Аўторак, 07.05.2024, 20:01

КРУГЛАЕ

Галоўная »
КРУГЛАЕ — rapадскі пасёлак, цэнтр раёна і сельсавета, за 78 км на паўночны захад ад Магілёва, 19 км ад чыгуначнай станцыі Талачын на лініі Орша — Мінск, вузел аўтадарог на Магілёў, Шклоў, Талачын, Бялынічы. Насельніцтва — 7,2 тысяч чалавек (2008). Рэльеф узгорысты, перасечаны ярам. На заходняй ускраіне цячэ р.Друць (прыток р.Днепр), на поўдні і ўсходзе — яе прыток р.Сітня. На поўдні ад гарадскога пасёлка на р.Друць утворана Цяцерынскае вадасховішча.

Круглае
Герб Круглага

Вядома з сярэдзіны 16 ст., калі Круглае з'яўлялася прыватнай вёскай у ВКЛ. У 1579 г. мястэчка, цэнтр маёнтка, шляхецкая ўласнасць. У канцы 16 ст. ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства. У 1743 г. сяло, 60 двароў. У 2-й палове 18 ст. 328 жыхароў, належала вялікаму гетману літоўскаму М.Агінскаму. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі, аднесена да разраду вёсак, аддадзена ў валоданне княгіні К.Р. Дашкавай, якая пазней была дырэктарам Пецярбургскай акадэміі навук і прэзідэнтам Расійскай акадэміі. У 1785 г. цэнтр маёнтка Магілёўскага павета Магілёўскага намесніцтва, 86 двароў, 590 жыхароў, 2 млыны, сукнавальня, памешчыцкі дом, мураваная крама, вінакурны завод, 2 царквы. На палатнянай фабрыцы, якая дзейнічала ў Круглым, вырабляліся палатно, сурвэткі, абрусы. У 1785 г. Круглае па хадайніцтву К.Р. Дашкавай было пераведзена ў разрад мястэчка. У вайну 1812 г., у час адступлення французаў рускі атрад у складзе 140 казакоў на чале з флігель-ад'ютантам Кутузава паручыкам Арловым 11.11.1812 г. ўвайшоў у Круглае, дзе ўзяў у палон больш за 100 французаў. 15.11.1812 г. тут знаходзілася галоўная кватэра рускіх войскаў на чале з М.І. Кутузавым, які загадаў стварыць у Круглым шпіталь.

У 1834 г. пачала дзейнічаць гарбарня, у 1852 г. — яшчэ адна. У 1846 г. цэнтр маёнткаў Магілёўскім павеце, 76 двароў, 483 прыгонныя, у фальварку 21 сям'я. У 1886 г. ў фальварку заснавана крухмальная вытворчасць, на якой з 1900 г. дзейнічала паравая машына. У 1870 г. ў маёнтку 1063 дзесяцін зямлі, 2 карчмы, 3 вадзяныя млыны, сукнавальня. У 1880 г. 119 двароў, 528 жыхароў, 5 крам, царква, малітоўная школа, 3 млыны, народнае вучылішча. Усе будынкі былі драўляныя. 2-3 разы ў год праводзіліся аднадзённыя кірмашы. Жыхары займаліся сельскай гаспадаркай, а таксама пяньковым, кравецкім, шавецкім, сталярным і кавальскім промысламі. У 1881 г. працавалі 2 сукнавальні. Меўся хлебазапасны магазін. Паводле перапісу 1897 г. мястэчка, 185 двароў, 1366 жыхароў, 2 вадзяныя млыны, крупадзёрка, сукнавальня, народнае вучылішча, царкоўна-прыходская і малітоўная школы, 15 лавак, заезны дом, царква. У красавіку, чэрвені і верасні праводзіліся аднадзённыя таржкі. У фальварку 2 двары, 53 жыхары, крухмальны завод і млын. У чэрвені 1905 г. сяляне падпалілі памешчыцкі хлеў са збожжам і зрабілі патраву панскіх пасеваў. У 1910 г. ўзведзены будынак для школы. У 1909 г. ў мястэчку 193 двары, 1302 жыхары, казённая вінная крама, лячэбны пакой (2 фельчары і акушэрка). У 1911 г. пачало дзейнічаць крэдытнае таварыства, якое ў канцы 1913 г. аб'ядноўвала 1253 члены. Праз Круглае, якое было цэнтрам воласці, праходзіў паштовы тракт з Талачына ў Магілёў. Дзейнічала паштовая станцыя, якая ў 1914 г. мела 10 коней.

