Пятніца, 29.03.2024, 10:31

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Інкубатар для генія. Да пытання пра дэтэрмінізм творчасці Якуба Коласа
Кожны геній фарміруецца дзякуючы як агульным для ўсяго грамадства, так і індывідуальным чыннікам. У гэтым працэсе ёсць і, бясспрэчна, ірацыянальнае. Немагчыма разгадаць, чаму той ці іншы чалавек нараджаецца надзвычай адораным. Але адносна кожнага з геніяў можна казаць і пра тыя канкрэтныя крыніцы, якія наталілі патэнцыял таленту сваёй жыватворнай сілаю, стварылі ўмовы для раскрыцця. Напрыклад, малая радзіма, якая ў кожнага свая. Для Якуба Коласа «сонцам свяціла Наднямонне». Маці — чалавек, з якога пачынаецца адкрыццё сусвету, — таксама спрычыняецца да фарміравання індывіда (і не толькі па-боску адоранага). Геній Якуба Коласа максімальна ўвабраў мудрасць і дабрыню сваёй маці, непісьменнай сялянкі.

Сустракаюцца фактары і зусім выключныя, супадзенне якіх у лёсах розных творцаў з’яўляецца малаверагодным. Да такіх у выпадку з Якубам Коласам адносіцца выхаванне малога Кастуся дзядзькам Антосем — кнігалюбам і цудоўным апавядальнікам. Рысы дзядзькі перадаліся пляменніку! На лёс семінарыста К. Міцкевіча таксама паўплываў педагагічны талент Фядота Кудрынскага, які падштурхнуў свайго вучня да беларускамоўнай стыхіі. Урэшце складаным, шматслойным чыннікам, у многім выгадаваным на глебе папярэдніх, стала турэмнае зняволенне настаўніка і бунтаўшчыка (1908 — 1911), шматгадовая (1915 — 1921) адарванасць ад Беларусі. Пазбаўленне волі і разлука з радзімай абвастрылі любоў да яе, каталізавалі натхненне і выяўленне творчага патэнцыялу, нават акрэслілі найбольш плённы перыяд у творчасці Якуба Коласа, калі нарадзіліся паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка». Моцна паўплывала на творчасць драматычнае становішча Бацькаўшчыны, якую падзялілі розныя палітычныя сілы, прычым такім чынам, што «родны кут» паэта (разам з маці) два з паловай дзесяцігоддзі (1915 — 1939) заставаўся для яго недаступным. Дый на той частцы краіны, куды вярнуўся пісьменнік пасля ваеннага ліхалецця, — у Савецкай Беларусі ўсё выглядала, відаць, не так, як уяўлялася.

Якуб Колас

Сума азначаных крыніц сфарміравала галоўныя вяршыні творчасці Якуба Коласа. Часава гэты працэс, «падсумаванне», сінтэз фактараў завяршаецца на пачатку 1920-х гг. — якраз тады, калі і склалася асноўнае кола твораў Якуба Коласа, якія ўжо пры першапублікацыях разглядаліся як шэдэўры — ацэнка, што з цягам часу толькі ўмацавалася. Сам творца таксама адзначае пералом у сваёй літаратурнай дзейнасці, пазначаючы яго 1925 г. (але робіць гэта ў 1930 г. ва ўмовах шчыльнай увагі з боку існага рэжыму): «Першы перыяд мае літаратурнае дзейнасці быў закончаны к 1925 г. З 1911 па 1921 г. у маёй літаратурнай рабоце былі вялікія перарывы, і толькі 1921 г., год майго звароту ў Савецкую Беларусь, і наступныя гады далі мне магчымасць поўнасцю аддацца літаратурнай рабоце і закончыць свае творы першага перыяду, пачатыя яшчэ ў астрозе ў 1910 — 1911 гг.»

Творца адбыўся — і з гэтай прычыны ў далейшым жыццёвыя калізіі ўжо не ўплывалі на яго так, як раней. Складаныя часы сталіншчыны, сусветная вайна, асабістыя страты, несумненна, не маглі не сказацца на натхненні паэта і, урэшце, на саміх творах. Так, жорсткія ўмовы існавання 1930-х гг. перайначылі гучанне ліры паэта (са шчырага на рэгламентаванае) у значнай ступені ідэалагемамі, хаця і тады Якуб Колас змог праявіць сябе творча: у філасофскай і пейзажнай лірыцы, перакладчыцкай дзейнасці, творах для дзяцей. Больш за тое, яго паэтычны геній заявіў пра надыходзячыя змены вершам «Пахаваная муза» (1925). Перадаўшы трыбуну свайму лірычнаму герою, сказаў, што муза, з якою «даволі блукалі… па свеце», «заснула», «змоўкла» — «і згаслі агні», а сам паэт «спявае з другою», знаходзячы апраўданне ў тым, што «такі ўжо наш свет». Былі і пазнейшыя неадпаведныя «генеральнай лініі партыі» творы. Аднак у цэлым паэт фактычна падаўся ў тую метафізічную прастору духоўнага і грамадска-палітычнага жыцця, якую прынята называць унутранай эміграцыяй. Яму, як і Янку Купалу, заставаліся толькі «сны аб Беларусі». Такім чынам, узрушэнні рэпрэсіўных 1930-х гг. сталіся хутчэй антыфактарам для творцы. Нават «у стол» пісаць было немагчыма праз пагрозу вобыскаў (прынамсі, адзін меў месца ў Коласавым доме).

