Пятніца, 19.04.2024, 19:17

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

«І думай, браце, аб бядзе»
Вялікіх пісьменнікаў нездарма называюць вялікімі гуманістамі. Да гэтага схіляюць не толькі іх творы, але і жыццё ў цэлым. У першым шэрагу чалавекалюбцаў стаіць і постаць Якуба Коласа. Яго ўнёсак у выратаванне людзей важкі: шмат каго паэт убярог ад Малоха сталінскіх рэпрэсій. Аднак тэма дагэтуль застаецца нераскрытай. Актуальнай публікацыяй мы толькі прыадкрываем яшчэ адну старонку жыцця класіка і заклікаем даследчыкаў пашырыць і паглыбіць яе.

Якуб Колас

Да сярэдзіны 1920-х гг. палітычнае дзейства, якое разгарнулася ў Савецкім Саюзе на ніве беларушчыны, выглядала для яе сваімі тэндэнцыямі далёка не аптымістычна. У прыватнасці, Якуб Колас пачынаючы з 1925 г. меў шчыльны кантакт з органамі дзяржбяспекі, часам выступаючы сведкам па справах іншых падазроных. Сведкам, аднак, быў кепскім: важнай інфармацыі з яго так і не выцягнулі.

Яшчэ раней з’явіліся адмоўныя характарыстыкі: на аповесць «У палескай глушы» — з боку Галоўліта (1922) і на асобу самога творцы — з боку АДПУ, што было сур’ёзным сігналам пагрозы ўсёй дзейнасці (канец 1924). На паэта нагаворвалі. І ён, «старый и хитрый враг Советской власти и Коммунистической партии» (з паказанняў на Якуба Коласа 1937 г.), бачыў, як імкліва радзеюць пісьменніцкія шэрагі, і мог толькі спадзявацца, што дамоклаў меч бальшавіцкай улады на яго апусціцца пазней. Таму доўгі час народны паэт спаў не распранаючыся, трымаючы клуначак самых неабходных рэчаў пад рукою.

Толькі дзякуючы родным да нас дайшла эпіграма Коласа, датаваная 1938 г.:

Калі на з’ездзе ці на сходзе
К табе фатограф не ідзе,
Дык так і ведай: ты не ў модзе
І не патрэбен ты нідзе.
І думай, браце, аб бядзе.

Гэтыя некалькі радкоў выдаюць пільнае вока Якуба Коласа. Несумненна, ён разумеў і тое, што магло чакаць чалавека, які кінуўся б ратаваць «бліжняга свайго» ад смяротнай небяспекі. А менавіта — такая самая доля: этапы ці і таго горай. Аднак гэта не спыняла вялікага гуманіста.

Ці не першай спробай выратавання стаў ліст да старшыні Саўнаркама БССР Мікалая Галадзеда ў абарону арыштаванага Ф.Аляхновіча, падпісаны разам з Янкам Купалам ды іншымі ў 1928 г. На жаль, ён не прынёс жаданых вынікаў, хаця часы яшчэ стаялі, як вобразна выказалася Г.Ахматава, «адносна вегетарыянскія».

У 1930 г. Якуб Колас заступаецца за раскулачаных і падрыхтаваных да высылкі сясцёр і маці самога Янкі Купалы. Трэба мець на ўвазе, што кожны падобны крок браўся на ўлік. «Всё время поддерживал письменную связь с высланными в 1930 году нацфашистами и отдельным из них оказывал материальную помощь», — так пісаў у кампрамаце на Якуба Коласа малодшы лейтэнант дзяржбяспекі Завадскі ў жніўні 1937 г. А канец 1930-х падобных перажыванняў за рэпрэсіраваных падкінуў нашмат болей. І тут ужо просьбы (дарэчы, у адрозненне ад вышэйзгаданага беларускамоўнага заступніцтва за Ф. Аляхновіча, напісаныя па-руску) накіроўваліся сакратару ЦК КПБ П.Панамарэнку.

Аднак далёка не заўсёды атрымлівалася дасягнуць поспеху. К.Міцкевіч не мог уратаваць нават сваякоў. Так, нягледзячы на яго прашэнні, у жорнах рэпрэсіўнай машыны знік швагер А.Каменскі (арыштаваны ў лютым 1938 г., перапіска з ім абарвалася з пачаткам вайны).

