Чацвер, 25.04.2024, 22:56

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Пераход? Ракіроўка душ
У кожным прыгожым пісьменстве знаходзіцца кола такіх аўтараў, якія публікуюцца мала. Прычым таленавітых. І яны заўсёды прыцягваюць увагу. Прынамсі нашмат большую за імёны, якія сустракаюцца на кожным кроку. У беларускай літаратуры наўскідку можна назваць Сяргея Верацілу, Вінцэся Мудрова, Анатоля Кудласевіча... Пра кнігу прозы апошняга і маем сёння сказаць пару слоў.

Анатоль Кудласевіч

Гэта яго трэцяе выданне ў выглядзе кнігі — пасля двух вершаваных зборнікаў "Плакун-трава" (1993) і "Зорныя ноты" (1999) — і першае празаічнае. Хоць, прызнацца, менавіта проза А.Кудласевіча прыцягвае ўвагу найперш. Аўтар гэтых радкоў сочыць за творчасцю Антона Кудлатага (імя героя і псеўданім пісьменніка) з часоў някляеўскай "Крыніцы" сярэдзіны 1990-х.

Роздум над жыццём (не абавязкова яго сэнсам!) у розных праявах і сюжэтах — магістральная лінія ў мастацкіх рэфлексіях А.Кудласевіча. Здавалася б, гэта тэза прымяніма да многіх іншых служачых пяра. Але разглядаемы творца не проста апісвае экзістэнцыяльную тэматыку, — многае ён сам спасцігае, дзеліцца ім, міжволі, ненавязліва падштурхоўвае да суперажыванняў.

Што цікава, гэта ў А.Кудласевіча атрымліваецца лепей, калі ён распавядае не пра сябе, а пра іншых. Гэтым самым нібы ставячы на іх месца сябе, ажыццяўляючы ракіроўку. Нават у тытульнай для кнігі аповесці "Пераход" галоўны герой Раман Росцік — гэта і будучы народны паэт Антон Пракопавіч (у будучым, канечне). Абодва пісьменнікі. У абодвух жыццё такое, што, як сказаў бы філосаф В.Акудовіч, лёсу ў іх няма — адно доля. І той, і другі вырашаюць падпрацоўваць шляхам вулічнага бізнесу: прадаюць сваю і чужую творчасць (толькі маладзейшы герой яшчэ і бард). Нягледзячы на ўсе перыпетыі (а яны характарызуюцца рэалістычнасцю, адпаведнай эпосе "ліхіх 90-х"), твор пакідае перспектыву — як дзеючым персанажам, так і беларускай культуры ўвогуле. Нават трагічная смерць народнага паэта (гэта варта ўсё ж чытаць як пэўны сімвал) мае сатысфакцыю ў адкрыцці сайта з творамі Антона Пракопавіча, што таксама сімвалічна — як свайго роду сучасная рэінкарнацыя творчай неўміручасці.

Анатоль Кудласевіч відавочна піша з перажытага і перадуманага. Нават у чужое жыццё ён пагружаецца без астатку, як акцёр ужываецца ў мастацкую ролю. Пры гэтым аўтар імкнецца заставацца мастаком, не збіваючыся на павучальнасць (хоць часам некаторыя сюжэты можна ўзяць у форму прытчы). Іншым разам можа падацца, што пісьменнік і не думае пра чытача! Творца засяроджваецца на жыццёвых праблемах, загадках і задачах, цікавых ці турботных найперш для яго, аўтара. Зрэшты, у гэтым чытач можа знайсці асаблівы інтарэс, бо ў такой літаратуры няма і блізка аўтарскай позы (але не пазіцыі!), няма гульні ці заігрывання дзеля заваявання сімпатыі рэцыпіента, а значыць, тут няма штучнасці, за якой схавана душа. Нельга сказаць, што А.Кудласевіч адзіны такі творца. Тым не менш з прычыны тонкасці і далікатнасці пры гэтакім творчым падыходзе не ўсім удаецца роўна вытрымліваць узятую ноту. (Можа, гэта і абумоўлівае вышэйабгавораную публікацыйную нешматлікасць аўтара.)

