Субота, 27.07.2024, 02:58

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Хто чужаніцы? Якуб Колас пра падзел Беларусі 1921 года (заканчэнне)
Якуб Колас, ужо будучы народным паэтам, разумеў, кажучы словамі Купалы, "які павеяў вецер на загоны", — і "асадзіў назад". Нельга сказаць, што потым ён зусім не вытыркаўся (усё ж заступаўся за многіх, над кім завіс дамоклаў меч сталінскіх рэпрэсій). Але ліра Песняра загучала ўжо на іншы — на савецкі — лад. Вернасць рэжыму Якуб Колас у адным з некалькіх пакаяльных лістоў 1930 г. абяцае давесці на справе. Штопраўда, даводзіць паэт пачаў яшчэ раней, проста ўладзе было ўсё мала ды мала паэтычнай даніны. Яе патрэбна было столькі, каб зацьміць грунтоўны пласт "нацдэмаўскіх" твораў.

Анатоль Трафімчык
Партрэт Якуба Коласа. (1921)

Тэма падзелу Беларусі з 1925 г. (калі былі адкінуты савецкія планы аб’яднання Беларусі шляхам нацыянальнага паўстання) патрабавала адназначна прабальшавіцкіх інтэпрэтацый. Пэўны час на іх Якуб Колас не мог рашыцца (як і ўвогуле не мог адразу прыняць — хаця б на словах — савецкую дактрыну). Заўважны перыяд ваганняў, роздумаў, калі "павесіў паэт сваю музу на плоце" [Т. 2, с.115] (курсіў наш — A.Т., варта звярнуць увагу на лексічную амбівалентнасць выдзеленага слова, якое можа абазначаць павешанне), перыяд двухсэнсоўнасцей і расчараванняў, звароту да перакладаў і твораў для дзяцей. To паэт, якому "свет жорстак і глух", хавае музу, а сам "спявае з другою" ("Пахаваная муза", 1925). To яго "трывожыць" "цьма", і ён задаецца пытаннем: "Калі ж ёй канец?" ("Шорхае варожа", 1925).
To нібыта жартам ўспыхвае надзея,
Што нават цэнзару-зладзею
Я мыслі людскасці навею,
I ён прапусціць мне паэму.
("Малітва беларускага пісьменніка", 1925)
A то і выдасць, паводле асабістага азначэння, "трохі пад Крылова" байку "Свінні пад дубамі" (1926) з гучным нацыянальным лейтматывам (у кантэксце беларусізацыі, праўда, ён гучаў не так рэзка, як сёння можа падацца, аднак дысананснасць верша выявілася ўжо праз пару-тройку гадоў, калі наступілі кардынальныя змены ў савецкай унутрыпалітычнай дактрыне, названыя карэнным пераломам).

Нават у верш, прынагоджаны да пятай гадавіны часопіса "Полымя" (1926), паэт укладае свае перажыванні і жаданні адносна "загонаў, што засталіся за кардонам", заклікаючы агонь (ачышчальны сімвал) шугаць і разгарацца:
Шугні, агонь,
I цемрадзь-сон
Развей, згані ад краю ў край,
Іскрыся іскрамі, палай!

Нясі святло і тым загонам,
Што засталіся за кардонам,
Дзе брат мой стогне пад прыгонам,
I шлях яму ты асвятляй!
("Полымя", 1926)
Знешне, як можа падацца, верш цалкам упісваецца ў савецкае ідэалагічнае клішэ, названае потым сацрэалізмам. Аналізуючы датаваны 1937 г. ліст М.Ісакоўскага старшыні Саюза пісьменнікаў СССР У.Стаўскаму з выкрываннем Якуба Коласа як аўтара контррэвалюцыйнага верша "Полымя”, журналісты газеты "Камсамольская праўда" Л.Сяліцкая і Д.Васілеўскі прыходзяць да высновы, што расійскі паэт трапіў у аблуду і "содержанне стихов — очень даже идеологически верное: поэт ждёт, когда революционное «полымя» осветит путь обьединения двум разлученным половинам белорусского народа". Мусім пагадзіцца толькі часткова. М.Ісакоўскі падвёў памылковыя абгрунтаванні контррэвалюцыйнасці твора. Іх з лёгкасцю і разбілі журналісты (зрэшты, яшчэ тады данос, перасланы спачатку кіраўніку кампартыі Беларусі В.Шаранговічу і ім аддадзены старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў М.Лынькову не быў пушчаны ў ход: пэўна, прытрымаў ліст новапрызначаны (з чэрвеня 1938 г. — недзе праз год пасля даносу) кіраўнік рэспублікі П.Панамарэнка, — пра што мяркуюць самі журналісты). А вось шматзначнага злучніка "і" ў чацвёртым радку з канца раней не заўважалі даследчыкі — ні сучаснікі Якуба Коласа, ні цяперашнія. Злучнік жа гэты з’яўляецца якраз ключом для прачытання верша. У кантэксце разгляданага твора "і" становіцца сінонімам "таксама" — слова, якое мае на ўвазе яшчэ адзін аднародны член сказа, які не абавязкова называецца, агучваецца ў тым сказе, аднак менавіта яно першаснае, бо на яго арыентуецца той аднародны член сказа, да якога дастасаваны злучнік "і". У выпадку з вершам Якуба Коласа "Полымя" безумоўна тым першасным аднародным членам сказа з’яўляецца Савецкая Беларусь. Такім чынам, аўтар свой заклік (тоесны Купалаўскаму "з цемры да святла") распаўсюджвае не толькі на "загоны, што засталіся за кардонам", але і на тую частку Беларусі, дзе пануе бальшавіцкая ўлада. Дакладней, наадварот: менавіта Савецкая Беларусь шляхам эліпсісу ўказваецца першай, на якой трэба развеяць "цемрадзь-сон ... ад краю ў край". А гэта — ужо несумненна антысавецкія, контррэвалюцыйныя матывы.

