Субота, 27.07.2024, 02:58

БЯРОЗАЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТЫХ ЮЗАФА І КЛЯШТАР КАРТЭЗІЯНЦАЎ

Галоўная »
БЯРОЗАЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТЫХ ЮЗАФА І КЛЯШТАР КАРТЭЗІЯНЦАЎ размяшчаецца на заходняй ускраіне горада Бяроза Брэсцкай вобласці. Кляштарны комплекс ордэна картэзіянцаў пабудаваны ў 1648—89 гг. італьянскім архітэктарам Джавані Баціста Гіслені (1600—72 гг., «умелы майстар, італьянец») па фундацыі падканцлера літоўскага К.Л.Сапегі,які запрасіў сюды з Францыі манахаў-картэзіянцаў і зрабіў на іх карысць буйнейшае на той час ахвяраванне ў 10 тыс. злотых. Заклаў касцёл папскі нунцый у Польшчы Ян дэ Торэс. Будаўніцтва скончана ў 1661 г. пад кіраўніцтвам невядомага варшаўскага архітэктара. Храм асвячоны 06.06.1666 г. віленскім біскупам А.Сапегам.


У касцёле быў пахаваны фундатар К.Л.Сапега (памёр у 1659 г.), пазней яшчэ 8 пакаленняў з роду Сапег. Ад такога патранату кляштар меў вялізную маёмасць: зямельныя ўладанні на некалькі міль вакол, мястэчка Бяроза-Картузская і в. Бусяж, фальварак Грынкевічы, навакольныя лясы і рэкі. Зямельныя ўладанні кляштара павялічваліся і за кошт ахвяраванняў заможных людзей на пахаванне ў скляпах касцёла, адпісанай уласнікамі маёмасці. У 1665 г. кляштар атрымаў фальварак Лявошкі, маёнткі Лейпуны і Панямонне ў Гродзенскім павеце, фальварак Вугляны ў Слонімскім павеце, тры валокі зямлі ў Здзітаве (у 1672 г.). На кляштар працавала больш за 2,4 тыс. феадальна залежных сялян. Прыбыткі ад уладанняў, гандлю гарэлкай, віном і півам былі такія вялікія, што сродкі, якія засталіся ад утрымання кляштара, склалі 400 тыс. злотых. Паводле дазволу імператара Паўла I нейкі час выкарыстоўваўся манахамі-трапістамі.

У Паўночную вайну 1700—21 гг. кляштар часткова зруйнавалі шведы. У 1706 г. быў наведаны расійскім царом Пятром I і каралём Рэчы Паспалітай Аўгустам II Моцным. Шведскі кароль Карл XII захапіў у заложнікі трох паслушнікаў, за якіх кляштар выплаціў выкуп у 300 дукатаў; у 1708 г. шведы зноў захапілі трох ксяндзоў, на выкуп якіх было аддадзена кляштарнае серабро; астатнія манахі былі вымушаны хавацца ў навакольных лясах. У час Барскай канфедэрацыі (1772 г.) часткова разбураны. У час паўстання 1830—31 гг. манах Ф.Камінскі быў правадніком аднаго з паўстанцкіх атрадаў, у атрадзе Ц.Пуслоўскага было некалькі манастырскіх служкаў. «Соучастие монахов в бывшем Польском мятеже» з'явілася для расійскіх улад падставай для скасавання кляштара ў 1831 г. і яго канфіскацыі ў казну 20.08.1834 г. Касцёл стаў парафіяльным, закрыты ў 1866 г. Пасля паўстання 1863—64 гг. кляштарныя будынкі разабраны (1866—97 гг., пры абвале сцяны загінуў селянін), касцёл перададзены праваслаўным, кляштарная цэгла выкарыстана на будаўніцтва казарм, медзь з даху (449 пудоў) — на пакрыццё царквы Аляксандра Неўскага ў Гродне, мармуровыя пліты (1300 штук) — на яе аздабленне і падлогу Успенскага сабора ў в. Жыровічы (Слонімскі раён). Усё касцельнае начынне было перададзена парафіяльнаму касцёлу ў в. Сігневічы (Бярозаўскі раён). Свае ўражанні ад спустошанага кляштара апісаў у сваіх мемуарах польскі пісьменнік-гісторык Ю.У.Нямцэвіч. Агульны выгляд кляштара вядомы па акварэлі Н.Орды 1861—77 гг., малюнку Падбельскага 1861 г. і абмерных чарцяжах канца 19 ст. У 1905—07 гг. на кляштарным плацы была пабудавана капліца,у 1933 г. — касцёл, які ў 1964 г. быў зруйнаваны. Захаваліся рэшткі кляштарных будынкаў. У 1998 г. распрацаваны праект аднаўлення кляштара (архітэктар А.Барушка).


Планіровачная арганізацыя кляштара адпавядала жыццёваму ўкладу манахаў-самотнікаў і была заснавана на ізаляваных аднатыпных ячэйках-келлях з тыльнымі дворыкамі-агародамі, якія былі аб'яднаны па перыметры вялізнага ўнутранага двара і злучаны з касцёлам калідорам. Кляштар быў прыстасаваны для абароны: абнесены шасцівугольным валам, крапасной мураванай сцяной з брамай і пяццю вежамі з гарматамі (у адной з іх была створана капліца святога Бруна — заснавальніка картэзіянскага ордэна). Пастаўленыя на балоцістым месцы будынкі кляштара пад фундаментамі мелі глыбока забітыя палі. Па-за сценамі знаходзіліся лазарэт, дом лекара і аўстэрыя, цагельня. Кляштарная бібліятэка налічвала 39 рукапісных і 2314 друкаваных кніг.

Касцёл святога Іосіфа Абручніка — помнік архітэктуры сталага барока. Канон трохнефавай базілікі атрымаў нетрадыцыйную інтэрпрэтацыю: 3 апсіды, уваход вырашаны абарончым барбаканам, васьмігранная шмат'ярусная вежа-званіца з франтальнага фасада перанесена да трохграннай цэнтральнай апсіды і таксама набыла абарончы характар за кошт магутных сцен з вузкімі вокнамі-байніцамі. Ярусы, прыстасаваныя для гармат, звязвала вітая лесвіца ў тоўшчы сцяны. Франтальны фасад па восі сіметрыі вылучаўся рызалітам з трохвугольным франтонам, быў крапаваны пілястрамі, завершанымі пінаклямі. Храм быў накрыты ліставой меддзю.

Зала касцёла была падзелена на тры часткі. У першай, прастольнай, адмежаванай высокімі драўлянымі кратамі, размяшчаліся манахі, другая адводзілася для службы і была багата дэкарыравана алтарамі з разьбой і пазалотай, трэцяя частка храма прызначалася для навіцыяў (кандыдатаў у манахі). У інтэр'еры было 13 алтароў, аздобленых стукавай ляпнінай і разьбой па дрэве, паліхромнай і пазалочанай скульптурай, абразамі мясцовых і італьянскіх мастакоў. У галоўным алтары змяшчаўся абраз «Укрыжаванне» з выявамі ў поўны рост Сапегі, яго жонкі і прыслугі. Падлога была выкладзена шведскім мармурам.

Капліца святога Бруна была ўзведзена на крапасной сцяне кляштара ў 1648—89 гг. Вядома па фотаздымку 1958 г. Уяўляла сабой масіўную цыліндрычную вежу, увянчаную партатыўным барабанам, у арачных праёмах якога праглядалася скульптурная выява святога Бруна.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 45
Гасцей: 45
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.