Важкім аказаўся здабытак Коласавай творчасці ваеннага перыяду, за што яму была справядліва прысуджана дзяржаўная прэмія першай ступені (тады яна называлася Сталінскай). Ды такіх звышмагутных, гучных твораў, як, прыкладам, верш «Шалёнага пса — на ланцуг!», напісаны ў першы дзень фашысцкай навалы і апублікаваны на мове арыгінала адразу ў цэнтральных беларускіх («Звязда» і «Советская Белоруссия») і саюзнай («Правда») газетах, было зусім няшмат. З цягам часу творчасць Якуба Коласа ваеннага перыяду адышла ў цень. Адна з прычын гэтага — брак асабістага досведу. Няма падстаў не давяраць Максіму Лужаніну, які, імаверна, абапіраючыся на аповед самога народнага паэта, пісаў, у прыватнасці, пра стварэнне паэмы «Адплата»: «Пасля ўступу хацелася паказаць баявое жыццё партызанаў і пагарэльцаў у лясах. Колас ведаў гэта толькі па газетах, а тут патрэбна было калі не сваё вока, дык хай бы і трохі менш вострае, але такое, што аглядала там усё само, каб ператварыць убачанае ў жывы і цікавы расказ». Гэта ж адчуў і Максім Танк, які даў адну з першых (ішоў 1944 г.) нефармальных ацэнак Коласавых паэм «Суд у лесе» і «Адплата» (гл. лісты Аркадзя Куляшова і Максіма Танка да Пімена Панчанкі // Полымя, 1997, № 8). «Пісьменнік эпічнага таленту быў пазбаўлены магчымасці непасрэдна назіраць за тым, як у сапраўднасці адбывалася партызанская вайна, на ўласныя вочы бачыць жывыя постаці «лясных салдатаў» і іх сем’і, знаёміцца з паўсядзённым жыццём, побытавымі цяжкасцямі народных мсціўцаў», — дадае М. Мушынскі. Тое самае бачылася і сямейнікам: «Бацька пачаў пісаць аповесць пра юнака, які апынуўся ў варожым стане — таксама хацеў прысвяціць сыну-воіну, але фактычнага матэрыялу не хапала, і работа спынілася», — успамінаў малодшы сын пісьменніка Міхась Міцкевіч.

Незагойнымі ранамі адбіліся на сэрцы асабістыя страты 1941 — 1945 гг.: на фронце прапаў без вестак сярэдні сын Юрка (1941), пры цьмяных абставінах загінуў сябра Янка Купала (1942), ад цяжкай хваробы памерла жонка Марыя Дзмітрыеўна (1945). Гэтыя няшчасці таксама выліліся ў паэтычныя радкі. Аднак глыбіня гора была настолькі вялікай, што раскрыццё яго праз тыя ці іншыя літаратурныя формы для інтравертнай натуры Якуба Коласа з’яўлялася, бадай, вельмі інтымным — такім, што ў поўнай меры не выносіцца на людзі, нават не давяраецца паперы.

У гэтым выпадку ступень інтымнасці можна параўнаць з каханнем паэта да будучай жонкі. Цэлы нататнік быў спісаны любоўнай лірыкай, але аўтар палічыў недалікатным адносна сябе самога і свайго кахання публікаваць тыя вершы. Гора ж было невымоўным. Доказам — радкі:

І дзе знайсці мне тыя словы,
Каб выказаць жальбу маю!
Мне не стае душы паловы,
Свой боль я ў сэрцы затаю.

«1945 год для мяне асабіста быў цяжкім годам — я асірацеў і глыбока адчуў боль сваёй утраты, утраты майго лепшага друга. Гэты боль не мог не адбіцца і на маёй рабоце. Напісаў я толькі рад дробных лірычных вершаў — часткай для сябе. Можа з часам іх прачытаюць і людзі», — прызнаваўся спустошаны творца.

Па мастацкасці і гістарычнай значнасці творы 1930-х гг., ваеннага і пасляваеннага часу, па вялікім рахунку, не сталі ўпоравень са славутымі паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка», аповесцю «У палескай глушы», асобнымі вершамі. Хаця і заніжаць іх значэнне нельга. Думаецца, галоўнай прычынай з’яўляецца менавіта збольшага завершаная і на той жыццёвы момант рэалізаваная сфарміраванасць творчай натуры Якуба Коласа, на якую кардынальна не ўплывалі іншыя, магчыма, нават не менш, а больш (у параўнанні з ранейшымі) значныя з’явы і падзеі. Таму ўзаемасувязь, узаемазалежнасць паміж прааналізаванымі жыццёвымі ўплывамі і вехамі біяграфічных шляхоў вялікага пісьменніка з аднаго боку і яго падставовымі творамі з другога пры звароце даследчыцкай увагі відавочная.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (30.09.2014) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2085 | Тэгі: Літаратурная Ганцаўшчына, Анатоль Трафімчык, Якуб Колас | Рэйтынг: 5.0/4
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 8
Гасцей: 8
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.