Чацвер, 28.03.2024, 12:53

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Калі з’явіліся сучасныя хаты
Наступілі халады. Вяскоўцы вымушаны рэгулярна паліць у печках і печах. Сучасны чалавек не задумваецца, што яшчэ зусім нядаўна – паўтара стагоддзя таму – пячное ацяпленне было наччым: нашы продкі жылі ў курных хатах, у якіх не было комінаў (гл. мал. 1). Але якраз 150 гадоў назад было адменена прыгоннае права – і сітуацыя пачала паляпшацца.

курная хата
Мал.1 Прыклад курной хаціны, якая захоўвалася яшчэ ў 1930-я гг.
у в.Вялікія Чучавічы, якія ў той час, як і Вялікія Круговічы,
былі цэнтрам воласці (на поўдзень ад Круговіцкай).

Дым з печы ці ад смаляных лучын (тагачасных «таршэраў») выходзіў праз «вяршок» — адмысловую адтуліну ўгары. Вялікакруговіцкі старажыл Уладзімір Рапейка (нарадзіўся ў 1912 г.) казаў, што яго баба яшчэ застала такое жытло. Значыць, яно было ў ХІХ ст. і пра яго помнілі людзі ў стагоддзі ХХ. Праўда яму запомнілася, што каб абагрэць убогую хаціну, цяпельца раскладалі на блясе, якая была падвешана да столі. Самі людзі, каб не нахапацца дыму, сядалі на падлогу (якая звычайна тады была глінянай). Па ўсёй верагоднасці, старажыл не правільна зразумеў, і баба мела на ўвазе не печ, а прыстасаванне для лучыны (гл. мал. 2). Але прынцып такі самы: дым ішоў у адтуліну.

лучнік
Мал.2 Прыстасаванні для лучыны ці маленькага цяпельца

Панавала антысанітарыя (досыць сказаць, што мыцца рэгулярна не было прынята да ХХ ст.). Адчаго хваробы былі частымі гасцямі ў вяскоўцаў. Для іх былі дарагімі паслугі прафесійных лекараў, якія абслугоўвалі толькі заможны клас. У выпадках патрэбы, якая наступала хіба толькі тады, калі чалавека не на жарт скруціць, звярталіся да народных знахараў і шаптух. Нават роды прымалі павітухі (павітуха – спрактыкаваная і паважаная жанчына, якая валодала прыёмамі народнай медыцыны і выконвала акушэрскія функцыі, а таксама шматлікія абрады, звязаныя з адразаннем пупавіны, першым купаннем і спавіваннем дзіцяці, укладаннем яго ў калыску і інш). Аднак не было б шчасця, ды няшчасце памагло: ад вошай, прусакоў (тараканаў), заразных хваробаў, якія павінны былі ў тых умовах не пакідаць людзей, ратавалі якраз курныя хаты: дым такім чынам з’яўляўся дэзінфекцыйным сродкам.

Толькі пасля адмены прыгоннага права (1861 г.) адбыўся пэўны віток у эвалюцыі жыллёвых умоў нашых продкаў. І ад курных хатаў нашы землякі масава сталі пазбаўляцца менавіта ў той час. І хаця новае жытло – так званая белая хата – было не на шмат лепшае, гэта быў крок наперад. Удасканаліліся многія элементы хатаў. У прыватнасці падлогу сталі слаць з дошак, а не з гліны, якая стала прыкметай беднасці. (У Раздзялавічах, як паведамілі мясцовыя жыхары, на пачатку ХХІ (!) ст. яшчэ была такая хата, у якой жыла старая бабуля.) На вокны сталі ставіць шкло – раней яны завешваліся бычыным пузыром, а на зіму затыкаліся анучамі ці закрываліся стаўнямі. Самі вокны яшчэ былі доўні час малымі. Павялічваліся памеры хат. У пачатку ХХ ст. усё часцей сталі рабіць хаты з так званай святліцай – чыстай палавінай. Нярэдка яе дабудоўвалі да старых.

Змены ў розных частках сённяўняга Ганцавіцкага раёна адбываліся па-рознаму. У сілу прыналежнасці паўночных вёсак раёна (Агарэвіч, Вострава, Дзяніскавіч і інш.) да сярэднебеларускай культурнай паласы, якая вылучалася ў параўнанні з палескай ў аспекце дабрабыту насельніцтва, жыхары тых паселішчаў перадавалі прагрэсіўныя элементы сваім суседзям у паўднёвым баку, як іх называлі, палешукам. У прыватнасці адзін стары макавец, Сямён Амельяновіч – рэспандэнт слыннага польскага этнографа міжваеннага перыяду Ю.Абрэмбскага – летам 1934 г. падзяліўся наступнымі ўспамінамі са свайго дзяцінства (паводле нашых разлікаў яно прыпала якраз на 1860-70-я гг.): «Быў адзін у Макава багаты чалавек. Таксама жыў у курной хаце. І вось млыноў нідзе не было (у іх наваколлі – А.Т.). Гэты дзед пачуў, што ў Лахаўшчыне быў млын вадзяны. І вось ён насыпаў кадушку жыта, запрог гэтых быкоўі павёз на той млын малоць. Там была вялікая чарга і ён спыніўся на пастой у адной хаце, дзе была печ з комінам, што дым выпускаў. Не была курная. Вось яму спадабалася тая хата, што няма ў ёй дыму. Прыехаў той дзед дадому з той кадушкаю. Мукі намалоў і прыехаў. Назбіралася старых паглядзець, якая гэта мука, што недзе млын ёсць. Гэты дзед і кажа: "Гэта не дзіва, што якая мука. Але што там за хаты ёсць! Там, – кажа, – няма дыму ў хаце. Такія хаты, што паляцца і дым пайшоў у комін, а ўхаце чыста, няма дыму. Я сабе зраблю такую. Грошы ў мяне ёсць".

