ГУДАГАЙСКІ КАСЦЁЛ ЗВЕСТАВАННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЕ МАРЫІГалоўная »
ГУДАГАЙСКІ КАСЦЁЛ ЗВЕСТАВАННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЕ МАРЫІ размяшчаецца на могілках на ўсходняй ускраіне вёскі Гудагай Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці.
Пабудаваны ў 1764 г. з дрэва пры кляштары кармелітаў босых, фундаваным полацкім абозным І.К.Войнам і яго жонкай Людвікай (з Сулістроўскіх). У фундуш кляштара быў упісаны маёнтак Астравец-Урбаноўскі. Кляштар скасаваны ў 1832 г., жылы будынак разбураны, касцёл ператвораны ў капліцу, прыпісаную да касцёла Маці Божай Ружанцовай у в. Солы (Смаргонскі раён). Парафія адноўлена ў 1906 г., потым зноў скасавана; зноў асвячона ў 1990 г. Адасоблена ад касцёла ў вуглу бутавай агароджы ў 1900-я гг. пастаўлена каркасная шатровая званічка.
Помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю барока. Асноўны прамавугольны ў плане зруб накрыты двухсхільным дахам, які набывае пластычную гранёную форму і выгіны над пяцігранным алтарным прырубам з нізкімі сакрысціямі. Галоўны фасад меў дзве купальныя чацверыковыя вежы (не захаваліся), што фланкіравалі трохвугольны франтон з шатровай сігнатуркай. Аднасхільны дах нізкага прытвора ў 1920-я гг. заменены двухсхільным з трохвугольным франтонам. 3 мураванага дойлідства запазычана лучковая форма аконных праёмаў, што вылучаюцца на вертыкальнай шалёўцы сцен і разам з брусамі-сцяжкамі ствараюць іх рэгулярны архітэктурны рытм.
Малітоўная зала і апсіда аб'яднаны агульнай плоскай столлю і вертыкальна-гарызантальнай шалёўкай сцен, што разам з вялікай галерэяй хораў надае ўнутранай прасторы глыбіннае развіццё і дынамічнасць. Прасторава неардынарна пастаўлены і тры драўляныя алтары 18 ст.: галоўны Маці Божай Гудагайскай — франтальна, бакавыя Святога Казіміра і Сэрца Ісуса — пад вуглом. Выкананыя ў стылі класіцызму, яны маюць двух'ярусную пабудову з двухкалонных порцікаў, упрыгожаны драўлянай скульптурай, разным арнаментам, пазалотай. Арган мае выгляд класічнага порціка, аформленага накладной арнаментальнай разьбой у стылі ракако. Цудоўны прыклад народнай інтэрпрэтацыі гэтага «свецкага» стылю — чаканны трохвугольны рэлікварый. У галоўным алтары знаходзіцца цудадзейны абраз Дзевы Марыі Шкаплернай (скапіраваны з візантыйскай Маці Божай Уладзімірскай у пачатку 17 ст., у 1832 г. перанесены ў фарны касцёл у Ашмянах, у 1906 г. вернуты ў касцёл).
Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.
|