Пятніца, 26.04.2024, 03:05

КОСАВА

Галоўная »
КОСАВАгорад раённага падпарадкавання ў Івацэвіцкім раёне, за 151 км на паўночны ўсход ад Брэста, 15 км на паўночны захад ад Івацэвіч, 13 км ад чыгуначнай станцыі Косава-Палескае на лініі БрэстБаранавічы. Цэнтр Косаўскага гарсавета. Аўтадарогамі звязана з Ружанамі, Івацэвічамі, Нехачава. 2300 жыхароў (2009).


Узнікла на старадаўнім гандлёвым шляху. Захавалася гарадзішча 10–12 ст., якое даследавалі Ю.У. Кухарэнка, П.Ф. Лысенка, Л.Д. Побаль, П.А. Рапапорт. Існуе паданне, звязанае з імем Касы, які быў кавалём і ў часы набегаў татар каваў зброю, якую жыхарам часта прыходзілася пускаць у ход у бітвах з ворагамі. Калі людзі ішлі да гэтага каваля, то казалі, што ідуць да Касога, а месца, дзе ён жыў, паступова сталі называць Косава.

У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1494 г. ў прывілеі вялікага князя ВКЛ Аляксандра, які падараваў Косава маршалку І. Храптовічу. Вялікі князь ВКЛ і кароль Польшчы Жыгімонт I сваім прывілеем 1510 г. дазволіў праводзіць у мястэчку таргі і кірмашы. Пазней фальварак Мерачоўшчыну Храптовіч аддаў у пасаг сваёй дачцы, па мужу Аборскай, аб чым сведчыць запіс у актах за 1529 г. у 16 ст. ў Слонімскім павеце ВКЛ. У 1559 г. маёнтак належаў Мікалаю Осціку. Перад смерцю ён завяшчаў двор і мястэчка сваёй дачцэ Ганне, якая з Львом Сангушкам-Кашырскім 11.05.1569 г. запісвае свайму мужу маёнтак. Самае поўнае апісанне маёнтка Косава маецца за кастрычнік 1597 г., калі была праведзена падрабязная інвентарызацыя з выпадку падзелу яго паміж князем Рыгорам Сангушкам, сынам Льва Кашырскага, і Мікалаем Кішкам. У 1611 г. ўладальнікамі Косава сталі Сапегі. У 1626 г. Л. Сапега пабудаваў у Косаве касцёл. У 2-й палове 18 ст. Косава належала Пуслоўскім.

З 1795 г. – у Расійскай імперыі, мястэчка Слонімскага павета Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай губерніяў. Дзейнасць Пуслоўскіх спрыяла развіццю Косава. Тут была пабудавана суконная фабрыка, цагельня, гута, бровар, млын. У 1815 г. на суконнай фабрыцы працавалі 115 рабочых, у тым ліку 65 жанчын. Вотчынная суконная мануфактура ў Косаве, якая адкрылася ў 1825 г., існавала да 1855 г. У 1850-я г. дзейнічала вінакурнае прадпрыемства, якое вырабляла ў год 17 тыс. вёдзер гарэлкі. 04.02.1746 г. ў былым фальварку Мерачоўшчына каля мястэчка Косава нарадзіўся Андрэй Тадэвуш Бенавентура Касцюшка – палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік паўстання 1794 г. ў Польшчы, Беларусі і Літве. Аднапавярховы драўляны дом Касцюшкаў у Вялікую Айчынную вайну згарэў.

У 1833 г. ў Косаве 741 жыхар, 2 драўляныя царквы, 3 каменныя будынкі, 101 драўляны дом, 1 сукнавальная фабрыка (200 рабочых), 2 крамы, карчма, 15 піцейных дамоў. На заходняй ускраіне горада, ва ўрочышчы Мерачоўшчына, у 1-й паловы 19 ст. існаваў палац (не збярогся). У 1838 г. праект палаца і парку быў распрацаваны архітэктарам Ф. Яшчолдам, у будаўніцтве прымаў удзел архітэктар У. Марконі. У час Вялікай Айчыннай вайны палац моцна пашкоджаны. У 1842 г. ў Косаве адбылося 11 кірмашоў. У 1860 г. ў мястэчку 205 двароў, 538 жыхароў, дзейнічалі праваслаўная царква, касцёл, яўрэйская сінагога, 3 яўрэйскія малітоўныя школы. Штогод наладжвалася не менш 6 кірмашоў, праводзіліся штотыднёвыя базары па нядзелях.

У час паўстання 1863–64 гг. пад Косавам адбыўся бой паўстанцаў з урадавымі войскамі. На косаўскіх каталіцкіх могілках стаіць помнік у памяць пахаваных там удзельнікаў паўстання. У 1867 г. – мястэчка маёнтка Вандаліна Пуслоўскага, якому належала 11 674 дзесяцін зямлі, прыдатнай для земляробства; 1276 жыхароў. У прамысловасці былі заняты 36 жыхароў-агароднікаў, 480 гандляроў, 36 рамеснікаў, 1 каваль, 3 рэзчыкі, 2 цырульнікі, 2 шаўцы, 3 краўцы, дзейнічалі 3 харчэўні. У Косаўскім сельскім таварыстве было 146 душ сялян. У 1865 г. адкрыта народнае вучылішча. У 1868 г. пабудавана мураваная Антоньеўская царква.

