Субота, 27.07.2024, 03:52

ДЗЯРЖЫНСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ГАННЫ

Галоўная »
ДЗЯРЖЫНСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ГАННЫ размяшчаецца на вуліцы Першамайскай у паўночнай частцы горада Дзяржынск (Койданава) Мінскай вобласці.


Першапачатковы храм Апекі Божай заснаваны ў 1439 г. па фундацыі літоўскага князя Міхаіла Жыгімонтавіча (па іншых звестках — Радзівілаў). Неаднаразова цярпеў ад пажараў. Існуючы храм пабудаваны ў другой палавіне 18 ст. Меліся філіяльны касцёл у в. Вязынь, прыпісныя капліцы ў вёсках Станькава, Гарбузы, Нарэі, Рубілкі, Скароднае, Навасёлкі. На 1883 г. налічвалася 12300 парафіян. Пасля Вялікай Айчыннай вайны выкарыстоўваўся пад дзіцячую музычную школу. У 1990-я гг. перададзены парафіянам і адноўлены.

Помнік драўлянага дойлідства з рысамі барока. Трохнефавая двухвежавая базіліка на мураваным цокалі. Мае ярусную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю: да цэнтральнага высокага нефа, які пераходзіць у пяцігранную апсіду, далучаюцца больш нізкія бакавыя нефы з аднасхільнымі пакрыццямі. Галоўны фасад вырашаны шырокай вертыкальна ашаляванай плоскасцю. Першапачаткова фасад быў фланкіраваны дзвюма двух’яруснымі чацверыковымі вежамі, завершанымі пластычнымі па форме каркаснымі шатровымі сігнатуркамі (былі знесены і надбудаваны нізкія вежачкі). Паміж імі быў размешчаны фігурны валютны шчыт, што прыкрываў двухсхільны дах — кампазіцыя, запазычаная з барочнай мураванай архітэктуры. Па цэнтры фасада было лучковае акно, што асвятляла хоры, і чатырохслуповы ганак. Бакавыя фасады расчлянёны дзвумя радамі прамавугольных (раней лучковых) аконных праёмаў і вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі ў прасценках.

У інтэр'еры на апсідную сцяну была нанесена ілюзорная выява барочнага алтара ў выглядзе порціка з дзвумя парамі размешчаных уступам канелюраваных карынфскіх калон, якія неслі лучковы франтон з кампазіцыяй «Глорыя» ў завяршэнні. Характарызаваўся напружанасцю і экспрэсіўнасцю архітэктурна-пластычнай кампазіцыі, выгінамі хвалістага франтона і карнізных паясоў, насычанасцю скульптурай, вазамі і дэкаратыўнай разьбой. Уся архітэктурна-пластычная кампазіцыя была ўзнята на высокі філёнгавы цокаль са скульптурамі апосталаў па баках. У цэнтры алтара быў жывапісны абраз «Прасвятая Багародзіца» 18 ст.

Першапачаткова перад касцёлам стаяла драўляная двух’ярусная зрубна-каркасная званіца, шатровы гонтавы дах якой завяршала сігнатурка, падобная да касцельнай. У канцы 20 ст. яе змяніла мураваная двух’ярусная васьмігранная шатровая званіца.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 48
Гасцей: 48
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.