Пятніца, 19.04.2024, 03:16

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Крадзёж ці цэнзура? Развагі пра лёс другой рэдакцыі паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка»
Летам 1924 г. Якуб Колас вяртаўся з творчага адпачынку ў Кіславодску. Там ён канцэптуальна перарабіў паэму "Сымон-музыка". Аднак у дарозе яе скралі. Гэта засведчыў сам паэт. Такую версію пачалі лічыць афіцыйнай. Але калі прасачыць лёс другой рэдакцыі паэмы больш пільна, то ўзнікаюць пытанні. Іх і хацелася б тут акрэсліць.

У страшныя 1930-я гг. аўтар з мэтай перавыдаць паэму "Новая зямля" сам пераацэньвае свой твор, кажучы пра разыходжанне лейтматыву паэмы з ідэйнымі дамінантамі новай эпохі. Але да перапісвання "Новай зямлі" справа не дайшла.

Якуб Колас
Партрэт Якуба Коласа. (1925)

Між тым гэтага кону не пазбегла паэма "Сымон-музыка", апошняя, трэцяя рэдакцыя якой, закончаная ў 1925 годзе, была канцэптуальна перайначана. Найперш Якуб Колас прыбірае рэлігійныя матывы, онім "маскаль", перароблівае развязку на аптымістычны лад (пра гэта апублікавана ўжо нямала даследаванняў — перадусім працы У.Конана і М.Мушынскага). Адзін з момантаў перапісвання твора, які меў і прамежкавы варыянт — згубленую ці скрадзеную так званую другую рэдакцыю — і сёння застаецца дарэшты нявысветленым. Гэты момант звязаны наўпрост з вяртаннем паэта да тэмы падзелу Беларусі ў 1921 г. Ужо ў першай рэдакцыі Якуб Колас зрабіў экскурс у гісторыю, кажучы пра "споркі сілаю” на беларускай зямлі. Трэцяя рэдакцыя была куды больш нейтральнай, але захавала радкі пра тое, што:
З двух бакоў "айцы" дубінай
Заганяпі нас у рай!
Кроў лілася ручаямі,
Здрада чорная расла,
Што папамі і ксяндзамі
Ў сэрцы кінута была.
I цяпер над вамі, брацце.
Яшчэ ў сіле той раздор —

I папоўскае закляцце
I ксяндзоўскі нагавор.
Гэты ўрывак атрымлівае інтэрпрэтацыю, скіраваную супраць абодвух бакоў савецка-польскага падзелу. Прынамсі, да такога прачытання схіляюць падкрэсленыя намі радкі, у якіх аўтар прызнаецца, што ранейшае становішча застаецца "ў сіле".

Непасрэдна тэма падзелу ўсплывае і ў наступных радках паэмы:
Родны край! ты разарваны,
I на захад ад мяжы
Пан пыхлівы, надзіманы
Моцна сцягвае гужы...
Гэта страфа некаторымі даследчыкамі літаратуры, а таксама малодшым сынам Песняра М.Міцкевічам бачыцца змененай: расійскі бок у кантэксце дзяльбы не згадваецца.

Тым не менш гэта версія застаецца дакументальна не пацверджанай і з гэтай прычыны не ўводзіцца акадэмічнымі тэкстолагамі ў навуковы ўжытак, што пакідае яшчэ адну таямніцу гісторыкам літаратуры. Хоць пра тое, што другая рэдакцыя мела хутчэй за ўсё яўны антысавецкі (ці як мінімум непажаданы для бальшавікоў) змест і, такім чынам, не задавальняла бальшавіцкіх цэнзараў ускосна сведчыць адсутнасць чарнавікоў і невялікая колькасць Коласавых каментарыяў (калі не браць пад увагу агульныя словы, сказаныя аўтарам нібы для адчэпнага: маўляў перарабіўшы скралі ці да т.п.). З іх шэрагу звяртае на сябе ўвагу паметка Якуба Коласа ад 10 чэрвеня 1927 г. на амаль трохгадовай даўніны (8 — 9 ліпеня 1924 г., з Кіславодска) лісце да жонкі, у якой падкрэсліваецца, што рукапіс паэмы "Сымон-музыка" скрадзены. Навошта спатрэбілася тая паметка? I самае галоўнае — для каго яна прызначалася? Наўрад ці самому сабе. Хіба з памяці аўтара маіла сцерціся такая творчая страта? А значыць, зусім не сабе, а тым, хто задумаецца над лёсам паэмы. Але ўсё стала б на свае месцы, калі б мы даведаліся, што дзеянні паэта былі ўзгодненыя з "рэдакцыямі" цэнзуры ці іншых, больш сур'ёзных органаў дзяржаўнага парадку.