Круглае
Свята-Троіцкая царква

Савецкая ўлада ўстаноўлена ў лістападзе 1917 г. У канцы студзеня 1918 г. створаны валасны Савет. У лютым-кастрычніку 1918 г. Круглае акупіравана германскімі войскамі. У 1917-18 гг. у складзе Магілёўскай губерні, з верасня 1918 г. — у Заходняй камуне. У студзені-лютым 1919 г. ў складзе БССР, з лютага 1919 г. ў складзе РСФСР, з красавіка 1919 г. дзейнічаў валасны ваенна-рэвалюцыйны камітэт. У 1918 г. створана працоўная школа 1-й ступені, якая размясцілася ў былым памешчыцкім будынку. У школе ў 1923 г. было 266 вучняў. У 1919 г. адкрыта і школа 2-й ступені, у якой у 1923 г. налічвалася 146 вучняў. На паўднёвай ускраіне (вул.Савецкая) знаходзіцца магіла барацьбітоў за савецкую ўладу на Кругляншчыне, у якой пахаваны В.І. Ракушаў і два яго сыны.

Паводле перапісу 1923 г. ў Круглым было 1622 жыхары, з якіх 1069 займаліся сельскай гаспадаркай. З 17.07.1924 г. Круглае — цэнтр раёна. У 1925 г. мястэчка пераведзена ў разрад вёсак, налічвалася 1344 жыхары, 250 гаспадарак, 64 вяскоўцы займаліся рознымі рамёствамі і промысламі. Дзейнічаў Народны дом, школа па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых, бібліятэка, даведачны стол, харавы, драматычны, беларускі і палітычны гурткі. Толькі з кастрычніка 1927 г. да кастрычніка 1928 г. ў Народным доме было паказана 19 спектакляў і канцэртаў, праведзена 15 кінасеансаў, зроблены 43 даклады і лекцыі, праведзена 13 вечароў самадзейнасці. Восенню 1925 г. паявіўся першы радыёпрыёмнік, а праз некалькі гадоў быў абсталяваны радыёвузел, дзякуючы якому стала магчымай радыёфікацыя райцэнтра і бліжэйшых вёсак. У 7-гадовай школе ў 1925 г. было 11 настаўнікаў, 373 вучні. У пачатку 1930-х г. 7-гадовая школа пераўтворана ў сярэднюю, у 1939 г. ў ёй займаліся 739 вучняў.

У 1929 г. пачалі працаваць кавальская, кравецкая майстэрні. У ліпені 1931 г. Круглянскі раён скасаваны, Круглае ўвайшло ў Талачынскі раён. У 1932 г. — ільназавод, у 1933 г. зманціравана электраўстаноўка, дзейнічалі вадзяны млын, бальніца, амбулаторыя, радзільны дом, тубдыспансер, яслі, санстанцыя, станцыя хуткай дапамогі, аптэка. У 1932 г. створана Круглянская МТС, якая ў пачатку 1941 г. мела 42 трактары. У лютым 1935 г. Круглянскі раён адноўлены. 27.04.1935 г. выйшаў першы нумар газеты «Бальшавік Кругляншчыны» (у 1939-44 гг. выдавалася пад назвай «За сацыялістычнае спаборніцтва», з 1944 г. — «Ленінскі сцяг»). У будынку былой царквы размясціўся Дом культуры, мелася стацыянарная кінаўстаноўка і бібліятэка. У 1936 г. пачала дзейнічаць хлебапякарня. Са студзеня 1938 г. Круглае ў Магілёўскай вобласці. Быў створаны калгас, які ў 1940 г. аб'ядноўваў 67 двароў. Мелася 13 гандлёвых кропак.

