Субота, 27.07.2024, 04:03

ЖУПРАНСКІ КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА

Галоўная »
ЖУПРАНСКІ КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА размяшчаецца ў цэнтры вёскі Жупраны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. Пабудаваны ў 1854—75 гг. з цэглы.


Першы драўляны касцёл пабудаваны каля 1550 г. Генрыкам Дукшай і Даўгердам, у канцы 16 ст. Багуслаў Радзівіл перарабіў яго пад кальвінскі збор, які быў скасаваны ў 1646 г. Пасля вайны з Масковіяй адбудаваны ў 1692 г. брандэнбургскай маркграфіняй дачкой Багуслава Радзівіла. Пачатае ў 1854 г. будаўніцтва мураванай каталіцкай святыні хутка было спынена і скончана толькі ў 1864 г. графам Адамам Чапскім — уладальнікам суседняга маёнтка Навасёлкі. 30.04.1900 г. ў касцёле адбылося адпяванне беларускага паэта-дэмакрата Францішака Багушэвіча. 3 1981 г. пры касцёле адбываюць пастырскую службу манахі ордэна салезіян.

Помнік архітэктуры рэтраготыкі. Прамавугольны ў плане трохнефавы храм накрыты двухсхільным дахам, з франтальнага фасада далучана вежа-званіца. Яе другі ярус і бакавыя атыкавыя сценкі завершаны па вуглах гранёнымі спічастымі фіяламі. Вялікія фасадныя плоскасці рытмічна члянёны стральчатымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны ажурнымі аркатурнымі паясамі і фрызамі, спрошчаным карнізам з гарадковым фрызам. Маляўнічасць храму надаюць вялікія фасадныя плоскасці з аконнымі праёмамі, блендамі і нішамі, ажурнымі аркатурнымі паясамі і фрызам, спрошчаным карнізам з гарадкамі і цёплая чырвона-вохрыстая колеравая гама будынка — спалучэнне высакаякаснай цаглянай і бутавай муроўкі з атынкаванымі архітэктурнымі абломамі. Стрыманы гатычны рух уверх дасягаецца высокім, амаль падкарнізным размяшчэннем спічастых аконных праёмаў, рытмічным нарастаннем вертыкальна выцягнутых ніш на вуглавых пілонах галоўнага фасада, гранёнымі шатровымі фіяламі. Вертыкальнаму руху падпарадкавана тэлескапічная трактоўка трох’яруснай вежы-званіцы, верхні васьмігранны ярус якой завершаны шатром з лацінскім крыжом.

У інтэр'еры шэсць магутных гранёных слупоў падзяляюць залу на тры нефы, сярод якіх самы вялікі цэнтральны, завершаны ў апсідзе алтаром. У бакавых нефах, абапал апсіды, вылучаны сакрысціі. Цыліндрычнае і крыжовыя скляпенні мацуюцца на папярочных і падоўжных падпружных арках, пакрытых паліхромнай размалёўкай, кесонамі з ляпнымі разеткамі і гатычнымі нервюрамі; на скляпеністых пралётах маляваныя выявы анёлаў у арнаментальным антуражы. Акно ў апсідзе запоўнена каляровым вітражом з выявай «Укрыжаванне». Касцёльнае начынне выканана пераважна ў рэтраспектыўна-барочным стылі. Алтар вырашаны ў выглядзе каланады з фрагментамі антаблемента і выявай Саваофа ў цэнтры і дзвумя скульптурамі святых па баках. Драўляны амбон кансольна навешаны на сярэднім правым пілоне нефа. Над уваходам на трайную аркаду ўзнесены па-барочнаму хвалістыя хоры з невялікім арганам. У тоўшчы бакавых сцен прабіты стральчатыя нішы для спавядалень. Каля левай сцяны прэсбітэрыя пастаўлена драўляная лаўка ў рэтрагатычным выкананні. Злева ад увахода размешчана белая мармуровая мемарыяльная пліта з надпісам: «Францішку Багушэвічу, 1840—1900, прыяцелі» (пахаваны на могілках побач з касцёлам).

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 36
Гасцей: 36
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.