Пятніца, 29.03.2024, 02:37

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Павел Дайлід

За нашу і вашу свабоду! Паўстанне 1863-1864 гг. на Ганцаўшчыне: рэйд Р.Рагінскага
У лютым на Беларусі адзначаюцца ўгодкі пачатку паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Мінула ўжо 148 гадоў ад гэтай слаўнай даты, калі нашыя продкі ўзняліся на барацьбу супраць расійскага панавання на нашай зямлі. Аднак на афіцыйным ўзроўні гэтая падзея ніяк не ўзгадваецца. Гэта і не дзіўна ва ўмовах, калі гістарычная навука ізноў трапляе пад ідэалагічны ціск. Сёння ізноў, як і ў савецкія часы, існуюць забароненыя тэмы ў беларускай гісторыі. Да такіх тэмаў належаць і падзеі паўстанняў супраць расійскага царызму і бальшавізму: паўстання Т.Касцюшкі, К.Каліноўскага, Слуцкае паўстанне 1920 г.

Узгадаем жа некаторыя дзеі гэтага паўстання, якое закранула і Ганцавіцкі раён.

1 лютага 1863 года Літоўскі правінцыяльны камітэт выдаў да жыхароў Беларусі маніфест аб паўстанні. Адразу з сучаснай тэрыторыі Польшчы ў Беларусь пачынаюць пераходзіць першыя паўстанцкія атрады. З іх можна адзначыць атрад пад кіраўніцтвам камісара Падляшскага ваяводства Рамана Рагінскага, які дайшоў і да Ганцаўшчыны. Атрад складаўся са 150 чалавек і быў добра ўзброены, была нават магчымасць узбройваць мясцовых паўстанцаў.

Раман РагінскіУжо 11 лютага атрад прыняў бой з царскімі карнікамі графа Носціца і падпалкоўніка Вімберга пад в.Каралеўскі Мост. Сілы былі няроўныя, частка паўстанцаў вымушаная была адступіць на тэрыторыю Польшчы, а з астатнімі Рагінскі схаваўся ў лесе. Праз дзень паўстанцы Рагінскага аб’ядналіся з мясцовым атрадам С.Сангіна і Б.Рыльскага і авалодалі мястэчкам Шарашова (сёння Пружанскі раён), дзе яны вельмі прыхільна былі сустрэтыя мясцовымі жыхарамі. Тут Р.Рагінскі набыў адзенне і абутак для сваіх паўстанцаў, а таксама 6 пудоў пораху, заплаціўшы па 40 рублёў за пуд.

3 лютага 1863 г. на досвітку паўстанцы без усялякага супраціўлення захапілі павятовы горад Пружаны. Тут у горадзе яны знайшлі каля 200 карабінаў, у казначэйстве забралі 10 тысяч рублёў, з астрогу выпусцілі 9 арыштантаў. З Пружан атрад Рагінскага рушыў праз Кобрынскі павет на Піншчыну, а потым – у Мазырскі павет Менскай губерні, маючы намер узняць на паўстанне мясцовых сялян. 

17 лютага (па іншых звестках 25-26 лютага) каля вёскі Боркі (сёння Ганцавіцкі раён) паўстанцы Рагінскага сутыкнуліся з атрадам царскіх карнікаў пад камандаваннем Альбертава, які складаўся з трох рот пяхоты і сотні казакоў. Са звыклай адвагай Рагінскі пайшоў на няроўны бой і быў разбіты. Разбітых паўстанцаў царскія войскі праследавалі і знішчалі. Ганцаўскія старажылы распавядалі, што аднаго з паўстанцаў, удзельніка бою пад Боркамі, казакі праследавалі аж да в.Дзяніскавічы. Ва ўрочышчы Конік яго дагналі і забілі.

Сам Рагінскі з ад’ютантам Юрашкевічам і з некалькімі паўстанцамі выратаваўся і накіраваўся ў балоты Піншчыны. 3 сакавіка 1863 года Рагінскага злавілі каля Турава ў маёнтку шляхціца Млынскага. Ён быў арыштаваны і дастаўлены ў Берасце, а затым у Варшаўскую вязніцу.

Смяротны прыгавор змагару за волю Бацькаўшчыны ад 23 жніўня 1863 г. быў заменены на 20 гадоў катаргі, якую адбываў ён у Пермскай губерні.

У 1892 годзе Раман Рагінскі вярнуўся на Радзіму, і пакінуўшы успаміны аб падзеях 1863-1864 гг. памёр 15 лютага 1915 году.

Паўстанне 1863-1864 гг. расійскія захопнікі душылі вельмі жорстка. Ужывалі розныя метады – катавалі і забівалі не толькі паўстанцаў, але і мірных жыхароў, якіх падазравалі ў сувязі з паўстанцамі. Палілі цэлыя вёскі разам з жыхарамі, высялялі ў Сібір і глуміліся над насельніцтвам так, што апусцелі цэлыя рэгіёны. Міжволі і параўноўваеш такую "братнюю любоў" з пазнейшымі зверствамі гітлераўскіх фашыстаў на нашай зямлі.

А расійскую палітыку ў дачыненні да нашага краю акрэсліў галоўны душыцель паўстання Віленскі генерал-губернатар М.М.Мураўёў: "Забудьте наивные мечтания, занимавшие вас доселе, господа, и помните, что если вы не станете здесь по своим мыслям и чувствам русскими, то вы будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край". Не дарэмна гэтаму кату беларускі народ даў мянушку "Вешальнік".
Катэгорыя: Павел Дайлід | Дабавіў: admin (03.02.2011) | Аўтар: Павел ДАЙЛІД
Праглядаў: 3407 | Тэгі: Хатынічы, Раман Рагінскі, Кастусь Каліноўскі, Павел Дайлід, Боркі | Рэйтынг: 5.0/9
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.