Пятніца, 26.04.2024, 08:11

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Выкладчык рускай славеснасці Фядот Кудрынскі – семінарысту Канстанціну Міцкевічу: «Вот ваше призвание»
Нават самаму адоранаму самародку раскрыцца было б не па сілах без адукацыі, а самае галоўнае — без добрых, вартых і годных настаўнікаў, якія б скіравалі, паказалі, падказалі... Сялянскаму хлопцу Кастусю Міцкевічу, які меў за спіной народную (пачатковую) школу, была фактычна закрыта дарога ў вышэйшую навучальную ўстанову. Затое стала аlmа mater Нясвіжская настаўніцкая семінарыя.

Нясвіжская настаўніцкая семінарыя
Нясвіжская настаўніцкая семінарыя

У семінарыю юнак Кастусь Міцкевіч паступіў "на казённы кошт" (дарэчы, атрыманне ім стыпендыі з’яўляецца яшчэ адным фактарам таленавітасці і працавітасці юнака). Менавіта ў семінарыі будучы пясняр спаткаў свайго настаўніка. Ім стаў, як ні парадаксальна, выкладчык рускай славеснасці Фядот Кудрынскі.

Фядот Кудрынскі
Фядот Кудрынскі

Вядомы беларускі пісьменнік С.Александровіч так па-мастацку ўбачыў першае праяўленне зацікаўленасці семінарысцкага выкладчыка да свайго вучня.

«Неўзабаве ўсе настаўнікі ведалі, што Канстанцін Міцкевіч пацяшае семінарыстаў беларускімі казкамі і народнымі анекдотамі. Неяк раз Кастуся затрымаў у калідоры новы настаўнік — выкладчык рускай літаратуры Фядот Андрэевіч Кудрынскі. Малады чарнявы мужчына гадоў трыццаці, з вусікамі і ў пазалочаным пенснэ толькі нядаўна, вясною 1900 года, прыехаў з Ніжняга Ноўгарада ў семінарыю...

— Ад каго вы чулі, Міцкевіч, казкі, што расказваеце хлопцам? — дапытваўся настаўнік, прывёўшы семінарыста ў бібліятэку.

Кастусь з недаверам пазіраў на Кудрынскага. Невядома, з якім намерам ён гэта выпытвае. Можа, яму Бароўскі нагаварыў, што Міцкевіч не раз высмейваў Бога і папоў?

— He бойцеся! — Фядот Андрэевіч па-сяброўску палажыў Кастусю руку на плячо. — У мяне чыста навуковы інтарэс... Я сам крыху пісаў пра народную славеснасць у "Киевской старине" і ў "Русском архиве"... Хочацца бліжэй пазнаёміцца з жыццём беларусаў, іх звычаямі, мовай і вуснай творчасцю...

Кастусь глянуў на Кудрынскага. Ён упершыню бачыў чалавека, які цікавіўся жыццём і мовай тутэйшых людзей.

Фядот Андрэевіч скінуў пенснэ і шчырымі ласкавымі вачыма пазіраў на семінарыста. "He, такому можна верыць!" — падумаў Кастусь.

— Мой дзядзька Антось умее расказваць... Чуў яшчэ я шмат казак ад леснікоў, ад цесляра Мікодыма Кухарчыка...

— Ёсць у мяне да вас, Міцкевіч, вялікая просьба... Запішыце вы мне, калі ласка, у час летніх канікул найбольш цікавыя прыкметы, прыказкі, казкі, якія расказваюць у вашым сяле...

— Добра, Фядот Андрэевіч, зраблю, — кіўнуў Кастусь галавою. — Але як вам запісваць: па-руску ці так, як у нас гавораць?

— Вядома, толькі так, як у вас гавораць... Пастарайцеся ўсе фанетычныя асаблівасці захаваць... Гэта вельмі важна... Я яшчэ некаторым хлопцам дам такое ж заданне. Цікава будзе параўнаць».

Якуб Колас
Якуб Колас - вучань Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі

Гэтаму чалавеку Якуб Колас заставаўся ўдзячны ўсё жыццё і на схіле свайго веку добра помніў яго як лёсавызначальнага настаўніка. Прынамсі, некалькі адвячоркаў удзяліў успамінам пра яго ў гутарках з М.Лужаніным: «Кудрынскага ўвесь час цягнула да творчасці народа, цікавіла гісторыя нашага краю. Mae фальклорныя запісы Кудрынскі хваліў шчыра. Вось я і падлажыў у адзін са сшыткаў пару ўласных вершаў. Ён доўга марудзіў, не гаварыў нічога, потым з вока на вока спытаў, ці напісана яшчэ што-небудзь. Перачытаўшы, сказаў не вельмі катэгарычна, нешта накшталт: "З гэтым вы можаце выйсці на сапраўдную дарогу". Як я разумею, ён вагаўся, што можа збіць мяне з тропу, баяўся, каб я празмерна не захапіўся пісаннем і не закінуў вучэння».