У Вялікую Айчынную вайну ў ліпені 1941 г. Круглае было акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У раёне разгарнулася шырокая партызанская барацьба, складваліся падпольныя групы. Найбольш моцная з іх дзейнічала ў Круглым. У канцы 1942 г. аформілася арганізацыя пад назвай «ОБЗОР» («Арганізацыя барацьбітоў за вызваленне Радзімы»). У кіраўніцтва яе былі выбраны Л.Н. Ракушаў (начальнік штаба), К.І. Цітова (сакратар штаба). «ОБЗОР» устанавіў сувязь з падпольшчыкамі суседніх раёнаў і Магілёўскім камітэтам садзейнічання Чырвонай Арміі. Восенню 1941 г. падпольшчыкі ўстанавілі сувязь з 28-м партызанскім атрадам (потым на яго базе была створана 8-я Круглянская партызанская брыгада), летам 1942 г. — з брыгадай «Чэкіст», вясной 1943 г. — з Круглянскім падпольным райкомам КП(б)Б. Падпольшчыкі перадавалі партызанам зброю, збожжа, соль, медыкаменты, хірургічныя і перавязачныя матэрыялы, бланкі дакументаў, пропускі, разведдадзеныя, перапраўлялі да партызан новых барацьбітоў супраць акупантаў, папярэджвалі аб карных экспедыцыях. Летам 1942 г. падпольшчыкі падпалілі друкарню, восенню 1942 г. — склад прасаванага сена, у 1943 г. — бензасклад. Амаль усе актыўныя падпольшчыкі 25.12.1943 г. былі арыштаваны і пасля жорсткіх катаванняў расстраляны. У парку імя 50-годдзя Кастрычніка ў 1981 г. пастаўлена стэла ў памяць аб Круглянскім антыфашысцкім падполлі.

28.06.1944 г. падраздзяленні 1-га асобнага гвардзейскага матацыклетнага палка ўварваліся ў Круглае, дзе абарону трымалі 2 батальёны праціўніка. У час бою толькі рота капітана Ігнацьева знішчыла 3 танкі, 4 гарматы, каля 50 аўтамашын і да 200 гітлераўцаў. Усе контратакі праціўніка былі адбіты. Фашысты ў гэты дзень страцілі каля 500 салдат і афіцэраў і вялікую колькасць ваеннай тэхнікі. Савецкімі воінамі былі захоплены 23 танкі і самаходныя гарматы, 80 іншых гармат, узята ў палон каля 1000 салдат і афіцэраў. У скверы, што на вул.Савецкай, у брацкай магіле пахаваны 55 савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў гэтых баях. На паўднёва-заходняй ускраіне, на тэрыторыі цэнтральнай сядзібы РУСП «Саўгас «Круглянскі» (вул.Жуніна) у 1969 г. пастаўлены абеліск на ўшанаванне памяці воінаў і партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. На вул.Магілёўскай у брацкай магіле пахавана 515 жыхароў г.п.Круглае, якія загінулі ад рук гітлераўскіх карнікаў у 1941-44 гг. Гітлераўцы разбурылі ільнозавод, усе школы і дзяржаўныя будынкі, разрабавалі МТС. У кароткі час была адноўлена тэлефонная сувязь, пачалі дзейнасць бальніца-амбулаторыя, установы культуры, Круглянская МТС. У 1947 г. даў першую прадукцыю адноўлены ільнозавод. Для дзяцей, бацькі якіх загінулі ў гады вайны, быў адкрыты дзіцячы дом.

