Пятніца, 19.04.2024, 18:31

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Падзел Беларусі ў асэнсаванні паэтаў Заходняй Беларусі
Як дзяльба беларускіх тэрыторый не ўзнікла ўпершыню ў рамках савецка-польскай вайны 1919-1920 гг., так і тэма падзелу і гандлю імі ў мастацкай літаратуры не запачаткавалася менавіта тады. Беларусь перакройвалася і напярэдадні, і падчас Першай сусветнай вайны. Рыжскі мірны дагавор з яго вынікамі толькі падвёў рысу папярэдняга гістарычнага развіцця, якое заклала, такім чынам, перадумовы распалавіньвання Беларусі.

Паэзія, якая валодае правідэнцыялісцкай функцыяй, пачала асэнсоўваць гэты драматызм задоўга да ваеннай барацьбы за Беларусь паміж усходнім і заходнім суседзямі. У беларускай літаратуры Янку Купалу небеспадстаўна называюць нацыянальным Прарокам. Абапіраючыся на вопыт гістарычнага развіцця беларускага народа, ён яшчэ да Першай сусветнай вайны, якая надала імклівасці нацыянальным рухам, у прадчуванні, што чакае яго няспелую нацыю, выказваўся — пэўна, ёмка і часам жорстка. Эмоцыі паэта былі скіраваны супраць усходняга і заходняга суседзяў Беларусі. Менавіта Янка Купала заклаў падмурак такой рэцэпцыі падзей на Беларусі, запачаткаваў стылёва-вобразныя падыходы ў паэзіі да раскрыцця азначанай тэмы. Купалаўская традыцыя ў той ці іншай ступені знайшла адбітак у творчасці многіх паэтаў, хто вершаваным чынам выказваўся пра расцягванне беларускай зямлі. Поруч з Янкам Купалам (у раскрыцці гэтай тэмы таксама) знаходзіцца Якуб Колас. Акрамя таго, абавязкова трэба назваць імёны Змітрака Бядулі, Уладзіміра Дубоўкі і Алеся Дудара, чые творы — абурэнні падзелам гучалі мацней за іншых і сёння маюць водгулле, пра якое марыў у адным са сваіх вершаў Якуб Колас.

Яшчэ пэўны час беларускі літаратурны працэс не раздвойваўся з прычыны падзелу краіны паміж востра варагуючымі дзяржавамі. Яскравым сведчаннем таму — выхад кніг беларускіх пісьменнікаў, якія жылі па савецкі бок мяжы, у Вільні на працягу першай паловы 1920-х гг.

Найбольш гучныя прыклады вершаў пра падзел Беларусі ў 1921 г. сёння шырока вядомы. Усе яны належаць паэтам, якія засталіся па савецкі бок мяжы. Аднак гісторыкі літаратуры абмінаюць увагай рэакцыю, укладзеную ў вершы тых, хто застаўся на падуладнай Польшчы тэрыторыі.

Трагічная сітуацыя падзелу Беларусі, калі ніводная з дзвюх уладаў не ўспрымалася як родная, падштурхоўвала многіх беларускіх інтэлігентаў да эміграцыі, у якую, аднак, рэальна можна было падацца толькі з акупаванай Польшчай часткі беларускай краіны. З гэтай прычыны паэты-эмігранты намі разглядаюцца як "заходнікі".

Адным з першых, хто адгукнуўся на рыжскі падзел Беларусі, стаў Ігнат Дварчанін. Прычым робіць гэта, імаверна, падчас саміх перагавораў у Рызе.

Ігнат Дварчанін
Ігнат Дварчанін

Свае грамадзянскія эмоцыі паэт адрасуе не толькі беларускаму народу (як у іншых вершах), але і яго "асвабадзіцелям", каб ведалі, "што й мы жывем, што хочам жыць":
Чаго прыйшлі да нас? Чаго вам трэба?
Нас вызваляць? Асвабаждаць?
Свабоды вашае не просім мыі ад Неба,
Яе і ворагам нярадзім знаць.
("Асвабадзіцелям", 1921)
Паэт верыць у лепшую будучыню для "роднай старонкі":
Ня вечны груганы ліхія.
Сатрэ іх вольная стыхія...
("Пад небам Лацвіі", 1921)
На прыкладзе творчасці І.Дварчаніна яшчэ раз можна пераканацца, што вобраз купалаўскіх груганоў, якія наляцелі ледзь не на мёртвае цела Беларусі, дастаткова тыпізаваўся, ахапіўшы ўвесь беларускі край, і не патрабаваў расшыфроўкі.