Вось прыйшла зіма. Гэты дзед назносіў лесу. Папрасіў людзей, каб памаглі: "зраблю хату. Пакажу вам дзіва". Усе запраглі быкоў, прывезлі гэты лес.

Прыйшла вясна. Дзе ж узяць работнікаў. Гэта ж трэба такія вуглы, як цяпер называюць, нямецкія. Даведаўся гэты дзед, што быў у Круговічах такі дзед, што мог рабіць гэтыя вуглы. Вось і гэты дзед пайшоў у Круговічы. Наняў людзей, напаіў іх добра гарэлкаю, бо ў яго не бракавала грошай, то нешкадаваў для работнікаў сваіх. Прывёў ужо сюды ў Макава гэтых людзей.

Вось калі ўжо ўзяліся за яго работу, вось ужо нахадзіліся нашы людзі паглядзець, якія майстры з Круговіч прыйшлі. Адзін з тых кругаўцоў быў старэйшы. Ён ужо рабіў такую хату. То ён не працаваў, толькі рысаваў. Нарысуе і крычыць на іх: Ну, добра рабеце! Рук не пабеце!" А нашы людзі глядзяць на гэтых майстроў з нашых макавых, якія былі такія панятлівыя, таксама прывучыліся да гэтай работы, бо яны мелі ахвоту нават навучыцца. Гэты старэйшы з Круговіч, то заўсёды амаль быў п’яны. Той дзед быў багаты – даваў водкі, каб не сапсаваць дома, каб добра зрабіць. (Варта заўважыць, што сапраўды ў той час нанятых людзей прынята было падпойваць, інакш яны могуць спецыяльна выконваць работу няякасна, таму апавядальнік і падкрэслівае ролю гарэлкі – А.Т.)

Збудавалі, праўда, гэты дом. Той дзед абышоў кругом гэты дом і вельмі пахваліў гэту работу, што значыць добра зрабілі. Ну, і ўзялі піць гэту водку. І кажа ён: "Ну, добра. Зрабілі дом, так зрабілі. Але дзе ж гэтакага работніка ўзяць, каб зрабіў такую печ, каб дым не йшоў у хату?” Вось і гэтыя кругаўцы параілі, што ёсць у Дзяніскавіч гэтакі чалавек, што знае, як зрабіць гэтаку печ, што дым не пойдзе ў хату.

Дзед зараз жа паехаў па таго чалавека ў Дзяніскавічы. Прывёз таго пячніка сюды ў Макава. Давай яго яшчэ паіць добра водкаю – водкі не бракавала. Пасля выпіўкі гэты чалавек праспаўся, устаў і пачынае сваю работу каля печы. Напрыходзіла з цэлага сяла людзей і пазіраюць, як ён будзе гэту печ рабіць. Вось ён пачаў і робіць сабе. Людзі пазіраюць і прывучаюцца да гэтага. Ён там і рабіў, можа, два-тры дні, і ўвесь час людзі былі каля яго, цікава было глядзець. Калі ўжо скончыў печ, трэба паліць у печы. Таксама ўсе збегліся глядзець: дзіва будзе, дым пойдзе ў комін, а не ў хату. І вось гэты пячнік набраў ужо дроў, бярэ паліць іх у печы. Пайшоў дым добра. Праўда, пайшоў дым уверх. Дыму ў хаце няма. "Вось, – кажа, – браце, добра гэта хата. Такое дзіва – то трэба зрабіць. Гэта майстар добры". Той дзед з радасці, што гэта так добра, гарнец (3,3 літры – А. Т.) гарэлкі на стол. Давай піць ды спяваць. Такога майстра знайшлі. Будзем усе так рабіць. Таго печніка напаіў, добра заплаціў яму, запрог коней і завёз яго назад дадому.

І вось так памаленьку, так ужо гледзячы на яго, пачынаюць так сабе дом рабіць і печ». (Пераказана блізка да тэксту па: Obrębski J. Polesie / Redakcja naukowa i wstęp Anna Engelking. – Warszawa: Oficyna Naukowa, 2007. – S. 455-457.)

курная печ
Мал.3 Курная печ

Як бачым, узрост сучаснай хаты па гістарычных мерках невялікі. Нашы землякі толькі паўтара стагоддзя як пакінулі жыць у курных хатах, а ў паднёвых вёсках Ганцавіцкага раёна – і таго менш. Знойдзеная ў навуковым даследаванні Юзафа Абрэмбскага і прыведзеная тут гісторыя прыадкрывае нам, як на практыцы адбываўся пераход да больш дасканалага жылля.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (15.12.2011) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 3251 | Тэгі: Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/15
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.