ПАСЯЛЕННЕГалоўная »
ПАСЯЛЕННЕ – месца аселага жыцця людзей; населены пункт. Тыпы пасяленняў, іх структура размяшчэння, тапаграфія, планіроўка і забудова залежаць ад спосабу вытворчасці і грамадскіх стасункаў, што вызначаюць асноўныя рысы той ці іншай грамадска-эканамічнай фармацыі, а таксама геаграфічных фактараў (наяўнасць рэк, азёраў, зямлі, прыдатнай для апрацоўкі і гатак далей).
Першыя пасяленні на тэрыторыі Беларусі адносяцца да часоў позняга палеаліту. Гэта былі часовыя стаянкі старажытных родавых калектываў з жытламі з камянёў і касцей буйных жывёлінаў (напрыклад, Бердыж, Юравічы). У мезаліце, неаліце і бронзавым веку колькасць пасяленняў павялічылася, яны сталі доўгатэрміновымі месцамі аселага жыцця людзей. Асноўны тып пасяленняў – паселішча з радковай або кругавой забудовай. У раннім жалезным веку з распадам патрыярхальна-родавых стасункаў узніклі гарадзішчы (мысавыя, балотныя, узгоркавыя), што паступова ператварыліся ў абарончыя збудаванні – мелі валы, равы і драўляныя сцены. Характэрнае іх групавое размяшчэнне і наяўнасць побач адкрытых селішчаў.
У IX – X стагоддзях з фармаваннем класавага грамадства і аддзяленнем рамяства і гандлю ад земляробства і жывёлагадоўлі ўзнік новы тып пасялення – горад. Гарады сталі адміністрацыйна-палітычнымі, эканамічнымі і культурнымі цэнтрамі вялікіх сельскіх акругаў, іх архітэктурна-планіровачнае развіццё падпарадкоўвалася задачам абароны. Цэнтрам быў умацаваны дзядзінец, які абкружалі гандлёва-рамесніцкія пасады. Размяшчаліся часцей за ўсё ў сутоку дзвюх рэк. У XIV — XVI стагоддзі і пазней многія гарады мелі складаную архітэктурна-планіровачную структуру, падзяляліся на раёны і прадмесці. Пабольшала горадабудаўнічая роля гандлёвай плошчы.
У XV – XVII стагоддзі узнікла вялікая колькасць мястэчак – пасяленняў з рысамі горада і вёскі. Асноўныя тыпы сельскіх паселішчаў — дварышчы, вёскі, сёлы, пагосты, слабоды. Тыпы планіроўкі — безсістэмны і рэгулярны. У XVI – XVII стагоддзях з правядзеннем валочнай памеры была ўпарадкаваная планіроўка многіх вёсак, з'явіліся новыя тыпы пасяленняў – фальваркі, ваколіцы, засценкі. Пасля адмены прыгону (1861) павялічылася колькасць хутароў.
Асноўныя пасяленні ў савецкія часы — гарады, гарадскія і рабочыя пасёлкі, вёскі. Развіваліся паводле адзінага комплекснага плана, заснаванага на сістэме групавога рассялення. Для ўсіх пасяленняў гарадскога тыпу складзеныя перспектыўныя генеральныя планы, паводле генеральных планаў забудоўваліся і многія сучасныя вёскі (Аснежыцы Пінскага, Верцялішкі Гродзенскага, Леніна Горацкага раёнаў і іншыя).
У сярэдзіне 2000-х гадоў у сувязі з прыняццем «Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005 – 2010 гады» у Рэспубліцы Беларусь з'явіўся новы тып пасялення – аграгарадок, што паводле задумы ініцыятараў павінен надаць новы штуршок адраджэння сяла. Гэта добраўпарадкаваны населены пункт у сельскай мясцовасці, у якім створаная вытворчая і сацыяльная інфраструктура для забеспячэння сацыяльных стандартаў насельніцтва (з водазабеспячэннем, вуліцамі з цвёрдым дарожным пакрыццём, падвозам да раённых і абласнога цэнтраў, установамі абслугі асабістых падсобных гаспадарак насельніцтва ды ўстановамі культуры). Зазвычай у аграгарадку пражывае менш за тысячу чалавек. Першым створаным аграгарадком сталі Езеры Чэрыкаўскага раёна. Планавалася, што да канца 2011 года будзе завершанае стварэнне сеткі аграгарадкоў, a іх колькасць перавысіць 1,5 тысячы. Стаўленне да аграгарадкоў неадназначнае і супярэчлівае. Апошнім часам у СМІ пашыраецца ўжыванне тэрміну «аграмястэчка».
Крыніца: «Краязнаўчая газета» №29 (718) жнівень 2018 год |