Субота, 20.04.2024, 18:17

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

«У палескай глушы». У вёсцы, дзе пачынаў настаўнічаць Якуб Колас, захаваліся ўспаміны аб «панічу» і назвы «Цельшына», «Ядвіся»
У Ганцавічах, што на Брэстчыне, ужо рыхтуюцца да Дня беларускага пісьменства. Менавіта ў гэтым маляўнічым кутку Палесся ў 2011-м пройдзе свята кнігі. Безумоўна, ні ў якім разе арганізатары фэсту не змогуць абмінуць вёску Люсіна, дзе сваю настаўніцкую дзейнасць у 1902 годзе пачынаў класік беларускай літаратуры Якуб Колас. Карэспандэнты "НГ" завіталі ў гэты самабытны край, каб даведацца, што зараз звязвае яго з асобай славутага пісьменніка і якія ўспаміны пра выпускніка Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Канстанціна Міцкевіча перадаліся ў спадчыну мясцовым жыхарам.

Па старонках рамантычнай аповесці.

Прыхільнікам беларускай літаратуры Люсіна вядома як Цельшына — месца, дзе адбываюцца падзеі першай кнігі знакамітай коласаўскай трылогіі "На ростанях". На тутэйшым матэрыяле пісьменнік і стварыў рамантычную аповесць "У палескай глушы". Назву ён выбраў невыпадкова. Першае ўражанне маладога настаўніка было не суцяшальным. Невялічкая вёска ў адну вуліцу, якая танула ў гразі, выглядала непрыветна. На сялянскіх дварах не было парадку. Старая драўляная царква адзінока і панура тулілася на ўскрайку. Шырока раскінуўшы крылы, стаялі, бы страшыдлы, ветраныя млыны. А вакол вёскі, якая знаходзілася нібы на палянцы, — бясконцыя лясы і балоты. Такую сумную карціну ўбачыў Лабановіч-Колас. "Тут такая яма, такая, выбачайце, памыйніца, што другой такой на свеце няма", — пісаў класік. 

У гэтай атмасферы настаўнік адчуваў сябе, як "у цеснай сукенцы": настолькі ціснулі шчыльныя сцены бору. Адзіным сродкам сувязі са светам ён лічыў чыгунку. Па сцежцы да яе Лабановіч гуляў ахвотна: толькі там можна было хадзіць, не баючыся бруду.

Непрыветнымі спачатку падаліся і жыхары. Іх Колас ахарактарызаваў як "сапраўдных дзяцей лесу". Палешукі былі заўзятымі паляўнічымі і таму радаваліся толькі, калі бачылі стрэльбу. Цікава, што сялян з іншых вёсак люсінцы называлі палянамі. Такім чынам яны дзялілі беларусаў на "людзей на балоце" і жыхароў сушы.

Уладкаваўшыся і пажыўшы на новым месцы, Колас змяніў сваё меркаванне. Некрануты край даўніны разам з яго народам аказаўся яму па душы. Пісьменнік прыйшоў да высновы: сярод палешукоў можна прыемна бавіць час і сустрэць цікавага і разумнага чалавека. Яму падабалася характэрная для гэтых мясцін вопратка: чорная суконная світка, якую шылі ў талію, шырокі з чырвонымі палоскамі даматканы пояс і шапка-кучомка. Настаўнік з цікавасцю пазіраў на старасту, які, паводле звычаю палешукоў, насіў доўгія валасы. Даспадобы прыйшоўся панічу, як празвалі Лабановіча ў Цельшыне, і мясцовы дыялект. Напрыклад, старожка Мар’я, у хаце якой знаходзіліся школа і пакой Коласа, казала так: "Там маладыцы прышлы — лыст напысаць хочуць”.

Малады чалавек, зразумела, захапляўся і прывабнасцю мясцовых дзяўчат. Нават прыродная сціпласць не змагла перамагчы яго трапяткое сэрца. Усе, хто чытаў аповесць, памятаюць, як Лабановіч літаральна сох па яркай і вострай на язычок дачцэ падлоўчага Ядвісі. Нездарма Колас як сапраўдны паэт рамантычна растлумачыў з’яўленне прыгажунь у глушы Палесся. Аказваецца, пасля стварэння гэтага краю Бог аглядаў балоты, і зрабілася яму сумна. Тады стварыў ён дзяўчыну незвычайнага хараства і залюбаваўся... "Не, нельга цябе пакідаць людзям: яны будуць ваяваць з-за цябе", — вырашыў Бог і, паставіўшы красуню на руку, дунуў тры разы — дзяўчына растала, ператварыўшыся ў аблачынку. "Ты будзеш хадзіць над Палессем стагоддзямі, і ад людзей, на якіх упадуць твае кроплі, народзяцца прыгажуні", — сказаў Творца.