Гальяш Леўчык у сваім вершы не называе, хто зняволіў яго народ, але кажа пра ўсіх беларусаў, а не толькі пра заходнюю частку краіны:
Беларусам з горкай доляй
Цяжка у няволі жыіць.
Ўжо год сёмы, як з кайданоў
Нельга вырваць рук і ног, —
За што ж столькі мук і гора
Шле нам міласэрны бог?..
("Стогнуць, енчаць лес і горы...")

Гальяш Леўчык
Гальяш Леўчык

Паэт у самім вершы ўказвае, колькі часу прабывае яго народ у зняволенні — "год сёмы". Арыентуючыся на пачатак Першай сусветнай вайны і пачатак нямецкай акупацыі, лёгка падлічыць, што верш узнік у 1921 ці ў 1922 г., г.зн. твор стаў свежым водгукам на Рыжскі дагавор і гвалт над Беларуссю.

Аналагічныя перажыванні Г.Леўчык выяўляе і ў іншых вершах, робячы акцэнт на больш надзённым для яго польскім нацыянальным прыгнёце:
Не нам, беларусам, не нам
Паном ці чужынцам служыці!
(...)
Не нам, беларусам, не нам
З сваімі людзьмі калаціцца
I польскім ці іншым панам
Ў батрацкую службу згадзіцца.

("Не нам, беларусам, не нам...")
Між тым бачна, што аўтар "чужынцамі" называе не толькі на той момант непасрэдных сваіх непрыяцеляў — "польскіх паноў”, але і паноў "іншых", не маючы неабходнасці ва ўдакладненні, таму што верш быў разлічаны перш за ўсё на заходнебеларускі дыскурс.

"Камертон заходнебеларускай паэзіі" "у плане сацыяльна-гістарычным і надзённым" Уладзімір Жылка, як і I.Дварчанін, таксама выехаў у Чэхаславакію на вучобу, аднак душою быў знітаваным з радзімай, з яе культурным жыццём. Яго лірычная творчасць бруілася ў агульнабеларускім рэчышчы і цалкам упісвалася ў кантэкст лірыкі маладых паэтаў Беларусі.

Уладзімір Жылка
Уладзімір Жылка

Таму перажыванні і У.Жылкі аб падзеле сваёй краіны, як і іншыя сацыяльна-паэтычныя рэфлексіі і пачуцці, мелі відавочную пераклічку з творамі, якія ставяцца гісторыяй побач, паралельна. Так, верш "Каваль" (год невядомы, але можна меркаваць, што якраз першай паловы 1920-х гг.) мае ноткі, перанятыя ў Якуба Коласа і Янкі Купалы, што адчуваецца не толькі ў творчай манеры, але і перш за ўсё ў лексіцы (што відаць нават NB па назве):
Падзялілі чужаніцы,
У няволі старана...
Як бачым, паэт ледзь не паўтарае словы Якуба Коласа ("Нас падзялілі — хто? Чужаніцы..."). Жылкаў вобраз, праўда, не з тых Коласавых "кавалёў другіх", якія куюць "ланцуг той самы" — наадварот ён куе меч на змаганне, каб прагнаць "крыўдзіцеля, ворага". А гэта значыць, што гэта якраз той, хто "долі сваёй каваль", убачыць якога заклікаў Якуб Колас беларускі люд у самім сабе. У гэтым назіраецца і свайго роду дыялагічнасць паэтаў на балючую для абодвух тэму. Як зазначыў Уладзімір Калеснік: "Уладзімір Жылка не паўтараў класікаў, а імкнуўся прадаўжаць іх, скарыстоўваючы вопыт заходнееўрапейскай і славянскай літаратур". Што датычыцца грамадскіх падзей, то, на думку У.Калесніка, паэзія У.Жылкі з імі карэлюецца "апасродкавана, праз сістэму вобразаў-сімвалаў і ўмоўных асацыяцый”, характарызуецца "рамантычнай універсалізацыяй настрояў, роздумаў, ацэнак, глабальнай узвіхранасцю пачуццяў”.

