Чацвер, 25.04.2024, 04:23

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

“Як рацэ яе лілеі, дораг мне бацькоўскі кут…”
Ён нарадзіўся 19 жніўня 1946 года ў вёсцы Малыя Круговічы. Як і ў большасці дзяцей пасляваеннага часу, яго маленства было няпростым. Галодныя пасляваенныя гады былі непараўнальна меншым няшчасцем для хлопчыка, чым страта маці. Пазней паэт прызнаваўся: "Успомніць бы матчыны вочы, згадаць бы, хто хлеба даваў". Але сваякі і аднавяскоўцы не далі ў крыўду Віцю. Прытулак ён знайшоў у сям’і дзеда Сцяпана. Выхаваннем будучага пісьменніка займаліся, па яго ўспамінах, цётка Альжбета ды настаўнікі роднай Круговіцкай сярэдняй школы.

Віктар Гардзей

Яго творчасць распачалася ў 70-ыя гады мінулага стагоддзя і доўжыцца па сённяшні дзень. Першы свой твор, апавяданне "Памылка", Віктар Гардзей напісаў яшчэ вучнем у 1963 годзе. Але далей працяглы час творчыя задаткі пісьменніка выяўляліся часцей у паэзіі. У плённы перыяд 1970-90-ых гадоў Віктар Гардзей выдае больш дзесяці зборнікаў, сярод якіх — "Касавіца", "Засевак Радзімы", "Незабудкі азёр", "Верасное палясоўе" і іншыя.

Варта сказаць, што і прафесійная дзейнасць Віктара Гардзея спрыяла яго актыўнаму ўдзелу ў развіцці беларускага пісьменства. Ён працаваў спачатку ў ляхавіцкай раёнцы, потым — у роднай ганцавіцкай, дзе на развіццё мастацкіх здольнасцей пісьменніка неацэнны ўплыў аказаў яго старэйшы калега і літаратурны настаўнік Васіль Фёдаравіч Праскураў. Завочна закончыўшы факультэт журналістыкі БДУ, Віктар Гардзей у пачатку 1980-х пераязджае ў Мінск, дзе працуе на розных пасадах у часопісах "Родная прырода", "Полымя", "Вожык", "Маладосць", у выдавецтве "Мастацкая літаратура".

Самі назвы кніг паэзіі сведчаць пра адданасць аўтара радзіме. Ён не толькі выяўляе сваю еднасць з бацькоўскім краем, але вядзе шчырую размову з ім, ганарыцца сваімі патрыятычнымі пачуццямі: "Я — тут! Я — ваш! Я — ёсць!".

Яшчэ адной адметнай рысай гардзееўскай лірыкі з’яўляецца замілаванасць краявідамі малой радзімы, многія яго творы напісаны менавіта на рэгіянальным матэрыяле Берасцейшчыны. У сваіх вершах паэт звяртаецца да вясковага пейзажу з яго тыповымі для Палесся разгалінаваннямі: лясным, рачным, лугавым. Аб гэтым выразна сведчаць назвы твораў: "Крыніца булькае бруіста…", "Так зелена поле рунела…", "У пушчы", "Свіцязь", "Слёзкі лугавыя", "Малінавае лета", "Незабудкі азёр", "Лотаць". Акрамя пачуцця захаплення пейзажамі Ганцаўшчыны, адметнасцю пейзажнай паэтыкі з’яўляецца адзінства аўтара, лірычнага героя з акаляючым асяроддзем — жывёльным і раслінным светам прыроды. Прылёт буслоў, сімвалаў беларускага Палесся, на думку паэта, нясе землякам толькі шчаслівыя імгненні: "будзь хлебны год, будзь ураджайны!". Лірычнаму герою вершаў Віктара Гардзея прыемна ўсведамляць свае гарманічныя ўзаемаадносіны з прыродай. Зязюля яму прадказвае ўдачу, а, у сваю чаргу, лірычнаму герою радасна слухаць перапёлачку ў "зялёнага жыта разлівах". Ён аберагае гняздо жаўранкаў, не дазваляючы там сабе, згодна з павер’ем, загаварыць ці пасмяяцца, каб не выдаць малечу кажану: "гнязду дабро вяшчую".

Паэт вёскі, Віктар Гардзей звяртаецца ў сваёй творчасці іншы раз і да гарадскога, ці ўрбаністычнага пейзажу ("Брэсту", "Петрыкаў", "Кожны мур, які народ агораў…"). Пераважна гэта вершы грамадзянскага гучання, у якіх творца па-мастацку асэнсоўвае традыцыйныя каштоўнасці савецкага ладу жыцця, часцей — гераічнае мінулае Радзімы. Брэст у свядомасці Віктара Гардзея асацыіруецца з легендарнай крэпасцю і яе мужнымі абаронцамі, а таму яго прысвячэнне гораду напоўнена ўзнёслым, урачыстым настроем:
У крэпасці магілы
пабрацімаў,
Што падалі на Захад
галавой,
Каб тут стаяў ты
тварам да Радзімы,
Брэст — пагранічнік,
працаўнік, герой!
Не абышоў Віктар Гардзей і пашыраную ў паэзіі філасофскую тэму. Раннія вершы паэта з Палесся напоўнены верай і перакананнем у неўміручасць Зямлі і чалавецтва, пераемнасць пакаленняў, неабходнасцю кожнага з нас пакінуць свой стваральна-гуманістычны след.

У пазнейшых вершах паэта выразна выяўляюцца яго духоўныя прыярытэты і каштоўнасці. Паэтычныя "прароцтвы" Віктара Гардзея знаходзяцца пераважна ў рэчышчы агульнаграмадскага непакою за будучыню Бацькаўшчыны, часцей — трывогай за экалагічны стан беларускага Палесся. Ці не ў кожным са зборнікаў паэта 1980-90-ых гадоў можна знайсці з дзясятак вершаў згаданай тэматыкі ("Прадчуванне пустыні", "Родная зямелька журыцца ў бядзе…", "Уцякаюць лясы ад мяне…", "Натапырыў шэры заяц вуха…"). Вось, напрыклад, характэрныя радкі гардзееўскіх вершаў экалагічнай тэматыкі:
Будуць дзюны і барханы
І аазіс пры вадзе.
На балоты несціханы
Наступ тэхнікі ідзе.
Талент пісьменніка заззяў новымі фарбамі пасля з’яўлення ў друку ягоных апавяданняў, аповесцей, раманаў, якія склалі кнігі "Дом з блакітнымі аканіцамі", "Карані вечнага дрэва", "Уратуй ад нячыстага" і інш. Героі гэтых твораў і хлопчык-сірата пасляваенных гадоў, і нашы сучаснікі, якім неабыякавы лёс краіны, яе будучыня, і тыя, хто перашкаджае паступальнаму руху грамадства.

Творчасць паэта дае нам падставы думаць, што Віктар Гардзей ніякім чынам не быў трывала заангажаваны савецкай сістэмай каштоўнасцей і заўсёды пакідаў за сабою права на выяўленне індывідуальна-аўтарскіх адметнасцей. Спадзяёмся, што Віктар Канстанцінавіч парадуе землякоў яшчэ не адной кнігай шчырых, арыгінальных і высокамастацкіх вершаў і прозы, таму што "не пагасне язычніцкі Зніч, яркі бляск асвятляе загоны. На пагорках маіх Кругавіч Дабравестам царкоўныя звоны".
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (17.08.2012) | Аўтар: Ліка ЯНІЦКАЯ-Савецкае Палессе
Праглядаў: 2558 | Тэгі: Віктар Гардзей, Ліка Яніцкая | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.