Пятніца, 26.04.2024, 15:30

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Як Якуб Колас стаў кумам царкоўнага старасты і хрышчоным бацькам самаахоўніка
Якуб КоласІмя Якуба Коласа не трэба лішні раз прадстаўляць беларусам. Народны паэт, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратурнай мовы, вялікі навуковец, значны педагог, актыўны грамадскі дзеяч… Аднак за гэтымі маштабнымі сацыяльнымі іпастасямі існаваў непасрэдны чалавек – са сваім бытам, колам самых разнастайных знаёмых і пэўнымі агульналюдскімі стасункамі. Гэтыя аспекты толькі пачынаюць вывучацца. Але ўжо цяпер можна сказаць, што яны прыносяць адкрыцці.

Велічная постаць Песняра набывае новыя грані, зусім па-іншаму адкрываецца. І часам зусім нечакана! Пры гэтым не страчваючы сваёй велічнасці, а наадварот – аздабляючы яе цеплынёй і чалавечнасцю. Забранзавеласць, сфармаваная за дзесяцігоддзі даследаванняў жыцця і творчасці класіка, напаўняецца жыццём канрэтнага індывіда, асобы – як у справах грамадскіх, так і асабістых.

Такі працяглы ўступ робіцца не проста так. У дадзенай публікацыі Якуб Колас рэпрэзентуецца яшчэ з аднаго боку – напэўна незвычайнага, непрывычнага, нечаканага і, думаецца, невядомага чытачу, дый хіба спецыялісту, – у якасці кума, хрышчонага бацькі. Але нават не ў гэтым заключаецца нечаканасць. Рэч у тым, што Якуб Колас стаў кумам палешукоў. Было тое яшчэ ў далёкія часы пачатку настаўніцкіх шляхоў.

Пра гэта даведваемся з ліста адной сялянкі ад 14 ліпеня 1946 г. – Людмілы Кандратаўны Лой, жыхаркі вёскі Пінкавічы Пінскага раёна. Трэба сказаць, што падзейны кантэкст факта багата шырэйшы. Нягледзячы на вельмі малы аб’ём паслання, яно не толькі дадае штрыхі да партрэта Якуба Коласа як чалавека, але і раскрывае долю, пражытае жыццё і надзённае становішча палескай жанчыны – шматдзетнай маці, якая не дачакалася з вайны сына (дарэчы, Коласавага хрэсніка), якая пахавала мужа, якую савецкая ўлада без увагі на страшныя жыццёвыя цяжкасці паставіла на край магілы, не аказаўшы дапамогі, больш таго – абклаўшы непасільнымі падаткамі. Простыя, нават прымітыўныя радкі, можна смела меркаваць, немаладой, не менш як 60-гадовай кабеты пранізаны роспачным болем, ад іх чытання горлу робіцца ўдушліва. Таму ліст Людмілы Кандратаўны выглядае не як банальнае пісьмо, якіх Якуб Колас атрымліваў сотнямі, а як крык аб дапамозе, як енк жывога чалавека, няшчаснага і забітага, чалавека, які апынуўся на мяжы існавання, але працягвае верыць у цуд: «Парадце як жыць…».




Ці стаў для пінкавіцкай паляшучкі свайго роду чараўніком яе кум, які да таго часу зрабіўся ці не першай славутасцю зямлі беларускай, засталося б невядомым. Аднак нешта падказвала, што ён адгукнуўся: міласэрнасць паэта, нераўнадушнасць да чужога гора, спагадлівасць не маглі проста так закрыць вочы на чалавечую бяду і ён аказаў магчымую дапамогу сям’і, з якою па-хрысціянску парадніўся больш чым чатыры дзесягоддзі да атрымання ліста-просьбы.

Чатыры дзесягоддзі! Цэлае жыццё… Пасля двух навучальных гадоў у Люсінскай школе Канстанцін Міцкевіч быў прызначаны настаўнікам у Пінкавіцкую школу, дзе працаваў ад восені 1904 да канца 1905 г. І там, як і ў Люсіне, яго запомнілі ў найлепшым святле: «Канстанціна Міхайлавіча ў нашай вёсцы вельмі паважалі. Быў ён прыветлівы, абыходлівы, цікавіўся сялянскім жыццём і справамі», – згадваў колішні вучань Ананій Курыль. Захаваліся і іншыя ўспаміны. Але ў іх асноўны акцэнт падае менавіта на сацыяльныя бакі. Да таго ж у савецкі час успаміналася не ўсё.

Мясцовы краязнаўца, публіцыст Іван Іосіфавіч Калоша ў лютым 1998 г. запісаў гістарычнае апавяданне ад жыхаркі Пінкавіч Хіхлюк Марыі (1909–1999), у якім закранаецца і род Лояў: «Ужо ў 1945 годзе некалькі выхадцаў з казацкага рода Бязручак і Лояў былі рэпрэсаваныя. <…> Павел Лой, якога пахрысціў Якуб Колас у 1945 годзе, быў расстраляны, бо служыў у самаабароне. Таму людзі і пачалі казаць, што на гэтых казацкіх радах – пракляцце...». Так, па драбностках, устанавілі імя Коласавага хрэсніка, а таксама той факт, які са зразумелых прычын абышла ўвагай яго маці ў пісьме да паэта: духоўнага сына Якуба Коласа Паўла прыкладна ў 40-гадовым узросце пакаралі смерцю за ваеннае супрацоўніцтва з нямецка-фашысцкімі акупантамі.