Такім чынам, і У.Жылка не лічыць свой край вольным. У вершы "Дзед" (1921) яго лірычны герой ужо "паглядае за вёску ён (...) туды (...) дзе спачыне ад бяды",
Ды, хоць стары, а думку
Гадуе ўсё адну:
Хоць перад смерцю ўбачыць
Свабоднай старану.
Таму паэт і складае "Гімн беларускіх паўстанцаў", які пачынаецца з закліку да барацьбы:
Час, Беларусы, ўжо час —
Маці-Краіна нас кліча.
Устанема дружна, ураз —
Сіл нашых вораг не зліча.

(год невядомы, але да 1925 г.)
Прычым савецкія цэнзары разумелі, што грамадзянскі пафас паэзіі У.Жылкі скіраваны ў тым ліку супраць "турмы народаў" — "Расеі" — і мінулай, і бальшавіцкай, таму і вырэзвалі яшчэ нават на закаце СССР антырасійскія радкі паэта (з паэмы "Уяўленне").

"Нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, падзел Беларусі на Усходнюю і Заходнюю, якія апынуліся ў розных дзяржавах ("Пакута падзелам. / Па беламу целу / Знаком ад нажа / Крывавіць мяжа”), паэт з падкрэсленай верай і аптымізмам глядзеў на пошукі беларусамі свайго гістарычнага лёсу, увасабленне ідэі гарманізацыі народнага жыцця",—заключае сучасны даследчык Мікола Мікуліч.

Блізкасць, тоеснасць, пераклічка матываў, вобразаў, тропаў у творах розных беларускіх паэтаў тагачасся даходзіла да таго, што сучасныя даследчыкі блыталіся ў аўтарстве вершаў. Так, ці не самае свежае выданне вершаў У.Жылкі — "Матылі" —утрымлівае тры страфы (першую, шостую і сёмую) з Коласавага верша "Беларускаму люду". Прычым пошукі выявілі, што памылка закралася раней. Прынамсі яна ўжо знайшла месца ў выданні, укладанне і прадмова ў якім належаць аўтарытэтнаму даследчыку заходнебеларускай паэзіі У.Калесніку. Трэба заўважыць, што прыпісаць выбітнаму літаратуразнаўцу такую прыкрую памылку не выпадае: прафесара У.Калесніка на час выхаду ўказанага выдання другі год не было на свеце. Відаць, адбыцца памылцы дапамог нехта з тых, хто меў рэдактарскае, карэктарскае ці то проста нават тэхнічнае дачыненне да выхаду кнігі. У ранейшых выданнях У.Жылкі (”На ростані", 1924; "З палёў Заходняй Беларусі", 1927; "Творы. Да 20-х угодкаў смерці", 1955; "Вершы", 1970; "Пожні", 1986) гэтай памылкі няма.

Старэйшы таварыш У.Жылкі, Леапольд Родзевіч таксама востра перажываў становішча роднай краіны. "Менавіта Л.Родзевіч у своеасаблівым сінтэтычным жанры паэме-сказе "Беларусь" і У.Жылка ў паэме "Уяўленне" патрапілі найпаўней выявіць той душэўны тонус, той настрой, якім жыла творчая беларуская інтэлігенцыя пад уражаннем падзелу бацькаўшчыны дзяржаўнай мяжой, зрыву адбудовы дзяржаўнасці Беларусі". Л.Родзевічу становішча Беларусі бачыцца ў змрочных фарбах:
У гразь утоптана ляжыш,
Зыходзіш кроўю з свежых ран.
Няволі паніжэння крыж
I непрагляднасці туман —
Крыніцы страшных мук Тваіх,
Мук затаённых і нямых.
I так між чалавечай цемнаты
Ты ад праступнай нематы
Гібееш на шляху разбойным.
А цені талакою збройнай
Згушчаюць цемру безадказна
I гоняць табалой працяжнай
У небыццё нявінных, закаваных
Дзяцей Тваіх, па Тваіх ранах.
I топчуць матчынае цела
Яны, сіроты, ацямнелыя...

