Пятніца, 26.04.2024, 16:48

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

«Мой родны кут»: «…і з таго часу па сягоння мне сонцам свеціць Наднямонне»
Чатырохрадкоўе геніяльнага Гётэ (у маім падрадковым перакладзе) сцвярджае:
Хто хоча зразумець паэзію,
Павінен пабываць у яе краіне;
Хто хоча зразумець паэта,
Павінен наведаць яго краіну.
Беларусь невыпадкова стала краінай паэтаў. Кожны яе куточак — сваёй прыгажосцю, хараством — спрыяе ўсходам паэтычных парасткаў. I радзіма Якуба Коласа — не выключэнне. Наднямонне — cэрца Беларусі, яе сонечнае спляценне. Тут канцэнтрацыя беларушчыны развілася ці не ў найбольшую шчыльнасць. Беларушчыны — па-народнаму натуральна нусмактанай з матчыным малаком, не ўзятай у палон згубнымі формамі, якія неўзабаве выцясняць ці як мінімум пасунуць тую натуральнасць. Таму не дзіўна, што на гэтай зямлі восенню 1882 г. убачыў свет парастак коласа, якога яшчэ не мела наша ніва: у сям'і палясоўшчыка Міхала Міцкевіча нарадзіўся трэці сын, названы Костусем.

Філосаф У.Каганскі казаў: «Культура — заўсёды спалучанасць чалавека і ландшафту; яе цяжка ўявіць па-за звароту да ландшафту. Бачанне культуры мае на ўвазе ландшафт. Бачанне ландшафту мае на ўвазе культуру. Звяртаючыся да ландшафту, можна шмат даведацца пра культуру; ландшафт — яе нечаканая сфера, сведчанне, адваротны бок». I прыклад творча-культурнай эвалюцыі Міцкевіча-Коласа — яркім таму пацвярджэннем, якое пачынаецца, натуральна, з нараджэння.

Уражанні дзяцінства кшталтуюць усё жыццё чалавека. Гэта вядома было і да Фройда:
Эх, досвітак маленства, лета!
Вамі навек душа сагрэта!
У Коласавым выпадку пік гэтых уражанняў прыпаў на альбуцкі перыяд.
Парэчча — слаўная мясціна,
Куток прыгожы і вясёлы:
Як мора — лес, як неба — долы...
Такімі глабальна-касмічнымі маштабамі адгукаюцца з дзяцінства «малюнкі родныя і з'явы» перайменаванай у паэме Парэччам вёсачкі Альбуць, якая тым часам была недасягальнай для аўтара, бо засталася па заходні бок мяжы падзеленай Беларусі. Пры Коласавых успамінах роднага куточка звяртае на сябе ўвагу менавіта дыяпазон маштабнасці: ад ахопу сусветнага ўзроўню да ўглядання ў мікраскапічныя (як можа падацца) моманты жыцця, бытавыя, паўсядзённыя, бачачы і ў іх (перадусім у іх!) паэзію — у «вузенькім ложы» крынічкі, у «елцы ў пары з хваіною», «гожай падкове» лесу, «калоссях жыта» і г.д. Таму паэт не саромеецца амаль таўталогіі ў сваім ці не самым геніяльным творы пра тое, наколькі ён жывіцца ўспамінамі:
…Ды я душою ажываю,
Як вокам мыслі азіраю
Цябе, мой луг і бераг родны,
Дзе льецца Нёман срэбраводны...
..Я родны край успамінаю,
Я ім жыву, я ў ім душою
I сэрцам кожнаю парою...
Паэзію прыроды будучы класік адчуваў з маленства. «Малюнкі навакольнай прыроды былі вельмі простымі і няхітрымі, але тым не менш яны моцна дзейнічалі на мяне і глыбока западалі ў душу», — прызнаваўся ў аўтабіяграфіі 1913 г. малады і ўжо знакаміты паэт. Свае перажыванні ад судакранання з беларускімі пейзажнымі карцінамі творца пачаў занатоўваць з самага пачатку творчага шляху, калі напісаліся радкі пра вясну, адораныя бацькам цэлым сярэбраным рублём. Але любая пара года была любімай Коласам. Нават зімовыя малюнкі выклікаюць проста вясёлкавыя настроі ў падлетка Костуся, што ён пасля занатуе асобным раздзелам «Новай зямлі» — «На рэчцы», пейзажныя радкі якога знітаваныя з філасафічнымі асацыяцыямі:
I праўда: рэчачка-крынічка,
Хаця і мелка невялічка,
Але такую сілу мае,
Што лёд угору падымае
I ломіць глызу, як націну.
У кожнага ёсць свой родны кут. I, бадай, кожнаму край свайго маленства непаўторны. Таму і нараджаюцца ўсклікі захаплення:
I дзе на свеце ёсць такая,
Як Нёман рэчанька другая?
Як адзначае У.Казбярук, «малюнкі прыроды адыгрываюць у «Новай зямлі» асабліва важную ролю — ідэйную і кампазіцыйную. Увесь першы раздзел — «Леснікова пасада» — уяўляе з сябе ўводзіны ў духоўную атмасферу твора. Якуб Колас усхвалявана апявае тое, што з'яўляецца найдаражэйшым яго сэрцу, — родны куток, якому адрасуе прачулыя творы любові і адданасці. Гэта асноўны матыў паэмы, якая стала гімнам роднай зямлі, яе непаўторным краявідам».

