Пятніца, 26.04.2024, 16:45

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Якуб Колас у Расіі
Спраўляючы сёлетнія юбілеі класікаў, культурная грамадскасць звяртае ўвагу не на ўсе вехі біяграфій апошніх. У прыватнасці, рэдка гаворыцца пра побыт Якуба Коласа ў Расіі: у канцы верасня 1917 года малады беларускі паэт прыязджае з фронту хворы да сям’і, якая з-за ваеннай віхуры падалася ў эвакуацыю і асела ў Курскай губерні. Ва ўмовах паслярэвалюцыйнай разрухі давялося наладжваць жыццё. Першасным было імкненне пракарміцца. Бо на руках — двое дзяцей: трохгадовы Данік і немаўлятка Юрка.

Якуб Колас
Партрэт Якуба Коласа. (1921)

Тым не менш Якуб Колас выкройвае гадзіны для творчасці. «За часы вайны і прабывання ў Расіі пісаў мала, урыўкамі. У Куршчыне скончыў "Сымона-музыку" і напісаў адзін ці два раздзелы "Новай зямлі". Сувязь з Беларуссю была выпадковая з прычыны падзей ваенна-палітычнага характару, Моцна смуціўся па Беларусі», — успамінаў ён у 1926 годзе ў аўтабіяграфіі. Вымушаная эміграцыя каталізавала настальгію, падобную да пачуццяў турэмнага перыяду. I хоць напісалася адносна няшмат, нам важная не колькасць, а якасць (дый пяць створаных раздзелаў на дзве паэмы — таксама важкі творчы здабытак). Што кепска для чалавека, тое добра для творцы, — Якуб Колас пацвердзіў гэты тэзіс.

Па творах таго часу можна прасачыць адносіны аўтара да свайго становішча, a таксама да сацыяльнага кантэксту — Куршчыны і тамтэйшага людскога асяродка. Якуб Колас пакінуў нямала таму сведчанняў — як адкрытых, так і завуаліраваных выказванняў, інтанацый, мадальнасць якіх неабходна герменеўтычна расчытваць.

Адзначым, што лёс і да прыезду на Куршчыну не песціў паэта. Першая сусветная вайна спрычынілася да чарговага перапынку ў вольнай працы на карысць Айчыны. Пакінуўшы Беларусь, мабілізаваны ў расійскую армію Якуб Колас праходзіць падрыхтоўку на прапаршчыка ў Расіі і затым трапляе на Румынскі фронт. Цяжкія хваробы становяцца прычынай вяртання афіцэра Міцкевіча з арміі ў тыл. Ён едзе да сям’і, якая асела ў горадзе Абаянь Курскай губерні. Ваенны і курскі перыяд Якуб Колас праз колькі гадоў назаве «паднявольным блуканнем», напісаўшы ў апошнім раздзеле «Новай зямлі»:
...А там дарога, зноў дарога,
Разлука з краем і трывога
I паднявольнае блуканне
I гэта нуднае змаганне
За інтарэсы жывата
Ды зноў варожая пята... [Т. 8, с. 281—282]
Паэт аднаўляе працу над «Сымонам-музыкам» у лістападзе 1917-га. Прычым менавіта з гэтых пранікнёных і шчымлівых радкоў:
О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей ёсць ў свеце Божым
Гэтых светлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе лясы-бары гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць? [Т. 9, с. 268]