11.03.1967 г. Круглае атрымала статус rapадскога пасёлка. 23.08.1966 г. да гарадскога пасёлка далучаны пас.Ільнозаводскі, вёскі Востраў, Прабуджэнне, Слабодка. Генеральны план забудовы Круглага распрацаваны ў 1974 г. Мінскім філіялам Цэнтральнага навукова-даследчага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва. Адміністрацыйна-грамадскім цэнтрам з'яўлялася плошча імя Леніна, вакол якой размяшчаліся Дом Саветаў, паштамт. Гандлёвая зона размешчана ўздоўж вул.Савецкай да плошчы імя Леніна. У 1970 г. закладзены парк імя 50-годдзя Кастрычніка агульнай плошчай 11 га. У 1990 г. ў райцэнтры працавалі ільнозавод, хлебазавод, станцыя тэхабслугоўвання машынна-трактарнага парку, нарыхтоўчая кантора, цэх Магілёўскага вытворчага аб'яднання «Магілёўаблгаз», цэх масавага пашыву адзення камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва, майстэрні «Сельгастэхнікі», малаказавод. Меліся райбальніца, аптэка, станцыя хуткай дапамогі, бібліятэка, кінатэатр, музычная і дзіцячая спартыўная школы, сярэдняя і вячэрняя школы, школа-інтэрнат, 5 дзіцячых садоў, Дом піянераў і школьнікаў. Архітэктурна-планіровачную структуру сучаснага Круглага вызначае прамавугольная сетка вуліц з невялікімі кварталамі аднапавярховых дамоў сядзібнага тыпу па левым беразе р.Друць. Галоўная кампазіцыйная вось — вул.Савецкая, у яе паўночна-ўсходняй частцы, пры ўездзе ў Круглае з боку Магілёва сфарміравалася цэнтральная плошча са скверам. На перасячэнні вуліц Савецкай і Перамогі другая плошча — гарадскі грамадскі цэнтр. Да гэтай плошчы прымыкае Цэнтральны парк культуры і адпачынку. Паводле генеральнага плана 2001 г. вядзецца шматпавярховая забудова, рэканструкцыя грамадскіх будынкаў і добраўпарадкаванне цэнтра, ствараюцца кварталы індывідуальных жылых дамоў сядзібнага тыпу ў раёне вуліц Навасёлаў, Садовай, Зарэчнай, Лукашэвіча і інш. Узведзены будынкі раённай пракуратуры, сярэдняй школы, філіяла ААТ «Беларусбанк», Цэнтра занятасці і Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва, стадыён, Троіцкая царква і інш.

Круглае
Круглае
Круглае
Круглае
Вуліцы пасёлка

У Круглым працуюць прадпрыемствы лёгкай (ААТ «Круглянскі ільнозавод»), паліграфічнай (КУВП «Аргон»), дрэваапрацоўчай, харчовай (аддзяленнне ААТ «Магілёўскі малочны камбінат») прамысловасці, камбінат кааператыўнай прамысловасці, лясніцтва, будаўнічыя, рамонтныя і дарожныя арганізацыі. Дзейнічаюць Круглінскі гісторыка-краязнаўчы музей, 2 сярэднія, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, дзіцячая школа мастацтваў, 4 дзіцячыя яслі-сады, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Маюцца 2 бібліятэкі, раённы Дом кулыуры, Цэнтр пазаўрочнай дзейнасці навучэнцаў, раённы цэнтр маладзёжнага адпачынку «Эльдарада», стадыён, комплексныя спартыўныя пляцоўкі, спартыўныя клубы. Працуюць бальніца, паліклініка, аптэка, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, гасцініца, камбінат бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі і інш.

Выдаецца раённая газета «Сельскае жыццё», дзейнічае рэдакцыя раённага радыёвяшчання. У 2007 г. цэнтр РУСП «Саўгас «Круглянскі». У склад Круглянскага сельсавета ўваходзіць гарадскі пасёлак Круглае і 41 сельскі населены пункт.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1395]
Здарэнні [467]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.