"Жывыя" ўспаміны пра Лабановіча.

Пра Коласа ў Люсіне не проста памятаюць — шануюць яго імя. На месцы старой школы (яна не захавалася) устаноўлены памятны знак, які нагадвае: з 1902 па 1904 год тут настаўнічаў народны паэт Беларусі. Жыхары настолькі ўдзячны яму за ўвекавечанне вёскі ў літаратуры, што назвалі мясцовы СВК, які спецыялізуецца на малочна-мясной вытворчасці, — "Цельшына", а магазіны — "На ростанях" і "Ядвіся". На жаль, толькі дзяўчынку з такім імем нам не ўдалося сустрэць. У Люсіна яно чамусьці непапулярнае, затое для гэтай мясцовасці характэрна прозвішча Занька. Яго мае ледзь не кожны другі чалавек. Напрыклад, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Андрэеўна, якая 12 гадоў з’яўляецца загадчыцай літаратурна-этнаграфічнага музея Якуба Коласа. Яго стварылі ў новай школе ў 1982-м з нагоды юбілею пісьменніка.

У час экскурсіі жанчына з гонарам прадэманстравала самыя каштоўныя экспанаты — стары здымак, дзе захаваўся выгляд былой школы (ёй аказалася звычайная хата), яе драўляны макет, а таксама ліст пісьменніка.

Дарэчы, зараз у Люсіне 253 школьнікі. Колас жа выкладаў арыфметыку, пісьмо, чыстапісанне і спевы 37 вучням. У асноўным — хлопцам (дзяўчынак было дзве). Толькі адзін з тых дзяцей, калі верыць музейнаму архіву, стаў настаўнікам. Астатнія — сялянамі. Затое ўсе выраслі выхаванымі людзьмі. 

— Прадзед мой працаваў будаўніком, але быў граматным. Засвоіў навуку Коласа так, што добра чытаў і ў 90 гадоў, нават без акуляраў, — распавядае намеснік загадчыка аддзела адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама Андрэй Літвіновіч. — Піліп Васільевіч Цялушка быў малодшым у сям’і, дзе было сямёра сыноў, і толькі яму дазволілі хадзіць у школу.

Сапраўды, у той час палешукі неахвотна адпускалі дзяцей, асабліва дзяўчынак, на заняткі. Больш важнымі бацькі лічылі справы па гаспадарцы: прасці кудзелю, жаць... Аднак настаўнік пераконваў цёмных мужыкоў, тлумачыў, што навука дапаможа лепей апрацоўваць зямлю, каб карысці ад яе было болей.

— Бацька часта расказваў, як Колас хацеў, каб нашы людзі жылі лепей, якім паважлівым ён быў да старых, добрым з дзецьмі. Ён любіў доўга размаўляць з імі, хацеў, каб палешукі сталі пісьменнымі, — кажа прапрапраўнучка знакамітай старожкі Алена Сайка, выхавальніца дзіцячага сада. — Мар’я і сама любіла слухаць урокі настаўніка. Яе ўспаміны перадаваліся ў нашай сям’і з пакалення ў пакаленне.

І ўсё ж самыя цікавыя гісторыі пра Коласа — рамантычныя.

— У дзяцінстве мне паказвалі знакаміты Целешаў дуб (кажуць, ён і зараз расце ў лесе ў трох кіламетрах ад Люсіна. — Аўт.), мясціны, дзе Лабановіч заляцаўся да Ядвісі, — узгадвае школьная тэхнічка Зоя Занька.

Шкада, лёс развёў настаўніка і палескую прыгажуню. У Люсіна ніхто нават не ведае, што сталася з Ядвісяй. Кажуць, яна з’ехала з гэтых мясцін... Затое пра далейшы шлях Коласа ведае кожны школьнік: яго чакала новае месца працы — Пінкавічы. І ўсё ж памяць аб ім да гэтай пары жыве ў Люсіне.

