Субота, 27.07.2024, 02:24

БАРУНОЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА І КЛЯШТАР БАЗЫЛЬЯН

Галоўная »
БАРУНОЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА І КЛЯШТАР БАЗЫЛЬЯН размяшчаецца ў цэнтры вёскі Баруны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. Уключае будынкі касцёла, манастырскага корпуса, вежу-званіцу і капліцу.


У 1692 г. была пабудавана уніяцкая драўляная царква, фундаваная Мікалаем Песляком для мужчынскага базыльянскага кляштара і ў гонар абраза Маці Божай Барунскай візантыйскага пісьма. У 1700—07 гг. на месцы драўлянай узведзена мураваная царква, знішчаная пажарам, у 1715 г. адбудаваная кіеўскім і галіцкім мітрапалітам Львом Кішкам. У 1747—57 гг. паводле праекта архітэктара А.Асікевіча пастаўлена мураваная царква (дабудавана ў 1760—70 гг.). У 1778—93 гг. пабудаваны мураваны манаскі корпус, які ў канцы 19 ст. быў рэканструяваны. У 1833 г. кляштар перададзены праваслаўным; пасля абнаўлення царква пераасвячона ў імя Пакрова Прасвятой Багародзіцы. У 1922 г. царква перададзена католікам.

У 1700 г. з мястэчка Вішнева (Валожынскі раён) сюды пераведзена трохгадовая базыльянская школа, пераўтвораная ў 1793 г. ў шасцікласную. У ёй навучаліся польскія пісьменнікі А.Адынец, Ю.Корсак, І.Ходзька; выкладалі базыльяне Ф.Белдоўскі, М.Лебель, Б.Ляўковіч, Г.Гамалінскі, С.Катовіч, С.Ушацкі. У прыстанку з 1845 г. размяшчалася духоўнае вучылішча. У 1874 г. кляштар быў прыпісаны да Віленскага Свята-Духава манастыра, а з 1886 г. ў ім адкрыты яго філіял. У гады Першай сусветнай вайны настаяцелем М.Пятроўскім тут быў створаны інтэрнат для дзяцей-сірот. У 1920—22 гг. у былым кляштары дзейнічала беларуская настаўніцкая семінарыя, дырэктарам якой быў прадстаўнік нацыянальна-вызваленчага руху С.Рак-Міхайлоўскі. Пры польскай уладзе ў 1922 г. храм стаў Петра-Паўлаўскім касцёлам.

Касцёл — помнік архітэктуры «віленскага барока» і стылю ракако. Mae кананічную трохнефавую двухвежавую базілікальную планіровачную структуру: прамавугольны аб'ём храма пад двухсхільным дахам пераходзіць у паўкруглую апсіду. Галоўны фасад арыгінальнай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі. На яго хвалістай плоскасці сканцэнтравана вытанчанае дэкаратыўнае аздабленне. Сярэдняя частка мае паўкруглы выгін з вялікім акном у цэнтры і завершана атыкавым франтонам з валютамі. Уваход падкрэслены масіўным парталам з фігурным франтонам. Вежы (захавалася паўднёвая, ад другой захаваўся ніжні ярус) пастаўлены пад вуглом да галоўнага фасада. 3 абодвух бакоў да вежаў прылягаюць барочныя брамы з маляўнічым сілуэтам і насычанай крапоўкай. Паўночная брама злучае касцёл з двух'яруснай вежай-званіцай. Усё гэта стварае шырокую, прасторава насычаную маляўнічую архітэктурную панараму. На бакавых фасадах лучковыя аконныя праёмы.

У інтэр'еры цэнтральны неф, апсіда і сакрысціі перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, бакавыя нефы — крыжовымі, насычанымі галаснікамі. Завяршае магутную перспектыву інтэр'ера стукавы барочна-ракайльны алтар, вырашаны ў выглядзе карынфскай каланады з «разарваным»і інтэнсіўна крапаваным антаблементам. Над ім 4 скульптуры архангелаў. Больш аблегчаная кампазіцыя другога яруса алтара разгортваецца вакол круглага акна-люкарны, фланкіраванага шчытом з выявамі Тройцы, анёлаў і ляпной кампазіцыяй «Глорыя» ў завяршэнні. Скульптурнае стукавае аздабленне амбона мае рысы стылю ракако. На хорах стары арган. Пад храмам — крыпта-пахавальня.


У касцёле шануецца абраз Маці Божай Барунскай Суцяшальніцы Засмучаных невядомага мастака. Першапачаткова належаў прапаведніку-базыльяніну і місіянеру айцу Іязафату Бражысу, які перад смерцю ў 1691 г. перадаў святыню сваяку Мікалаю Пасляку. У 1702 г. базыльяне, занепакоеныя набліжэннем шведскага войска, перадалі абраз літоўскаму гетману Міхалу Вішнявецкаму ў Валожын. У Баруны абраз вернуты ў 1709 г. Перад скасаваннем касцёла ў 1833 г. аддадзены Важынскім, вернуты ў храм у 1922 г. У апошнюю нядзелю 1991 г. парафія ў Барунах святкавала 300-годдзе культу Маці Божай Барунскай Суцяшальніцы Засмучаных.


Жылы корпус у выніку рэканструкцыі 19 ст. набыў рысы класіцызму. Двухпавярховы будынак мае Т-падобную планіровачную кампазіцыю з рэгулярным рытмам фасадаў, які ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы ў простых ліштвах і лапаткі ў прасценках. Перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі памяшканні аб'яднаны галерэямі з ажурнымі крыжовымі скляпеннямі.

На плошчы перад касцёлам мураваная капліца другой палавіны 18 ст. — цэнтрычная двух'ярусная вежа (чацвярык на васьмерыку), другі ярус — скразная вежачка з чатырмя лучковымі прасветамі, пад скляпеннем якой устаноўлена скульптура Хрыста. Збудаванне завершана невялікай двух'яруснай цыліндрычнай вежачкай з крыжом над гранёным шатровым дашкам. Капліца абнесена мураванай агароджай з брамкай.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 13
Гасцей: 13
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.