Серада, 24.04.2024, 09:50

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Успаміны люсінцаў і макаўцаў пра школу за Польшчай (частка першая)
Школа для нашых не такіх ужо і далёкіх продкаў не з’яўлялася мэтай, якой трэба было дасягнуць кожнаму чалавеку для жыцця. Больш цанілася фізічная праца. Да яе прывучалі з малалетства. На школу пакідалі тую пару года, калі завяршаліся асноўныя сельскагаспадарчыя работы, – ад позняй восені да ранняй вясны. Больш канкрэтныя адносіны да школьнага навучання палешукоў у першай палове ХХ ст. прасачыў польскі даследчык нашых краёў Юзаф Абрэмбскі. У яго матэрыялах сустракаецца шмат аповедаў жыхароў Люсіна і Макава. Думаецца, сучаснаму чалавеку будзе цікава зазірнуць у меркаванні дзядоў і прадзедаў, даведацца, як яны глядзелі на школу і настаўнікаў, параўнаць іх пункт погляду з сучасным успрыманнем школьнай адукацыі.

Польская школа не з’явілася на Палессі як новая інстытуцыя, зусім невядомая большасці насельніцтва. На некалькі дзесяцігоддзяў яе апярэдзіла расійская народная школа. Такім чынам, польская школа прыйшла ўжо па пракладзенай дарозе. Паўсюль, дзе яна з’яўлялася, трапляла на пэўнае стаўленне вясковага грамадства, сфарміраванае традыцыямі сваёй папярэдніцы, а таксама трыдыцыямі стаўлення вёскі да школы наогул.

Якую ж спадчыну пакінула расійская школа і якім было традыцыйнае стаўленне да яе? <...>

Расійская школа прыйшла на крэсовыя землі з палітычнай місіяй. Яе задачай была русіфікацыя палескай вёскі, яе функцыяй – быць апорай праваслаўнай царквы і трона. <...>

Расійская школа, якая павольна ўваходзіла ў палескую вёску, усё ж такі адчыняла нешматлікія дарогі для нешматлікіх асоб, якія вырываліся з амаль непісьменнай масы. Але гэтая навацыя сустракала неадольны супраціў з боку маральна-грамадскіх традыцый вёскі, яе сямейнай і сацыяльнай салідарнасці. У традыцыях вёскі адукаваныя людзі – гэта паны, жыды і папы. Гэта "скурадзёры” і "жывадзёры".

"Зачем дзіцей учыць? – распавядае стары гаспадар з Люсіна Лунінецкага павета. – Ехаў пан з кучэрам. А старый, старэнькі вельмі, пашэ і падае за плугом. А пан у него пытае: "Шчо ты такій старый пашэш там? Дзеж твое сыны?” А ён кажэ: "Э, паночку, у меня есць два такіе сыны, адзін жыводзёр, а другій скуродзёр”. Дак той пан паехаў ужэ. А потом вернулся: то тэж трэба знаць, шчо то за сыны. Ну, отъехаў і да кучэра: трэба попытаць, шчо то за сыны. Ну і попытал, та ён ему атвечае: "Іодзін дохтор, а другій поп” – "То потому і не даюць ему хлеба” [стары, Люсіна]. <...>


Школьны клас на дзяржаўнае свята.
Фотаздымак Ю.Абрэмбскага 1934-1935 гг.
(без лакалізацыі)


Спадчына, якую атрымала польская школа пасля расійскай папярэдніцы, заключалася не толькі ва ўключэнні школы ў асяроддзе, якое наогул лічыла школу чужой і непатрэбнай для свайго жыцця, але таксама ў перайманні амаль без змен грамадскіх функцый расійскай школы. На шырокім памежжы перакрыжавання ўплываў польскай і расійскай нацый школа стала прыладай палітычнай экспансіі. Яна захавала гэтую функцыю таксама ў перыяд польскай дзяржаўнасці. Як некалі расійская школа імкнулася да русіфікацыі мясцовага насельніцтва і ліквідацыі польскіх уплываў, таксама і польская школа, што прыйшла на Палессе разам з польскай дзяржавай, ажыццяўляла праграму паланізацыі і выконвала палітычную місію пашырэння аўтарытэта дзяржавы і прэстыжу польскай нацыі сярод мясцовага рускага люду. Такім чынам, польская школа прыйшла на Палессе не як адпаведнік сацыяльных тэндэнцый і культурных патрэб палескага селяніна, а як выражэнне гістарычных прэтэнзій польскай нацыі. Гэтую функцыю школа і выконвала на працягу ўсяго 20-гадовага існавання. <...>

