ЛІДСКІ КАСЦЁЛ УЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА размяшчаецца на вуліцы Савецкай ў цэнтры
горада
Ліда Гродзенскай вобласці. Пабудаваны ў 1747(65)—70 гг. з цэглы як фарны (парафія заснавана каралём Уладзіславам Ягайлам у 1387 г.), верагодна, па праекту віленскага архітэктара І.К.Глаўбіца. У 1928 г. асвячоны архі
біскуп Р.Ялбжыкоўскім. Быў абкружаны мураванай
агароджай з барочнай
брамай (не захаваліся).
Помнік архітэктуры
барока і ракако. Трохнефавая двух
вежавая
базіліка (вежы разабраны ў час пажару 1821 г.) з прамавугольнай
апсідай і бакавымі нізкімі сакрысціямі накрыта двухсхільным чарапічным дахам з вальмамі над апсідай. Галоўны фасад завершаны фігурным шчытом з трохвугольным франтонам, расчлянёны слаістымі пілястрамі. Яны разам з высокімі арачнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах ствараюць рытміку бакавых фасадаў з вытанчана прафіляваным антаблементам. Цэнтральны неф апяразаны крапаваным антаблементам і перакрыты разам з алтарнай часткай цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя — цыліндрычнымі на падпружных арках, сакрысціі перакрыты плоскай столлю на падугах.
Інтэр'ер, афармленне якога прыпісваецца Глаўбіцу, упрыгожвае фрэскавая размалёўка скляпенняў, сцен, аконных адхілаў, скульптура і
арнаментальная лепка ў стылі ракако. У ім тры стукавыя
алтары. Цэнтральны вырашаны ўзнятай на высокі пастамент карынфскай каланадай з хвалістым антамблементам, над якім лунаюць анёлы; размаляваны пад шэра-блакітны мармур; фланкіраваны ў аснаванні скульптурамі святых апосталаў Пятра і Паўла. Алтарная скульптура «Укрыжаванне» размешчана на маляваным фоне з выявай Галгофы, акаймавана ракайльнай рамай. Над ёй у барочным картушы размешчаны
абраз «Тайная вячэра». У завершы алтара ляпныя воблакі, якія акаймоўваюць круглую люкарну. Аналагічна вырашаны і два бакавыя алтары: двух’ярусная насценная кампазіцыя на філёнгавым п'едэстале, на яго ўзняты дзве карынфскія калоны, што нясуць фігурны шчыт з пуцці і дэкаратыўнымі
вазамі. Алтары выкананы ў тэхніцы штучнага мармуру. На скляпеннях у ракайльным арнаментальным абрамленні размешчаны фрэскавыя пано «Узвышэнне Святога Крыжа», «Маці Божая», «Звеставанне», «Беззаганнае Зачацце», «Уручэнне ключоў святому Пятру», чатыры картушы з выявамі евангельскай сімволікі. Гісторыка-мастацкая значнасць надаецца абразу «Маці Божая з дзіцем», прывезенаму быццам з Візны (Беластоцкае ваяводства) у 1376 г. першымі місіянерамі-францысканцамі. Фрэскавы жывапіс выкананы ў вохрыста-умбрыстай каляровай гаме з перавагай блакітна-зялёных таноў. У стылі ракако вырашаны каваны
амбон у выглядзе трыльяжнай чашы з накладнымі картушамі. Над уваходам на вялікай арцы ўзняты хвалістыя хоры. На міжнефавым слупе з правага боку ў 1933 г. ўмуравана мемарыяльная пліта з успамінам аб перамозе пад Венай.