Пятніца, 26.04.2024, 14:10

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Віктар Гардзей. Паэт і грамадзянін
Я чуток, как поэт,
Бессилен, как философ
.
Н.Рубцов

Поэтом можешь ты не быть,
Но гражданином быть обязан
.
Н.Некрасов

Віктар Гардзей – імя ў беларускай літаратуры дастаткова слыннае. Даследчыкі мастацкага слова прысвяцілі творцу, які выступае ў галіне і паэзіі, і прозы, нямала (хоць і не сказаць, каб дастаткова) старонак. У большасці сваёй удзяляецца ўвага мастацкім, літаратуразнаўчым аспектам яго творчасці. А некаторыя бакі застаюцца ўсё ж па-за ўвагай. На адным з іх хацелася б зараз спыніцца.

Віктар Гардзей

З таго разраду, што называецца грамадзянскай лірыкай, у В.Гардзея знаходзіцца не так ужо і шмат вершаў. Пераважае пейзажныя і філасафічная тэматыка, якая не валодае "валентнасцю" адносна кан’юнктуры, не ўступае з ёю ў рэакцыю. Але тыя, на першы погляд спарадычныя штукі, што пахнуць публіцыстычнасцю, могуць спаўна праліць святло на грамадзянскую пазіцыю аўтара. А ў кантэксце агульнага яго паэтычнага дыскурсу можна вызначыць шчырасць той пазіцыі, гэта значыць адказаць на пытанне, ці не былі тыя словы нейкай данінай часу ці сацыяльным заказам.

Сімптаматычна, што сёння прынята цікавіцца, як адлюстраваны ў творчасці таго ці іншага пісьменніка даперабудовачны перыяд. Паказальна, што адказ на гэтае пытанне ў В.Гардзея пачынаем знаходзіць толькі ў чацвёртым зборніку вершаў, "Незабудкі азёр" (1985) – вершы "Веснавое шэсце" (с. 11), "Камсамолу" (с. 28). Чаму паэта, засяроджанага на вечным, раптам нібы "прарвала"? "На рэспубліканскім конкурсе на лепшы твор для дзяцей і юнацтва, прысвечаным 60-годдзю СССР, гэтай кнізе прысуджана трэцяя прэмія”, – гаворыцца на другой старонцы зборніка, які быў выпушчаны на тры гады пазней, чым адбыўся такі юбілей. Ніколі не было сакрэтам, што за Саветамі ў такіх выпадках нельга было абысціся без так званай даніны часу – рэверансаў у бок "партыйнасці". Таму можна нават здзівіцца факту атрымання савецкай прэміі пры мінімальнейшай наяўнасці даніны сацыяльнай кан’юнктуры, і яе (тую даніну) патрэбна ўспрымаць менавіта так. І справа нават не ў тым, што аўтар не ўключыў "камсамольскія” творы ў зборнік лепшага выбранага ("Зялёныя дажджы, 1997). Гэта – фармальнасць, якая таксама можа залежаць ад кан’юнктуры. Галоўнае, што агульны кантэкст вершаў В.Гардзея з’яўляецца неарганічным для прысутнасці "камсамольскіх" твораў. Чаго, дарэчы, не назіраецца стасоўна грамадзянскай лірыкі апошняга часу. Яна – наскрозь патрыятычная, пра сваё, як сказаў бы С. Ясенін, "простое и близкое, от чего так легко зарыдать", што настраёва цалкам кангеніяльна паэтычнай метафізіцы творцы. Але пра яе (грамадзянскую лірыку апошняга часу) трохі пазней.