Селянін у вачах польскага інтэлігента і паўінтэлігента, польскага пана і падпанка не быў тут "сваім". Ён успрымаўся як "чужы", як вораг польскіх паноў і вораг дзяржавы. Замест кракаўскай світкі і дэкаратыўнага пяра паўліна на польскай канфедэратцы ён меў плеценыя з лазы лапці, выпацканую балотам рускую рубашку і, адпаведна пашыранаму вобразу палешука ў вачах іншых этнічных груп, неад’емны каўтун на галаве. У палескіх умовах класавая мегаламанія мясцовага польска-панскага кола, яго пачуццё перавагі і паказная пагарда да хама-мужыка былі па прычыне ўнутранай культурна-звычаёвай неаднароднасці гэтага кола найважнейшай прыкметай класавай прыналежнасці, дэманстрацыяй уласнай сацыяльнай пазіцыі і праявай групавой салідарнасці, якая амаль што набыла характар маральнага абавязку. Якраз таму разам са зменай структуры палескага грамадства пасля Першай сусветнай вайны адукацыя ў вачах вёскі стала не толькі элементам пазавясковай жыццёвай кар’еры селяніна, але таксама праявай панскай метамарфозы, выразам прыналежнасці да чужой і варожай да селяніна панскай сферы. Школа і адукацыя для сялянскай сям’і азначала перавыхаванне сыноў у паноў, якія на падставе набытай панскасці неслі ў сям’ю і вёску чужыя крытэрыі вартасцей, панскую думку і класавую ганарлівасць, панскую знявагу і пагарду да тых, хто працуе на зямлі і за плугам. Негатыўныя адносіны палескай вёскі да школьнага навучання абумоўлены адчуваннем небяспекі для сямейнай і суседскай салідарнасці і адзінства, якую разбівала класавая пазавясковая іерархія.

"Нашы людзе стараняцца інтэлігэнтных, – распавядае гаспадар з Макава Лунінецкага павета. – Вот у нас в дзереўні есьць одзін: поехаў в Стрельцы, до обозу. Но і стаў здзесь на плацу, прі рабоце пад’ёмным. І его этот самый старшый, который владзеў матэріалом этым, научыў немного вонополёваць копальнякі. І вот он побыў якіх трі месяцы і его этот старшый поценуў: "Шчо когда здзесь роботы окончым, так я заберу вас з собою". Но і он уже как то подучыўся. Ну і празнік. Вышоў бацько на уліцу і стояць у компаніі там – молодзеж была. То он отцу говоріць: "Ты оцец отыдзі от меня. Потому шчо мне сором, шчо ты стоіш коле меня". Ну і шчо бы этот человек дзелаў, коб он научыўся дальше? Он бы совсем бы не схоцеў разговаріваць ні з кім […]. А вот, возмі Колеёвых. Бацько іх выучыў, оні осталісь учыцелямі. То прыедуць оны ужэ на урлоп домой і будуць собе спацероваць. Бацько пойдзе на работу, матка бэрэ косу, ідзе косіць, ані дажэ у той бок не глядзяць. А вот, як ён встрэціцца з такім человеком як мы, то ён даже з тобою не хочэ говорыць. Разом у школку ходзілі, а цепер дажэ "дзень добры" не хочэ одговоріць. Ты рольнік, ты рабочый, а я інжынер, я учыцель – он дажэ не схоцел бы зайці в хату. Зацем нашы людзе страняцца інтэлігэнтных" [Макава]. <...>

Усеагульнасць вайсковай службы, рост дзяржаўнай адміністрацыі і мясцовага самакіравання, упадак гаспадарчай самадастатковасці дробных і больш залежных ад заробкаў і рынку сялянскіх гаспадарак – усё гэта спрыяла ўзмацненню і ўскладненню непазбежных і прымусовых кантактаў вёскі са светам і надавала школе і школьнаму навучанню непараўнальна большае значэнне, чым у расійскія часы. Асабліва ўсеагульны абавязак вайсковай службы, які спрыяў перамяшчэнню большасці мужчынскай моладзі Палесся ў рэгулярнае войска ў заходнія правінцыі дзяржавы, гэты пэўны сурагат пажаданага для палескай моладзі выхаду ў пазавясковы свет, станавіўся крыніцай не толькі прагматычнай, але таксама моцнай эмацыянальнай зацікаўленасці ў школьным навучанні.

