Субота, 27.04.2024, 06:55

БУДСЛАЎСКІ КАСЦЁЛ УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ І КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНЦАЎ

Галоўная »
БУДСЛАЎСКІ КАСЦЁЛ УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ І КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНЦАЎ размяшчаецца ў цэнтры вёскі Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці фарміруе яе галоўную плошчу.


У 1504 г. па фундацыі вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага Аляксандра Казіміравіча Ягелончыка (надаў прывілей на 6 тыс. моргаў лесу над р. Сервач віленскім манахам-бернардзінцам) і гетмана літоўскага і ваяводы полацкага Яна Кішкі туг быў заснаваны кляштар бернардзінцаў, у якім у 1530 г. ўзведзена драўляная капліца, у 1591 г. асвячоны першы драўляны касцёл. Аўтар Бернардзінскай хронікі за 1656—71 гг. айцец Томаш Дыгань пісаў, што нагодай для пабудовы касцёла было з'яўленне Маці Божай. На сродкі віленскага гвардыяна (настаяцель кляштара) Фларыяна Калецкага, польнага гетмана літоўскага Яна Кішкі і шляхціцаў Далмат-Ісакоўскіх 28.08.1633 г. быў закладзены новы мураваны храм, будаўніцтва якога закончана 09.07.1643 г. З блаславення віленскага біскупа Абрахама Войны новы касцёл асвяціў ксёндз Галамбоўскі. Архітэктарам збудавання быў нямецкі дойлід Андрэй Кромер. 3 1731 г. пры кляштары дзейнічае духоўная школа на 10 вучняў,у 1756 г. — музычная школа на 25 вучняў, з 1793 г. — двухкласная пачатковая школа; у 1790 г. пабудаваны цагляны шпіталь. Схематызаваны выгляд першапачатковага кляштара надаецца ў кніге ксяндза Элеўтэра Зелянкевіча 1650 г. «Задыяк на зямлі» і на карце Г.Ляйбовіча другой палавіны 18 ст.

Сучасны выглядхрам набыў пасля перабудовы ў 1767—83 гг. віленскім архітэктарам Канстанцінам Пэнсам (магчымы ўдзел варшаўскага дойліда Іосіфа Фантаны). Урачыстае асвячэнне адбылося 07.09.1783 г. біскупам Францішкам Алоізам Гзоўскім, храм быў названы ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У 1750—54 гг. па фундацыі Барбары Скарульскай да касцёла далучаны двухпавярховы жылы корпус кляштара; у ансамбль уваходзілі мураваныя і драўляныя гаспадарчыя пабудовы другой палавіны 18 ст. 3 1756 г. пры кляштары дзейнічала музычная школа (заснавана Б.Скарульскай). Скасаваны ў 1859 г. касцёл стаў прыходскім, жылыя карпусы адведзены пад ваенныя казармы, да канца стагоддзя разабраны. У 1990-я гг. каля храма створана часовая папская рэзідэнцыя «Базіліка Мінорыс» (архітэктары Ю.Патапаў, А.Нямкоў), прызначаная для правядзення рэлігійных свят, сустрэч вышэйшых духоўных асоб і іншых мерапрыемстваў. Пасля працяглага перапынку ў 1992 г. адрадзілася паломніцтва да святыні. 02.07.1995 г. Тут адбыўся вялікі каталіцкі фэст, на якім прысутнічаў апостальскі нунцый Аўгуст Маркета.


Касцёл — помнік архітэктуры рэнесансу і позняга барока. Уяўляе грандыёзную трохнефавую двухвежавую крыжова-купальную базіліку. Асноўны архітэктурна-пластычны акцэнт створаны на галоўным фасадзе, які мае шматпланавую трактоўку: дамінуючыя цэнтральныя калонны рызаліт і бакавыя вежы выступаюць наперад, сцяна западае ў глыбіню. Шматпрофільны карніз падзяляе фасад на два ярусы; першы прарэзаны шырокім лучковым уваходным парталам, акаймаваным пілястрамі са стылізаванымі карынфскімі капітэлямі; у другім — порцік тaгo ж ордэра з лучковым франтонам. Цэнтральны рызаліт завяршае фігурны шчыт, маляўнічая аблямоўка якога паўтараецца ў франтонах крылаў трансепта і алтарнай сцяны. Чатырох'ярусныя вежы завершаны фігурнымі купалкамі. Архітэктура насычана багатай, амаль скульптурнай пластыкай: «пушча» калон, паўкалон і пілястраў, вытанчаныя графічныя прафілёўкі і інтэнсіўна раскрапаваныя антаблементы.

