Чацвер, 25.04.2024, 13:06

«МИНСКИЕ ГУБЕРНСКИЕ ВЕДОМОСТИ»

Галоўная »
«МИНСКИЕ ГУБЕРНСКИЕ ВЕДОМОСТИ» — афіцыйная газета. Выдавалася ў 1838 — 1917 гг. на рускай мове Мінскім губернскім праўленнем. Мела афіцыйную (урадавыя ўказы, паведамленні, аб’явы і распараджэнні губернскіх уладаў) і неафіцыйную часткі з дадаткамі да іх. У неафіцыйнай частцы (выходзіла ў 1838 — 1892 і 1911 гг.) змяшчаліся гістарычныя, гісторыка-краязнаўчыя, фальклорныя, этнаграфічныя, статыстычныя і іншыя матэрыялы.

Першыя этнаграфічныя публікацыі змешчаныя ў 1861 — 1862 гг. Частка з іх была выкліканая абвастрэннем сацыяльна-палітычных і нацыянальных супярэчнасцяў у краі і насіла тэндэнцыйны характар. Надрукаваныя артыкулы «Вясельны абрад у вёсках Навагрудскага павета» М.Дзмітрыева (1861, № 15-16), «Аб забабонах нашага простага люду ў славянскіх прыходах» (1861, № 11-12, аўтар невядомы).

У 1865 — 1869 гг. колькасць публікацыяў значна павялічылася. Некаторыя з іх захоўвалі тэндэнцыйны характар («Погляд рускага на звычай ставіць прыдарожныя крыжы ў Заходняй Расіі» У.Руміна, 1868, № 31). Тэматычна артыкулы былі арыентаваныя на апісанне традыцыйнай абраднасці («Вясельныя звычаі і абрады простага люду ў Барысаўскім павеце» Шумовіча, 1865, № 22-29, 35-37, 39, 41-43; «Апісанне пахаванняў і дзядоў у Навагрудскім павеце Мінскай губерні» Дзмітрыева, 1867, № 9; «Абрады пры пахаванні ў Ігуменскім павеце, вёсцы Пырашыве» П.Васюковіча, 1867, № 12; «Нарысы народных святкаванняў і маленняў на Палессі» У.Сакалова, 1869, № 25; «Вясельныя абрады сялянаў Мінскага павета» М.Рубяроўскага, 1869, № 31; «Куст, абраднае свята ў пінскіх сялянаў», 1866, № 31 і «Прасвяты камень» (пра пакланенне гэтаму каменю, 1868, № 50, аўтары публікацыяў невядомыя), песеннага фальклору («Пра духоўныя простанародныя песні Паўночна-Заходняга краю» Р.Кулжынскага, 1868, № 35; «Беларускія песні, сабраныя ў Барысаўскім павеце» Д.Булгакоўскага, 1868, № 23), народнай этыкі («Нарысы нораваў Барысаўскага павета» Сакалова, 1869, № 2; «Аб маральным побыце сялянаў Мазырскага павета» С-цова К., 1869, № 34). Шэраг артыкулаў насіў нарысавы характар («З жыцця ў Пінскім павеце», «Ліст з Палесся», «Палессе. Паездка на возера Князь-жыд», «Нататкі пра гор.Барысаў і яго павет», «Сёе-тое пра народнае жыццё»). Шмат звестак пра духоўную і матэрыяльную культуру палешукоў у артыкуле «Нарысы Беларускага Палесся» (1868, № 21, 33, 36, 39, 47; 1869, № 10, 12-14).

Найбольш прадукцыйны перыяд публікацыі этнаграфічных матэрыялаў — 1876 — 1879 гг., калі для супрацоўніцтва ў газеце былі прыцягнутыя сілы мясцовай інтэлігенцыі. Надрукаваныя артыкулы А.Васільевай «Вясельныя абрады ў раёне Грабаўскай воласці Мазырскага павета», «Кароткі нарыс вёскі Грабава Мазырскага павета», «Сялянскія памінкі ў Мазырскім павеце», «"Князь", ці "Жыд" возера (Легенды)», «Калядныя святы ў сялянаў Мазырскага павета», «Нататка пра абшчыннае земляробства ў сялянаў Мінскай губерні», «Веснавыя песні і абрады ў вёсках Мазырскага павета», «Легенды і павер’і ў Мінскай губерні», «Нататка пра побыт сялянаў Мазырскага павета», «Вёска Бяседкі Мазырскага павета», «Брацкая свечка (этнаграфічны нарыс)», «Вясельныя абрады ў Мароцкім прыходзе Мазырскага павета». Цікавыя звесткі пра жыллё, адзенне, ежу, сямейны побыт, абрады і вераванні ў артыкуле «Тураў і Тураўшчына» Б.Тура (1877, № 4-9). Пра пранікненне ў этнаграфію матэрыялістычных і атэістычных поглядаў сведчыць праца М.Ласіеўскага «Сонца і месяц у народных легендах і замовах Паўночна-Заходняга краю», у якой на канкрэтным міфалагічным і фальклорным матэрыяле аналізуецца аснова калядных і купальскіх святкаванняў. У 1889 — 1892 гг. колькасць этнаграфічных матэрыялаў была адносна невялікай. Побач са змястоўнымі працамі А.Слупскага «Кароткі нарыс грамадскага побыту Беларусі наогул і Мінска ў прыватнасці» і М.Доўнар-Запольскага «Археалагічнае даследаванне Мінскай губерні» (аб значэнні археалагічных працаў для этнаграфіі) публікаваліся матэрыялы рэакцыйнага зместу, якія прыніжалі чалавечую годнасць карэннага насельніцтва, напрыклад, «Аб інтэлектуальным развіцці палешукоў (жыхароў Палесся)».

Этнаграфічную каштоўнасць маюць артыкулы «Пра музычныя схільнасці смальнянаў», «Погляд нашых сялянаў на хваробы наогул і на трасцу ў прыватнасці», «Народныя песні», «Народныя песні, запісаныя ў в.Бухлічы Пінскага павета і в.Рубель Мазырскага павета. Запісаў А.Ф.С.», «Народныя песні (запісаныя ў Пінскім павеце)».

Супрацоўнікі рэдакцыі ўдзельнічалі ў арганізацыі Маскоўскай антрапалагічнай выстаўкі ў 1879 г., на якую даслалі рукапіс 100 песень і некалькіх артыкулаў.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» № 16 (465) красавік 2013 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.