Чацвер, 25.04.2024, 17:20

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Праз прыватны выпадак – да гісторыі народа
У канцы лета 1939 г. польскі стражнік застрэліў сялянскага каня, які ўлез на яго агарод. Гаспадар каня ў адказ пагражаў стралку забойствам. Чым абярнулася для абодвух прыгода з улікам таго, што яна адбылася падчас уваходжання заходнебеларускіх зямель у склад Польшчы, высветліў праўнук уладальніка цяглавай сілы.

Пару слоў пра моду ў гістарычнай навуцы

Модная сёння гісторыя штодзённасці дае магчымасць больш блізка ўбачыць наша мінулае, адчуць яго на канкрэтных прыкладах, перажыўшы разам з продкамі пэўны час, які аддаляецца ад нас усё болей. Менавіта прыватныя здарэнні даюць магчымасць увядоміць, асэнсаваць праўду жыцця дзедзічаў з таго ці іншага перыяду, які ў падручніках па гісторыі можа выглядаць даволі стэрэатыпна. Пацвердзіць ці наадварот развянчаць тыя стэрэатыпы і паклікана больш пільнае ўгляданне ў справы мінулых дзён.

Агульнавядома, што з боку ўлады ў Польскай Рэспубліцы беларусы адчувалі жорсткі нацыянальны і сацыяльны прыгнёт. Фактычна заходнебеларускі селянін знаходзіўся ў панскай Польшчы на апошняй прыступцы грамадскай іерархіі. Пра гэта напісана маса літаратуры, прыведзена мноства прыкладаў. Аднак пры ўсеахопным разглядзе тых прыкладаў выяўляецца тэндэнцыйны іх адбор з мэтай паказаць беспраўнае, беспрасветнае становішча беларускага вяскоўца. 

Пры ўсёй справядлівасці азначанай тэзы пра жорсткасць польскага рэжыму стасоўна беларусаў нельга абмінаць увагай і цалкам адваротныя выпадкі: калі справядлівасць брала верх – і невінаватасць прызнавалася менавіта за беларусам. На фоне такіх прыкладаў бачыцца, наколькі сапраўды бяспраўнымі аказаліся сяляне Савецкай Беларусі, загнаныя ў калгасы з феадальнымі парадкамі.

Але зараз – якраз пра адну падобную гісторыю.

Паведамленне паліцыі

Збіраючы па архівах Польшчы матэрыялы па сваім родным куце – Вялікіх Круговічах, канечне, спадзяваўся патрапіць хоць бы на згадку каго з родных. Тым больш звесткі пра продкаў некаторых землякоў шчасціла занатоўваць рэгулярна. Такі пашэнціла! У паліцэйскіх справаздачах Архіва новых актаў (Варшава) ад 23 жніўня 1939 г. знайшоўся след, які вывеў на цэлую гісторыю. А спярша было так. 

16 жніўня 1939 г. у паліцэйскі пастарунак вёскі Вялікія Круговічы ад стражніка (па-сённяшняму лесніка) леснічоўкі ўрочышча Копань Вінцэнта Містоўскага паступіла заява. У ёй аўтар паведамляў, што ў той дзень ён памылкова забіў каня, прыняўшы яго замест дзіка. Конь належаў жыхару ўказанай вёскі Трафімуку Паўлу.

Месца, дзе адбыліся згаданыя падзеі

Наўрад ці раскаянне прывяло таго стражніка ў пастарунак. Таму што далей у сваёй заяве член лясной аховы скардзіўся што Трафімук, каментуючы справу забіцця каня ў размовах з суседзямі, пагражае Містоўскаму забойствам.

Заканчваецца паліцэйскі "мельдунак" стандартным "ідзе следства".