Азначаны эфект дасягаецца з дапамогаю пераходу-ракіроўкі. А.Кудласевіч такім чынам пабываў у самых розных часах. Нават прайшоў "шлях Месіі" — назва аўтарскай інтэрпрэтацыі... лепей сказаць, аўтарскага Евангелля.

Матыў веры адбіваецца ў многіх апавяданнях. Быль "Пятро, грузі жыта!" — пра дзівоснае (праз неверагодную выпадковасць) выратаванне дзеда пісьменніка ад лагернай смерці. Але тая выпадковасць зусім не з разраду спінозавай непазнанай неабходнасці — гэта справы Гасподнія, якія нібы выйшлі насустрач несувымернай веры.

Што цікава, інтравертнасць, душэўная ўнутранасць творчасці А.Кудласевіча зусім не ідзе на шкоду сюжэтнасці аповедаў. Развіццё падзей у іх вабіць за сабой, хочацца хутчэй даведацца пра развязку. Між тым і жыццёвасць не страчваецца. Хоць не ўсе творы ў кнізе рэалістычнай паэтыкі. Некаторыя маюць налёт містыкі (як, напрыклад, "Пастка" — трылер з элементамі эротыкі).

Добра выкананыя тэхнічна (развіццё сюжэта, сфарміраванасць характараў, гладкапіс і інш.) творы А.Кудласевіча атрымліваюцца найбольш душэўнымі тыя, дзе аўтар спрабуе пранікнуць у самыя глыбіні чалавечых пачуццяў. У дадзеным выпадку (магчыма, тут буду суб’ектыўным) такім з’яўляецца апошняе апавяданне "Буслянка" пра апошнія хвіліны жыцця няшчаснай Тэклі.

"Даўно зрабілі буслы на Тэклінай хаце буслянку, але не заўважала яе Тэкля ўсё сваё жыццё — неяк не было часу ці што. А буслянка клекатала ўсе доўгія гады. Ляцеў няўмольны час: вялі Тэклю пад вянец... (Ці да буслянкі тады было?) Праводзіла свайго Яўхіма на вайну... І чакала-чакала... сыночка гадавала, радавалася... а потым хавала і яго, адзінца свайго, пестунка і апошнюю ўцеху. Вось і ўсё жыццё. Ці да буслянкі было? Клекатала буслянка, старэла Тэкля і, калі час скіраваўся на могліцы, заўважыла раптам, што ўсё жыццё на хаце быў напамінак пра дзяцінства — буська-клекатун..." (с.189).

Кантрапунктам гучыць параўнанне жыцця кабеты і "вечна маладой, юнай, асабліва ўвесну" буслянкі. Але і ў такіх па-экзістэнцыялісцку безвыходных сітуацыях героі А.Кудласевіча не даходзяць да адчаю. Бо:

"Чакае недзе Яўхім, далібог, зачакаўся.

А ці ж пазнае яе, састарэлую і пабітую жыццём, сваю некалі сінявокую Тэклечку? А была і яна маладою, прыгожаю была: каса да пояса... Ведала і яна шчасце. "Ты гэта, Тэклечка, ты, любачка?" — "Ох, Яўхімка, — адкажа яму, — біла ж мяне доля, ох і біла ж..." І заплача голасна, прыхіліцца тварыкам да пляча. Што ж ёй — усё жыццё гэтыя слёзы ў сабе трымаць? Адвядзе душу... Ці не скаланецца яго сэрца? Ці не сціснецца ад тугі?

"Што ж гэта я?.. Памілуй мя, Госпадзі, святы Хрысце, Дзева Марыя з усімі святымі... Ой, цяжка мне, цяжка..."

— Я гэта, Яўхімка, я...” (с. 190).

Ужо пры напісанні гэтых радкоў іх аўтар даведаўся, што А.Кудласевіч выдае чарговую кнігу — "Трынаццаць дзён”. Такім чынам, ён ледзь не здраджвае свайму публікацыйнаму стылю! Тым не менш, думаецца, гэтаму пісьменніку варта давяраць. Яму ёсць што сказаць пра жыццё.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (30.07.2015) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК - Народная воля
Праглядаў: 2253 | Тэгі: Анатоль Кудласевіч, Літаратурная Ганцаўшчына, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.