("У гразь утоптана ляжыш...", 1922)
Аднак "нягледзячы на ахвяры, жорсткае супрацьстаянне ворагаў і нядобразычліўцаў, Русь Бела павінна абудзіцца, сцвярджаў Л.Родзевіч (...) паўстаць з небыцця, скінуць "Няволі неўразумелай крыж / I непрыгляднасці туман", якія з’яўляюцца прычынай яе "страшных мук", "мук затаённых і нямых”. Яна мусіць паверыць у свае сілы, крыкнуць "голасам мільёнаў" — "Хай здрыганецца ноч ад стогнаў, / Ад вечаў, кузьняў пойдуць рэхі!" — мабілізаваць усіх сыноў і дачок на святую справу барацьбы і адраджэння: "Хай схамянуцца Твае дзеці, / I асьвяцяць сьлязьмі уцехі / Тваё зьневажанае цела". На змену сённяшняму панураму і смутнагляднаму існаванню ў пакоры, залежнасці і прымусе павінны прыйсці актыўная, мэтаімкнёная дзейнасць, вольная, стваральная праца, шчаслівае, заможнае жыццё — у роўнасці, павазе і згодзе. "Хай згінем мы і ўсё на сьвеце, / Толькі дай голас мая Русь Бела!" — заклікаў паэт". Паводле меркавання М.Мікуліча, "паэт верыў у перспектыўнасць і выніковасць грамадска-сацыяльнага руху на Беларусі — няхай сабе і падзеленай цяпер на Усходнюю і Заходнюю ("То-ж адабралі, глумяць Жалейку. Крывавым штыхом распаловілі безабаронную, працоўную Сямейку..."), у яе нязменнае адраджэнне і росквіт, заклікаў сваіх патэнцыяльных прыхільнікаў і аднадумцаў, патрыётаў Радзімы, адолець усе цяжкасці і перашкоды, якія выпадуць на іх шляху, на гістарычным шляху паступальнага ўзыходжання народа да сваёй адвечнай мэты”. Тым не менш матывы смутку ў зборніку Л.Родзевіча "Беларусь" пераважалі. Пра гэта сведчыць і верш з красамоўнай назвай "Роспач" (цытаваны ў прыведзеным апошнім урыўку з працы М.Мікуліча). Нямала месца ў ім адводзіцца роздуму пра тагачаснае становішча Беларусі:
А кругом каркаюць, што не ўваскросшы згінеш,
што мову матчыну ў забыцьцё кінеш.
А кругом дужыя, ляскаючы клыкамі,
рвуць сквапна цела кускамі: —
Няміга, Люблін і Рыга —
Калі скрыша іх вясны крыга!
(...)
Па Краіне працы і задзерванелай
значан сьлед крывавы ўладарнага Глуму.
Славу здратавалі!
Замест неба — клетка каваная з сталі.
Трэба сказаць, што верш напоўнены не толькі роспаччу. Яго лірычная кампазіцыя з кожным радком дамешвае гневу, завяршаючыся выклікам-надзеяй на незалежнасць Духу Айчыны.

Часам паэтычныя настроі Л.Родзевіча адкрыта і ўпэўнена заклікаюць: "Беларусь... парві пута Ты чужацкае, будзь дзяржаўная, гаспадарская" ("Беларусь мая мужыцкая..."). Аўтару прымройваецца родная краіна роднай уключна з усімі яе прасторамі:
Устаюць, устаюць, гудуць раямі.
Ударнымі хвалямі шыраць круг берагоў
аж за Дзьвінск, за Палескія разлогі,
пад Смаленск, пад Бугруйнуючы астрогі.

("Ідзе ўцьме...")
Л.Родзевіч лаканічна, але змястоўна абазначыў этнічную тэрыторыю Беларусі, волі якой ён прагнуў. Назваў і тых, хто накінуў на яе "пута чужацкае": калі сінтэзаваць усе вершы, гэта — Польшча і Расія, а таксама Літва і Латвія, якія паквапіліся на беларускія этнічныя землі. Гэтым самым апярэдзіў У.Дубоўку, які ў падобным кантэксце падаў пералічаныя дзяржавы, абмінуўшы, як і Л.Родзевіч, Украіну.

Увосень 1925 г. Л.Родзевіч пераязджае ў Савецкую Беларусь. Увачавідкі змяняецца танальнасць яго паэзіі. Хаця яшчэ ў 1928 г. мы бачым асуджэнне з-за падзелу Беларусі абодвух бакоў:
Вынеслі раз пастанову
Даць святочную абнову
Для батрачкі Беларусі.
Апраналі так і гэтак
На манер яе суседак —
То завяліка, то душыць.
Клікнулі краўцоў з усходу,
Навярнула іх з заходу —
Дагадзіць ніхто не можа.

