Аўторак, 23.04.2024, 13:47

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Слуцкі збройны чын і Ганцаўшчына
Сацыяльныя рэвалюцыянеры з Усходу
і нацыянальныя "рэвалюцыянеры" з Захаду...
не дадуць Беларусі жаданага міру і незалежнасці.
Яны яе дзялілі і будуць дзяліць паміж сабой,
пакуль сам беларускі народ не скажа свайго апошняга слова.
Янка Купала, 1920 год

Сёлета споўніўся 91 год падзеі, пра якую па сённяшні дзень многія беларусы не ведаюць. Прычым нават тыя, дзяды і прадзеды якіх маглі ўдзельнічаць у гарачым дзействе, што атрымала назву Слуцкі збройны чын. А дзень, калі ён выбухнуў – 27 лістапада 1920 г., для патрыётаў стаў святам – Днём герояў.

Ганцаўшчына не засталася ў баку ад падзей гарачай восені 20-га года ХХ-га стагоддзя, хаця найбольшага накалу яны дасягнулі на Случчыне. І таму ў гэтай публікацыі хацелася б прасачыць, як жа былі задзейнічаны нашы землі, вёскі, землякі ў гераічнай драме – паўстанні звычайных сялян супраць прыходу бальшавікоў пад лозунгам незалежнасці Беларусі.

Збройны чын не ўзнік на пустым месцы. Яму папярэднічалі Першая сусветная вайна, дзве рэвалюцыі і вайна паміж адроджанай Польшчай і Савецкай Расіяй, якія змагаліся за беларускія землі. У кантэксце савецка-польскага канфлікту і адбываліся падзеі на Случчыне. Справа ў тым, што знясіленыя арміі – войска польскае і чырвоныя – далей не маглі весці вайну. Палітыкі вырашылі заключыць мір, падзяліўшы беларускія землі. Дзеля гэтага спачатку ўстанавілі перамір’е і на пэўны час паміж войскамі стварылі нейтральны пас.

Беларускія нацыянальныя дзеячы задумалі скарыстаць зручны выпадак і абвясціць незалежнасць Беларусі. Паводле папярэдніх польска-савецкіх дамоўленасцей меркавался, што Случчына адыдзе Савецкай Расіі. Не хочучы бальшавіцкай улады, народ вырашыў бараніць сваю зямлю. У сярэдзіне лістапада быў праведзены з’езд Случчыны і арганізавалася войска колькасцю ў 4 тысячы чалавек – Слуцкая брыгада. Гэта рабілася пры маўклівай згодзе палякаў, якія неўзабаве адышлі за лінію ЛактышыДзяніскавічы – Чучавічы. Такім чынам, большая частка сягодняшняга Ганцавіцкага раёна апынулася пад польскай уладай. Але ў сілу таго, што польскія палітыкі імкнуліся як мага больш "насаліць" сваім бальшавіцкім ворагам, то падзеі Слуцкага збройнага чыну наўпрост ахапілі і Ганцаўшчыну.

Згодна з дамоўленасцямі, Чырвоная Армія з цягам часу павінна была заняць прадугледжаную для яе тэрыторыю. Але неўзабаве яна сутыкнулася з супрацівам. 27 лістапада адбылася першая сур’ёзная сутычка: падраздзяленні 1-га Слуцкага палка зрабілі налёты на размяшчэнне адзінак 8-й дывізіі савецкіх войскаў, на яе палявыя варты і заставы на дэмаркацыйнай лініі. Утварыўся фронт на кіламетраў сто. У паасобных баях з чырвонымі паўстанцы наносілі ім значныя страты, бралі палонных, адбівалі населеныя пункты. Некаторыя чырвонаармейцы, у асноўным з расійскіх сялян, прымусова мабілізаваных у Чырвоную Армію, добраахвотна здаваліся ў палон або пераходзілі са зброяй у руках на бок паўстанцаў. Але сілы былі далёка няроўныя. Да таго ж у паўстанцаў было зусім слабае ўзбраенне: бракавала элементарных вінтовак, гарматы адсутнічалі зусім. Таму калі бальшавікі ўсур’ёз узяліся падаўляць збройны чын, то ў раёне Семежава частка беларускіх атрадаў была разбіта і 7 снежня перайшла лінію нейтральнай зоны на польскім баку, дзе іх і раззброілі.

Слуцкі збройны чын

Тым часам сярод паўстанцаў пачаліся разнагалоссі, у выніку якіх змянілі камандаванне. Камандзірам 1-й Слуцкай брыгады 3 снежня 1920 г. быў прызначаны наш зямляк штабс-капітан Антон Сокал-Кутылоўскі.

