Пятніца, 26.04.2024, 15:52

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Колькі слоў пра алегорыі ў паэме “Сымон-музыка”
Да 95-годдзя з часу заканчэння паэмы

На праваслаўныя Каляды 1919 г. (25.12.1918 па ст. ст.) Якуб Колас паставіў кропку ў напісанні "казкі жыцця", якая вылілася ў цэлую паэму – "Сымон-музыка". Праўда, аўтар толькі думаў, што паставіў кропку. Праз некалькі гадоў жыццё прымусіла перапісаць "Сымона". Зрэшты, гэта іншая тэма. Цяпер хацелася б звярнуць увагу яшчэ раз на вобразнасць твора і адлюстраваць яе спецыфіку, прывёўшы шэраг канкрэтных прыкладаў.

Якуб Колас

Сапраўды, у іншасказальнасці гэтай пярліны нашага прыгожага пісьменства ніхто не сумняваецца, пра гэта гаварылася не адзін раз і рознымі (перадусім сучаснымі) даследчыкамі. Аднак, як правіла, усё зводзілася да бачання ў галоўнай гераіне Ганне сімвалу Беларусі, а ў героі Сымоне – мастака ў шырокім сэнсе, які не знаходзіць разумення ў народзе. Канечне, усё больш грунтоўна. У гэтым кірунку даследчыкам варта прыгледзецца больш пільна – поспех гаранатаваны.

Прафесар М.Мушынскі ва ўступе да новага Збору твораў Якуба Коласа прамовіў – агульна, але метадалагічна верна: "Калі ацэньваць паэму, маючы на ўвазе нават толькі яе фінальныя раздзелы, дык можна зрабіць вывад, што перад намі глыбока праўдзівы твор, у якім сродкамі паэтычнай мовы, у сімволіка-іншасказальнай форме ўзноўлена рэчаіснасць перыяду рэвалюцыі, выказаны адносіны паэта-гуманіста да падзей, якія тады адбываліся ў беларускім краі".

І гэта праўда. Пачынаючы ад самога факта аднаўлення працы над сваім занядбаным творам.

NB дата напісання першага раздзела трэцяй часткі паэмы – 3-7 лістапада 1917 г. [Т. 9, с.403], г. зн. аўтар тыя радкі паклаў на паперу адразу пасля захопу ўлады бальшавікамі ў выніку іх рэвалюцыі 25 кастрычніка па старым стылі. Такая храналогія бачыцца не выпадковым супадзеннем. Рэвалюцыйныя падзеі, відавочна, каталізавалі нацыянальныя перажыванні паэта. Таму ён вярнуўся – пасля зацяжнога, больш чым чатырохгадовага перапынку! – да недапісанай "казкі жыцця". І як вярнуўся!

Прычым храналогія дзеянняў у паэме арганічна спалучаецца з рэальнай гісторыяй і жыццём аўтара, варта іх хоць збольшага суаднесці. У прыватнасці:
Дні ішлі, за летам – лета,
Вот і трэці год мінаў;
Ў соку сілаў, іх расквета
Тут Сымонка зачынаў
Год чацвёрты, год трывогі. [Т.9, с.338]
Ці выпадковым супадзеннем з’яўляецца адпаведнасць часу Коласавых блуканняў з пачаткам Першай сусветнай вайны з адысеяй Сымонкі? Пэўна, што не. Прычым чацвёрты год быў для галоўнага героя паэмы не толькі "годам трывогі", але, як гаворыцца ў творы адразу за гэтымі словамі, і
То была душы пара,
Той зварот жыцця дарогі,
Тая светлая зара,
Што дарогу ўсцілаюць – 
Мары тканнем залатым,
Ў цвет ружовы убіраюць
Даль, удачы абяцаюць
Парыванням маладым…[Т. 9, с.338]
У чым бачацца – а ішоў люты 1918 г.! – надзеі беларускіх патрыётаў на працяг Адраджэння – ажно да ўсталявання незалежнасці краіны, бо
…Для панскае пацехі
І для забаўкі паноў
Вы, саломенныя стрэхі,
Марна траціце сыноў! [Т. 9, с.339]
Гэтым самым Якуб Колас намякае на палаючую імперыялістычную вайну, у полымі якой гінулі згаданыя сыны саламяных стрэх – дзеці Беларусі. А каб хіба ўжо зусім не пакінуць сумненняў ва ўдумлівага чытача аўтар вуснамі свайго героя рытарычна ўскліквае непасрэдна ад першай асобы:
І чаму я марна трачу
Між чужынцаў дні свае? [Т. 9, с.339]
Тут – ясны намёк (праз ужыванне характэрнай для Коласавай творчасці таго часу лексемы "чужынцы") на сваё знаходжанне ў нялюбай сэрцу паэта расійскай глыбінцы – на Куршчыне, "сярод чужаніц".