Унутраная прастора набыла дынамічнае развіццё ад нізкіх вуглавых травеяў у высокі працяглы неф і трансепт, над скрыжаваннем якіх пануе сферычны купал (знадворку схаваны пад дахам). Інтэр'ер перакрыты крыжовымі і цыліндрычнымі з распалубкамі скляпеннямі. Як і ў экстэр'еры, сцены крапаваны слаёнымі пілястрамі, адкрытыя плоскасці маюць перспектыўна-ілюзорную размалёўку на архітэктурную тэматыку. На высокіх выгнутых хорах — арган (канец 18 ст., фундаваны Б. Скарульскай), упрыгожаны драўлянай пазалочанай разьбой у стылі ракако. Апсіда адсутнічае; галоўны драўляны алтар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1784—90 гг., паводле іншых звестак устаноўлены ў 1649 г.) пастаўлены ў глыбіні нефа і з'яўляецца асноўным мастацка-дэкаратыўным акцэнтам інтэр'ера, выкананым у стылі класіцызму. Роспіс касцёла зроблены мастаком К.Анташэўскім. На сценах сакрысціі пагрудныя партрэты рымскіх папаў — Сікста IV, Сікста V, Мікалая IV, Аляксандра V (18 ст.). У стылі ракако выкананы б спавядальняў (канфесіяналяў), у стылі класіцызму — амбон.

У капліцы святой Барбары (далучана да нефа прамавугольным аб'ёмам; захавалася ад першапачатковага храма) знаходзіцца унікальны разны драўляны алтар Звеставання Найсвяцейшай Дзеве Марыі — адзін з выдатных помнікаў мастацтва ранняга барока 17 ст. Створаны ў 1643—49 гг. намаганнямі настаяцеля кляштара айца Элеўтэра Зелянкевіча (у 1929 г. рэстаўрыраваны майстрам Драблеўскім). Цэнтральная яго частка двухярусная, плоская; бакавыя, перспектыўна накіраваныя да цэнтра, вырашаны ў выглядзе карынфскіх каланад з развітым антаблементам. Яны служаць кулісамі для 20 скульптур, размешчаных ва ўрачыстых позах у арачных нішах, на карнізах, крылах разарваных франтонаў. Кантрастная паліхромія пазалоты выяўленчых элементаў (гратэскнае спляценне ў завітках і драпіроўках галовак анёлаў, ільвоў, лістоў аканту, раслінных капітэляў, ракавін) і чорнатаніраванага фону, рэнесансавая яснасць і ўраўнаважанасць кампазіцыі спалучаюцца з выразнымі барочнымі рысамі: інтэнсіўнай раскрапоўкай антаблементаў і франтонаў, тэатральнасцю і драпіровачным багаццем скульптурнага ансамбля. Скульптурны ансамбль уключае выявы Давіда і Арона (на тарцах алтара), святых Юзафа, Захарыі, Іахіма (у левым крыле), святых Яна Хрысціцеля, Альжбеты, Ганны (у правым крыле); тарэц левага крыла завяршаюць постаці святых Станіслава і Францыска, правага — святых Казіміра і Антонія; у цэнтры фігуры 6 анёлаў і постаці святых Пятра і Паўла. Барочны сінтэз мастацтваў дапаўняецца жывапісам — абразы «Укрыжаванне» (17 ст., нададзены ў 1773 г.) і «Маці Божая Балесная» (канец 16 ст.).


02.07.1998 г. касцёл абвешчаны санктуарыем каранаванага абраза «Найсвяцейшая Дзева Марыя Будслаўская». Паводле падання, яго першым уладальнікам быў мінскі ваявода Ян Пац, які атрымаў гэты абраз у Рыме ў 1598 г. ад папы Клемента VIII. Пасля смерці Яна Паца капеланам быў ксёндз І.Салака, які ў 1613 г. ахвяраваў абраз касцёлу. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 гг. манахі вывезлі яго ў в. Саколка (Беласточчына), адкуль ён быў вернуты пасля вайны. Абраз намаляваны алейнымі фарбамі на палатне (72 х 65 см) і замацаваны на раме, на адваротным баку якой захаваўся надпіс з 1646 г., зроблены падчас будовы алтара для новага мураванага касцёла. Адрэстаўрыравана ў 1991—92 гг. мастаком В.Лукашэвічам.

Жылы корпус (не захаваўся) быў пабудаваны ў другой палавіне 18 ст. з цэглы ў стылі барока. Складаўся з трох двухпавярховых крылаў, якія акаймоўвалі ўнутраны двор з паўночнага боку касцёла. Уваход быў вылучаны рызалітам з фігурным франтонам, завершаным гранёнай сігнатуркай.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.