Якуб Колас, Акінчыцы


Варта дадаць, што створаны Песняром гімн роднай зямлі распаўсюджваецца на ўсю Беларусь, выходзіць за межы «роднага кута», які геаграфічна з'яўляецца якраз сэрцам краіны, у чым бачыцца не выпадковасць, а пэўная зададзенасць нацыятворчага развіцця. Напэўна, так сталася незалежна ад паэта. Аўтар хутчэй сам трапіў у залежнасць ад прыроднага кантэксту (што, аднак, не змяншае Коласавых заслугаў як мастака). «На гэтай невялікай топографічнай плошчы (дзе адбываецца асноўнае дзеянне ў паэме «Новая зямля». — А.Т.) поэт сьцісла і ў той-жа час конкрэтна ўлажыў свае сапраўдныя назіраньні над беларускім жыцьцём. Тут зьмясьціўся ўвесь характэрны беларускі рэльеф і пэйзаж — ад бераговога ракітніку да лясной глушы, ад травой заросшай крынічкі да "срэбраводнага Нёмана", ад балота, паросшага старымі бярэзінамі, да шырокіх зялёных лугоў, залітых праменьнямі сонца. На гэтым географічным кусочку Беларусі сабраў аўтар амаль ня ўсе характэрныя для яго радзімы пароды дрэваў, ад лазы і крушыны да тых старых дубоў, што стаяць над вадою "даўнейшых спраў вартаўнікамі", ён сабраў усе адценні беларускага неба, усе зьмены пагоды ад "ветрыка" да "вятругі", зьмясьціў тут усе поры году, увесь гаспадарскі абыходак беларуса, яго будзённы клопат і справы і сьвяточныя звычаі і весялосьці, уключаючы сюды і запраўдныя народныя, песьні. Мала таго, аўтар у сукромных топографічных асадках свае поэмы, на абшары між Слуцкам і Нясьвіжам, Нясьвіжам і Менскам, зьмясьціў усю вякамі цяжкай гісторыі зложаную душу беларуса з яго жыцьцёваю мудрасьцю працы, працоўнай моральлю і працоўным прадстаўленьнем аб людзкім шчасьці і людзкай праўдзе» (Замоцін I. Пуціны беларускай літаратуры // Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Да дваццацігадовага юбілею яго літаратурнай дзейнасьці / Злажыў Ул.Дзяржынскі. — Менск, 1926).

Падабенства дэтэрмінізму той жа У.Казбярук выяўляе і стасоўна ўзнікнення яшчэ адной славутай паэмы Якуба Коласа: «Дзяцінства Кастуся прайшло ў лесніковых сялібах Ласток... і Альбуць на ўлонні чароўнай беларускай прыроды, якую з тых часоў ён палюбіў на ўсё жыццё. Непаўторная краса наднёманскіх лугоў, лясных палян, таемны і ўрачысты шум лесу зачароўвалі ўражлівага хлапчука. Малому Кастусю ўяўлялася, што ён разумее, аб чым шуміць лес, пяюць жаваранкі, булькоча ручаёк, галосіць зімовы вецер. I, бясспрэчна, у пачуццях героя паэмы "Сымон-музыка" шмат уражанняў дзіцячых гадоў самога Якуба Коласа».