Косава
Антоньеўская царква

Косава
Помнік паўстанцам, палеглым у Косаўскім павеце ў 1863 годзе

У 1870 г. – мястэчка ў маёнтку Косава Слонімскага павета Гродзенскай губерні, уладанне памешчыка Вандаліна Пуслоўскага, 321 рэвізская душа, валасное праўленне, царква, касцёл; у Косаўскім сельскім таварыстве 154 душы, 542 дзесяцін зямлі, 101 працаўнік. У 1870 г. Косава з'яўлялася таксама цэнтрам Косаўскага сельскага таварыства-2, у якім было 55 душ сялян, 18 дзесяцін зямлі. Памешчыку В. Пуслоўскаму належала ў маёнтку 11 036 дзесяцін зямлі. У 1867 г. ў Косаве пачаў дзейнічаць млын (у 1881 г. на ім устаноўлены паравы рухавік, у 1900 г. сума яго вытворчасці складала 5 тысяч рублёў). У 1885 г. заснавана яшчэ адна суконная мануфактура (у 1896 г. выпусціла прадуктаў на 25 тысяч рублёў, 50 рабочых). У 1878 г. пабудаваны мураваны Троіцкі касцёл – помнік архітэктуры неагатычнага стылю (захаваўся). У 1878 г. – 2030 жыхароў, з іх 1279 яўрэяў, існавала паліцэйская ўправа. У 1885 г. ў Косаве царква, касцёл, 4 сінагогі, сельская школа, управа (дзейнічала з 1879 г.), валасное праўленне (дзейнічала з 1861 г.), 2589 жыхароў. Адно з косаўскіх суконных прадпрыемстваў у 1885 г. выпусціла звыш 1 тысячы метраў сукна (працавала больш 20 рабочых). На другім суконным прадпрыемстве (больш 30 рабочых) у 1898 г. пачала дзейнічаць паравая машына. На 1890 г. мястэчка ў Слонімскім павеце Гродзенскай губерні: у 1-м Косаўскім сельскім таварыстве 703 дзесяцін зямлі, у 2-м Косаўскім таварыстве – 7 дзесяцін зямлі, царкоўнаму прычту належала 101 дзесяцін зямлі, у маёнтку Косава Льву Пуслоўскаму – 880 дзесяцін зямлі.

Косава
Троіцкі касцёл

Косава
Мерачоўшчына. Малюнак Напалеона Одры

У 1897 г. – 3092 жыхары, 64 цагляныя і 807 драўляных будынкаў, з іх 643 жылыя. Дзейнічалі сельскае народнае вучылішча, прыёмны пакой для хворых, аптэка. На 4 паравых млынах працавалі 13 рабочых. У 1900 г. косаўская вінакурня дала прадукцыі на 13 тысяч рублёў устаноўлена паравая машына. У 1905 г. мястэчка, маёнтак і чыгуначная станцыя, 5067 жыхароў. 15–16.10.1905 г. ў Косаве адбыліся хваляванні навабранцаў (900 прызыўнікоў). Паліцыя адкрыла агонь, было забіта і паранена некалькі чалавек. Прызыў у армію быў часова спынены. У 1909 г. дзейнічалі царква, вучылішча, 2 казённыя крамы, фельчарскі пункт.

З 1915 г. акупіравана германскімі, з лютага 1919 г. – польскімі войскамі. У 1915 г. лінія фронту ўстанавілася ўздоўж Агінскага канала (праходзіў праз Целяханы, Вульку-Целяханскую, Выганашчы, Выганашчанскае возера). Фронт стаяў тут да восені 1918 г. Немцы пабудавалі вузкакалейныя чыгункі ад станцыі Косава-Палескае ў лясныя масівы Гуліна, Міхаліна Ружанскай пушчы. Пачаўся масавы вываз лесу, паблізу станцый запрацавалі лесапільныя заводы. У час 1-й сусветнай вайны разрабаваны палац, загінулі сад і аранжарэя.