Яшчэ раней пры напісанні аўтабіяграфій Якуб Колас не мінаў імя свайго мудрага настаўніка: «Я пісаў і па-беларуску. Адзін такі верш "Вясна", змешчаны ў "Песнях-жальбах", папаў на вочы Кудрынскаму, ён мне сказаў: "Вот ваше настоящее призвние”. Гэта заахвоціла мяне, я стаў пісаць больш».

Што важна, у артыкуле-прамове на вечары сустрэчы з вучнямі мінскіх школ «Як я стаў беларускім пісьменнікам» аўтар таксама падкрэслівае ролю Ф.Кудрынскага ў сваім лёсе: «Сярод настаўнікаў быў нехта Кудрынскі, выкладчык літаратуры. Ён разумеў літаратуру, любіў яе. Ён быў першы чалавек, які па-чалавечы падышоў да майго імкнення да паэзіі, да маіх першых спроб пісаць па-беларуску. Ён падтрымаў мяне і сказаў, што маё прызванне — быць беларускім паэтам. Гэта мела рашаючае значэнне для таго, каб я цалкам аддаўся беларускай паэзіі. Я стаў пісаць выключна па-беларуску, нягледзячы на тое, што не было ніякай надзеі ўбачыць свае творы надрукаванымі, бо не было ніякага беларускага журнала».

Прычым Кудрынскі наўпрост спрычыніўся не толькі да выбару жыццёвага шляху, але і да ўзнікнення некаторых старонак лепшых твораў Якуба Коласа: «Кудрынскі мог цікава размаляваць самую непаглядную рэч, яна набывала асаблівае хараство ў вачах слухачоў.

З гадзіну неяк распісваў нам прыгажосці нясвіжскага замка. Здавалася, роўнага ў свеце няма. I я быў вельмі расчараваны, калі заскочыў аднойчы ў свята за замкавую браму. Звычайны бруднаваты брук, аблезлыя сцены. Якое там к чорту хараство, хутчэй на астрог падобна. I замак у "Сымона-музыку" я апісваў, маючы перад вачыма нясвіжскі, так, як ён паўставаў з апавядання Кудрынскага».

Нават аповесць «У палескай глушы» ўзнікла з улікам непасрэдна гэтага фактару. Пачаўшы пісаць на рускай мове, Якуб Колас перайшоў на беларускую, а ў гэтым пераходзе канцэптуальную ролю адыграў Ф.Кудрынскі, які парэкамендаваў, як вышэй было сказана, будучаму класіку пісаць па-беларуску. Аповесць тая, пачатая на рускай мове пад назвай "Один нз сотни", загучала пасля, загучала таленавіта, але на роднай мове аўтара і галоўнага героя.

Дый у Лабановічы, несумненна, закладзена часцінка душы Кудрынскага, без якой пратаганіст «У палескай глушы» быў бы іншым — і як настаўнік, і як чалавек. Вось яшчэ адзін урывак з успамінаў Якуба Коласа: «Пра аднаго толькі настаўніка, Фядота Андрэевіча Кудрынскага, настаўніка рускай мовы, я назаўсёды захаваю светлы ўспамін. Гэта быў жывы чалавек, знаўца рускай літаратуры, добры прамоўца, вораг семінарскай руціны. Ён клапаціўся аб развіцці выхаванцаў, наладжваў чытанне, увёў рэфераты, па-майстэрску кіруючы намі. Аднойчы, калі нас распусцілі на канікулы, ён прапанаваў нам запісаць народныя песні, легенды, апавяданні. Я напісаў цэлы сшытак. Калі ён прачытаў запісанае мною, ён выказаў меркаванне, што я, напэўна, пішу. Гэта надало мне бадзёрасці, і я прынёс яму сшытак, у якім было 16 баек, напісаных на рускай мове. Кудрынскі знайшоў, што байкі напісаны пад моцным уплывам Крылова. Ён пытаўся ў мяне, ці няма чаго-небудзь на беларускай мове. Я прачытаў яму верш "Вясна". Верш гэты быў цалкам ухвалены і празнаны куды вышэйшым па літаратурных вартасцях за вершы на рускай мове. Тады я пачаў пісаць на беларускай мове».

He спаткаўся б на жыццёвым шляху К.Міцкевіча Ф.Кудрынскі, ці атрымала б беларуская літаратура класіка — вялікае пытанне. Таму і ўспамінае яго Якуб Колас ці не ў кожным жыццяпісе, тым самым падкрэсліваючы ключавую, паваротную ролю гэтага настаўніка ў сваім творчым жыцці, аддаючы належную даніну пранікліваму розуму і педагагічнай інтуіцыі.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (20.11.2012) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 4029 | Тэгі: Якуб Колас, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/4
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 8
Гасцей: 8
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.