Чацвер, 25.04.2024, 12:19

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Міхась Яніцкі

Журналіст, публіцыст і пісьменнік
Сёлета 25 жніўня Васілю Фёдаравічу, аднаму з першых журналістаў Ганцаўшчыны, які пачынаў супрацоўнікам, а потым працяглы час рэдагаваў (1966 — 1987 гг.) раённую газету, споўнілася б 85 гадоў.

Ha Палессі Васіль Праскураў апынуўся ў пяцідзясятыя гады пасля дэмабілізацыі з арміі. З гэтага часу Ганцаўшчына стала для яго другой радзімай.

Васіль Праскураў, Василий Проскуров
Васіль Праскураў на ганку рэдакцыі
газеты "Савецкае Палессе"


У цяжкія пасляваенныя гады хлопцу не было куды дзявацца, як прыехаць да сястры Ганны на Палессе, бо бацькі на роднай Віцебшчыне памерлі. Нарадзіўся ён у сям'і лесніка ў 1926 годзе на Дубровеншчыне і быў пятым дзіцем пасля чатырох дачок. Дзіцячыя і юнацкія гады далі для яго далейшага лёсу самы каштоўны скарб — уменне выконваць розную сялянскую работу і ўсведамленне таго, што без працы ў жыцці нічога не дасягнеш. I ў вучобе ён заўжды быў максімальна патрабавальны: у школе кожны клас Васіль заканчваў з пахвальным лістом, а факультэт журналістыкі БДУ — з чырвоным дыпломам. Прафесійная будучыня Васіля Фёдаравіча, хутчэй за ўсё, была прадвызначана ўжо ў дзяцінстве. Яго творчыя здольнасці знайшлі ўвасабленне ў публікацыях піянерскіх газет краіны. Гэта былі вершы, за якія юны aўтар атрымаў першыя ганарары. Нават вучоба ў Брэсцкай гандлёва-кааператыўнай школе і прэстыжная пасада старшыні мясцовага райспажыўсаюза не паўплывалі на лёсавызначальнае прызванне Васіля Праскурава быць Творцам. З 1958 па 1962 гг. ён — супрацоўнік ганцавіцкай "Сялянскай праўды".

Найбольш здольнасці Васіля Фёдаравіча як асобы дзейснай і творчай выявіліся падчас больш чым 20-гадовай працы рэдактарам "Савецкага Палесся". Па-першае, гэта былі значныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці. Ягоная працаздольнасць, уменне арганізаваць і згуртаваць калектыў рэдакцыі да плённай працы, урэшце, любоў да людзей далі свае вынікі — ганцавіцкая раёнка стала адным з лепшых перыядычных выданняў у рэспубліцы. Пра гэта сведчаць больш за 50 дыпломаў, атрыманых "Савецкім Палессем" за перамогі ў творчых конкурсах не толькі ў рэспубліцы, але і ў былым СССР.

Васіль Фёдаравіч уважліва ставіўся да падбору кадраў, а калі ўжо маладыя журналісты траплялі ў газету, рэдактар па-бацькоўску апякаў іх, пеставаў і развіваў іх таленты, радаваўся творчаму росту.

Разам з Васілём Праскуравым пачынапі Віктар Гардзей і Анатоль Сідарэвіч. Вучнямі Васіля Фёдаравіча лічаць сябе Мікола Антаноўскі, Кастусь Мохар, Віктар Каўко і многія іншыя, каму пашчасціла працаваць са старэйшым калегам. Большасць з іх знайшлі сябе на літаратурнай ніве, сталі вядомымі ў рэспубліцы і за яе межамі пісьменнікамі.

Вучыцца маладым было чаму ў галоўнага рэдактара. Ён сам любіў мастацкае слова, асаблівую ўвагу надаючы сакавітай, з багатымі фальклорнымі вытокамі роднай мове. Пяру пісьменніка належыць восем зборнікаў нарысаў, апавяданняў і аповесцей, дзякуючы якім Васіль Праскураў стаў адным з найбольш вядомых публіцыстаў рэспублікі. Кніга "Пакланіся зямлі-карміцельцы" ў 1982 годзе была адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР імя П.М.Лепяшынскага. Большасць яго зборнікаў прысвечаны Палессю і нашым землякам, якіх Васіль Праскураў любіў за іх шчырасць, ветлівасць, гаспадарлівасць і адданасць народным традыцыям.

Васіля Фёдаравіча добра ведалі і беларускія пісьменнікі, а многія з іх з задавальненнем наведвалі рэдакцыю газеты і яе гасціннага гаспадара. Сярод гасцей "Савецкага Палесся" былі Ніл Гілевіч, Яўгенія Янішчыц, Аркадзь Куляшоў, Сяргей Грахоўскі і многія іншыя.

Васіля Праскурава вылучала не толькі фантастычная працаздольнасць, але і яе натуральны спадарожнік — імкненне да самаўдасканалення. У аўтабіяграфіі ён напісаў, што ўсё напісанае — гэта толькі "трэніровачныя ўзоры". Марыў Васіль Фёдаравіч "не напісаць, а вышыць на паперы". Такая сціпласць журналіста зразумелая: ён імкнуўся дасягнуць вышынь не толькі ў прафесійнай дзейнасці, у публіцыстыцы, але і ў высокамастацкім прыгожым пісьменстве. Што ж, Васіль Фёдаравіч Праскураў дасягнуў і гэтай мэты. Яго вучні спаўна выявілі творчы патэнцыял Настаўніка, прымусіўшы гаварыць пра Ганцаўшчыну як адметны літаратурны куток Беларусі.
Катэгорыя: Міхась Яніцкі | Дабавіў: admin (09.09.2011) | Аўтар: Міхась ЯНІЦКІ-Савецкае Палессе
Праглядаў: 3835 | Тэгі: газета Савецкае Палессе, Літаратурная Ганцаўшчына, Васіль Праскураў, Міхась Яніцкі | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 10
Гасцей: 10
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.