Спіс дэшыфроўкі сімволікі ў паэме можна, паглыбіўшы аналітычную ўвагу, працягваць, але, думаецца, яго прадоўжаць і разгорнуць наступныя даследчыкі. Таксама, як мы тут паглыбім аргументацыю прачытання вобраза Ганны як сімвалу Беларусі (упершыню так вывеў А.Бабарэка). З гэтай нагоды хацелася б сказаць наступнае.

Я.Лёсік, разважаючы, пра паэму "Новая зямля", кажа: «…Хараство, багацьце і рознастайнасьць нашае айчыны выступае ў поэме перад усім культурным сьветам першы раз і прымушае сказаць, што Беларусь бясспрэчна "красавіца невеста”, хоць і без пасагу, як некалі казаў міністр маскоўскага цара Мікалая І, Навасільцаў…» (падкрэслена намі. – А.Т.). А ў паэме "Сымон-музыка" пра Ганну чытаем:
Выйшла б замуж, каб хацела.
Толькі варт ёй пажадаць,
Бо ахвочых многа мела
Без пасагу нават ўзяць. (Зразумела, падкрэсленне нашае. – А.Т.) [Т. 9, с.348]
Супадзенне? Можа быць. Аднак не выключана, што гэты выраз царскага міністра быў вядомы ў колах маладых беларускіх інтэлектуалаў, тым больш аднадумцаў, паплечнікаў. У такім выпадку падаецца абгрунтаваным дапушчэнне, што Якуб Колас ужывае працытаваныя тут радкі пра Ганну як нявесту мэтанакіравана – як свядомую алюзію.

Якуб Колас

Яшчэ адзін герой – хцівы, юрлівы Дамянік, які з’яўляецца, як Піліп з канапель, а насамрэч даволі апраўдана, у ІІІ раздзеле V часткі, – метафара бальшавіка як тыпу і бальшавіцкай улады з яе замашкамі авалодаць Беларуссю, якую ў паэме ўвасабляе Ганна (зрэшты, гэты тэзіс-расшыфроўка таксама ўведзена ў навуковы зварот (Ант.Адамовічам) і стала для коласазнаўцаў вядомым фактам). Дамяніку, аднак, задума дабіцца Ганны тым часам не ўдаецца (бальшавікі якраз падчас напісання тых радкоў – люты 1918 г. – пад напорам нямецкай арміі пакідалі "Заходнюю вобласць", як яны называлі Беларусь). У сувязі з гэтым М.Мушынкі справядліва заўважае: "Даследчыкі з беларускага замежжа (пэўна маецца на ўвазе перадусім Ант.Адамовіч. – А.Т.) імя Дамянік адкрыта звязваюць са словам бальшавік і ўскладаюць на апошняга віну ў смерці Ганны-Беларусі. Разважанні ў гэтым кірунку істотна паглыбляюць нацыянальны аспект праблемы, якая тут разглядаецца".

