Субота, 27.07.2024, 03:40

ДЗЯТЛАЎСКІ КАСЦЁЛ УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ

Галоўная »
ДЗЯТЛАЎСКІ КАСЦЁЛ УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ размяшчаецца на плошчы 17 Верасня ў цэнтры горада Дзятлава Гродзенскай вобласці.


Пабудаваны ў 1624—46 гг. па фундацыі ўладальніка мястэчка Льва Сапегі і яго сына Казіміра на былой Рынкавай плошчы, на месцы драўлянага храма (князь К.В. Астрожскі ў 1570 г. заснаваў пры ім багадзельню). 3 1738 г. да канца стагоддзя ў ім служылі айцы-рахіты. Пасля вялікага пажару 1743 г., які знішчыў мястэчка і касцёл (згарэў галоўны алтар, унутранае начынне, архіў, труны з нябожчыкамі ў крыпце), у 1751 г. перабудаваны архітэктарам А. Асікевічам па фундацыі М.Ф. Радзівіла і яго жонкі Барбары (з Завішаў). Пасля пажару 1882 г. заменены дах. У 1900 г. касцёл быў абнесены высокай мураванай сцяной з чатырохслуповай брамай і вуглавымі чатырохграннымі вежамі пад барочнымі чарапічнымі дахамі «з заломам». Уздоўж правай сцяны агароджы цягнуліся гандлёвыя рады. Прыпісная філіяльная капліца святога Юзафа ў вёсцы Руда Яварская.

Помнік архітэктуры «віленскага барока» (ракако). Двухвежавы аднанефавы храм з магутнай паўкруглай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Зрокава аблегчаныя чатырох’ярусныя вежы з фігурнымі купаламі і шчыт паміж імі (у мінулым з курантамі) робяць кампазіцыю галоўнага фасада вышыннай, дынамічнай, а сілуэт маляўнічым. Пілястры і хвалістыя карнізы дзеляць яго на тры часткі, у цэнтральнай з якіх вылучаецца пластычны партал галоўнага ўвахода з выявамі анёлаў і херувімаў. Партал выкананы ў рэнесансава-барочным стылі ў 1646 г., верагодна, кракаўскім скульптарам Кастэлі. На франтоне партала лацінскі надпіс: «На славу Усемагутнаму Богу і ў гонар Унебаўзяцця Прачыстай гэты храм пабудаваў Казімір Лявон Сапега, падканцлер В.К.Л. Слонімскі дзяржаўнік 1646 Р.Х.»; у верхнім картушы гарэльеф «Божая Маці з дзіцем Ісусам». У бакавых праслах фасада зроблены арачныя нішы-экседры, у якіх пастаўлены скульптуры святых апосталаў Пятра і Паўла, Ісуса і Маці Божай. Бакавыя сцены і апсіда ўмацаваны пілонамі, плоскасці паміж якімі прарэзаны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі. Над скругленым дахам апсіды на пастаменце ўзвышаецца крыж. Рамонт храма ў 1900 г. пасля пажару парушыў яго белакаменную таніроўку.

У інтэр'еры сцены расчлянёны шырокімі пілястрамі і апяразаны магутным карнізам. Алтарная частка аддзелена ад залы высокім арачным прасветам. Цыліндрычнае з распалубкамі скляпенне нефа пераходзіць над апсідай у крыжовае. Хоры, на якія вядуць дзве вінтавыя лесвіцы, адгароджаны парапетам складанай канфігурацыі; на іх устаноўлены арган, упрыгожаны накладной пазалочанай разьбой. У час перабудовы касцёла ў сярэдзіне 18 ст. інтэр'ер набыў ракайльную мастацка-стылёвую трактоўку. Яго афармленне заснавана на скульптурна-арнаментальнай лепцы, якая сканцэнтравана на сямі насценных алтарах, выкананых у тэхніцы стука ў 1751 г. Галоўны з іх, які цалкам запаўняе глыбокую апсіду, двух’ярусны трохчасткавы, дынамічнай архітэктурна-дэкаратыўнай кампазіцыі: складаны рытм карынфскіх калон і пілястраў, інтэнсіўна раскрапаваныя антаблементы. У першым ярусе ў інтэркалумніях устаноўлены скульптуры святых Альберта і Станіслава, у цэнтры — разны гарэльеф Бога-айца з Укрыжаваннем на фоне аблокаў і шэсць скульптур святых у экспрэсіўнай трактоўцы. У другім ярусе сярод пілястравай крапоўкі выкананы гарэльеф Божай Маці на воблаку. Карнізны пояс упрыгожваюць дэкаратыўныя вазы на звівах валют, накладныя картушы, ракайлі. На консе апсіды ляпная гарэльефная кампазіцыя «Усёбачнае Вока». Два меншыя вуглавыя алтары нагадваюць галоўны і таксама пакрыты стукавай дэкаратыўнай ляпнінай. Улевым алтары святой Марыі Магдалены размешчаны абразы-карціны «Святая Магдалена» і «Унебаўзяцце», скульптуры святога Мікалая і святога Юры; у правым алтары святога Барбары — абразы-карціны «Святая Барбара» і «Святая Сям'я», скульптуры святога Удальрыка і святога Фаўстына. На сценах нефа алтары Маці Божай Вастрабрамскай, Ісуса, святога Юрыя, Яна Непамука; два картушы з выявамі Вадохрышча і партрэта Мікалая Фаўстына Радзівіла з эпітафіяй. У стылі ракако вырашаны амбон, кансольна навешаны на паўночна-заходнюю сцяну нефа і насычаны ляпной ракайльнай арнаментыкай, геральдычнымі знакамі, драпіроўкамі, картушамі, сімвалічнай атрыбутыкай евангелістаў (выявы анёла, цяльца, льва, арла). Пластычны ляпны балдахін амбона завершаны скульптурай анёла. Абраз другой палавіны 18 ст. «Марыя Магдалена».

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 44
Гасцей: 44
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.