("Вынеслі раз пастанову")
Аднак ужо ў гэтым вершы лірычны сюжэт атрымлівае адпаведную савецкай палітычнай кан’юнктуры развязку:
А купец-брухач зусходу,
Шляхціч-махціч аж з заходу
Фігу з’елі такжа жвава.
Бо рабочы быў ёй мілы.
З ім навек саюз зрабіла
Дзеля шчасця, добрай славы.
Бачна, што погляды Л.Родзевіча тым часам змяняюцца ў бок сімпатыі да камуністаў. Па прыездзе ў Савецкую Беларусь незалежніцкі голас "заходнікаў" пазбаўляўся антысавецкіх матываў. А калі ўздымалася тэма падзелу, то інвектыўнасць твораў скіроўвалася толькі супраць панскай Польшчы.

Яскравым прыкладам таго, як патрэбна было па-савецку раскрываць гэту тэму, з’яўляецца "Хрэстаматыя рэвалюцыйнай літаратуры Заходняй Беларусі" (Менск 1933), у якой сабраны, як сказана, "лепшыя творы заходнебеларускіх рэволюцыйных пісьменнікаў". Адкрываецца яна менавіта вершамі Л.Родзевіча. Відавочна, што сабраныя ў хрэстаматыі творы прайшлі скрупулёзнае цэнзурнае сіта. Некаторым з іх, тым не менш, пакінулі двухсэнсоўныя кропкі як намёк на пэўную ідэалагічную нявытрыманасць, выяўленую цэнзурай:
………………На Ўсходзе
Воля пануе і шчасьце:
Там мае ўладу Праца,
А ня прыгнёт і Багацьце.
(...)
Такімі глыбокімі межамі
Беларусь перарэзаў лёс,
Заліўшы заходнія гоні
Морам крыві і сьлёз...
(В.Таўлай, "урыўкі з поэмы" "Непераможная" (Грамада), 1928)
Аднак прывабіць бальшавіцкай прапагандай ці пераманіць у Савецкі Саюз удалося далёка не ўсіх. Многія не давяралі абяцанкам бальшавіцкай палітыкі. Таму голас абурэння падзелам Беларусі гучаў і надалей. Больш таго, да яго далучаліся і тыя, для каго дзейнасць на паэтычнай ніве не была асноўнай.

Кастусь Езавітаў вядомы больш як палітык і вайсковец. У сярэдзіне 1920-х гг. яго біяграфія ўзбагацілася і паэтычнай старонкай, якая адлюстравала грамадзянскую пазіцыю аўтара, які тым часам займаўся культурна-асветнай дзейнасцю ў Латвіі, востра перажываючы адсутнасць цэласнасці Бацькаўшчыны.

Кастусь Езувітаў
Кастусь Езувітаў

Нявыключана, што каталізаваліся лірычныя настроі К.Езавітава турэмным кантэкстам (прынамсі сам аўтар пазначае месцам стварэння некаторых твораў "Рыжскую Турму").
Укуце больш ня маю бажніц, —
Мапа там. А на ей — Беларусь.
Ёй аднэй я цяперка малюсь,
Перад ей штодня падаю ніц.
Прад вачыма маіма абшар
Скатаванай, згвалчонай Зямлі...
Незасохшыя лужы крыві...
Панаваньня чужынцаў цяжар...
З паўначы на паўдзень, як злы гад,
Працягнулась падзелу мяжа...
Дрот калючы... Слупы дзяляжа...
Штыхі... Уціск... Чужацкі салдат...

("У куце больш ня маю бажніц!", снежань, 1925)

Абкрадаюць нас ўсе! Ташчуць кожды ў свой бок!
За нажывай да нас едзе ўсяк!
Ў гаспадарку сваю, беларус, зрабі крок!
Пакажы ўсім чужынцам кулак!

("На лясных складах у Рызе", 12.051926)

На пяць кавалкаў Народ наш пабіты,
Падзёрта Зямля на шматкі-берагі!

("Марш Адраджэнца", 10.02.1925)
Пакідаючы па-за ўвагай мастацкі ўзровень вершаў К.Езавітава, хацелася б адзначыць іх ідэйнае сугучча з творамі многіх іншых паэтаў па абодва бакі мяжы. Яго вершаванае слова, бадай, не несла навізны на гэты конт, пацвярджаючы, тым не менш, супадзенне ў грамадзянскіх пазіцыях паэтаў і нават у сродках выяўлення тых пазіцый. Асабліва часта сустракаецца маркіраванне тых, хто дзяліў Беларусь, чужынцамі, што знаходзіцца і ў К.Езавітава.

