Пятніца, 19.04.2024, 22:13

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Галіна Снітко

Віктар Гардзей
Віктар Канстанцінавіч Гардзей нарадзіўся ў вёсцы Малыя Круговічы ў першы пасляваенны год. "У жыццё прыйшлі мы ў мірны час", – напіша ён пазней пра сябе і сваіх равеснікаў у адным з вершаў, але свет сустрэў іх "чорнымі асмалкамі бярвення", "вуголлем спаленых дамоў", "часам нават хлеба не хапала". Маленства было галодным і нялёгкім, бо вельмі рана памерла маці. Спагаду, увагу і ласку Віктар знайшоў найперш у сям'і дзеда Сцяпана.
Мама жыта сваё не дажала…
Суцяшала бабуля мяне:
– Перапёлкай яна, мабыць стала,
Прыляціць – і палоску дажне…
Шмат цяпла падаравалі родная цётка Альжбета і настаўнікі Круговіцкай сярэдняй школы, дзе вучыўся будучы пісьменнік. Яшчэ вучнем ён упершыню заявіў пра сябе, апублікаваўшы ў газеце "Піянер Беларусі" апавяданне "Памылка" (1963 г.). У наступным годзе ў рэспубліканскім друку з'явіліся яго вершы. Першы творчы вопыт спатрэбіўся, калі неўзабаве пасля заканчэння школы (1964 г.) Віктар стаў працаваць спачатку ў рэдакцыі ляхавіцкай раённай газеты "Будаўнік камунізму" (1965 – 1966), а затым – у ганцавіцкай раённай газеце "Савецкае Палессе" (1967 – 1983 гг.), дзе займаў розныя пасады: загадчык аддзела пісьмаў, адказны сакратар, намеснік рэдактара. Перыяд працы ў "Савецкім Палессі", у многім дзякуючы старэйшаму сябру і літаратурнаму настаўніку Васілю Фёдаравічу Праскураву, быў плённым як у журналістыцы, так і ў літаратуры. Журналісцкія клопаты і ўласную творчасць В.Гардзей спалучаў з завочнай вучобай на факультэце журналістыкі БДУ. У 1983 годзе, за год да заканчэння універсітэта, пераехаў у Мінск, дзе жыве і сёння. Працаваў у часопісах "Беларусь", "Родная прырода", "Маладосць", "Полымя", "Вожык". Цяпер – у выдавецтве "Мастацкая літаратура".

Віктар Гардзей
Віктар Гардзей у акружэнні землякоў

Ва ўсіх сваіх паэтычных зборніках – "Касавіца" (1975), "Верасное палясоўе" (1978), "Засевак Радзімы" (1983), "Незабудкі азёр" (1985), "Узрушэнне" (1988), "Дзікая пчала" (1994), аднатомніку выбранай лірыкі "Зялёныя дажджы" (1997), "Межань" (1999) – Віктар Гардзей выступае адданым сынам, шчырым патрыётам палескай зямлі. Яна для яго як матуля, якая "атуліла ласкавым крылом". Вось чаму ў паэта заўсёды "ёсць патрэба родны бачыць дом".
Як бы край ні вабіў невядомы,
Як бы новы ні дражніў блакіт,
Сэрца, там пакінутае дома,
Да сябе прыцягне, бы магніт, –
прызнаецца ён у адным з твораў. Родная зямля, на думку паэта, самая прыгожая і пяшчотная, дзе і жыццё бурліць, "дзе кожны мае клопат свой". I куды б ні закінуў лёс, ён заўсёды адчувае сваю непарыўную еднасць з бацькоўскім краем: "Я – тут! Я – ваш! Я – ёсць!"

Многія творы Віктара Гардзея напісаны на рэгіянальным матэрыяле Берасцейшчыны. Яны выяўляюць непасрэдныя ўражанні паэта ад убачанага і перажытага. Палескі край, яго непаўторная прырода і людзі, слаўная гісторыя паўстаюць перад чытачом у вершах "Целяшоў дуб", "Горад над Цною", "Брэсту", "У Пушчы", "Зубры", "Я дамоў прыеду…", "Сяўба", "Белая Вежа", "Рэха журбы", "Сусед мой хадзіў у мінёрах", "Чаго прыціх, лес вераснёвы?" і іншыя.

Паэта хвалюе, што ў апошні час на родную зямлю абрынулася многа бедаў. Адбываецца духоўнае збядненне людзей ("напіваецца бедна басота", "зноў забіваюць людзей з-за граша"), рэдка стала гучаць на Палессі матчына мова ("Астравы, дзе мова не памёрла, У тумане бачацца здаля"), яснавокі воблік роднага краю засланяе пыл ад меліярацыйных работ і высокай радыяцыі. Сумна бачыць сёння невясёлыя палескія краявіды – загублена не адна рачулка, зглумлена не адна сенажаць, раніцай ужо не чуваць ляснога салаўя, наўзрыд плачуць чайкі, "стогнуць гаі, – засыхаюць дубровы, Свежыя раны бінтуе туман...". Паэт, аднак, верыць, што родны край, "перажыўшы войны і чуму", не прападзе і не счэзне.