Сам паэт таксама падкрэсліваў аўтабіяграфічнасць перажыванняў, якімі надзяліў ён хлопчыка Сымонку: «Крытыкі гавораць увесь час: "Новая зямля" — аўтабіяграфічны твор, бо гэта само вачам назаляе. А пра "Сымона-музыку" ніхто ў такім кірунку не абазваўся. <...> Перада мною стаяў уласны лёс. Рупіла расказаць, што вось і мае чалавек нешта за душою, а ніяк не выплыве напаверх у гэтым свеце. <…> З гэтых усіх разваг (пра жыццёвыя — дзіцячыя, семінарскія, настаўніцкія, валацужныя, урэшце турэмныя і паслятурэмныя перажыванні. — А.Т.) і вынікла задума: напісаць твор з пяці частак, адпаведна ліку абведзеных у мыслях наўкруга сябе колаў», — піша М.Лужанін у аповесці-эсэ «Колас расказвае пра сябе». Таму, ідучы следам за папярэднімі даследчыкамі, не памылімся, калі ўбачым тоеснасць успрымання прыроды героя і Костуся ў дзяцінстве:
I здавалася яму,
Што ён знае, як травінка
Сваю думае думу,
Што гаворыць жытні колас,
I аб чым шуміць ячмень,
I чаго спявае ўголас
Мушка, конік, авадзень,
Што ўгары над срэбрам жыта
Пяе жаваранак той
Так прыгожа-самавіта,
I зачым у высь блакіту
Ідзе ветрык пехатой...
Такім чынам, на ўзроўні інтуітыўным прыродны пачатак у творчым патэнцыяле Якуба Коласа быў закладзены ад нараджэння, «ад роднае зямлі, ад гоману бароў, ад казак вечароў, ад песень дудароў...». Што датычыцца «Новай зямлі», прафесар А.Яскевіч піша: «Настраёвым камертонам паэмы і яе асноўным эмацыянальна пераўтваральным каталізатарам з'яўляецца паслядоўна праведзенае лірычнымі адступленнямі (раздзелы I, XIV, XVI, XVIII, XXX і інш.) узнаўленне падзей праз успаміны маленства, агністымі азарэннямі, першаадкрыццямі якога ў канчатковым выніку вобразна перайначана, бясконца сагрэта, святліста ўзвышана ўся, здаецца, такая прыземлена побытавая матэрыя твора. Бо тады нараджаўся паэт, адчуваў роднае ўлонне як рай зямны, нягледзячы на ўсю шматпакутнасць вясковага ладу жыцця. Такая патаемная "алхімія" мастацкіх пераўтварэнняў жыццёвага матэрыялу!». Ж.Шаладонава прытрымліваецца думкі, што «на мове ландшафтаў з чалавекам размаўляе Бог» і што «ў мастацкую задачу пісьменнікаў уваходзіць патрэба па магчымасці найбольш поўна і дакладна зразумець і перадаць гэту мову ў сваіх творах». Пагаджаючыся з меркаваннем даследчыцы, дадамо, што названы тэзіс кангеніяльна, шырока спраўдзіўся ў творчасці Якуба Коласа. Прычым незалежна ад яго самога, неспазнанымі сіламі сялянскі хлопчык быў абраны свайго роду перакладчыкам, талмачом з мовы прыродных стыхіяў на людскую гаворку (менавіта гаворку: калі ўлічыць, што беларуская тады многімі за мову і не прымалася, бо яе літаратурны варыянт знаходзіўся толькі ў стадыі актыўнай распрацоўкі). Як адзначыць паэт пазней, пры напісанні «Новай зямлі», «і з таго часу пасягоння мне сонцам свеціць Наднямонне».

Якуб Колас, Альбуць
Альбуць

Рацыянальнае, свядомае асэнсаванне наступіла, паводле яго словаў, пазней, калі ён быў ужо прызнаным і знакамітым. Гэта адбылося ў 1924 г. пад час творчага адпачынку ў Кіславодску пад уражаннем ад фінскага эпасу «Калевала»: «..."Калевала" як пабунтавала мой спакой, так і падказала выхад. I шматлікія стваральнікі яе, і я — усе пілі з адной крыніцы, але фіны знайшлі яе на беразе мора, сярод скал, а мы — у сваіх барах і балотах» (М.Лужанін. Тамсама). Сучасны даследчык Коласавай спадчыны I.Жук разгарнуў гэтую думку аўтара «Сымона-музыкі», пашырыў яе, яшчэ больш «глабалізаваўшы» вытокі беларускага твора.