"Кепска, калі непісьменны і пойдзеш у горад. А як умееш чытаць, пісаць, то добра, значыць не згубішся", – распавядае пра сваё вайсковае падарожжа ў заходнюю Польшчу малады рэзервіст з Люсіна. А яго калега дадае: "Шчо неграмотный, то і слепой. Потому шчо он на место тракціра может зайці і там, дзе масьць продаюць. Он не знае, куды вернуться ў мясцечку, он табліцы не прочытае" [Макава]. <...>


Палескія дзеці.
Фотаздымак Ю.Абрэмбскага 1934-1935 гг.

Пачуццё блізкасці расійскай мовы і прыхільнасць да яе не маглі пераважыць прагматычнага ўспрыняцця мовы, якім кіравалася вёска ў адносінах да дзяржаўнай школы і дзяржаўнай мовы. Адпаведна толькі дзяржаўная мова магла быць мовай школы на погляд палешука. Апраўданнем школы было толькі тое, што яна вучыла дзяржаўнай мове ў слове і пісьме, што было неабходным для кантактаў вёскі з польскім светам за яе межамі. Менавіта такое прызнанне атрымала ў вачах палешука вясковая школа. У гэтым кантэксце адзіным канкурэнтам польскай мовы ў школе не магла быць ніводная славянская мова, у крайнім выпадку толькі габрэйская. Польская дзяржава была такім самым цяжарам на палескім сялянскім быце, як рынак у габрэйскім мястэчку – на сялянскай гаспадарцы. Падобная сітуацыя прымушала палескага селяніна казаць, што "добрэ па-польску учыцца". Але яна ж падказвала яму пашыранае на Палессі меркаванне, што добра было б у польскай школе вучыць і габрэйскую мову: "Навэт добрэ было б знаць іх язык, – тлумачыў мне малады гаспадар з Макава, рэзервіст, які меў два гады вайсковай службы на Памор’і, – оні нас обманываюць" [Макава].

Прыхільнае стаўленне вёскі да польскасці новай школы неаднаразова памылкова інтэрпрэтавалася настаўнікамі і адміністрацыяй як асіміляцыйныя поспехі польскай школы на Палессі. На самай справе усё было наадварот. Прыхільнае стаўленне вёскі да дзяржаўнай і чужой для яе мовы было зусім не вынікам засваення палескай вёскі польскай школай. Гэта быў вынік якраз неасіміляцыі польскай школы палескай вёскай, вынік усведамлення непатрэбнасці гэтай школы разам з яе ведамі і навучаннем для жыцця вёскі. У працэсе засваення польскай школы палескай вёскай найбольш уражвае не польскасць школы і не кансерватызм вёскі, а класавая панскасць свету, з якога гэтая школа прыйшла і які адстойвала; уражвае панскасць яе ведаў і панскасць, што ўвасаблялася ў настаўніку.

У працэсе прыходу школы ў вёску і засваення школы вёскай "рашаючую ролю адыгрывае асоба настаўніка. Асабістая цікавасць настаўніка да людзей, для якіх працуе, адыгрывае асноўную ролю ва ўваходжанні школы ў вёску. Значэнне гэтай асабістай зацікаўленасці настаўніка, значэнне яго асабістых кантактаў з’яўляюцца тым больш важнымі, бо школа прыходзіць у вёску як установа, сфарміраваная без удзелу вёскі і па сваім змесце не звязаная з суседскім жыццём вёскі. Рысы чужасці школа губляе ў вачах вясковай грамадскасці дзякуючы асабістым кантактам настаўніка як з моладдзю, так і з дарослымі жыхарамі вёскі. Засваенне школы пачынаецца з асіміляцыі настаўніка, які праз асабістыя кантакты робіцца "сваім" чалавекам – "суседам". <...>