Падобныя супадзенні (у напісанні асобных фрагментаў Коласавых твораў з адпаведным сацыяльна-палітычным кантэсктам) можна было б лічыць спарадычнымі, калі б яны не мелі настолькі кангеніяльны і канцэптуальны (прычым на мяжы свядомага і несвядомага), а таксама даволі сістэматычны характар. Трэба толькі ўмела расчытаць закладзеную аўтарам алегарычнасць. У прыватнасці прывядзём яшчэ колькі прыкладаў, што ляжаць на паверхні ў трох частках паэмы "Сымон-музыка", створаных нібы як ад штуршка да крэатыўнасці пасля бальшавіцкай рэвалюцыі:
- замак (ІV частка і першыя два раздзелы V часткі, напісаныя ў канцы 1917 – пачатку 1918 г.) бачыцца вобразам "турмы народаў" Расіі, якая ўрэшце разбураецца, як, здавалася б, моцныя і велічныя муры і вежы (тым часам адбываўся парад суверэнітэтаў: дзяржаўны суверэнітэт абвясцілі шмат краін, у прыватнасці Украіна, Польшча, Літва, Латвія – непасрэдныя суседзі Беларусі);
- уладальнік замка князь, які памірае падстрэлены [Т. 9, с.342], уяўляецца забітым бальшавікамі царом Мікалаем ІІ (у гэтым пасажы маем яшчэ і правідэнцыяльнасць Коласава генія, бо насамрэч цар будзе расстраляны толькі праз паўгода пасля напісання ўказаных радкоў);
- прадказанне дзеда Данілы народных бедстваў пасля смерці князя ("Ну, цяпер разруха пойдзе…" [Т. 9, с.342]), якія сапраўды спасціглі прасторы былой Расійскай імперыі адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі (інакш якой яшчэ логікай можна вытлумачыць гэтае прадбачанне: разбурэнне панскага замка нібыта павінна было стаць цалкам пазітыўнай падзеяй для народа, аднак насамрэч распачалася грамадзянская вайна з усімі яе пакутнымі для людзей наступствамі);
- вольналюбівая пташка з песні Сымона, якая сядзіць у клетцы "пад апекай нелюбою", аднак "волю пачувае" (першы раздзел V часткі, студзень 1918 г.) [Т. 9, с.338], – яшчэ адна метафара Беларусі, якая тым часам праяўляла ўсё мацней імкненне да нацыянальнай самастойнасці – ужо быў разагнаны Усебеларускі з’езд, блізіўся час БНР.

Дарэчы, з прыведзенага шэрагу у так званай трэцяй рэдакцыі ўсе гэтыя алегарычныя моманты пакінуты, аднак за выключэннем аднаго – менавіта песні пра імкненне да волі пташкі – метафары Беларусі. Чаму яна была знята, як і яшчэ адна песня Сымона, названая літаратуразнаўцамі "Одай творчасці"? Але калі з "одай" "Божы Дух вітаў у высі…" ўсё зразумела: яна прасякнута ад пачатку да канца рэлігійнымі матывамі, дык песня пташкі выглядае даволі нейтральна і можа выклікаць падазрэнні толькі ў святле алегарычнай алюзіі на Беларусь. А гэта – ужо несумненная крамола для палітыкі бальшавікоў, паводле якой нацыянальнае самавызначэнне дапускалася толькі на словах: «Мы за автономию для всех частей, мы за право отделения (а не за отделение всех!) <…> В общем, мы против отделения. Но мы стоим за право на отделение. <… > Ничего, абсолютно ничего кроме права на отделение здесь нет и быть не должно» (усе выдзяленні аўтарскія), – дэклараваў галоўны савецкі ідэолаг і правадыр У.Ленін. Гэты фарысейскі тэзіс адносна Беларусі бальшавікі ў выніку змаглі ажыццявіць.

"Увесь гэты згустак квінтэсенцыі нацыянальнага адраджэнства, пададзены на працягу няпоўнае сотні вершаваных радкоў, у высокім і моцным тоне нябывалага лірычнага патасу запраўды ўнікальны ў Коласа, дый наагул няшмат роўнага сабе мае ў цэлай адраджэнскай паэзіі", – піша Ант.Адамовіч пра ўступ да ІІІ часткі паэмы "Сымон-музыка", але гэты тэзіс, як бачым, з дапамогай больш ці менш ясных алегорый можна экстрапаляваць на ўсе тры часткі твора, напісаныя пасля прыходу да ўлады бальшавікоў.

Такім чынам, ступень алегарычнасці паэмы Якуба Коласа "Сымон-музыка" (пры ўсёй прызнанасці іншасказальнасці твора навуковаю грамадскасцю) на практыцы яшчэ не раскрыта. Прыклады, прыведзеныя намі, дэманструюць, што аўтар удала "замаскіраваў" многія элементы і факты тагачаснага грамадскага і асабістага жыцця. Песняру даводзілася звяртацца да так званай эзопавай мовы і сімвалізацыі. Думаецца, што іншым разам – у сілу кангеніяльнай адоранасці – паэт і грамадзянін прыхоўваў за вобразнасцю свой погляд на актуальныя падчас стварэння паэмы рэаліі міжволі, на ўзроўні падсвядомага (асабліва што датычыцца правідэнцыялісцкага аспекту). Галоўнае, што яшчэ праз адну прызму Якуб Колас паўстае перад намі і як тонкі лірык, і адначасна як вялікі патрыёт роднай Беларусі.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (06.01.2014) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК - газета «ЛіМ»
Праглядаў: 4764 | Рэйтынг: 5.0/7
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.