Дзіўна таксама, што аўтар пакінуў толькі даволі абстрактнае, прасторавае тлумачэнне, чаму ён перарабіў канцоўку — з песімістычнай на аптымістычную. Хаця гэтай і іншым зменам у паэме можна было з лёгкасцю даць лагічную прасавецкую інтэрпрэтацыю.

Выбітны коласазнавец У.Конан не абвяргае інфармацыі пра крадзеж другой рэдакцыі, але і дадае: "Вядомы нам сучасны твор — гэта ўжо другі варыянт савецкай рэдакцыі. Першы варыянт гэтай рэдакцыі (1924) цэнзура вярнула аўтару на дапрацоўку — абавязковую тады самацэнзуру". Дый сам Якуб Колас у лісце да жонкі пісаў, што "занёс Шукевічу ў цэнзуру апошні раздзел «Сымона-музыкі»". Значыць, рукапіс быў не толькі скончаны, але і аддадзены на разгляд цэнзарам. I толькі потым другая рэдакцыя паэмы нібыта знікла! Супадзенне ці лагічнае развіццё падзей?

Якуб Колас
Адбітак фрагмента першай рэдакцыі паэмы "Сымон-музыка". (1918)

I яшчэ адна дэталь. Бытавая. Bara "чамаданчыка", узятага ў дарогу пісьменнікам. Пачытаем, што ён піша ў лісце да жонкі: "Дарма я валок гэтыя чамаданы. <...> Калі я пачну ставіць сваю абэрыну, то ў мяне аж пуза трашчыць. Ну, але ж у дарозе не кідаць іх. Буду пакутаваць да канца і верна трымацца чамадана". I гэта словы чалавека, сіла рук якога стала напаўлегендарнай. Дзеля прыкладу даверымся старэйшаму сыну класіка Данілу Міцкевічу, які да таго ж быў і адным з найлепшых даследчыкаў жыцця свайго слыннага бацькі. Алесь Барскі занатаваў такую яго згадку: "Быў сярэдняга росту. Даволі моцнага складу цела. Вочы цёмныя. Меў шмат сілы. Мог дужацца з двума-трыма семінарыстамі і ўсіх перамагчы. Любіў цягацца на пальцах і рэдка каго не перамагаў (гаворачы гэта, Даніла Міцкевіч схваціў сваім сярэднім пальцам мой сярэдні палец і я пачуў, як цягне не толькі маю руку, але і ўсяго мяне). Вось бачыце, — цягнуў расказ Даніла Міцкевіч, — а мне ж семдзесят чатыры гады. Ведайце, што бацька мяне без цяжкасці перацягваў тады, калі я быў намнога мацнейшы, чым сёння". Наколькі можна было неўпрыкмет скрасці Коласаў чамадан, калі яго вельмі дужы гаспадар сам ледзь з ім спраўляўся, сказаць немагчыма. Тым не менш супастаўленне дае тэму для ўзнікнення яшчэ аднаго пытання пра крадзеж, a адсюль — яшчэ аднаго сумнення адносна афіцыйнай, агульнапрынятай версіі пра другую рэдакцыю паэмы "Сымон-музыка".

Нягледзячы на вобразнасць крылатага выслоўя, варта нагадаць, што рукапісы не гараць і нейкія сляды павінны былі застацца. Ці не тымі слядамі з’яўляюцца выяўленыя слынным гісторыкам В.Скалабанам дакументы пра цэнзараванне Галоўлітам недзе напрыканцы 1924 г. паэмы, пададзенай аўтарам на разгляд ужо ў пераробленым выглядзе? Арыгінал тэксту, які згадваецца ў дакуменце і які даў бы адказ на пастаўленае пытанне, пакуль не адшуканы. I хаця аўтары каментарыяў схіляюцца да таго, што пастанова Галоўліта па паэме "тычыцца трэцяй рэдакцыі, тэкст якой быў аддадзены Коласам, каб атрымаць дазвол на выданне твора" узнікае пытанне, як паэт мог аддаць на разгляд у снежні 1924 г. твор, закончаны толькі ў маі ці чэрвені 1925 г., пра што ў каментарыях таксама гаворыцца.

У святле гэтай інфармацыі выкрышталізоўваецца гіпотэза, што аўтарскае рэдагаванне паэмы "Сымон-музыка” бракавалася цэнзурай як мінімум два разы (летам 1924 г. і наступнай зімой). Унясенне ў твор правак, якія задаволілі цэнзуру, урэшце было скончана Якубам Коласам летам 1925 г. — і паэму аператыўна апублікавалі. Афіцыйна за тым варыянтам замацавалася найменне трэцяй рэдакцыі — канчатковай версіі твора, дапушчанай да чытачоў.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (28.11.2012) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 3684 | Тэгі: Анатоль Трафімчык, Якуб Колас, Літаратурная Ганцаўшчына | Рэйтынг: 5.0/8
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.