Чацвер, 18.04.2024, 17:23

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Якубу Коласу пісалі з Ганцавіч
Якуб КоласЛетась у Ганцавічах правялі Дзень беларускага пісьменства. Народны паэт Якуб Колас стаў сімвалам свята. Яму ўстанавілі бюст. Нагодай стаў той факт, што будучы класік айчыннай літаратуры пачынаў сваю працоўную біяграфію ў Люсіне, якое сёння знаходзіцца ў Ганцавіцкім раёне. Як правіла, на гэтым разгляд сувязей Канстанціна Міцкевіча (сапраўднае імя і прозвішча паэта) з ганцаўскай зямлёй і абмяжоўваецца. Грунтоўным вывучэннем тэмы "Якуб Колас і Ганцаўшчына" так ніхто і не заняўся. А матэрыялы ёсць. І адну невялікую старонку гэтай тэмы сёння аднаўляе наш партал.

У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захоўваецца шмат лістоў да паэта і ад яго. Ужо будучы народным, уганараваным, тым не менш ён не цураўся кантактаў з самымі рознымі людзьмі. Асаблівыя пачуцці Якуб Колас захаваў да люсінцаў. Шырокую вядомасць атрымала перапіска колішняга люсінскага настаўніка са сваімі вучнямі, ужо на той час пасталелымі. Аднак, як аказваецца, гэтым ліставаннем кантакты паэта і нашых землякоў не абмяжоўваюцца. Да сённяшніх дзён дайшоў ліст студэнта трэцяга курса Ганцавіцкага педагагічнага вучылішча Сцяпана Васільевіча Макарава, датаваны 19 сакавіка 1949 г.

Мяркуючы па змесце дакумента, С.Макараў хоць і быў студэнтам, да таго часу перажыў нялёгкія гады. На яго долю выпала ваеннае ліхалецце, якое пакінула чалавека інвалідам. На якім фронце ці ў партызанах ваяваў – з ліста невядома. Аднак беручы гэта пад увагу, можна меркаваць, што на момант напісання ліста, у сакавіку 1949 г., С.Макараву было не меней чым 22-25 гадоў: калі лічыць па мінімуму, у 18 мог быць мабілізаваны (няхай у апошні год вайны – 1945-ы), а да ліста мінула 4 гады – атрымліваем сама мала 22 гады. Значыць, гэта быў ужо сфарміраваны дзяцюк. Вайна, аднак, не выпетрыла з яго душы памкнення да высокага – да мастацтва паэзіі. У ім самім прачнуўся творца. Пробы пяра і былі дасланыя Якубу Коласу на разгляд. На жаль, разам з лістом яны не захаваліся. Таму ў публікацыі дакумента прывядзём адно пералік назваў раздзелаў паэмы, якую пісаў тады С.Макараў (глядзіце копіі ліста). Думаецца, чытачам будзе цікава прачытаць усё пасланне. Многія любяць чытаць чужыя пісьмы, але гэта не этычна. А тут – ужо гістарычны дакумент, чытаць які, вывучаць этыка не толькі не забараняе, але і заахвочвае, каб ведаць наша мінулае. Дый каму ж не цікава ведаць, што і як пісаў нейкі ганцавец самому Якубу Коласу?! Такім чынам, ліст (стыль і арфаграфія захаваныя):

"Добры дзень, паважаны народны пісьменнік!

Я студэнт 3-га класа Ганцевіцкага педагагічнага вучылішча, інвалід Айчыннай вайны, пасылаю да вас на разбор свой маленькі верш. Хачу падзяліцца сваімі думкамі з Вамі, народны пісьменнік. Якім-жа чынам стаць на літаратурную дзейнасць, каб як найбольшую карысць прынесці Радзіме. У душэ маёй неабсяжныя сілы, якія штурхаюць да літаратурнай дзейнасці. Вершы жыцця плывуць з маіх вуснаў, што з імі рабіць – не ведаю сам. Дайце савет, што і як пісаць, каб стаць на грунт літаратурнай дзейнасці. Работа пісьменніка я знаю адказная, але я з гэтым спраўлюся. Толькі ўмовы на гэта трэба.

З г(л)убокай павагай да Вас. (Подпіс)”
19.03.49.

Ліст захоўваецца ў фондах музея пад нумарам КП-16051.

Чамусьці ліст мае і другую частку, на яшчэ адным аркушы. Там сказанае наступнае:

"Паважаны народны пісьменнік!

К Вам я дасылаю ўрыўкі з сваёй паэмы "Няволя і жыццё”. Тэматыка гэтай паэмы наступная: паказ прыгнёту сялян Зах. Беларусі польскімі панамі. Барацьба сялян за жыццё. Вольнае жыццё пры совецкай уладзе”.

Далей ідзе змест паэмы, дзе пералічаныя назвы яе частак, якіх налічваецца 28. Твор ахоплівае час ад знаходжання Заходняй Беларусі пад Польшчай да пасляваенных рэалій на гэтай жа тэрыторыі з апісаннем прыходу Чырвонай Арміі ў 1939 г., жыцці пры "першых саветах”, нямецкай акупацыі і перамогі. Напэўна, аўтар абапіраўся на асабісты досвед, што ўяўляе цікавасць сёння. Аднак урыўкаў з паэмы не выяўлена. "Калі закончу паэму прышлю цалкам да Вас, каб падзяліцца думкамі і майстэрствам, якое выплывае з душы маёй”, – завяршае паведамленне С.Макараў.



Адбіткі ліста і канверта Сцяпана Васільевіча Макарава да Якуба Коласа,
якія захоўваюцца з фондах музея


На канверце пазначана "адказана". Гэта значыць карэспандэнту быў адпраўлены ліст ад імя Якуба Коласа. Варта сказаць, што паэт не заўсёды сам адпісваў: на сотні лістоў, якімі яго завальвалі, адказаць было фізічна немагчыма. Часам гэта рабіў сакратар (тады ім быў слынны паэт Максім Лужанін). У фондах музея Якуба Коласа пошук не выявіў ліста ў адказ да С.Макарава. Апошні паэту таксама, напэўна, больш не пісаў (прынамсі ў фондах музея іх больш лістоў ад яго няма). Застаецца кволая надзея, што пісьмо ад народнага паэта Якуба Коласа стала сямейнай рэліквіяй у родзе Макаравых і сёння недзе зберагаецца. (Было б добра, каб дайшла да сённяшняга часу і паэма, урыўкі з якой, паводле ліста, былі дасланы для азнаямлення самому класіку.) Аўтар гэтых радкоў і рэдакцыя партала былі б вельмі ўдзячныя, калі б шаноўныя чытачы памаглі адшукаць той ліст. Пры наяўнасці звестак просьба звяртацца па электронным адрасе tolik1976@tut.by ці па тэлефоне музея – 8-017-284-17-03.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (20.03.2012) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2137 | Тэгі: Ганцавічы, Якуб Колас, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/10
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.