Амаль усе даследчыкі адзначаюць: аўтар прыведзеных радкоў перапоўнены каласальнай настальгіяй, якая выплеснулася ў высокамастацкую паэзію. Была заўважана і сацыяльна-палітычная эвалюцыя беларуса Канстанціна Міцкевіча. Антон Адамовіч, напрыклад, убачыў «раптоўны на той час выбух нацыяналізму ў Якуба Коласа, у дарэвалюцыйнай паэзіі якога поўнасцю адсутнічала нацыянальная ідэалогія». На гэты конт можна дадаць меркаванне прафесара Міхася Мушынскага: «...Сутнасць мастацкага наватарства ў тым, што сваімі творамі — паэмамі "Новая зямля", "Сымон-музыка", многімі вершамі і апавяданнямі <і> — Колас здолеў узняць тэму жыцця беларускага працоўнага селяніна на ўзровень нацыянальнага быцця, і яго герой выступае як паўнапраўны прадстаўнік народа, духоўна багатая асоба, якая ў сваіх памкненнях выказвае агульначалавечыя ідэалы — прагу свабоды, волі, незалежнасці, пратэст супраць уціску, сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, жаданне жыць на ўласнай зямлі, быць яе сапраўдным гаспадаром. <...> У пераканальнай мастацкай распрацоўцы, непаўторна-адметным вобразным увасабленні канцэпцыі нацыянальнага быцця і трэба бачыць вялізную заслугу Коласа перад беларускім прыгожым пісьменствам і ўсёй айчыннай культурай».

Верагодна, на светапогляд сялянскага паэта (так часцей за ўсё ўспрымаўся Якуб Колас) паўплывала менавіта вымушаная эміграцыя. У Курскай губерні яго адольваюць глыбокія настальгічныя перажыванні. Але імі не абмяжоўваецца Пясняр. У творах таго часу вельмі выразна гучыць матыў адчужанасці ад сацыяльнага кантэксту, ад акаляючай людской масы. Да Коласа прыходзіць яснае ўсведамленне, што ментальнай роднаснасці з расійскім народам у яго няма. Вось што піша ён сябру Янку Купалу (арыгінал ліста на беларускай мове не выяўлены): «С позиций пришёл в Обоянь, где жила моя семья, больным человеком. Брат[о]к мой милый! Случалось тебе когда-нибудь застрять где-нибудь на железнодорожной станции, ждать поезда? Вот в таком положении чувствую я себя теперь, где бы я не находился. Все жду, когда же наступит возможность оставить эту Московщину и вновь очутиться среди своих людей. Скажу тебе, друже, татарский здесь народ. (Тут і далей курсіў наш — А. Т.) Болит моя душа по Белоруссии. Чувствуешь ли, братец, как тяжко жить на чужбине? ... Чувствую я, однако, одно: бедный, бедный наш народ! Как несправедлива его доля! И когда только дождется он просветления? Много встречал я наших виленцев, минчан, которые склоняются от востока к западу, ждут избавления ныне от Германии. Я, однако, остаюсь при своем мнении до гроба: немцы не дадут нам счастья. Немцы знают, что делают: им нужно утопить великий народ в братской крови, обессилить и обездолить его. Что же нам делать? Пробуждать в народе самосознание, ориентация должна быть на самого себя».

Гэтыя перажыванні трохі пазней, у 1919 годзе, Якуб Колас занатоўвае ў XVIII раздзеле «Новай зямлі» «Зіма ў Парэччы»:
Далёка я ад межаў родных
Сярод людзей, душой халодных
I сэрцам чэрствых. Я гадаю,
Я родны край успамінаю,
Я ім жыву, я ў ім душою
I сэрцам кожнаю парою,
Як той нявольнік прагне волі,
Так прагну я ступіць на ролі
Сваіх палеткаў, ніў благенькіх,
Дарог і сцежачак крывенькіх,
Што гожа ўюцца спомеж жыта
Або срэдзь лесу самавіта.
I ўстануць з’явы, як жывыя,
Малюнкі сэрцу дарагія,
I моцна душу парываюць.
«Ідзі да нас! ідзі», — гукаюць.
Благаславёны час той будзе,
Калі я ў родным сваім людзе
Куточак бацькаў прывітаю
I радасць жыцця там пазнаю.