Варта адзначыць інтанацыю заклікаў, якая прысутнічае за некаторым выключэннем, ва ўсіх вершах гэтага аўтара. Напрыклад, кажучы, што "абманулі нас ўсе", паэт справядліва бачыць выйсце ў самастойнасці дзеянняў народа:
Паратунак сабе ты сам дай!
Аб злучэньні усіх,
Аб дзяржаве слабых,
Дзень і ноч, ноч і дзень —
Цьвёрда дбай!

("Заходняму беларусу", 18.03.1926)
Колішні вайсковец К.Езавітаў на эміграцыі ў Латвіі быў лідарам беларускага руху. Спрычыніўся ён і да выпуску паэтычнага зборніка 20 беларускіх творцаў Латвіі — "Першы крок" (1926), у якой знайшлося месца для разглядаемай тут тэмы ў вершах іншых аўтараў. Вастрыня яе актуальнасці паглыблялася эміграцыйным становішчам паэтаў.
Табе, мой край, табе, радзімы,
Я пасьвячаю песьнь сваю!
Як ты, дзялімы і цясьнімы,
I я, безхатны і ганімы,
Табе жалкую і пяю!
Так піша, звяртаючыся да Беларусі, Багдан Рык. Паэт праводзіць паралелі сваёй долі з лёсам роднага краю — "дзялімага і цясьнімага". Яго перажыванні вельмі глыбокія, бо:
Над згвалтаванай стараною
Ўчынён сьмяротны пастаноў!
Аднак змрочнасць намаляванай карціны небеспрасветная:
Дык дух мой, дух непаланёны —
I праз нашчадзьдзе адраджоны
Зьвяртае войчыну сваю!
("Бацькаўшчыне”, верасень, 1925)
А значыць, знаходзіцца надзея і на адраджэнне краіны.

Няменшыя перажыванні выказвае Пятро Сакол, які "ўсё, што мае" прыносіць у ахвяру "Роднаму Краю":
Бо спавівае дым ганебны
Твой ясна-сонечны аўтар!
(...)
Яшчэ трасець лясы, разлогі
Зямлі згнячоных крывічоў!
("Прыймі!", 04.07.1925)
Называючы "сьвятой справай" "рух, што ськідае чужацкі прымус", заклінае "таргашоў" адысці, "ад нашага шляху", бо "не за сала (...) пакладае жыцьцё беларус!" ("Адыйдзіце", 20.02.1926).

Выйсці "сьмела і вольна" заклікае беларуса яшчэ адзін беларускі паэт Латвіі Віктар Вальтар, аргументуючы тым, што ,суседзі гатовы распяць і паставіць на ўсім вечны крыж" ("Покліч сялянскага сына", 23.09.1925).

Крыху незвычайна глядзіцца ў шэрагу аўтараў-мужчын "Першага кроку" Валянціна Казлоўская — ці не адзіная паэтка, якая адгукнулася на тэму падзеленасці Беларусі. Але яна не выбіваецца з агульнага ідэйнага і стылёвага рэчышча. Яе вершы пранікнутыя вераю ў тое, што "мазольныя рукі і моцныя грудзі" беларуса "асілюць чужацкі прымус" ("Заўсёды гатова", май, 1926). "Айчыну вырваць з кіпцяў" ("Дай руку брат!" 24.11.1925) — мэта, якой прагне не толькі паэтка. На яе думку:
I сонца, і зоры ўжо кажуць: "Прымус
Чужацкага ськіньце прыгону!"

("Да працы!", 20.12.1925)
Казімір Сваяк, у творчасці якога асэнсаванне дзяльбы Беларусі паміж усходнім і заходнім суседзямі праявілася яшчэ да факту самога падзелу, на гэтую тэму выказваўся сціпла, хутчэй аказіянальна, у шырэйшым тэматычным кантэксце:
Усход-Заход заспорылі над намі,
Вучыць бяруцца Дом той будаваць:
Завуць нас ветліва, ледзь толькі не братамі,
Сваім дабром гатовы частаваць...

