Пятніца, 29.03.2024, 16:06

ДАВЫД-ГАРАДОК

Галоўная »
ДАВЫД-ГАРАДОКгорад, за 35 км на паўночны ўсход ад Століна, 280 км ад Брэста, 41 км ад чыгуначнай станцыі Гарынь на лініі Лунінец – Сарны. Прыстань на р.Гарынь. Аўтадарогамі звязаны з гарадамі Брэст, Драгічын, Кобрын, Пінск, Столін. 6700 жыхароў (2009).

Давыд-Гарадок
Герб Давыд-Гарадка

Паводле археалагічных звестак, Давыд-Гарадок узнік у пачатку ХІІ ст. як горад Кіеўскай Русі. Даследчыкі мяркуюць, што яго заснаваў унук кіеўскага князя Яраслава Мудрага, валынскі князь Давыд Ігаравіч, які ў 1100 г. атрымаў ва ўладанне Пагарынне (тэрыторыі пры р.Гарынь) узамен адабранага ў яго княства. Мабыць, назва гэтага паселішча і паходзіць ад імя князя.

Давыд-Гарадок
Помнік Давыду Гарадзенскаму

Давыд-Гарадок заснаваны пры зліцці рэк Гарынь і Няпраўда (упадала ў Гарынь, перасохла) на мысе, якому штучна была прыдадзена форма амаль правільнага круга (дыяметр 100-110 м). Горад быў шчыльна забудаваны драўлянымі дамамі, рубленымі вуглом з астаткам, вуліцы з драўлянымі маставымі праходзілі з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход і з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Сярод жылой забудовы знаходзілася драўляная царква. Горад быў умацаваны ровам, валам і драўлянымі абарончымі сценамі. Аб развіцці рамёстваў сведчаць знойдзеныя пры раскопках упрыгажэннні, прадметы працы, хатняе начынне. Давыд-Гарадок меў сталыя гандлёвыя і культурныя сувязі з Кіевам, Валынню, Паўночным Прычарнамор'ем, Прыбалтыкай.

Давыд-Гарадок
Панарамны від схілу Замкавай (Царкоўнай) гары з боку р.Гарынь

Першае ўпамінанне аб Давыд-Гарадку ў гістарычных дакументах адносіцца да канца XIV ст. Спачатку быў уладаннем вялікага князя ВКЛ, з 1523 г. – каралевы Боны, з 1551 г. – Радзівілаў. Меў магдэбургскае права. З 1579 г. цэнтр ардынацыі, потым у Нясвіжскай ардынацыі, з канца ХІХ ст. зноў цэнтр ардынацыі. Жыхары горада ўдзельнічалі ў вайне 1648-54 гг., пад сваім кантролем утрымлівалі Гарадоцкую воласць і суседнюю частку Пінскага павета. У перыяд руска-польскай вайны 1654-67 гг. Давыд-Гарадок у 1655 г. быў разбураны і спалены.

У 2-й палову XVII – XVIII ст. прыйшоў у эканамічны ўпадак. Паводле інвентара 1631 г. ў Давыд-Гарадку 365 двароў, меліся гандлёвая плошча і 12 вуліц. Шчыльнасць забудовы высокая, на кожны двор у сярэднім прыходзіўся ўчастак у 0,7 плаца. Горад размяшчаўся на правым беразе Гарыні. На месцы гарадзішча ў зліцці Гарыні і Няпраўды стаяў Верхні замак, умацаваны драўлянымі сценамі і трымя баявымі вежамі. Гандлёвая плошча спачатку знаходзілася на беразе р.Гарынь. Верагодна, магістральны характар мела Берасцейская вуліца. Замак з перыферыйнай часткай горада звязвала Замкавая вуліца, да ракі (ці ўздоўж яе) ішла вуліца Парэчная; вуліца Баніцкая была пракладзена ў забалочанай мясцовасці. Некаторыя вуліцы (напрыклад, Фасовіча Кут і Пагнацкі Кут) з'яўляліся тупіковымі. Вуліцы Давыд-Гарадка былі невялікімі, па 30-40 двароў на кожнай. Мелася сажалка, якая злучалася з Гарынню. На Гарыні працавалі 3 вадзяныя млыны. Каля горада знаходзіўся замкавы фальварак.