Некаторыя ўдакладненні і тлумачэнні

Адразу трэба зазначыць, што архіўны дакумент данёс няправільна прозвішча кругаўца (такія памылкі частыя для тагачасся). Як сходу падумалася (паколькі такіх прозвішчаў у Круговічах ніколі не было), меўся на ўвазе Павел Трафімчык – прадзед аўтара гэтых радкоў па мужчынскай лініі (меў на то час недзе каля 60 гадоў). Селянін сярэдняй рукі, уладальнік паўвалокі (каля 10 га), на якой гаспадарыў разам з сынам Адамам (1910 г. н.), які быў да таго часу жанатым і меў чацвёра дзяцей. Як бачым нават серадняком сям’і з васьмі чалавек можна было заставацца толькі коштам неймавернай працы і стараннасці. Таму можна зразумець эмоцыі П. Трафімчыка з-за страты каня. Аднак і такога кшталту пагрозы з боку селяніна глядзяцца як яўны перабор.

Больш таго, трэба ўлічваць, што стражнік за польскім часам быў на асаблівым рахунку ва ўлады: з аднаго боку, ён знаходзіўся ў рангу калі не паноў, дык падпанкаў, а з іншага боку, ён сам уяўляў уладу, быў яе прадстаўніком на прасторах даволі вялікіх, ахопліваючы пэўны ўчастак лясных угоддзяў. Каб схадзіць у лес па ягады ці грыбы ў той час неабходна было браць спецыяльны білет, які абыходзіўся ў 2-3 злотых (часам за дзень столькі нельга было зарабіць). Ясна, што гэта плата нікому не падабалася, большасць імкнулася яе пазбегнуць. Дык вось лясная ахова ў абліччы леснікоў і егераў старалася кантраляваць насельніцтва. "Безбілетнікам" жа пагражаў штраф.

Таму на падставе апісаных акалічнасцей (пагрозаў з боку П. Трафімчыка, статуса В. Містоўскага, а таксама – што важна – напісанай заяве праз апошняга) склаўся прагноз вырашэння калізіі не на карысць селяніна. Заставалася толькі высветліць развязку, бо дакументаў пра расследаванне не знайшлося (напэўна, яны не захаваліся, так як неўзабаве пачалася Другая сусветная вайна і паперы маглі згубіцца). Але ў гэтым дапамог унук П. Трафімчыка, мой бацька, які хоць і меў тады адно два гады, але гісторыю, якая стала каларытнай старонкай сямейнага жыцця Трафімчыкаў, добра ведаў, бо пераказвалі яе яшчэ доўгі час.

Сямейны аповед

Віктар Трафімчык істотна дапоўніў развіццё падзеі, якая стала выглядаць яшчэ больш неадназначна. Перадусім распавёў, пры якіх абставінах была забіта гаспадарская жывёліна. 

Гэта быў не зусім конь. Хутчэй жарабец, яшчэ не навучаны працы. У Шчакеты (урочышча за Копанню) коней ганялі ў начное. Трафімчыкаў жарабец адбіўся ад агульнага табуна і прыцягнуўся на ўчастак В. Містоўскага. Надзел не быў добра загароджаны. Знайшоўшы магчымасць, жарабец апынуўся на градах. Ці то сапраўды цемень не дала распазнаць жывёліну, ці то стражнік потым на час сутак вырашыў спісаць сваю злосць, але стрэл адбыўся. Жарабца напавал.

Следства было праведзена. І, як паказвае вынік, не для праформы. П. Трафімчык за свае пагрозы пакараны не быў (ці калі і было нешта яму прапісана, то не істотнае, прынамсі пра гэта даўно забылі). А вось стражніку прызначылі кампенсаваць страту адзінкі галоўнай цяглавай сілы. 

Як успамінае В. Трафімчык, неўзабаве іхняя гаспадарка папоўнілася стражнікавымі каровай і цялушкай. Абедзве скаціны аказаліся вельмі ўдалымі, добра давалі малака. Фактычна Віктар Адамавіч вырас на малацэ кароў, атрыманых за страчанага жарабца. Яны яшчэ колькі гадоў і пасля вайны спраўна служылі Трафімчыкам.

