развітанне пан Кшыштаф.

Мы таксама будзем спадзявацца, што сёлетняя сустрэча з нашчадкамі пані Марыі Апацкай была не апошняй і дзякуючы іх наступным візітам летапіс гісторыі агарэвіцкай сядзібы будзе дапаўняцца новымі старонкамі.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (06.10.2011) | Аўтар: Генадзь ПАПЛАЎСКІ-Савецкае Палессе
Праглядаў: 3105 | Тэгі: газета Савецкае Палессе, Агарэвічы, Генадзь Паплаўскі | Рэйтынг: 5.0/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.