Ужо ў наш час (у 2008 г.) журналіст Зміцер Бартосік знайшоў сына Коласавага хрэсніка, у якога, аднак, з нейкай прычыны імя па бацьку не супадае з вышэйпрыведзенай інфармацыяй. Павел Мікалаевіч Лой, 1938 г.н., з задавальненнем прыадкрыў колькі старонак мінулага і пацвердзіў, што пісьменнік сябраваў з яго бацькам – мясцовым царкоўным старастам, сталаваўся ў ягоным доме, а пэўны час нават жыў у яго і хрысціў ягонага сына, гэта значыць, бацьку рэспандэнта: «Якуб Колас хрысьціў <бацьку>. Ён у дзеда жыў, калі тут настаўнічаў. А пасьля хрысьціў. І празь некаторы час, пасьля вайны, даслаў вучняў, каб даведацца, хто жывы застаўся». Успомніў П.Лой і пра жыццёвыя цяжкасці, звязаныя з падаткамі: «Бачыце, тады такі час быў. Усе напалоханыя. Размовы ня вельмі ішлі. Ну, бабуля казала, што ён жыў у тым пакоі, сталаваўся. Багаты быў дзед. У яго было 15 дзяцей. І прыйшлі раскулачылі. Падаткі адзін раз далі. Пасьля другі раз. Ён выплаціў. Адчуваў кепска сябе. У 46-м памёр. А мама, калісьці былі падаткі вялікія, не заплаціла падаткі. Напісала Якубу Коласу. Вось такое, маўляў, становішча. Год з нас ня бралі. А пасьля аглядзеліся і спагналі па поўнай. І мы ўжо больш не зьвярталіся».

Публікуемы ліст, хоць і разыходзіцца ў некаторых момантах з аповедам П.Лоя (у колькасці дзяцей і годзе смерці дзеда), тым не менш пацвярджае сямейнае паданне, заглыбляе нас у паўсядзённасць маладога, 23-гадовага паэта, якому наканавана было стаць не раўнуючы апосталам нацыі…

Такім чынам, цяпер мы знаем наступнае. К.Міцкевіч падчас настаўнічання ў Пінкавічах меў цёплыя стасункі з сям’ёй мясцовага шматдзетнага царкоўнага старасты. У 1905 г. пахрысціў яго сына, які падчас Другой сусветнай вайны служыў пры немцах у самаахове і савецкай уладай быў за гэта расстраляны. Неўзабаве памёр і Лой-бацька. Паколькі на сем’і царкоўных служкаў савецкая ўлада ўскладала вялікія, часта зусім непамерныя падаткі, то такой долі, відавочна, не пазбеглі і Лоі (тут мог наўпрост спрычыніцца і фактар сына-паліцая). З улікам гора, якое навалілася на маці – Людмілу Кандратаўну, яна вырашыла звярнуцца да народнага паэта Якуба Коласа па дапамогу (праўда, дыпламатычна не раскрыла ўсёй жыццёвай рэчаіснасці). І не памылілася. Якуб Колас як чалавек незвычайнай дабрыні, не спужаўшыся магчымых наступстваў сяброўства з царкоўным старастам, да таго ж "заходнікам", дапамогу аказаў. Паэт і на той час дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, па ўсім відаць, замовіў сваё важкае слова за Лояў перад уладай, у нейкай канкрэтнай уплывовай інстанцыі. Ад падаткаў сям’я была вызвалена, але толькі на адзін год.

Тое-сёе па-ранейшаму патрабуе дадатковых даследаванняў – і праз пошук успамінаў, якія маглі перадавацца з пакалення ў пакаленне палешукамі, і праз далейшае вывучэнне дакументацыі, звязанай з жыццём Якуба Коласа. Перадусім варта верыфікаваць і наяўныя дадзеныя, бо некаторыя звесткі ў крыніцах разыходзяцца. У прыватнасці: колькасць дзяцей у сям’і Лояў, імя Коласавага хрэсніка, дый лёс духоўнага сына паэта трэ было б удакладніць, бо павінны ж застацца дакументы суда і прысуду. Цікавасць уяўляе таксама, куды і як звяртаўся паэт, каб скласці пратэкцыю Лоям. Думаецца, у ходзе пошукаў гісторыя стасункаў Якуба Коласа ў Пінкавічах пашырылася б, узбагацілася б, дадала б чарговыя штрыхі ў партрэце не толькі як літаратурнага класіка, але і ўвогуле як вялікага чалавека-гуманіста.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (27.10.2012) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2016 | Тэгі: Люсіна, Ганцавіцкі раён, Якуб Колас, Пінкавічы, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.