З 1921 г. ў складзе Польшчы, горад, цэнтр Косаўскага павета Палескага ваяводства. У 1921 г. горад (399 двароў, 2433 жыхары), фальварак (8 двароў, 27 жыхароў) і чыгуначная станцыя (9 двароў, 27 жыхароў). У Косаве размяшчаліся павятовае староства і аддзелы, міравы суд, паліцэйская камендатура, школьны інспектарат. У 1922 г. ў Косаве пабудавана павятовая бальніца на 930 ложкаў. У 1923 г. адкрыты лесапільны завод «Тартак» (у 1934 г. 46 рабочых). У 1930-я г. дзейнічала электрастанцыя магутнасцю 100 кВт, працавала 3-класная гандлёвая школа, якую ўтрымлівала таварыства распаўсюджвання прафесійных ведаў (59 вучняў, 11 настаўнікаў). У Мерачоўшчыне знаходзілася дзяржаўная школа. Працавала бібліятэка пры косаўскім магістраце, Дом-музей Т. Касцюшкі ў Мерачоўшчыне. 03.02.1927 г. адбылася дэманстрацыя працоўных, арганізаваная Косаўскім падпольным райкамам КПЗБ, якую расстраляла паліцыя. У 1966 г. ў памяць аб удзельніках дэманстрацыі пастаўлены абеліск. У 1938 г. ў Косаве 3708 жыхароў, некалькі гасцініц, царква. Павятовыя органы ўлады размяшчаліся ў былым палацы графоў Пуслоўскіх у Мерачоўшчыне.

Косава
Сядзіба Сапегаў у Косаве Палескім на паштоўцы ў 1930-я гады

З 1939 г. ў складзе БССР. У 1940–47 гг. – цэнтр Косаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну з 25.06.1941 г. да 13.07.1944 г. Косава акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У вайну загінуў 31 жыхар Косава, а таксама 96 жыхароў Косаўскага с/с, з якіх не вярнуліся з фронту 78 чалавек. У 1941–44 гг. дзейнічаў антыфашысцкі камітэт. На доме, у якім адбываліся пасяджэнні камітэта, у 1975 г. ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Кіраўнік косаўскага раённага антыфашысцкага камітэта М.Ф. Трында загінуў у баі 11.5.1944 г., пахаваны разам з партызанам У.І. Палешчуком, у 1968 г. на магіле пастаўлены абеліск; імем М.Ф. Трынды названа вуліца ў Косаве. У гады акупацыі дзейнічалі падпольныя райкамы КП(б)Б (чэрвень 1943 – 12.07.1944 гг.) і ЛКСМБ (01.09.1943–12.07.1944 гг.). 02.08.1942 г. партызанскія атрады імя Варашылава, імя Дзімітрава, імя Шчорса разам з падпольшчыкамі знішчылі ў Косаве гарнізон акупантаў і на працягу месяца ўтрымлівалі горад, у горадзе больш як месяц дзейнічала партызанская камендатура. У 1955 г. ў гонар баявой аперацыі партызан пастаўлены абеліск. У 1960 г. на магіле воінаў і партызан, дзе пахаваны 68 загінуўшых у баях супраць акупантаў, пастаўлены помнік партызанскай славы – скульптура воіна.

З 20.09.1947 г. ў Івацэвіцкім раёне. У 1959 г. – 2,6 тысяч жыхароў. У 1961 г. працавалі сярэдняя школа, вячэрняя школа працоўнай моладзі (12 вучняў). У 1984 г. дзейнічалі сярэдняя, рабочай моладзі і музычная школы, 2 дашкольныя дзіцячыя ўстановы, Дом культуры, бібліятэка, бальніца.

У 1997 г. – 2700 у 2002 г. – 2500 жыхароў. У Косаве акцыянернае таварыства «Косаўскае МВА», камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва, пякарня, лясніцтва. Сярэдняя і музычная школы, вучнёўскі вучэбны камбінат, дзіцячы сад, бібліятэка, Дом культуры, спартыўны комплекс, бальніца, аптэка, вузел сувязі, сталовая, магазіны. Мемарыяльны знак на месцы дома ў былым фальварку Мерачоўшчына, дзе нарадзіўся ў 1746 г. Тадэвуш Касцюшка. Абеліск на ўшанаванне ахвяр дэманстрацыі 3.2.1927 г. Манумент на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны, помнік партызанскай славы ў памяць разгрому ў Косаве гітлераўскага гарнізона 02.08.1942 г. Мемарыяльная дошка на доме, у якім праходзілі пасяджэнні антыфашысцкага камітэта. У скверы – магілы загінуўшых ад рук фашыстаў членаў камітэта У. Палешчука і М. Трынды; магіла маёра М.М. Бяззубава. Помнікі архітэктуры – Антоньеўская царква, Троіцкі касцёл. Радзіма беларускага пісьменніка Уладзіміра Мароза. Планіровачна складаецца з прамавугольнай сеткі вуліц, якія ўтвараюць дробныя кварталы. Забудова вядзецца паводле генеральнага плана 1972 г., які прадугледжвае развіццё горада ў сучасных межах за кошт рэканструкцыі аднапавярховай забудовы і пашырэння будаўніцтва шматкватэрных і індывідуальных жылых дамоў на свабоднай тэрыторыі ва ўсходняй частцы горада. Грамадскі, культурны і гандлёвы цэнтр склаўся на перакрыжаванні гандлёвых вуліц.

Косава
Палац Пуслоўскіх

Косава
Сядзіба Касцюшкі (музей)

Косава
Каталіцкая капліца на могілках
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.