Субота, 27.07.2024, 06:27

ПАСТАЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА АНТОНІЯ ПАДУАНСКАГА

Галоўная »
ПАСТАЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА АНТОНІЯ ПАДУАНСКАГА размяшчаецца ў цэнтры горада Паставы Віцебскай вобласці на правым беразе ракі Мядзелка. Пабудаваны ў 1898—1904 гадах паводле праекта архітэктара А.Гойбеля. Пашкоджаны ў Першую сусветную вайну. Адбудаваны ў 1920-я гады. Закрыты ў 1939 гадзе. У 1988 годзе вернуты парафіянам і адноўлены.


Гісторыя парафіі бярэ пачатак з 1522 года, калі быў узведзены драўляны касцёл Маці Божай па фундацыі ашмянскага маршалка Яна Зяновіча (знішчаны падчас вайны 1654—67 гадоў). У 1617 годзе на сродкі Станіслава і Ганны Сянкевічаў-Бяганскіх быў заснаваны драўляны францысканскі кляштар. Яго касцёл адносіўся да тыпу крыжова-купальных храмаў, меў две капліцы і две сакрысціі, цагляную крыпту. У 1760 годзе быў збудаваны новы касцёл. Кляштар скасаваны паводле царскага ўказа ад 19.07.1832 года. У 1898 годзе на падмурках разабранага драўлянага храма пачалося ўзвядзенне мураванага.


Помнік архітэктуры неаготыкі. Адносіцца да тыпу трохнефавых аднавежавых базілік з трансептам, пяціграннай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Асноўны аб'ём і крылы трансепта накрыты высокімі двухсхільнымі чарапічнымі дахамі, сяродкрыжжа якіх адзначана вытанчанай па прапорцыях сігнатуркай-шпілем. Вертыкальнай дамінантай фасада з'яўляецца чатырохгранная вежа-званіца са спічастым граненым шпілем. Бакавыя фасады расчлянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі з вітражным запаўненнем і ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Тры ўваходы на фасадзе вырашаны магутнымі стральчатымі парталамі, цэнтральны з якіх завершаны скульптурай Хрыста, бакавыя — вокнамі-ружамі. На чырвоным фоне цаглянай муроўкі сцен вылучаюцца атынкаваныя і пабеленыя стральчатыя аркатуры, якімі крапаваны франтоны фасада і крылаў трансепта.

Унутраная прастора храма шасцю шматграннымі слупамі і перакінутымі па іх стральчатымі аркамі падзелена на тры высокія падоўжныя нефы, перакрытыя нервюрнымі крыжовымі скляпеннямі (пакрыты арабескавым арнаментальным роспісам). Прасценкі бакавых высокіх стральчатых, запоўненых каляровымі вітражамі вокан умацаваны адпаведнымі міжнефавым слупом і такога ж сячэння пілонамі. Над стральчатай аркай увахода размешчана драўляная кансольная антрэсоль хораў на фігурных разных кранштэйнах. Плоскасць апсіды запоўнена алейным роспісам «Узнясенне», размешчаным у стральчатай арцы, па баках выявы евангелістаў у рост. У агульным архітэктурна-стылёвым кірунку было выканана мастацкае афармленне інтэр'ера — алтары, амбон, арган, спавядальні і інш.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.