Паводле інвентара 1653 г. ў горадзе 348 двароў, згодна з інвентаром 1675 г. – 235 двароў. Замак у гэты час складаўся з Верхняга замка (даўжыня сцен 443,2 м) і перадзамкавага ўмацавання. Перад замкам стаяў драўляны касцёл Божага Цела (пабудаваны ў 1649, у 1811 згарэў). На гандлёвай плошчы месціліся праваслаўная Васкрасенская царква, 2 школы. За горадам, па дарозе да фальварка Высокае знаходзілася Георгіеўская царква (захавалася ў перабудаваным выглядзе). Дзейнічала таксама сінагога і багадзельня. На левым беразе р.Няпраўда размяшчаўся сядзібны комплекс: вялікі сядзібны дом, гаспадарчыя пабудовы, пры ўездзе – двух’ярусная брама.

Давыд-Гарадок
Георгіеўская царква

У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Давыд-Гарадок увайшоў у склад Расійскай імперыі. З 1795 г. цэнтр павета Мінскай губерні. У 1836 г. жыхары Давыд-Гарадка былі пераведзены ў саслоўе мяшчан. У сувязі з гэтым ажывілася эканамічнае жыццё мястэчка. Пачала дзейнічаць суднаверф, пашырыліся гандлёвыя сувязі з Вільняй, Варшавай, гарадамі Валыні і Бесарабіі. Згодна з інвентаром 1846 г. побач з мястэчкам Давыд-Гарадок знаходзіліся аднайменныя маёнтак і фальварак, якія належалі князю Льву Радзівілу. У 1860 г. ў мястэчку працаваў піваварны завод. У 1886 г. мястэчка Хорскай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні, працавалі 35 крам, каталіцкі касцёл, 3 сінагогі, праваслаўная царква, народнае вучылішча (98 вучняў), паштовая станцыя. Згодна з перапісам 1897 г. 7815 жыхароў У ХІХ ст. рэканструявана планіроўка мястэчка. Давыд-Гарадок развіваўся на поўнач і ўсход старажытнага замчышча і займаў правабярэжжа Гарыні. Яго цэнтрам з'яўлялася гандлёвая плошча. У выніку рэканструкцыі планіроўкі былі выпрамлены вуліцы, якія стварылі прамавугольныя кварталы. Галоўнымі былі 2 вуліцы: адна вяла на ўсход ад гандлёвай плошчы, а другая на поўнач і злучалася з дарогамі на Тураў і Слуцк. Мост цераз Гарынь (у заходняй частцы) злучаў мястэчка з дарогамі на Пінск і Лахву. У пачатку ХХ ст. ў Давыд-Гарадку налічваліся 1386 двароў, 1327 жыхароў, існавала рачная прыстань. Насельніцтва займалася дробным гандлем, сельскай гаспадаркай, сплавам лесу, шавецкім, дрэваапрацоўчым промысламі, многія жыхары вэндзілі рыбу ў так званых курніцах. Вяндліну і каўбасу вазілі прадаваць у Варшаву і Вільню. Ад мясцовай прыстані штогод адпраўлялася каля 100 тысяч пудоў, а прыбывала 55 тысяч пудоў грузаў. Некаторыя жыхары працавалі на мясцовай верфі па вытворчасці непаравых суднаў, служылі лоцманамі на караблях.

Савецкая ўлада ўстаноўлена ў лістападзе 1917 г. У лютым – снежні 1918 г. Давыд-Гарадок акупіраваны германскімі, у 1919-20 гг. польскімі войскамі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. ўключаны ў склад Польшчы. У 1921 г. мястэчка Лунінецкага павета Палескага ваяводства, 1678 дамоў, каля 9,9 тысыч жыхароў Дзейнічаў падпольны райком КПЗБ.