О родны край! О край пакуты,
Нягодай цяжкаю прыгнуты!
Калі ж ты збудзеш тое гора,
Што і цяпер там, як і ўчора,
Як і даўней, цябе знішчае
І горкім смуткам авявае?
<...>

О край мой мілы! Ўсёй душою
Хачу злучыцца я з табою... [Т. 8, с. 159—160]
Радкі, цытаванне якіх у сувязі з абазначаным аспектам можна працягваць, даволі паказальныя, каб зразумець, наколькі разлука з Беларуссю паўплывала на мастацкі твор. Але ў іх бачна яшчэ і адчуванне адстароненасці ад людзей, «душой халодных і сэрцам чэрствых». Дзіўна, нечакана чытаць пра такое стаўленне беларускага класіка да расійскага народа, бо гэту тэму заўжды інтэрпрэтавалі ў цалкам процілеглым ключы.

Антон Адамовіч слушна заўважае, што пачатак гэтага раздзела дае нам «паэтаву ацэну самое перажыванае ім (Якубам Коласам — A. Т.) тады савецка-польскае акупацыі Беларусі як «нягоды цяжкае», «гора, што і сягоння, як і ўчора, як і даўней яе знішчае», «часу вялікага разбурэння», «здзеку, што чалавек — звер чалавеку так чыніць злосна, неўспагадна» — без якога-небудзь вырознення ў ва ўсім гэтым акупантаў польскіх ад савецкіх».

Менавіта тады, у 1918 — 1919 гадах (трохі пазней за Янку Купалу, верагодна пад яго ўздзеяннем) у паэтычнай лексіцы Якуба Коласа з’яўляецца онім «чужынец» — перадусім адносна «маскалёў». Ён кажа пра «ярэм’і», «што ім («нашаму люду», «дабрэйшаму ў свеце» — A. Т.) чужынцы з сваякамі / Уздзець маніліся даўно, / I засланялі ім вякамі / Ад свету белага вакно...» («Я кожан год свой дзень радзінаў...», 22.10.1918) [Т. 2, с. 82]; разважае пра тое, што «час праходзіць, жыццё гіне / У талачэчы на чужыне / За кавалак хлеба...» («На чужыне», 22.10.1919) [Т. 2, с. 84]; задаецца пытаннем, «ці мы будзем ці не будзем / Пад чужынцам шыі гнуць» (У імгле», 1919) [Т. 2, с. 86]. Роўна праз год у роздумах на тыя ж тэмы (традыцыйна для таго дня — завяршыўся яшчэ адзін год зямнога шляху чалавека) паэт працягвае метадычна прамаўляць, шчыра да слёз выражаючы найвастрэйшую тугу па абяздоленай (тым больш!) радзіме:
Бо сярод чужаніц,
Неўспагадных дурніц,
Сілу марне трачу,
I аб родных куткох,
Хай ацаліць іх Бог,
Часта ў думках плачу.
(«Ну, якіх жа прыгод...», 22.10.1920) [Т. 2, с. 87]
У кантэксце такіх перажыванняў, такога ўспрымання рэчаіснасці ўзмацненне грамадзянскіх, нават яскрава палітычных матываў у творчасці Якуба Коласа выглядае арганічным. Найбольш экспрэсіўна яны выплеснуліся ва ўступе да III раздзела паэмы «Сымон-музыка» (канец 1917-га). Пачынае паэт з экскурсу ў мінулае:
З двух бакоў айцы дубінай
Заганялі нас у рай.
Кроў лілася ручаямі,
Здрада чорная расла,
Што папамі і ксяндзамі
У сэрцы кінута была.
I адразу пераходзіць да паралелей з сучаснасцю:
I цяпер над вамі, брацце,
Яшчэ ў сіле той раздор:
I папоўскае закляцце
I ксяндзоўскі нагавор. [Т. 9, с. 269]
Напамінаючы, што «тут схадзілісь ўсе плямёны / спорку сілаю канчаць», згадваючы шведа, які «набытак наш паліў», прайшоўшыся па панска-каталіцкай польскай экспансіі, паэт галоўныя эмоцыі адрасуе ў бок усходняга суседа: «маскаль тут самачынна / гвалт над намі ўтварыў, / і без жалю капытамі / конь казацкі тут ступаў». Ад імя народа паэт заяўляе:
Толькі ж, брацце, край не згінуў,
He пагнуўся яго стан.
I із нас душы не вынуў
Hi маскаль, ні польскі пан. [Т. 9, с. 270]
Прычым аўтар з самасцвярджэннем народа звяртаецца да канкрэтных аб’ектаў:

