Пятніца, 19.04.2024, 11:42

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Галіна Снітко

Уладзімір Марук
Вёска Гута – адно з "пісьменніцкіх гняздоўяў" на Ганцаўшчыне. Адсюль прыйшлі ў літаратуру Іван Кірэйчык і Уладзімір Марук.

Уладзімір Антонавіч Марук нарадзіўся 6 студзеня 1954 года ў сялянскай сям'і. Вучыўся спачатку ў Гуцянскай і Нацкай сярэдніх школах, затым – у Маўчадскай сярэдняй санаторнай школе-інтэрнаце Баранавіцкага раёна. Пасля яе заканчэння (1970 г.) паступіў у Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, дзе правучыўся два гады. Гэты перыяд пазначаны выхадам Уладзіміра Марука ў друк. У 1972 годзе яго першыя вершы ("Беларусі", "Працаваць і гаспадарыць...", "Пазаслалі хмары ўсе шляхі...") былі апублікаваны ў газеце "Магілёўская праўда".

Працаваць Уладзімір Антонавіч вярнуўся на родную Ганцаўшчыну. Месцам працы былі раённая, раённая дзіцячая, Шашкоўская сельская бібліятэкі, аўтаклуб у Ганцавічах. Праца з кнігамі заахвочвала да ўласнай творчасці. У 1974 годзе ў часопісе "Маладосць" з'явіўся цыкл яго вершаў, якія вызначаліся лірычнасцю, шчырасцю, сталасцю думкі.

Уладзімір Марук, Владимир Марук

У наступным годзе Уладзімір Марук паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Працягваў актыўна друкавацца ў газетах "Чырвоная змена", "Мінская праўда", "Знамя юности", часопісе "Маладосць" і іншых выданнях. Атрымаўшы дыплом настаўніка-філолага, застаўся ў сталіцы. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 106 г. Мінска (1980-1981 гг.), працаваў карэспандэнтам, загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва газеты "Звязда" (1981-1986 гг.), рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі выдавецтва "Юнацтва" (1986-1998). Некаторы час быў галоўным рэдактарам выдавецтва "Белфакс", зараз – намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Полымя" (артыкул пісаўся да смерці Уладзіміра Марука).

У літаратуры Уладзімір Марук вядомы найперш як паэт. Лірычны герой яго першага зборніка "Зоркі на кронах" (1982) прыкмячае, як "дрыжыць асіны ліст", як "вецер мох скубе", як "лапік... скупой слязою плача", як туман "туліш да вёскі шчаку", як "цяжка снег кладзецца на далонь...". Невыпадкова даследчыкі літаратуры называюць паэзію Уладзіміра Марука "лірыкай у жывапісе", Палескія краявіды ажываюць у вершах "Край лясны", "У лясах палескіх", "He, яшчэ не зведана Палессе...", "Зямля мая..." і інш. Узаемаадносіны чалавека і свету прыроды сталі галоўнай тэмай зборніка:
Непаслухмяны твой жыхар, Прырода,
Я першабытнасць вывучыў даўно.
Ці не з тваёй нявыказанай згоды
Мне ў сусвет адкрылася акно…
Гэтая тэма знайшла сваё далейшае развіццё, мастацка-філасофскае асэнсаванне ў наступных зборніках Уладзіміра Марука – "Ліст рабіне" (1987) і "Інкрустацыя голасам" (1991). Праз пейзажную дэталь аўтар выяўляе душу чалавека, яго лёс. Для прыкладу спашлемся на верш "Азіраліся дрэвы", у якім выразна адлюстраваны ўнутраны стан чалавека, стомленага на дарогах жыцця:
А здарожаны,
выгнаны з гэтых шалёных дарог,
Я астатняе дрэва
на апошняй дарозе спыню,
І лісток парашу,
і здзіўлюся (калісьці не мог),
І пякучай далонню
да голай душы прыхіну.
Леанід Галубовіч справядліва заўважыў, што "вершы Уладзіміра Марука ў сваёй пераважнай большасці інтымна-спавядальныя. Маючы ў сваёй аснове ірацыянальнае мысленне, падсвядомаснае, касмічна-бязважкае светаўспрыманне, яны трымаюцца на заземленых тропах, на карэнных зломах якіх нечай няўвіднай рукой раскладваецца пасьянс уласнага лёсу паэта і ўся яго перадгісторыя...".

Зборнікі "Ехаў Чыж у Парыж" (1994) і "Чыж вярнуўся з-за мяжы" (2004) склалі жартоўныя вершы нашага земляка, адрасаваныя дзецям. Над жыццём вёскі, захаваннем народных традыцый, маральна-этычнымі праблемамі нашага часу Уладзімір Марук разважае ў публіцыстычных артыкулах "Паслухайце: спяваюць у Лебедзеве", "Высокія меркі часу" і інш. Вядомы ён і як перакладчык з рускай, узбекскай, армянскай, туркменскай моў.

Вёска Гута, скажы мне, Гута...
А. Сербантовіч

* * *

Гута – крыштальнае дно
Самых высокіх нябёсаў.
Хаты бацькоўскай акно
З дзедавым полем зжылося.

He наглядзяцца яны,
Як выпраўляемся ў людзі...
Гута.
Крышталлю званы
Песняй напоўнілі грудзі.

I немагчыма ступіць
Нам за мяжу адчужэння:
Цяжка, як цяжка любіць
Гуту майго пакалення,

Дзе ад яго і відно
Toe, шmo нам засталося –
Гэта крыштальнае дно
Самых высокіх нябёсаў.
P.S. 23 студзеня 2010 года Уладзіміра Антонавіча не стала. Пахавалі яго на Каладзішчанскіх могілках у Мінску.
Катэгорыя: Галіна Снітко | Дабавіў: admin (27.01.2011) | Аўтар: Галіна СНІТКО
Праглядаў: 2638 | Тэгі: Галіна Снітко, Літаратурная Ганцаўшчына, Уладзімір Марук | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.