Пакуль жа разглядаючы савецкі перыяд, нельга не спыніць увагі на антываеннай скіраванасці некаторых твораў В.Гардзея, якая прабіваецца на першы погляд квола, але свядома і тэндэнцыйна (у нейтральнай канатацыі гэтага слова) у яго лірыцы з першага зборніка "Касавіца", 1975 г. (верш "Хірасіма" (с. 11), якім паэт нібы прадбачыў тую бяду, якую прынясе яго радзіме развіццё ядравай фізікі). Прычым паэт пажаданне свайго народу "абы вайны не было” не лакалізуе вакол сваёй вёскі ці краіны, але мысліць глабальна:
Думаю. Пакутую. Сумую.
І назад вяртаюся з Сусвету,
Каб сваю – рэальную, жывую – 
Зберагаць ад гібелі планету.
("Хопіць гліны, хопіць чарназёму…” (с. 41), "Засевак Радзімы”, 1983)
Прычыны такога, глабальнага мыслення ляжаць на паверхні: Беларусь як ніякая больш краіна пацярпела ў апошняй – сусветнай – вайне. Адсюль – і клопат паэта не толькі пра Бацькаўшчыну, а пра ўвесь свет:
Думаў стане на сэрцы спакойней
Ад вялікіх дарог у баку.
Два разы ўжо сусветнаю бойняй
Шар зямны быў на гэтым вяку.
("Думаў стане на сэрцы спакойней…” (с. 46), "Незабудкі азёр”, 1985)
Усё ж, вядома, В.Гардзей знакаміты менавіта цераз сваю непераўзыдзеную любоў да сваёй роднай старонкі. Што засведчана ім самім ужо ў другім зборніку:
За шчасце я Радзіме многа вінен.
І знаю: трэба доўг сплаціць.
Я да канца ёй так служыць павінен,
Каб без нядоімак жыццё пражыць,

Каб і за той, за развітальнай рыскай,
Не мучыў і не пёк дакор,
Што перад сконам з грамадзянскім іскам
Стаяў майго сумлення пракурор.
("За шчасце я Радзіме многа вінен…” (с. 4), "Верасное палясоўе”, 1978)
Майстра пейзажна-філасафічнай лірыкі (менавіта ў яе кантэксце бачацца неарганічнымі вышэй згаданыя "камсамольскія” вершы) не можа мірыцца з тым, што прынёс яго роднай зямельцы навукова-тэхнічны прагрэс па-савецку:
Наша неразважлівасць тупая,
Ну, калі ты скончышся, калі?
Пражэкцёраў войска наступае
І калечыць светлы лік зямлі.
("Пражэкцёры” (с. 68), "Узрушэнне”, 1988)
Будуць дзюны і барханы
І аазіс пры вадзе.
На балоты несціханы
Наступ тэхнікі ідзе.
(З кнігі "Дзікая пчала”, 1994: "Прадчуванне пустыні” (с. 289), "Зялёныя дажджы”, 1997)
Ноткі грамадзянскай лірыкі ў В.Гардзея хоць і засталіся амаль не заўважанымі ў крытыкаў, у аднаго з іх усё ж атрымалі сваю характарыстыку: па-асабліваму тонка іх "прочувствовал” Віктар Ярац, якому варта зараз даць слова. "Калі мы гаворым пра надзённасць гучання твораў таго ці іншага аўтара, пра моцнае адчуванне ім пульсу эпохі, то так ці інакш звяртаемся да публіцыстычнага стылю пісьма, часта да паэтычнай манеры пісьменніка, дзе іншым разам дамінуюць пафасны маналог, узнёслая прамалінейнасць. Паэт Гардзей, не абміноўваючы супярэчнасцяў і вострых вуглоў рэчаіснасці, не пазбягаючы канфліктных сітуацый і дыскамфортных момантаў паўсядзённасці з яе ўсё ўзрастаючай бездухоўнасцю і нахабствам, свой боль і гнеў акумулюе ў густой плыні радкоў не крыклівых і па-эстраднаму кідкіх, а прасякнутых здольнасцю стрымана чуць рытм і арытмію і свайго сэрца і таго, чыё побач альбо ў далёкай далечы. Ён прыслухоўваецца да зямнога і нябеснага, узіраецца ў вочы чалавека і зёлкі, золкай крыніцы і кволай завязі". Таму паэт і мае права гаварыць ад імя тых, да каго прыслухоўваецца:
Пейзаж мой родны край агораў:
Прагалы, буры, пыл і дым.
Пейзаж такі не любіць жораў,
І бусел жыць не хоча ў ім.
(З кнігі "Дзікая пчала”, 1994: "Пейзаж мой родны край агораў…” (с. 287), "Зялёныя дажджы”, 1997)
Аўтар не абвінавачвае кожнага з нас у такой сітуацыі. Але здзіўляецца духоўнай слепаце і глухаце народа.
Боль не чуюць тугадумы.
Ты ж, народ, хіба аслеп?
Гэта – нашы Каракумы…
Гэта – наш Галодны стэп.
(З кнігі "Дзікая пчала”, 1994: "Прадчуванне пустыні” (с. 289), "Зялёныя дажджы”, 1997)
І віны ні з кога паэт не складае, прычым перш за ўсё – з сябе самога:
Развітальным крыкам жураўліным 
Адгукнецца і мая віна.
("Пражэкцёры” (с. 68), "Узрушэнне”, 1988)
Аднак у гэтым кантэксце прысутнічае і канкрэтны вобраз злачынцы, які не раўнуючы, бы крывасмок, вампір, цягне-смокча жыццёвыя сілы з зямлі:
Цябе, сасна, не дакараю,
Цябе, бяроза, не віню.
Шляхі да прывіданага раю
Вялі праз подласць і хлусню.