("Айчыны будаўнічым наёмным, 1924)
Казімір Сваяк
Казімір Сваяк

Цяжка хворы, паэт заставаўся нязломным духам, верачы ў шчаслівейшую долю Беларусі. Нібыта пераняўшы паэтычнае прамаўленне Казіміра Сваяка, пасля яго адыходу ў лепшы свет, у самым канцы 1920-х гг. загучала ліра яшчэ аднаго паэта-святара — Вінцука Адважнага, які таксама марыць пра "дом родны свой".
Ды, Божа ж мой!
Сусед пазнаў:
Нам волю адабраць жадаў.
(...)
Ваду змуціў,
А ў той вадзе
Расставіў сетачкі свае:
Народ зблудзіў,
Аслеп, змадзеў,
Сябе забыў і абгалеў...

("На 25 Сакавіка", 1932)
Не выбіваліся з унісону і менш вядомыя заходнебеларускія паэты.
Па крывавай усей завярусе
Шчасьлівейшыя вольны былі,
Паддаліся той самай спакусе,
Чым тыраны-цары праслылі:
Не давалі свабоды слабейшым,
Не хацелі іх кліч шанаваць,
Царскім звычаем найганябнейшым
Пачалі ў ланцугі іх каваць...
З прагавітасьцяй страшнай, вялікай,
З ненавісьцяй заўзятай і дзікай
Карагод на’т крывавы вадзілі,
Як Ёй цела на часткі дзялілі.
Чатырнаццаць год ўжо прайшло з таго часу,
Як стогне Старонка бяз енку-галасу,
Як цяжка гаруе, цярпіць у прымусе.
Ці чуеш стагнаўшыі ў бядзе,
Беларусе!?
("25.III.1918 — 25.III.1932", 1932)
Пытае Уладыслаў Казлоўшчык, заклікаючы "Крывіцкі Народ" змагацца "За незалежнасць!", "За свабоду!". Пазбаўленым волі, закаваным, паланёным чужацкім ярмом бачыць паэт родную старонку і свой народ ("Да старонкі", "Надзея", "Здаецца", "Падыміся народ!" і інш.). Не называючы непрыяцеляў — "чужынцаў хмары" ("Наш шлях — змаганне", 1934), Уладыслаў Казлоўшчык, аднак, выяўляе строга нацыянальную пазіцыю, абумоўленую актуальнай для паэта рэчаіснасцю гістарычнага моманту ў існаванні падзеленай на часткі Беларусі.

Незалежніцкія матывы выяўляў ці не кожны заходнебеларускі паэт таго часу. А калі хто з іх закранаў тэму падзелу краіны, то адносіны да дзяржаў, якія разарвалі Беларусь, былі адназначна адмоўнымі, бескампрамісна непрымальнымі. Характэрнаю асаблівасцю вершаў (за рэдкім выключэннем), тым не менш, з’яўляецца адсутнасць канкрэтнага называння "ворагаў беларушчыны" (Янка Купала) пры большай акцэнтаванасці на становішчы роднай краіны.

З 1926 г. у ІІ Рэчы Паспалітай узмацняўся рэжым. Таму палітычны кантэкст чыста эмацыйна схіляў паэтаў на "крэсах усходніх" рэагаваць на такія змены, а з іншага боку — спаглядаць з надзеяй на ўсход, нярэдка ідэалізаваць савецкі лад і Савецкую Беларусь. Таму вершы некаторых заходнебеларускіх паэтаў пра паняволены беларускі народ ці Беларусь у цэлым датычацца толькі становішча Беларусі Заходняй, не распаўсюджваючыся на Савецкую (што відаць не столькі па тых творах, колькі па кантэксце жыццядзейнасці і творчасці). Прывядзём для прыкладу колькі ўрыўкаў з творчасці Алеся Мілюця:
Хай загіне наша гора,
Здзек, пагарда і прымус...

("З родных песень", 1930)

Сэрца беларуса
Радасна заб’ецца...
(...)
Яшчэ край наш родны
Сваё гора скіне!

("Яшчэ ўзыдзе сонца", 1930)

— Таго мы плачам, — адказалі
Бярозы ў адзін тон, —
Што край наш родны закавалі
Зноў у бяду-палон.