Што тут казаць пра магчымасці адвесці бяду ад сяброў, таварышаў, аднадумцаў. К.Міцкевіч, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР, не змог паўплываць на вырак акадэміку І. Замоціну, арыштаванаму ў красавіку 1938-га. У канцы 1939 г. разам з Янкам Купалам, а таксама са Змітраком Бядулем Якуб Колас напісаў прашэнне ў абарону арыштаванага Аляксандра Уласава. Яўген Калубовіч пераказваў гэты эпізод са слоў пісьменніка: «Мы з Купалам, — далей казаў Я. Колас, — хадзілі да Панамарэнкі. Прасілі за яго. Але Панамарэнка нам не дапамог. Ён быццам бы званіў у НКВД, скуль яму адказалі, што Уласава ў БССР ужо няма. Таму ён нічога ня можа зрабіць». Хоць П.Панамарэнка узяў справу пад асабісты кантроль, як сведчыць нядаўна знойдзеная ў архіве запіска, і тут станоўчага выніку пісьменнікі не дабіліся.

Але былі і перамогі. Летам 1939 г. Кузьма Чорны, арыштаваны яшчэ ў 1938-м і моцна замучаны, быў выпушчаны на волю, пасадзейнічала вызваленню ў тым ліку заступніцтва за яго Якуба Коласа, з якім П.Панамарэнка ўжо нават раіўся. Паэт запэўніў у высокай якасці творчасці Кузьмы Чорнага і яго палітычнай добранадзейнасці (на жаль, здароўе апошняга было падарвана катаваннямі і жыць яму заставалася нядоўга).

Ратаваў Якуб Колас і людзей, якія не ўваходзілі ў блізкае кола сяброў і родных ці калег па пяры. Адным з такіх быў І.Касяк — настаўнік з Павільні. У фондах музея знаходзяцца чатыры лісты паэта да І. Касяка. У адным з іх гаворыцца, што 7 верасня 1940 г. Якуб Колас займаўся справай знаёмага і рэкамендаваў яму «возбудить ходатайство перед органами НКВД». Паэт не толькі не баяўся розгаласу пра тое, што ён дапамагае патэнцыяльным, а то і ўжо нібыта выяўленым «ворагам народа», але і сам складаў пратэкцыю ім і даваў згоду, каб яны спасылаліся ў хадайніцтвах на яго: «В своём заявлении можете сослаться на меня, как знающего Вас и могущего поддержать Ваше ходатайство…» Колькі было такіх выпадкаў, сёння, бадай, не ўстанавіць.

Славуты дзеяч музычнага мастацтва Р.Шырма пасля далучэння Заходняй Беларусі актыўна працуе на ніве беларушчыны і стварае прафесійны калектыў — Беларускі ансамбль песні і танца (з 1955 г. — Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР). Аднак ужо ў 1941 годзе выбітны дзеяч апынаецца за мурамі Лубянкі. За сваё вызваленне ён мусіў дзякаваць Якубу Коласу, які асабіста хадайнічаў перад галоўным камуністам рэспублікі Панцеляймонам Панамарэнкам. У далейшым паэт сачыў за лёсам гэтага ансамбля, прадстаўляў яго інтарэсы перад рэспубліканскім кіраўніцтвам: «Ансамблю трэба аказаць маральную, матэрыяльную і іншую дапамогу. <…> Пагутарыце з Панцеляймонам Кандратавічам. На мой погляд, ансамбль заслугоўвае таго, каб яму давесці болей увагі і клопату», — піша Якуб Колас у лісце да Ц.Гарбунова (17 чэрвеня 1942 г.).

Пасля вайны клопат на той час ужо класіка пра бязвінных ахвяр палітычных рэпрэсій не аслаб. Не пабаяўся Колас скласці пратэкцыю і апальнаму геолагу Г.Гарэцкаму, пра перавод якога на Беларусь народны паэт гутарыў з П.Панамарэнкам летам 1944 г., выказваючы ўпэўненасць, «цвёрдую перакананасць» у непасрэдным лісце вучонаму ад 11 ліпеня 1944 г., «што мы з Вамі будзем працаваць у Беларусі». Гэта справа адняла не адзін дзень і, як можна толькі здагадвацца, шмат нерваў. «Калі будзеце ў Маскве, пастарайцеся пабачыцца са мною: мы пойдзем з Вамі ў ЦК і на месцы будзем выратоўваць Вас для работы ў Беларусі <…> Калі што трэба дапамагчы Вашым, дык пішыце мне — усё, што змагу, буду рабіць», — напісаў паэт вучонаму ў чарговым лісце ад 18 жніўня 1944 г.