Зямля, яна не вінавата,
Што сум і боль стаяць вакол,
Што на магіле бюракрата
Асінавы не ўбіты кол.
(З кнігі "Дзікая пчала”, 1994: "Зямля, як маці, шчыравала…” (с. 292), "Зялёныя дажджы”, 1997)
У сувязі з гэтым не можа не турбаваць паэта і грамадзяніна духоўная экалогія грамадства. І тут ён бескампрамісна выступае супраць сённяшняй русіфікатарскай палітыкі:
Чую крыкі птушкі двухгаловай.
Бачу ейны кіпцюрасты цень.
Дзесьці слова, матчынае слова
Кнігаўкаю жаліцца ў сухмень.
("Пасля рэферэндуму” (с. 55), "Межань”, 1999)
Думаецца, падрабязна выбар назвы верша і намёк на расійскага гербавага арла тлумачыць не трэба.

Прычым нельга сказаць, што вершы ў якіх адчуваецца смак крамолы (калі іх паспытаць языком афіцыёзу), з’явіліся ў паэта толькі апошнім часам – з павевамі лібералізацыі, плюралізацыі гуманітарнай думкі Беларусі (у іншым выпадку гэта можна было б расцаніць таксама як свайго роду кан’юнктуршчына – даніна модзе на дысідэнтнасць). Пра схільнасць да такога паэтычнага мыслення аўтар заявіў ужо з першага свайго зборніка "Касавіца" (1975) – вершам "Кастусю Каліноўскаму":
Асінавым лісцем магнаты
Дрыжэлі пры слове – Кастусь!
Паўстанне гуло, як пачатак
Свабоды тваёй, Беларусь.
("Зялёныя дажджы”, 1997, с. 24)
Цікава і ў пэўным сэнсе знамянальна, што нават назва гэтага, першага зборніка – "Касавіца" – мае неназойлівыя асацыяцыі з вершам пра кіраўніка паўстання, у шэрагах якога змагаліся беларусы, узброеныя косамі, – касінеры.

На жаль, палітыкі звычайна мала прыслухоўваюцца да прарочых слоў паэтаў ад Бога.
Дзе яшчэ крычыць сарока
У бярозах пры дварэ,
Там на вуснах у прарока
Слова страшнае замрэ.
(З кнігі "Дзікая пчала”, 1994: "Ціхі ранак над балотам…” (с. 335), "Зялёныя дажджы”, 1997)
І слова тое – спраўдзіцца. І прадвызначанай долі – не пазбегнуць:
Тут фарватар мелямі багаты
І прапалі бакены ў туман.
Вам здабычу не спажыць, піраты,
Вас чакаюць буры, капітан.
("Чорны Роджар” (с. 54), "Межань”, 1999)
І гэта ўжо нават не папярэджанне. Гэта – вердыкт. Бо
З мячом па далінах, па гонях,
Падковамі высекшы звон,
Імчыцца, імчыцца Пагоня
За славай сваёй наўздагон.
("Гудуць над зямлёй, быццам шэршні…” (с. 55), "Межань”, 1999)

Замест заключэння

Як бачна з вышэйпрыведзенага, грамадзянская пазіцыя паэта не такая ўжо і радыкальная. Дый наогул гэта не столькі рацыянальная пазіцыя ці крэда, колькі боль за сваю родную старонку, сэрцабіццё, кардыяграма якога зафіксаваная ў рытмах паэтычных памераў. А хіба могуць быць прэтэнзіі да нерва за тое, што ён нерв? Пытанне рытарычнае. І гэта ведаюць і разумеюць тыя безыменныя вышэйшыя інстанцыі, і таму застаюцца безыменнымі, бо, пэўна, баяцца, што апошнія строфы, прыведзеныя ў артыкуле, збудуцца. А яны збудуцца ў любым выпадку – хавайся ты ці не хавайся, – на тое яна і сіла мастацкага слова!
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (19.08.2011) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 3656 | Тэгі: Анатоль Трафімчык, Віктар Гардзей, Літаратурная Ганцаўшчына | Рэйтынг: 5.0/7
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.