("Бярозы", 1930)
Як бачна, аўтар не расстаўляе акцэнты і не канкрэтызуе, хто паланіў яго родны край, але яго прасавецкія сімпатыі схіляюць да меркавання, што гнеў паэта скіраваны толькі супраць панскай Польшчы. Тым не менш і такая грамадзянская лірыка патрабуе больш тонкага, скрупулёзнага аналізу ў спалучэнні з глыбокім вывучэннем біяграфічных матэрыялаў (а тоесныя матывы знаходзяцца ў многіх "заходнікаў", якія імкнуліся пакінуць пасля сябе вершаваныя радкі; варта тут абавязкова згадаць не так даўно "адкрытага" Франука Грышкевіча, які па грамадскіх поглядах уяўляе адваротны прыклад Алесю Мілюцю).

Сімптаматычна, што тэндэнцыя да аднабокага асуджэння паэтамі-"заходнікамі" падзелу Беларусі (на карысць бальшавікоў) набірае сілу толькі ў другой палове 1920-х гг. У гэты час ужо многія творцы прыехалі ў Мінск будаваць краіну сваіх мараў. Але савецкая ўлада не забыла "нацдэмаўскія" матывы ў іх творчасці. Не забыла і пазіцыю паэтаў стасоўна падзелу Беларусі, калі аднолькавымі віноўнікамі, па іх хоць сабе і затуманена вобразных словах, выступалі абодва бакі. За гэта лірыкі паплаціліся жыццём.

Найбольш буйны паэт Заходняй Беларусі Максім Танк прыйшоў у літаратуру ў 1930-х гг., калі і раны ад падзелу сцішылі боль, і палітычныя акцэнты змяніліся.

Максім Танк
Максім Танк

Тым не менш, нягледзячы на яго рэвалюцыйнасць і прасавецкасць, сярод вершаў Максіма Танка можна сустрэць даволі нейтральныя радкі на тэму тагачаснага становішча Беларусі, што ўжо само па сабе фенаменальна:
Межы, дзе глянеш — усё межы.
Глушыцца слова і гук, —
колькі ёсьць поглядаў сьвежых,
братніх працягнуты рук.

("Межы, дзе глянеш — усё межы...", 14.03.1938)
За такімі радкамі выступае беларускі патрыёт — без нейкай палітычнай арыентацыі.

Перад далучэннем Заходняй Беларусі да СССР у 1939 г. не знаходзіцца хіба ніводанага паэта, які б асуджаў гэты акт, што па гвалту не саступае вынікам перагавораў у Рызе. Наадварот паэты і па заходні бок мяжы горача падтрымалі падзеі. Не бачачы неабходнасці рабіць поўны агляд, прывядзём даволі шэраговы, тым і паказальны прыклад прывітальнага верша, напісанага ў вераснёўскія дні 1939 г. сялянскім паэтам, ураджэнцам Дзятлаўшчыны — падпольшчыкам 1930-х гг. Васілём Струменем (Аяксандрам Лебедзевым) — "Песні пра ўз’яднанне":
Мы святкаваць заўсёды будзем
Той дзень асенні, залаты,
Калі прынеслі волю людзям
З Усходу кроўныя браты.
Мы іх сустрэлі, як жаданых,
I частавалі, чым маглі.
Адзінай мэтаю з’яднаны
Усе па-людску зажылі.
Увогуле, трэба прызнаць, заходнебеларуская паэзія па ўзроўні мастацкасці твораў на тэму падзелу Беларусі паводле Рыжскага дагавора 1921 г. прыкметна саступае аналагічным творам паэтаў Савецкай Беларусі (у першую чаргу класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа). Але важна, што, нягледзячы на ўзніклую мяжу, выказванні паэтаў па абодва яе бакі былі ўнісоннымі, тоесна гучалі ў рамках сфарміраванай на той час мастацкай традыцыі, праяўлялі агульны, аднолькавы ідэйны падыход да праблемы раз’яднанасці роднай краіны. Нават у мастацкіх сродках знаходзіцца шмат аналогій. З шырокага шэрагу найперш варта адзначыць вершы У.Жылкі, Л.Родзевіча, К.Сваяка. Беларускія паэты выступілі супраць падзелу і абодвух падзельшчыкаў. Вершаў аднабокіх па абвінавачваннях у першай палове 1920-х гг., бадай, няма. Потым акцэнты ў грамадзянскай лірыцы тэндэнцыйна змяняюцца — на карысць СССР і супраць ІІ Рэчы Паспалітай. У гэтым бачыцца вынікі больш удалай палітыкі па вырашэнні "беларускага пытання" з боку Савецкага Саюза, чым Польшчы.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (02.03.2013) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК - "БГЗ"
Праглядаў: 5399 | Тэгі: Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/10
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.