Біяграфічная даведка:

Антон Сокал-КутылоўскіАнтон Сокал-Кутылоўскі нарадзіўся 7 лютага 1892 г. у сям’і збяднелае шляхты на хутары непадалёку ад Чучавіч. Атрымаў адукацыю настаўніка і пэўны час працаваў па спецыяльнасці. Кастрычніцкую рэвалюцыю не прыняў, ваяваў супраць бальшавікоў. Пасля паразы Слуцкага збройнага чыну застаўся ў Польшчы, стаў светаром, адначасова настаўнічаў. Савецкая ўлада ў 1939 г. далучыла Заходнюю Беларусь, а ў 1941 г. А. Сокал-Кутылоўскі быў арыштаваны. Засудзіць не паспелі: пачалася нямецкая акупацыя, пад якой Сокал-Кутылоўскі працаваў абласным інспектарам школ у Ганцавіцкай вобласці. У 1944 г. уцёк ад бальшавікоў у Германію. Але пасля перамогі амерыканцы аддалі яго Саветам, якія прысуддзілі 25 гадоў лагернай няволі. Дзякуючы амністыі 1957 г. быў вызвалены. Вярнуўся ў Ганцавічы, да стрыечнае сястры Веры Міхайлаўны Манкевіч. Затым пераехаў у Шчэцін (Польшча). Памёр 7 сакавіка 1983 г.

Чым далей, тым горшым рабілася становішча паўстанцаў, якія ўрэшце вымушаны былі перайсці на партызанскія формы барацьбы. Да таго ж лютавалі эпідэміі воспы, тыфу, шкарлятыны. Сярод вёсак, якім пагражала выміранне, у дакументах указваюцца Дзяніскавічы, але такая пагроза навісла над насельніцтвам Палесся ў цэлым.

Надзеі паўстанцаў на спрыянне палякаў пацярпелі крах. З дазволу апошніх карніцкія аперацыі Чырвонай Арміі сягалі нават на тэрыторыю, занятую войскам польскім. Праўда, такая-сякая дапамога з боку Польшчы была. Мусіць, каб бальшавікам ускладніць панаванне на Случччыне, польскія ўлады падкінулі трохі зброі. Па ўспамінах удзельніка падзей Антона Бычко, "палякі вызначылі места Ганцавічы для атрыманьня аружжа. Паехаў штабс-капітан Самусевіч і я. Прынялі нас вельмі ветліва, а далі ўсё роўна што нічога: некалькі соцен старых вінтовак і два старыя паламаныя кулямёты". Дарэчы, разведка Чырвонай Арміі выявіла, што "в районе станции Ганцевичи расположен невыясненного наименования формирующийся Белорусский полк общей численностью около 1000 человек, ожидающий получения вооружения" (з сакрэтнага дакумента ад 20.12.1920). Як бачым, трохі зброі паўстанцам палякі падкінулі, але пасля прад’яўлення прэтэнзій з боку бальшавікоў, паўстанцаў, якія адыходзілі ў зону польскай акупацыі, назад не пускалі. Таму з нашай мясцовасці калі нехта і далучыўся да паўстанцаў, то толькі ў самым пачатку збройнага чыну. 

У цэлым Слуцкая брыгада ваявала месяц і 28 снежня вымушана была адысці на кантралюемую палякамі тэрыторыю, дзе адразу раззбройвалася. Грозаўскі полк прыкрываў пераход паўстанцаў на польскі бок, і некаторая яго частка адступіла менавіта на Ганцаўшчыну, землі якой дзякуючы суседству са Случчынай былі далучаны да адной з самых гарачых старонак найноўшай гісторыі нашай краіны.

Некалькі тысяч чалавек, паўстаўшы супраць несуразмерна большай сілы ў абарону роднай зямлі, тым самым праявілі вышэйшую ступень гераізму. Паўстанцы верылі, што Беларусь усё-такі атрымае дзяржаўнасць і суверэнітэт. Аднак і ў страшных снах не маглі прымроіць, што, будучы ўжо незалежнай, рэспубліка не захоча памятаць пра тых, хто змагаўся за яе. Дык давайце ж мы з вамі не абмінём увагай тую гераічную старонку нашай гісторыі, хаця б проста прачытаўшы гэты сціплы артыкул і расказаўшы пра падзеі тым, хто пра іх можа не ведаць.

З Днём герояў!
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (29.11.2011) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 3171 | Тэгі: Слуцкі збройны чын, Антон Сокол-Кутыловский, Дзяніскавічы, Лактышы, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 4.8/16
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.