Настаўнік прыходзіў у вёску ў вачах яе жыхароў як прыналежны да панскага свету. У вёсцы яго сустракалі недаверлівыя і падазроныя адносіны, як да "пана", а не як да настаўніка. Яго сітуацыя ўскладнялася палітычнай місіяй школы, задачай якой было не толькі навучанне сваіх адэптаў распісацца, а таксама пашырэнне прэстыжу і аўтарытэту польскай дзяржавы сярод мясцовага насельніцтва і пашырэнне польскасці сярод мясцовай моладзі. <...>

Паланізацыйныя задачы школы ў грамадска-палітычным і культурна-нацыянальным сэнсе надавалі ёй характар не вясковай прывілеі, якая вынікала з яе грамадзянскай ролі, а абавязку, які абцяжарваў вёску як элемент палітычнага прыціску. Зыходзячы з праграмы поўнай, цэласнай і прымусовай паланізацыі, польская школа ператварыла школьны прымус у галоўны прынцып школьнай палітыкі на Палессі. <...> Патрабаванне на працягу усяго школьнага года 90%-нага наведвання было правілам, якое абцяжарвала як настаўніка, так і вёску. <...>

Палескае дзіця ў больш раннім узросце станавілася вытворчым членам сям’і, працаўніком. "Раней, як людзі лепей жылі, то да якіх 18 лят ён не ведаў, як трымацца за плуг. А зараз як мае 10 гадоў, то ён ідзе працуе на станцыі, каб зарабіць які грош. І гэта яшчэ каб было дзе, але няма дзе. Дзевяць гадоў хлопец да работы ідзе" [Макава].

Дзіцячая праца была жыццёвай неабходнасцю для многіх сем’яў, а не праблемай дастатку ці накаплення сямейнага багацця. Школьны прымус у грамадстве, якое не магло сабе дазволіць наёмную рабочую сілу і ў якім беднасць і голад перманентна пагражалі большасці сем’яў, падрываў біялагічныя падмуркі сямейнага быту, пагражаў жыццю дзіцяці і яго сям’і. Таму нават суровыя карныя санкцыі не былі ў стане палепшыць вучнёўскае наведванне школы вышэй таго ўзроўню, які быў магчымым у вёсцы.

Жорсткія метады ў адносінах да бацькоў, якія не пускалі дзяцей у школу, рабілі з настаўніка з яго бюракратычнымі абавязкамі, не прапагандыста асветы, а экзекутара школьнага прымусу. <...> Аднак панскасць настаўніка не грунтавалася ў вёсцы на трактоўцы яго асобы як дзяржаўнага функцыянера. Яна з’яўлялася, як правіла, яго асабістай грамадскай пазіцыяй. <...>

Настаўнік-пан не быў адзіным тыпам палескага настаўніка. У шмат якіх палескіх вёсках захавалася памяць пра настаўніка-суседа, сужыццё якога з вёскай спрыяла вясковаму засваенню школы.

Дасканалым прыкладам асіміляцыі польскага настаўніка і польскай школы палескай вёскай з’яўляецца гісторыя двух чарговых настаўнікаў у вёсцы Макава Лунінецкага павета.

