Субота, 18.05.2024, 23:31

ГЕРАНЁНСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА БІСКУПА МІКАЛАЯ

Галоўная »
ГЕРАНЁНСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА БІСКУПА МІКАЛАЯ размяшчаецца ў паўднёва-заходняй частцы вёскі Геранёны Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Узведзены ў 1529 г. з цэглы побач з замкам віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштольда як капліца. Каля 1771 г. капітальна перабудаваны (зменена афармленне інтэр'ера). Пасля пажару 1799 г. адноўлены на сродкі мясцовага шляхціца Яна Гераніма Прабоча. У 1859 г. да апсіды сіметрычна прыбудаваны сакрысція і капліца, побач з'явілася званіца; у 1883 г. пры ўваходзе створаны прытвор, у 1890 г. надбудаваны франтон. Адрэстаўрыраваны ў 1928—29 гг. Храм разам з замкам адлюстраваны на малюнку Напалеона Орды 1875—77 гг.


Пабудаваны ў стылі барока. Складаецца з прамавугольнага ў плане аб'ёму,пяціграннай апсіды з бакавымі нізкімі квадратнымі сакрысціямі і прытворам. Усе аб'ёмы накрыты двухсхільнымі дахамі, тарцы якіх закрыты прамавугольнымі шчытамі з трохвугольнымі франтонамі. Яруснае нарастанне аб'ёмаў пераходзіць у дамінанту агульнай кампазіцыі — высокі атык галоўнага фасада, фланкіраванага выступаючымі за межы бакавых фасадаў контрфорсамі. Плоскасныя фасады лаканічна крапаваны лапаткамі і прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі, апяразаны прафіляваным карнізам.

Зала касцёла злучана з апсідай арачным прасветам і перакрыта лучковым скляпеннем з арнаментальным роспісам. Пасля пажару 1799 г. інтэр'ер набыў афармленне ў стылі барока. Цэнтральны і два бакавыя стукавыя алтары выкананы ў стылі класіцызму. Цэнтральны алтар двух’ярусны, расчлянёны калонамі карынфскага ордэра і аформлены драўлянай паліхромнай скульптурай, гарэльефным і жывапісным абразамі («Укрыжаванне», «Узнясенне», «Бог Саваоф»), Другі ярус алтара запоўнены абразом «Святы Мікалай», завершаны фігурным шчытом са скульптурамі анёлаў. Паміж калонамі пастаўлены драўляныя скульптуры святых апосталаў Пятра і Паўла. Два бакавыя алтары па кампазіцыйнай будове і дэкоры аналагічныя цэнтральнаму. Дэкор аргана (драўляная скульптура Давіда з гуслямі і анёлаў, накладная разьба) у стылі ракако. Сюжэтныя і арнаментальныя матывы размалёўкі сцен і арачных праёмаў выкананы ў 1934 г. мастаком Чарнецкім з Вільні ў стылі «другога ракако». У прасценках у арнаментальных медальёнах выявы евангелістаў. Канфігурацыя хораў захавала барочную крывалінейнасць, арган — ракайльную арнаментыку.

Побач з касцёлам, каля плябаніі ў пачатку 21 ст. пастаўлена капліца з цэглы і бетону.


Твор архітэктуры постгістарызму са стылізацыяй сярэдневяковай готыкі. Вертыкальна выцягнутая зграбных прапорцый вежа: на высокім чатырохгранным пастаменце на чатырох калонках узнесены спічасты шацёр, пад сенню якога пастаўлена скульптура Хрыста. Форма гатычнай стральчатай трохлопасцевай аркі пад спічастым вімпергам выкарыстана ў канфігурацыі арачных прасветаў другога яруса.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1400]
Здарэнні [469]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.