"Любоў да адвечных вытокаў надзяляе, адорвае мастака і пачуццём, і словам, – адзначае В.Ярац. – А яно – слова – у Гардзея багатае, не зацяганае. Мова гардзееўскіх вершаў вылучаецца сваёй каляровасцю, у якой рэгіянальныя лексічныя адзінкі не парушаюць устойлівых літаратурна-моўных пластоў, a толькі надаюць ім большы каларыт і адметнасць. Варта спаслацца хоць бы на такія крупінкі-зярняты густога россыпу з палескай гутарковай сяўні: некаш, сутонь, сяйво, плытчэе, асмужны, няздалы, дайніца, нязгорш, зморшчкі, распушыў, пражмо, гарчак, зашэрхлі, лучыцца, прадлецце, мелькам, палятуха, зняверлы, укруга, апаўдні, хмылячыся, вышчэрб, паначы, выжарыны, шанцунак...".

Віктар Гардзей надзелены талентам не толькі тонкага лірыка, але і цікавага празаіка. Ён – аўтар шэрагу апавяданняў, аповесцяў, раманаў, якія склалі кнігі "Дом з блакітнымі аканіцамі", "Карані вечнага дрэва", "Уратуй ад нячыстага". Яго пяру таксама належаць трылогія "Аселіца ў басейне Чорнага мора" і раман "Бедна басота". Зварот да прозы абумоўлены жаданнем "як мага паўней данесці да чытача ўражанні дзяцінства і вопыт, набыты ў маладосці, у гады сваёй работы ў палескіх "раёнках", калі абхадзіў і аб'ездзіў усе куточкі не толькі ганцавіцкай зямлі, але і многія сцежкі-дарожкі і суседніх, і болей далёкіх тэрыторый" (В.Ярац). Кніга "Уратуй ад нячыстага" адзначана Літаратурнай прэміяй Івана Мележа.

Шмат паэтычных кніжак выдаў Віктар Гардзей для дзяцей – "Чырвоны грабеньчык" (1976), "На арэхавай палянцы" (1982), "Коцікі на вярбе" (1988), "Мой тата – трактарыст" (1989), "Зай, які лічыў варон" (1991), "Зайкава балалайка" (1998). "Для дзяцей, – прызнаецца пісьменнік, – звычайна пішу тады, калі хочацца далучыцца да свету дабрыні і шчырасці, па-свойму загадкавага і вабнага, напоўненага пастаяннай таямнічасцю. Тым самым адбываецца свайго роду душэўнае і духоўнае ачышчэнне, пазбаўленне, няхай толькі і на пэўны момант, ад усяго дробязнага неабавязковага, чаго заўсёды хапала ў нашым паўсядзённым жыцці і, на жаль, сёння не паменьшала, а, наадварот, пабольшала".

Займаецца В.Гардзей і перакладчыцкай дзейнасцю. На беларускую мову ён пераклаў раманы Г.Флабэра "Саламбо" і Р.Стывенсана "Чорная страла", аповесць-казку Э.Гофмана "Шчаўкунчык і мышыны кароль", кнігу казак народаў Еўропы "Хрустальны калодзеж" і іншыя.

Па сённяшні дзень Віктар Канстанцінавіч жыве клопатамі сваіх землякоў і тыя плацяць яму любоўю і пашанай. Да 50-годдзя пісьменніка імя Віктара Гардзея ўганаравана ў назве вуліцы, на якой ён нарадзіўся і жыў у Малых Круговічах.

Целяшоў дуб
(урывак)
Зарэчны дуб у тры абхваты
Здаўна сярод палешукоў,
Расхрыстаны і дзікаваты,
Завецца ён – Дуб Целяшоў.

Дымілі ў ціхай вёсцы печы.
Ламалі крылле ветракі.
I на яго крутыя плечы
Буслы сядалі і вякі.

Зямлю свідруе дуб карэннем,
Нязломны, быццам паляшук.
Ён помніць "шведскае паленне",
I як гуляў тут пан Яшук.

На моры хвалі змылі бераг.
На свеце зніклі гарады.
Дуб па-ранейшаму на верас
У восень сыпле жалуды.

I я праз ціхі тлум вясковы
I цягнікоў далёкі гул
Бягу да Дуба Целяшова,
Спаткацца з Коласам бягу...

* * *

Пад высокім светлым небам
Родная зямля ляжыць.
Пасадзі аглоблю ў глебу –
Дрэва кронай зашуміць!

Тут рачулкі не зачахлі,
Голле ломіцца ў садах.
Тут молодзівам прапахлі
Туманы на паплвах.

Тут жыццё – на поўны голас!
Кожны мае клопат свой:
Гоні гоняць гонкі колас,
Луг набрак густой травой.

Як рацэ яе лілеі,
Дораг мне бацькоўскі кут.
Тут душою пасвятлееш!
Уваскрэснеш тройчы тут!
Катэгорыя: Галіна Снітко | Дабавіў: admin (17.08.2011) | Аўтар: Галіна СНІТКО
Праглядаў: 4177 | Тэгі: Літаратурная Ганцаўшчына, Віктар Гардзей, Галіна Снітко, Малыя Круговічы | Рэйтынг: 4.6/7
Меню
Комфорт и контактные линзы johnson Главлинза.
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Комфорт и контактные линзы johnson Главлинза.
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi
Комфорт и контактные линзы johnson Главлинза.

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.