ЛЯХАВІЦКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЮЗАФАГалоўная »
ЛЯХАВІЦКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЮЗАФА размяшчаецца ў паўночнай частцы горада Ляхавічы Брэсцкай вобласці. Пабудаваны ў 1907 г. з цэглы па фундацыі Ю.Рэйтана і намаганнямі ксяндза К.Ваньковіча. Асвячоны ў 1910 г. біскупам Я.Цепляком. На пачатак 20 ст. парафія налічвала каля 3 тысяч прыхаджан. У другой палавіне стагоддзя прыстасаваны і рэканструяваны пад паліклініку.
Помнік архітэктуры неаготыкі. Манументальнае збудаванне вырашана па тыпу трох нефавай адна вежавай базілікі з паўкруглай апсідай. Гатычную вертыкальную накіраванасць архітэктурнай кампазіцыі надавалі высокая шатровая званіца ( васьмярык на чацверыку) на фасадзе і перспектыўны ўваходны стральчаты партал з акном-ружай над ім. Вертыкальны рытм стваралі ступеньчатыя контрфорсы з вежачкамі-фіяламі і «крабамі» ў завяршэнні ступеньчатых контрфорсаў, высокія вузкія стральчатыя нішы і аконныя праёмы, аркатурныя паясы. Бакавыя працяглыя фасады рытмічна чляніліся высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках.
Унутраная прастора храма размяжоўвалася на тры нефы гранёнымі слупамі, перакрывалася стральчатымі скляпеннямі. У інтэр'еры меўся неагатычны амбон.
У сучасным стане будынак былога касцёла вырашаны прамавугольным у плане пад вальмавым дахам аб'ёмам, да тарцоў якога далучаны ўваходны рызаліт і паўкруглая апсіда. Прамавугольныя ўваходны і аконны праёмы акаймаваны агульным перспектыўным парталам з набору акруглых абломаў-валікаў. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны ў два ярусы прамавугольнымі аконнымі праёмамі і двухступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Будынак апяразаны карнізам простага профілю на сухарыках.
Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.
|