Субота, 20.04.2024, 13:09

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Іншае

24 мая адзначаецца Еўрапейскі Дзень паркаў
24 мая па ўсёй Еўропе адзначаецца Дзень паркаў. Першы раз ён быў праведзены ў 1999 годзе. Гэты Дзень быў заснаваны Федерацыяй Еўрапарк (EUROPARК Federation) – арганізацыяй, якая аб’ядноўвае ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі ў 36-ці еўрапейскіх краінах. Дата святкавання была выбрана ў сувязі з тым, што менавіта 24 мая 1909 года ў Еўропе, а дакладней у Швецыі, былі створаны першыя Нацыянальныя паркі.

На сённяшні дзень на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна налічваецца чатыры прыродаахоўныя тэрыторыі рэспубліканскага значэння – заказнікі: Выганашчанскі, Падвялікі мох, Борскі, Ялоўскі, а таксама помнік прыроды мясцовага значэння Сасна Веймутава.

Але ў гэтым артыкуле мы здзейснім падарожжа і раскажам, мажліва, аб меньш вядомых, але не меней цікавых аб’ектах – парках пры былых шляхецкіх сядзібах на тэрыторыі раёна. У нашым краі захаваліся старадаўнія паркі, якія маюць узрост па дзвесце і нават болей гадоў. За стагоддзі існавання ў іх утварылася ўнікальная палітра флоры і фаўны, а яны самі нагадваюць сапраўдныя зялёныя «акварыумы» жывой прыроды сярод гарадскіх і вясковых ландшафтаў ды бяскрайніх палёў. На жаль, у нашы дні далёка не ўсе паркі пры старых панскіх сядзібах дбайна даглядаюцца. Некаторыя з іх зараслі і страцілі сваю ранейшую эстэтычную выразнасць.

Горад Ганцавічы

Мала хто ведае, што на ўсходняй ускраіне горада Ганцавічы захаваліся рэшткі парку пры былой сядзібе Падарэўскіх.


Уязная ліпавая алея

Сам парк, як і сядзіба былі закладзены ў другой палове 19 стагоддзя. Парк захаваўся часткова, але амаль цалкам ацалела ўязная ліпавая алея. Побач размяшчаецца лясны масіў, частка якога з заходняга боку з’яўляецца рэшткамі папярэдняга парка.

Агарэвічы

Ад былога шыкоўнага парка былой сядзібы Апацкіх-Свяжынскіх у вёсцы Агарэвічы засталіся лічаныя дрэвы. Невялікая, добра спланаваная, вельмі ўтульная сядзіба з паркам у выніку няўдалай рэканструкцыі, якая была выканана напачатку 1990-х гадоў, аказалася разладжанаю і згубіла рысы сядзібы. Дом прыняў выгляд катэджа, не стала баскетаў. На месцы парка за сядзібным домам была збудавана гаспадарчая пабудова (манеж).


Захаваўшыся фрагмент парку

Сам парк значна старэйшы за саму сядзібу, з пабудоваю жылога дома, верагодна ў другой палове ХІХ стагоддзя, яна набыла эклектычныя рысы.


Парк пры былой сядзібе захаваўся толькі часткова

Парк за сядзібным домам быў спланаваны ў выглядзе дзвюх выцягнутых уздоўж восі баскетаў. Вось сіметрыі на паркавым партэры была падкрэслена дзвюмя елкамі. Замыкалася вось трэцім папярэчным баскетам. Цэнтральная алея была – двухрадная, бакавыя – аднарадныя. Уздоўж іх сцежачны маршрут быў арыгінальна падкрэслены лініяй пасадкі кветкавых раслін. Баскеты выконвалі ролю сада. Да ўсходняга вадаёма прылягала невялікая пейзажная частка сядзібы. Яна аддзялялася ад баскета яловай алеяй. Па перыметры сядзіба была акружана простай агароджай.

Юліна

Пейзажны парк пры былой сядзібе ва ўрочышчы Юліна, што размяшчаецца паміж вёскамі Агарэвічы і Шашкі, быў закладзены ў другой палове 19 стагоддзя.