Згубіўшы галаву, па валасах не плачуць, або Не было б шчасця…

Зрэшты, для В. Містоўскага калі і была тая кампенсацыя вялікай стратай, то, як паказала далейшае развіццё грамадска-палітычных падзей, на іх фоне тая страта стала дробязнай. Не мінула двух тыдняў з часу здарэння, як пачалася Другая сусветная вайна: Германія напала на Польшчу, а яшчэ трохі пазней Заходнюю Беларусь занялі саветы. Новая ўлада да такіх, як В. Містоўскі, ставілася як мінімум з падазрэннем. У лесніках бачыўся патэнцыял па стварэнні антысавецкага ўзброенага супраціву: яны добра ведалі лясы, мелі зброю дый сапраўды былі параўнаўча арганізаванай і дысцыплінаванай часткай польскага грамадства, ідэйна вернай Польшчы. Сям’ю гэтага стражніка напаткала доля тысяч падобных. У рамках першай хвалі дэпартацыі "сацыяльна-небяспечных элементаў" (савецкая тэрміналогія), якая прайшла ў адначассе 10 лютага 1940 г. пад трэск 40-градусных маразоў, Містоўскія былі падвергнуты прымусовай міграцыі на спецпасяленне ў Валагодскую воласць, Біракоўскі раён, пасёлак Азярэнаўскі. Не толькі каровы, уся маёмасць у выніку была страчана.

Праўда, у нейкім сэнсе сям’і стражніка і пашанцавала. Калі гітлераўская Германія напала на Савецкі Саюз (22 чэрвеня 1941 г.), то стала яму такім жа ворагам, як і для знішчанай Польшчы. Усіх стражнікаў-ляснікоў нямецкія акупанты знішчалі, каб не аказавалася дапамога партызанам (так абышліся з недэпартаванымі сем’ямі Савелія Кляўчэні (леснічоўка Лавіца) у 1942 г. і Аляксея Зялёнкі (леснічоўка Грускія) 1943 г.). Летам 1941 г. ахвяры нападу фашыстаў зрабіліся саюзнікамі.





Таму польскае кіраўніцтва на эміграцыі заканамерна папрасіла ў Крамля амністыі для рэпрэсаваных бальшавікамі суграмадзян па даваеннай Польшчы. Каб вырвацца са сталінскіх лагероў, многія "заходнікі", у тым ліку беларусы, пачалі запісвацца ў польскую нацыянальнасць, каб атрымаць права вызваліцца і з’ехаць з няўтульных краёў. Містоўскія, хоць і нарадзіліся ў Круговічах, пісаліся палякамі. Яны былі вызвалены 8 верасня 1941 г. на падставе Указа "Аб амністыі польскіх грамадзян". Гэты лёс датычыцца наступных круговіцкіх членаў роду Містоўскіх (пра іх знойдзены звесткі на на электронным рэсурсе, які называецца "Жертвы политического террора в СССР".

п/п
Прозвішча, імя, імя па бацькуГод нараджэння
1Містоўская Валянціна Іосіфаўна1914
2Містоўская Марыя Іосіфаўна1908
3Містоўскі Вікенцій (ці Вінцэнт) Іосіфавіч1902 (ці 1912)
4Містоўскі Збігнеў1936
5Містоўскі Іосіф Іосіфавіч1903 (ці 1904)

Такія драматычныя людскія гісторыі часам стаяць за сухімі паліцэйскімі зводкамі. Гісторыі, якія не ўпісваюцца ў пракрустава ложа марксісцкай тэорыі пра грамадскія працэсы, але за якімі – чалавечыя эмоцыі і перажыванні, думкі і паводзіны, – тое, што дэманструе, чым жыў, чым дыхаў канкрэтны індывід пэўнага часу і якая жыццёвая доля звалілася на яго плечы, ці то быў селянін, ці то служачы, беларус ці паляк.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (07.12.2014) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2091 | Рэйтынг: 5.0/9
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.