«Гэй, суседзі, нашы брацце!» (NB. на той час гэта адзін з рэдкіх выпадкаў для падобных Коласавых кантэкстаў, калі суседзі называюцца не чужакамі ці чужынцамі, а браццямі — А.Т.)
He згубілі мы свой шлях,
He ўламала нас няшчасце,
He сагнуў нас Жыцця гмах.
Дык хіба ж мы праў не маем,
Сілы — шлях свой адзначаць?
I сваім уласным краем
Родны край свой называць?.. [Т. 9, с. 270]
Такім рытарычным пытаннем, звернутым ужо да свайго народа, яго нацыянальнай годнасці, заканчвае паэт уступ да трэцяй часткі, яшчэ раз падкрэсліваючы нязгоду з існым становішчам Беларусі. Міхась Мушынскі лічыць, што «погляды Сымона-музыкі — гэта суб’ектывізаванае выяўленне поглядаў, светаўспраманне асабіста Якуба Коласа, адбіццё ягонай грамадзянскай, мастакоўскай пазіцыі».

«Увесь гэты згустак квінтэсенцыі нацыянальнага адраджэнства, пададзены на працягу няпоўнае сотні вершаваных радкоў (уступу да III раздзела паэмы "Сымон-музыка" — A. Т.), у высокім і моцным тоне небывалага лірычнага пафасу сапраўды ўнікальны ў Коласа, дый наогул няшмат роўнага сабе мае ў цэлай адраджэнскай паэзіі». Згаджаючыся з гэтай думкай Антона Адамовіча, мусім аспрэчыць меркаванне крытыка, што быццам для нацыянальна-адраджэнскага пасажу Якуба Коласа не было матывацыі, бо, як адзначалася вышэй, папярэднія перажыванні паэта, адкрыццё Расіі як чужыны, а расіян як татараў, маскалёў (але ніяк не братоў-славян), а ў сувязі з гэтым таксама надзвычайнай моцы настальгія, сум па родных краях (гл. вершы «Гусі» (22.09.1916), «Палессе» (1916), «Ой, скажы мне, вецер вольны...» (1917), «Год за годам уцякае...» (22.10.1919) [Т. 2, с. 67, 73 — 74, 77, 82, 85] і інш.) спрычыніліся да выспявання Коласа-нацыяналіста, зварот якога да мінулага ў той час не мог не азначаць і надзённай пазіцыі паэта, пазіцыі, што была скіравана супраць гаспадарання суседзяў, чужынцаў на Беларусі. Радзіму хацеў паэт бачыць вольнай. Савецкая цэнзура сталінскіх, сацыялагізатарскіх часоў мела тоеснае разуменне яго творчых і грамадзянскіх інтэнцый, таму, як паведамляецца ў каментарыях сучаснага Збору твораў народнага паэта да большасці з названых тут Коласавых вершаў, яны, як правіла, былі апублікаваны ў нацыянальнай, небальшавіцкай прэсе, а таксама ў зборніку «Водгулле» (1922), за рэдкім выключэннем у прыжыццёвыя выданні не ўваходзілі і зноў пачалі друкавацца толькі падчас «хру-шчоўскай адлігі» [Т. 2, с. 370 — 374].

Такім чынам, жыццё ў Расіі не толькі паглыбіла настальгію, сум па родным куточку паэта, але і развіла яго грамадзянскую свядомасць у нацыянальны (часам нацыяналістычны) бок, што ў значнай ступені адбілася на творчасці ў цэлым і на знакавых творах у прыватнасці.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (27.11.2012) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2872 | Тэгі: Літаратурная Ганцаўшчына, Якуб Колас, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/9
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.