Рэшткі ўязной брамы

Сёння яго плошча каля 2,5 гектараў. Асноўны дрэвастой складаюць граб, бяроза, клён, каштан, шыпшыннік, бэз, акацыя і іншыя. Па перыметры парка існавалі каналы, якія былі звязаны з сажалкаю. Зараз каналы абмялелі. Захаваліся таксама рэшткі склепа і ўяздной брамы.

Вялікія Круговічы

Новы парк пры былой сядзібе вядомага шляхецкага роду Абуховічаў у вёсцы Вялікія Круговічы пачаў фарміравацца на месцы старога адначасова з закладкаю сядзібнага дома ў другой палове 19 стагоддзя. Трэба адзначыць, што да дома вяла доўгая алея з срэбнай таполі, што захавалася толькі часткова. Цэнтральнае месца ў сядзібна-паркавым ансамблі сёння займаюць тры сажалкі, якія размешчаны на адной лініі ўздоўж уязной алеі.


Захаваўшыся фрагмент алеі срэбнай таполі

Парк займаў плошчу каля 5 гектараў. Сядзібны дом прадстаўляў сабою прамавугольны ў плане будынак с гладкім чатырохскатным дахам, які быў накрыты гонтаю. Галоўны фасад сядзібнага дома быў выдзелены невялікім ганкам на чатырох драўляных слупах. Пасля Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчалася сельская бібліятэка, якая ў сярэдзіне 1950-х гадоў поўнасцю згарэла.


Дуб-волат і валуны

Асабліва прыцягальным аб’ектам сучаснага парка з’яўляецца дуб-волат, узрост якога перавышае 500 гадоў. Побач з ім знаходзяцца два «ахоўнікі»-валуны. Першым у 2006 годзе ў парк да дуба быў дастаўлены валун амаль правільных памераў 2,1 х 2,1 х 1,9 м, другі ж валун прыбыў на сучаснае месца прапіскі снежным лютым 2010 года. Ён нават атрымаў назву – «Чароўны камень» і мае памеры 3,2 х 1,8 х 2,5 м. Акрамя дуба ў парку растуць таполі, грабы, клёны, вязы, каштаны і інш. На сённяшні дзень кампазіцыя парка моцна парушана індывідуальнай забудовай.

Ясянец

У вёсцы Ясянец сядзібаю валодалі таксама Абуховічы. Сама сядзіба была невялікая – аднапавярховы драўляны дом, але мела шырокую, да 12 м, трохрадовую ўязную ліпавую алею, ад якой зараз захаваліся адзіночныя дрэвы.


Прыдарожная алея былой сядзібы

Да самога сядзібнага дома прылягаў пейзажны парк. Захаваўся яго фрагмент, што складаецца мясцовымі відамі, у якім растуць адзіночныя лістоўніцы, конскія каштаны, белыя акацыі, клёны ясенеліставыя. Стварае зараслі рабіннік, растуць бэз, барбарыс, бружмель татарскі, спірэі. На сённяшні момант частка сядзібы забудавана, а захаваўшыйся фрагмент парка здзічэў.

Нач

Парк пры былой сядзібе Піляўскіх у вёсцы Нач быў закладзены ў сярэдзіне 19 стагоддзя і меў плошчу каля 5 гектараў. На сённяшні момант тэрыторыя парка, з якога засталася шыкоўная ліпавая алея даўжынёю каля 150 метраў, амаль поўнасцю забудавана. Сам сядзібны дом знаходзіўся ў цэнтры парка і меў форму выцягнутага прамавугольніка, у гады Вялікай Айчыннай вайны ён быў спалены.


Прыдарожная ліпавая алея

Адпаведна звестак вядомага беларускага даследчыка помнікаў садова-паркавай культуры Анатоля Федарука на стыку 19 і 20 стагоддзяў сядзібна-паркавы ансамбль ў вёсцы Нач належаў вядомаму шляхецкаму роду Рэйтанаў.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (24.05.2013) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 2428 | Рэйтынг: 5.0/4
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.