Акрамя Наднямоння, Якубу Коласу палюбілася сваёй прыродай Палессе. Калі мысліць вобразна, то родны кут паэта можна назваць сэрцам (і яго самога, і ўсёй краіны — балазе, як вышэй адзначалася, размяшчаецца ў самым яе цэнтры), а палескі край — лёгкімі, якія надалі дыхання творчай жыццядзейнасці маладому настаўніку Канстанціну Міцкевічу (па аналогіі з яшчэ адной метафарай Палесся як «лёгкіх Еўропы»). Гэты дадатковы ключ, выток выліўся ў напісанне «палескіх» аповесцяў. У палескай глушы мастак пранікся яшчэ адным куточкам Беларусі не менш, чым наднямонскімі краявідамі: «Яму (Лабановічу. — А.Т.) па душы быў і гэты глухі куток Палесся, аб якім яшчэ дома так многа цікавага наслухаўся ад аднаго старога аб'ездчыка, і гэты народ з яго асабліваю моваю і звычаямі, так не падобнымі да мовы і звычаяў тых беларусаў, з гушчы якіх выйшаў Лабановіч; гэты некрануты край старажытнасці, якая на кожным кроку кідалася ў вочы і затрымлівала на сабе ўвагу, і гэты выгляд самой мясцовасці, агульнага тону якой не мог яшчэ ўлавіць Лабановіч, але ў якой таксама было многа цікавага і, на яго погляд, павабнага».

Дамо слова і самому класіку, які, як мы ведаем, з'яўляецца прататыпам свайго галоўнага героя Андрэя Лабановіча. I каб чытач не сумняваўся ў тоеснасці літаратурнага героя і жывога чалавека, прывядзём наперад словы прызнання Якуба Коласа: «Лaбановіч — мой двайнік. Выдуманага ў яго паводзінах і характары нічога няма». Таму захапленні літаратурнага героя тоесныя пачуццям яго аўтара: «А прырода! Колькі вялікага задавалення дае нам яна! Бо прырода — найцікавейшая кніга, якая разгорнута прад вачамі кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы — хіба ж гэта не ёсць шчасце? Адно толькі шкада, што наша жыццё несуразмерна малое для таго, каб начытацца гэтай кнігай».

Якуб Колас стаў неаспрэчна галоўным класікам пейзажнай лірыкі ў айчынным мастацтве. Яе дыяпазон у паэта надзвычай шырокі. Каб пераканацца, дастаткова прааналізаваць «Новую зямлю». А ёсць яшчэ «Сымон-музыка», шматлікія вершы, проза. Гэтае Коласавае першынства з'яўляецца найлепшым доказам прыроднага чынніка ў творчасці Песняра.

Максім Лужанін задумваецца над фактарам прыроды ў Коласавым феномене: «Успамянем, перад усім, багацце ўласнай душы і здольнасць пры дапамозе слова дзяліцца гэтым багаццем з іншымі, адным чынам, тое, што ў звычайным абыходку называюць пісьменніцкім талентам. Але ці ёсць талент тым шчаслівым дарункам, які атрымлівае чалавек ад прыроды пры нараджэнні і нясе яго праз жыццё як нешта раз і назаўсёды дадзенае і таму нязменнае?»

Абмежаваўшы рацыянальны погляд на феномен таленту Якуба Коласа гётэўскім метадам, працытаваным вышэй у вершаванай страфе, усё ж не стварыць паўнавартаснай карціны. Гэта быў праверыў і М.Лужанін: «Я кінуўся на коласаўскія мясціны, зрабіў пешкі падарожжа па беразе Нёмана, не адзін дзень правёў на абтупаных паэтам лясных сцяжынах у гонкіх шчырых барах, слухаў, як шумяць любыя ягонаму сэрцу дубовыя гаі. Пасля пачаў адчыняць дзверы ў леснічоўкі, дзе жыў ён некалі, распытваўся ў аднавяскоўцаў, выхопліваў кожнае цікавае слоўца ў братоў і сясцёр.

Усё як быццам станавілася на месца: людзі, прырода, абставіны, а жывога дыхання ў вобразе так і не з'яўлялася».

Таму сярод генеральных чыннікаў выяўлення Коласавага генія прырода роднага кута і Пінскага Палесся, натуральна-народны каларыт культурнага кантэксту, усмактаны з мацярынскім малаком, займаюць месца першае, хаця і не першаснае. Следам за гэтым, дзякуй Богу, даўзгадавання, выспельвання літаратурнага коласа актыўна спрычыніўся яшчэ шэраг не менш значных фактараў, якія далучаліся да каталізацыі творчага росту будучага класіка потым, па меры яго сталення, выток якога — у крыніцах, якія білі з-пад радзімых парогаў.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (22.11.2012) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 4339 | Тэгі: Анатоль Трафімчык, Якуб Колас | Рэйтынг: 5.0/5
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.