Дарэчы, калi пасля Другой сусветнай вайны вырашалася пытанне пра мяжу памiж Польшчай i Беларуссю, а ў прыватнасці пра прыналежнасць Беласточчыны, Г.Гарэцкi менавіта праз Якуба Коласа перадаў сваю грунтоўную манаграфiю «Межы Заходняй Беларусi ў Польшчы (нацыянальны склад насельнiцтва Заходняй Беларусi)» П.Панамарэнку, якi ўзяў яе з сабой на размову з I.Сталiным, прыводзiў адтуль розныя доказы на карысць Беларусi.

Таксама Якуб Колас наведвае Першага сакратара ЦК КП(б)Б 3 сакавіка 1944 г. Сведчанні пра гэта захаваліся ў дзённіку класіка. У тыя дні паэт клапаціўся пра вяртанне рэпрэсіраванага яшчэ ў 1936 г. мастацтвазнаўцы А.Уса. Палітычны дзеяч прыслухоўваўся да слоў лірыка, але дзейнічаў па прынцыпе «давярай, ды правярай», бо «аддаў распараджэнне тэрмінова адшукаць матэрыялы асабістай партыйнай справы А.Уса». Канечне, перад прыняццем рашэння неабходна было азнаёміцца з сутнасцю пытання. Пасля ў прысутнасці паэта П.Панамарэнка распарадзіўся паслаць выклік праз Усесаюзны ЦК. Тым не менш прыезд А.Уса з незразумелых прычын зацягваўся і ў выніку адклаўся да канца навучальнага года. Але ў выніку А.Ус пераехаў у вызвалены Мінск нават раней за свайго заступніка. Што праўда, супраць А.Уса ў 1948 г. распачалася новая палітызаваная кампанія, і ён быў вымушаны з’ехаць на чатыры гады з Беларусі.

Часам паэт нават арганізоўваў сустрэчы кіраўніка рэспублікі з людзьмі, якія самі ніколі б не дайшлі са сваімі вартымі ўвагі меркаваннямі да найвышэйшых эшалонаў улады. Пра адзін такі выпадак даведваемся са стэнаграмы выступлення П.Панамарэнкі на VІІІ пленуме ЦК КП(б)Б ад 12 снежня 1945 г. Праз пасрэдніцтва Якуба Коласа палітык сустрэўся з настаўнікам-«заходнікам», які меў 40 гадоў педагагічнай практыкі, і абмеркаваў пытанні асветніцка-прапагандысцкай работы. Заўважым, Якуб Колас не хаваў свайго знаёмства з чалавекам, які з гледзішча савецкай улады цалкам мог патрапіць у так званую катэгорыю «СОЭ» («социально опасные элементы»). А такі вырак пагражаў «заходнікам», а тым больш інтэлігентам старой, польскай, а ў дадзеным выпадку яшчэ і царскай загартоўкі.

Пасля вайны ўлада глядзела на «заходнікаў» з падазрэннем і нярэдка ішла на прэвентыўныя меры ў выглядзе дэпартацый і зняволення. Пад іх трапілі і некаторыя сваякі К.Міцкевіча. І тут яму таксама давялося прыкладаць намаганні, каб адвесці пагрозу ад жыцця родных, сярод якіх былі і такія, хто афіцыйна працаваў пры нямецкай акупацыі, а гэта лічылася злачынствам супраць савецкай улады. У 1947 г. паэт «всё лето хлопотал об освобождении из ссылки племянника». Тут Якуб Колас прыбядніўся: першае прашэнне за нябогу датавана 4 сакавіка 1947 г., і да канца года паэт безвынікова грукаўся ў розныя ўладныя інстанцыі, аднак пляменнік вярнуўся дадому толькі ў 1951 г., адбыўшы ўвесь тэрмін (рэабілітаваны адно ў 1995 г.).

Трэба сказаць, што прасіць і тым больш выпрасіць літасці для ахвяр палітычных рэпрэсій у той час не ўяўлялася магчымым нават першым асобам: успомнім трагічную долю жонак В.Молатава і М.Калініна — асоб з першага шэрагу кіраўніцтва СССР. Якуб Колас ішоў насуперак агульнай сацыяльна-палітычнай плыні. І нярэдка паспяхова. Як паказала практыка, рызыка, якой ён падвяргаў і сябе, і сваіх блізкіх, была апраўданай. Вялікі Паэт і Гуманіст не схібіў сэрцам і душой і змог прайсці па вастрыні экзістэнцыяльнага ляза.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (10.11.2013) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК - газета ЛіМ
Праглядаў: 2885 | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.