"У нас этой учыцель як наехаў, то найперв была учыцелька тэж. То она як наехала, то стала зразу заходзіць до людзей. То она вельмі, вельмі любіла, дзецей вельмі любіла. І тетрадзі дажэ куповала за своі пінёндзэ і давала дзецям. І дажэ хадзіла по мушчэням і разгаварівала з маткамі, і так длуго сідзела, разгаварівала, шчо не думай… Так сподобала кобеты нашые. І после она очэнь угаварівала, шчо як это я побенду у вас длуго, то очэнь хорошо научымося. І як одно прыйдзець до маткі, то дзеці разказываюць матком, шчо она – кажуць – вельмі хорошая… Гэта сама научыцелька гэтыя дзеці часто збірала, дажэ провадзіла іх по дорозі, угаварівала іх хорошо, шчо надо учыцца. Недлуго она, пане, была у нас. То яко она от’езжала, то тэ дзеці як собралісь все, яе проводзілі, то так моцно жаловалі, шчо она добра была, аж до Люсіна проводзілі; ту распрасціліся з ней. І это в дома, як распросціліся, то як тры дне оны все плакалі […]. Гэта учыцелька дзеці хорошо учыла і за людзьмі вельмі старалася. Чэлавек не ма з чэго жыць і пойдзе, значыць, шчоб позычыла пенендзы, так она соўсем старалася за людзьмі очэнь. Чэлавека, пане, засудзяць, так она зобачыць, шчо корову беруць, шчо не можэ додзержыць корову, то выкупіць, як зобачыць, шчо чэлавек плачэ. Дзецей хорошо учыла, за харчамі старалася – як не было пенендзы, то людзе ей позычалі пенендзы. Месяц болела, то як не было пенендзы, то людзі позычалі ей. І як заболела, пенендзы не было, так прамо вся дзеревня складала і дала пенендзы лечыцца. А як умарла, то поехала сёстра ей і выплаціла усім, 55 злот выплаціла усім. Она померла чэрэз свою хітросць. Она мела любоўніка – з Дзенісковіч лесьнічэго. І она напэвнэ прыбіла рэбёнка себе. І она старалася, якбы страціць его […]. То і зговоріла усім хозяём, шчо я пэвно венцэй у вас не буду і пэвно помру – на хозяев созналася, у которых була. Так ей людзі понравілісь, шчо она хоцела жэніцца з макоўскім хлопцом, якбы з дзерэвенскім пожэніцца. Она інных пытае: "Po co to chіopcy nie zaczepiaж mnie?” (Чаму хлопцы не падыходзяць да мяне?) – "Із-за того, пане, не чэпаем, шчо она учона, а хлопцы неучоны”. Я, пане, прышоў з войска, так мне весело, чысто, вагі шэсць пудов. Я прышоў і она пытаецца, ці я грамотный. Так она дужо раз просіла, шчоб я всё ходзіў до ей, дужо раз просіла, прамо до хаты прыходзіла. Ну і она очэнь старалася, шчоб, значыць, ожэніцься в Макове і жыць вечно. І она ж говоріла: "Хоця жэніх бедный, но он троху із свого хозяйства, а трохэ з моіх пенендзоў і жылі бы так” […]. Она говоріла, шчо это ніц, шчо хлопец неўчоный, шчо он трохэ заработае рукамі, а я тэж заработаю рукамі і мірно хоцемо жыць […]. Но не нашоўся хлопец, потому шчо не сьмелі".