Давыд-Гарадок
Рака Гарынь у Давыд-Гарадку. 1930 год

Давыд-Гарадок
Мост праз р.Гарынь. Фота да 1939 года

Давыд-Гарадок
Пажар у Давыд-Гарадку. 1936 год

Давыд-Гарадок
Панарама Давыд-Гарадка. Фота да 1939 года

Давыд-Гарадок
Рака Гарынь у Давыд-Гарадку.
Бачны вежы неіснуючай цяпер Уваскрасенскай царквы. Фота да 1939 года


Давыд-Гарадок
Рынак. Фота да 1939 года

З 1939 г. ў складзе БССР, 2428 дамоў, 11,7 тысяч жыхароў, 2 конезаводы, лесапільны завод, цагельня. З 15.01.1940 г. горад, цэнтр раёна Пінскай вобласці, працавалі суднаверф, 2 млыны, электрастанцыя, леса- і маслазаводы, 3 кожзаводы, 3 сямігадовыя школы, 3 бібліятэкі, Дом культуры, кінатэатр, бальніца, ветлячэбніца, прыстань на р.Гарынь.

У Вялікую Айчынную вайну 07.07.1941 г. Давыд-Гарадок акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі ў горадзе больш за 400 чалавек, у тым ліку ў канцэнтрацыйным лагеры для грамадзянскага насельніцтва. На тэрыторыі горада і раёна дзейнічалі падпольныя Давыд-Гарадоцкія райкомы КП(б)Б і Л КСМБ, якія базіраваліся пры партызанскай брыгадзе «Савецкая Беларусь». Партызаны некалькі разоў у 1943 г. грамілі размешчаны ў Давыд-Гарадку буйны гітлераўскі гарнізон. Вызвалены 09.07.1944 г. воінамі 397-й стралковай дывізіі 89-га стралковага корпуса 61-й арміі 1-га Беларускага фронту ў ходзе наступлення на Лунінецка-Пінскім напрамку ў перыяд Беларускай аперацыі 1944 г. З 08.01.1954 г. ў складзе Брэсцкай вобласці. З 19.01.1961 г. ў Столінскім раёне.

Сучасны горад размешчаны на абодвух берагах р.Гарынь, якая перасякае яго тэрыторыю з поўдня на поўнач і дзеліць на тры планіровачныя раёны: цэнтральны (правабярэжжа), заходні (левабярэжжа) і ўсходні, якія звязаны паміж сабой мастамі. Асаблівасці планіроўкі таксама вызначаюць прытокі Гарыні Хорст і Сежка. Сучасны горад развіваецца паводле генеральнага плана, распрацаванага ў 1974 г. Мінскім філіялам Цэнтральнага навукова-даследчага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва. Галоўная вось горада — вуліца Савецкая (аўтамабільная шаша Пінск – Туpaў) у правабярэжнай частцы праходзіць перпендыкулярна рацэ. На ёй сфарміраваўся адміністрацыйны цэнтр. Тут знаходзяцца адміністрацыйныя будынкі, узведзены двухпавярховыя дамы. Тут жа знаходзіцца і гістарычны цэнтр – гарадзішча ХІІ ст., вакол якога захавалася радыяльная кальцавая планіроўка. Пераважае аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу. Асноўныя прадпрыемствы размешчаны ў заходнім (левабярэжным) раёне: філіял Кобрынскага інструментальнага завода, хлебазавод і электрамеханічны завод. Працуюць Дом быту, 2 сярэднія, музычная, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, Дом дзіцячай творчасці, яслі-сад, Дом культуры, кінатэатр, бальніца, аптэка, гасцініца, паліклініка, 2 бібліятэкі, шэраг магазінаў і гандлёвых кропак.

Давыд-Гарадок
Казармы Польскага памежнага батальёну

Давыд-Гарадок
Царква Казанскай іконы Божай Маці

Давыд-Гарадок
Касцёл

Устаноўлены помнікі: на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну ў баях з нямецка-фашысцкімі акупантамі; у гонар 40-годдзя савецкай улады; і на магіле камандзіра Чырвонай Арміі Я.У.Юрчанкі, што загінуў у 1944 г. пры вызваленні Заходняй Беларусі. Захаваліся помнік архітэктуры 2-й паловы XVII ст. — Георгіеўская царква; помнікі археалогіі гарадзішча ХІІ – XIV ст., 3 селішчы, бескурганны могільнік. Зона адпачынку размешчаная па абодва бакі р.Гарынь.


Леанід Дранько-Майсюк

Давыд-Гарадок — радзіма беларускіх пісьменнікаў Л.В.Дранько-Майсюка і Г.В.Марчука, доктара фізіка-матэматычных навук А.М.Самсона.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.