Пятніца, 26.04.2024, 19:21

ВІЛЕЙСКІ СТРОЙ

Галоўная »
ВІЛЕЙСКІ СТРОЙ – традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення ў Цэнтральнай Беларусі (пераважна на паўночным захадзе Мінскай і паўночным усходзе Гродзенскай абласцей). Пад час акрэслівання асаблівасцей вілейскага строю ў 19 ст. на яго паўплываў гарадскі касцюм, што выявілася ў прыёмах крою і пашыву, шырокім выкарыстанні крамных тканін. У аздабленні пашыраны ўзорыстае ткацтва, маршчэнне, нашыўкі з тасёмак і стужак. Вышыўка сціплага арнаменту, стрыманага каларыту.

Вілейскі строй
Вілейскі строй.
Дзяўчына ў зімовай вопратцы.
Вёска Каралеўцы Вілейскага раёна

У жаночы гарнітур уваходзяць кашуля, спадніца, фартух, гарсэт (у будні замест яго надзявалі безрукаўку-сканцэрку). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, з сярэдзіны 19 ст. — з гесткай, аздаблялі паскам расліннага ці геаметрычнага чырвона-чорнага арнаменту на грудзях, плячах і каўняры. Узоры клетак і паскаў на спадніцы (з 4 прамавугольных, пазней трапецападобных полак) утвараліся за кошт чорных, цёмна-сініх, шэрых, жоўтых прасновак і прокідак утку. Спадніцу-андарак ткалі ў буйнарапортныя зялёна-вішнёвыя клеткі ці ў адзін колер — цёмна-зялёны, сіні, чорны (спадніца-рудляк). Фартух 1-полкавы, белы льняны ці паркалёвы або цёмны з крамных тканін; упрыгожвалі гафтам, нашыўкамі стужак, маршчэннем. Гарсэт (шнуроўка) з чорнай або цёмна-сіняй шарсцянкі ці аксаміту кроілі з баскай у 6 — 8 кліноў. Жаночыя галаўныя ўборы: намітка, белая палатняная або разнаколерная з фабрычнай шарсцянкі хустка і вялікая тканая або вязаная з воўны хустка-ахінанка, каптур з нашыўкамі тасёмак пазументу, шоўку, аксаміту. Шыйныя ўпрыгожанні: бісерныя, бурштынавыя, шкляныя пацеркі, стужкі з медальёнчыкамі і крыжыкамі.

Вілейскі строй
Вілейскі строй.
Жанчына ў каптуры і хустцы. Маладзечаншчына, 1920-я гады


Традыцыйная жаночая вопратка мала адрознівалася ад мужчынскай (істотныя адрозненні мела вопратка, што ўзнікла пад уплывам гарадской моды). Бурнос і паўбурнос, расшыраныя кнізу, аздаблялі нашыўкамі гладкіх і зубчыкавых паскаў чорнага аксаміту, тасьмы ў спалучэнні з машынным штапам. Святочнай вопраткай былі суконныя капоты з адразной лініяй таліі і фалдамі на спіне, каптанік з сіняга ці чорнага сукна, сурдут, падбіты кудзеляй або ватай.

Мужчынскі гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, сіняй ці чорнай камізэлькі (доўгай са стаячым каўняром ці кароткай), аздобленай нашыўкамі, трохвугольнай шыйнай хустачкі (каляшыйнік), галаўнога ўбору. У вілейскім строі шмат відаў мужчынскай вопраткі, што адрозніваюцца якасцю тканін, кроем, мастацкім афармленнем і каларытам. У халодную восень і вясну насілі армяк, сярмягу, копту, чуйку, бурку, якія шылі з валенага сукна, у зімку — непацягнутыя або пацягнутыя кажухі белага, шэрага, цёмна-карычневага колеру.


Аўтар: М.Ф. Раманюк
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.