"А этый Кравчык як наехаў, этый научыцель наш, то он покі разознался з народом, то дажэ "дзень добры” не даваў. Шапку заўшэ, пане, на очы нацягне і пошоў, і пошоў, і пошоў. А потым, як разознаўся з людзьмі, то нігдзе ні дня, шчоб коло народу не ставаў – каждый дзень. Дзе стаяць мужчыны, то ён ужэ заўшэ і прыстане, і разгаварівае, як ему понравяцца людзе. Алеж, пане, на дзеці то лучшэ учыцеля у нас не было, вучыў очэнь хорошо. Але страх дзело не любіў, шчоб гэты вучэнікі гралі в карты. І так днём, як се выпусьці зэ школы, то днём не гралі в карты, бо каждый по рабоце пошлі. Так мы ему зговорілі, шчо надо іх вечэром пільноваць у карты. То он заўшэ дубчыка такого возьме, то як он влезе до тых вучэніков, то зразу спрашывае: "Кто вас вучыць гэто граць?” А так, пане, з народом як стаў ходзіць і стаў глядзець, як народ бедно жыве і як сьцягаецца, то толькі спросіць хозяін, як, значыць, коморнік прыдзе, бэрэ корову, чы дасьць пенёндзэ, пожычы пан? – то ён одному дал, так і зараз даў другім. А после, то он кажды едзін вечэр, з хлопцамі ходзіў, і дажэ пьянствоваў. І страх дзело тэж хлопцоў угаварівал, шчо як я буду, то очэнь будзе добжэ і добжэ будзе жыць тутай. Хадзіў, пане, з хлопцамі по уліцы, кругом як дзе ходзілі, то он з хлопцамі. Не оставался. І кажэн раз, як шчо пуйдзе до хаты і зобачыць, шчо ідуць поліцыянты ілі учыцель, точым скорэй выскакуе до іх. А потым, пане, шчо то му не сподобало, наверно хоцелі оні пьянствоваць, много пропіл грошы із немі, ну і гэто ему не сподобало і по той раз, як ёны ідуць в село, то ён, пане, скрыецца. Бо як ёны прыдуць, казал хлопцам, то не так, якбы свое пенёндзэ, а мое; а як піць, то жалуюць. Ун і говорылі так нам: уны так і мысьляць, шчо я як і халостой, то значыць і пінёндзоў мне не трэба. А там ужэ, пане, як стал он до дзеўчын хадзіць, то і люсінцы прыходзілі, долазілі до его дзеўчыны, то страх, пане, гоніл так, шчо не думай. Але ён то до ней зупэлне не ходзіў […]. А хлопцы тыж го угаварівалі: не надо, пане, бо то бендзе встыд з мужычкою здзелаць. Дажэ мы, пане, угаварівалі: […] пан ма добру голову і можэ пусьціцца і здзелаць рэбёнка […]. І мы все говорылі, шчо можэ пан перевод достаць. Бо мы говорылі, значыць, шчо нам пан понравілся, то ўжэ очэнь страх дзело не хочем, шчобы пан выехаў стонд, з нашэй дзерэвні […]. І так каждый раз найлепшэ выпіць самі з собою, тылько з кавалерамі, як там нашым дзеўкам даваць. Бо як пан здзелае рэбёнка і як выйдзе от нас, то на пэўно мы такого учыцеля венцэй не бэндом мець […]. Только яшчэ в нашэ сьвенто, на Велікдзень, на наш, прышоў одзін хлопец ту з Люсіна” "Як бы з панам на яйка побіцца!” – долазіць до него. Он говоріць, шчо он не хце з нім на яйка біцца, бо гэтой хлопак дужэ п’яный был з Люсіна. Дак оны, значыць, як не побіліса на яйка з нім, з гэтым учыцелом, сталі ругацца одзін з одным. Но і як оны шчэпіліся біцца, то нашы людзі, як все есьць, кінуліся на того люсінца. Із за того, шчо сам неучоный, а лезе до учоного чэлавека біцца. Дажэ его моцно, того люсінца, набілі того – наша дзерэвня. То ун всё потым говоріл, шчо то здзелал з ім. Ну і нашэ людзе сховорілі, шчо он достал хорошо, того і будзет з его. Ун очэнь понравілся до людзей, до ўсіх, до цэлого села […]. Добрэ понравілся старым людзям, і хлопцам очэнь сподобался […]. Дзеці хорошо учыл, нігдзе не пушчаў хадзіць па вечарам іх, то мы очэнь это задоволёны, шчо нашы дзеці каждый вечэр у хаці седзяць. Бо пан учыў іх – не учыў іх, якбы дзе красьць, але учыў іх хорошо з людзьмі обрашчацца […]. Коб такій учыцель, как Кравчык, то бы вёска яшчэ доплаціла, коб учыл” [Макава].

"Калі б такі настаўнік, як Краўчык, то вёска яшчэ б і даплаціла яму, каб вучыў”. Гэтае выказванне з’яўляецца сведчаннем перамогі настаўніка, які здолеў са школы як чужой установы, якая прыйшла звонку, стварыць установу, вельмі блізкую вёсцы, амаль яе ўласную. Школа, якой кіраваў "свой" настаўнік, ужо не была школай, дзе "палякі навучаюць каней красці", а стала школай, якая таксама вучыла найважнейшаму мастацтву суседства, здольнасці сумеснага жыцця з людзьмі. "Бо пан учыў іх – не учыў іх якбы скрасьці дзенебудзь, а вучыў іх добра з людзьмі паступаць".

Гісторыя абодвух макаўскіх настаўнікаў з’яўляецца не толькі добрым узорам засваення школы і школьных узораў вёскай дзякуючы асіміляванаму ёю настаўніку-суседу. Яна таксама паказвае мяжу асветніцкага ўплыву настаўніка-суседа на вёску. <...>

Пераклад з польскай мовы Т. Казак і А. Смаленчука 
Крыніца: Юзаф Абрэмбскі. Панская школа і мужыцкія дзеці // Homo historicus 2009. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / пад. рэд. А.Ф. Смаленчука – Вiльня : ЕГУ, 2010. – С. 227-285.
Падрыхтоўка да публікацыі: А.В.Трафімчык
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (20.12.2011) | Аўтар: Юзаф АБРЭМСКІ
Праглядаў: 2477 | Тэгі: Ганцавіцкі раён, Макава, Люсіна, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/4
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.