Па прызнанні дырэктара мясцовай школы Алены Сіроткінай, ужо доўгі час любімым творам вучняў застаецца кніга "У палескай глушы", бо ім цікава пазнаваць у тэксце знаёмыя краявіды і характары. Можа, жыхарам іншых куткоў Беларусі варта было б наведацца сюды, каб самім правесці паралель паміж Цельшынам і сучасным аграгарадком Люсіна.

— У першыя паўтара года пасля адкрыцця літаратурна-этнаграфічнага музея Якуба Коласа да нас прыехала больш за пяць тысяч турыстаў — з Беларусі, Польшчы, Германіі, ЗША, — паведамляе Ганна Мурсалім, адна з заснавальніц музея і яго першая загадчыца.

Спадзяёмся, свята беларускага пісьменства адновіць тую вялікую цікавасць да гэтых мясцін. І турысты, як і мы, будуць здзіўлены люсінскім каларытам і прыгажосцю палескіх дзяўчат.

Прыпынак Якуба Коласа.

Ці сапраўды прыгожыя тут дзяўчаты і ці памятаюць у Люсіне пра настаўніцтва Коласа? З гэтымі думкамі мы і адправіліся ў "палескую глуш". Ехалі з Мінска аўтобусам да Ганцавіч, а ў вёску дабіраліся машынай. Пісьменнік гэтаму вельмі б здзівіўся, бо ў яго час у Люсіне былі не дарогі, а балоты.

Сюды можна заехаць і на дызелі. Праўда, жыхары папярэдзілі, што ў такім выпадку патрэбны прыпыначны пункт — "Якуба Коласа". А некаторыя пасажыры памылкова выходзяць на станцыі Люсіна, што не зусім зручна, калі трэба ў вёску.

— З коласаўскіх часоў, зразумела, многае змянілася. Вуліцы заасфальтаваны, нават водаправод ёсць, — рада гасцям са сталіцы старшыня Люсінскага сельвыканкама Марыя Занька. — Вёска разраслася: зараз у нас 553 двары, 1459 жыхароў, 556 гаспадарак. Летась Люсіна атрымала статус аграгарадка. Дзякуючы гэтаму адрамантавалі школу, магазіны, сельскі клуб, комплексна-прыёмны пункт, стварылі новую прыгожую кропку грамадскага харчавання, дзе зараз ладзяцца вечарыны, вяселлі, народзіны.

Люсіна зараз — сапраўдная сучасная вёска, адкуль ніхто не хоча з’язджаць. Тут ёсць дзе жыць і працаваць. Асноўная частка насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, лясніцтве і на чыгунцы. Люсінцы таксама працуюць у мясцовых школе, бібліятэцы, клубе, магазінах, урачэбнай амбулаторыі, на пошце.

Штогод сюды ахвотна прыязджаюць маладыя спецыялісты. Сёлета — ажно трое. Адзін з іх — выпускнік Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, ураджэнец Іванава Дзмітрый Кастэнка. Ужо пяць месяцаў ён працуе ў сельскай амбулаторыі.

— Умовы для маладога ўрача тут нармальныя. Далі дом у аграгарадку, а ў амбулаторыі ёсць сучаснае абсталяванне, нават добрае для вёскі, — дзеліцца ўражаннямі юнак. — Зразумела, у параўнанні са сталіцай у глыбінцы жывецца больш складана — даводзіцца самому ацяпляць хату, шмат працаваць. Аднак я не жалюся. Прымаю хворых, езжу на выклікі. Калі неабходна, накіроўваю іх у Ганцавічы, бо ў нас усё ж амбулаторыя...

Мясцовыя жыхары ахвотна займаюцца нарыхтоўкай журавін, чарніц, грыбоў і лекавых траў, у прыватнасці багульніка. Тут вельмі ўрадлівая зямля, у тым ліку і на дзетак.

Кожны год у Люсіне нараджаецца не менш як 20 немаўлят. Гэта і нядзіўна, тут жа, памятаеце, край прыгажунь. За тры апошнія гады ў вёсцы ўзялі шлюб 19 пар, а ўсяго тут больш за 560 сямей. Жыццё тут не згасае — бурліць!
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (20.12.2010) | Аўтар: Ірына ПРЫМАК W
Праглядаў: 7970 | Тэгі: Люсіна, Ганцавічы, Ганцавіцкі раён, Якуб Колас | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.