Да тэмы падзеленай радзімы Якуб Колас звяртаецца на пачатку 1927 г. у вершы "Братам Заходняй Беларусі". Яго ўвага, выкліканая разгромам Беларускай сялянска-работніцкай грамады, абрушваецца гневам на санацыйны рэжым II Рэчы Паспалітай. Напрыканцы паэт прадракае:
Браты! Мінецца ліха-гора,
I панскі шал затхнецца скора,
Бо стукне молат па панах.
Такім чынам, паэт бачыць паратунак для "заходнікаў" у дыктатуры пралетарыяту, сімвалам якой з’яўляецца ўжыты ў вершы молат.

У далейшым Якуб Колас працягваў граміць паэтычным словам польскія ўлады, якія прыгнятаюць беларусаў, усё больш пры гэтым апяваючы ўлады савецкія: гэта вершы "Панам" (1927), "А.Луцкевічу" (1927), "Грамадаўцам" (1928), "Беларусі пад Польшчай" (1928), "Панская ласка" (1928), "Краіне Саветаў" (1930), "Да тыдня беларускай культуры" (1931), "Польскім катам" (1931), "Заходняй Беларусі" (1932), "3 дарогі" (1936). Інтанацыі твораў самыя розныя: гэта і абвінавачванні, і пракляцці, і пагрозы, і прароцтвы, і ўслаўленні, і заклікі...

Аднак штучная настройка Коласавай ліры часам яшчэ давала збоі (у савецка-сацыялагізатарскім разуменні). Напрыклад, верш "А.Луцкевічу" ў хуткім часе пасля напісання становіцца непрахадным у друк: аб’ект прысвячэння не паддаўся савецкай прапагандзе і заставаўся праціўнікам бальшавікоў. He дапамаглі і ідэйна "правільныя" радкі:
Налучылі край наш іншыя два лёсы:
Запалілі ўсход наш залатыя косы,
Дзе ратаі вольна падымаюць ролі,
А на захад збегла панская сваволя.
Цікава, што ў 1928 г. (калі «пачаў мацней адчувацца ціск ГПУ ў галіне літаратуры») народны паэт яшчэ змог размясціць у двухтомным зборы твораў некаторыя свае антысавецкія вершы, у тым ліку пра падзел радзімы (у першую чаргу трэба назваць "Беларускаму люду"), што варта лічыць таксама свайго роду ідэалагічнай дыверсіяй для тагачаснага кантэксту.

Былі ў Якуба Коласа і больш сур’ёзныя разыходжанні з "генеральнай лініяй партыі". Так, непадцэнзурны верш "З мінулага", напісаны 2 чэрвеня 1933 г., апублікаваны ўпершыню толькі ў найсвяжэйшым Зборы твораў. Прынцыповыя разыходжанні з метадам сацыялістычнага рэалізму ў савецкі час пакідалі твор па-за бальшавіцкім друкам.

Лірычны герой верша аддаецца ўспамінам пра лета і родныя краявіды. Знаёмая па колішніх творах Песняра алегарычнасць падказвае, наколькі цяжка і смутна лірычнаму герою.
Ды мінула лета, патускнелі блескі,
Пагубляў стары дуб залатыя фрэскі
I прайшоўся вецер па лугох з касою,
Засталося поле з выцвеўшай красою.

У вачох-зарніцах свеціцца журбота,
Знаць і ёй на сэрцы залягла сумота.
Адлятае птушка ды ў нямілы вырай,
Залягае ў сэрцы жальба мая шырай.

Ці я страту чую роднага чагосьці,
Што так сэрца ные, ные ў горкай млосці.
Тая ж постаць, вочы, а сама не тая.
Чаму гэтак стала? чаму? я пытаю.

Эх, ды не дачуўся водгулля ні разу.
Знаць і не пачую я таго адказу!
Так і застанецца песня недапета...
Ды каго абходзіць смутак, сум паэта?
Знешне пейзажна-філасофская замалёўка ўсё ж мае, як і некаторыя ранейшыя творы Якуба Коласа, палітычны падтэкст. I той факт, што верш не публікаваўся за савецкім часам, з’яўляецца сведчаннем наяўнасці антысавецкіх настрояў аўтара, які пяе аб роднай старонцы. Менавіта яе "страту" "чуе" лірычны герой: "родны кут" знаходзіцца па заходні бок мяжы, пад Польшчай, а ўсходняя частка Беларусі ў рамках савецкай рэспублікі не апраўдала спадзеўнага боку амбівалентных перажыванняў і чаканняў паэта. Ён задаецца пытаннем аб прычыне. Аднак няма адказу — "водгулля", якое алюзійна адсылае чытача да аднайменнага зборніка 1922 г. з антысавецкімі матывамі на тэму падзелу Беларусі, а таксама да аднайменнага верша (20.11.1921) гэтага зборніка. У тым творы аўтар сам сабе кажа адгукацца на падзеі — ці то радасныя, ці наадварот [Т. 2, с.100]. Галоўным матывам для яго выступае шчырасць. Таму, кажучы ў вершы 1933 г. пра адсутнасць водгулля, Якуб Колас падказвае, што ён перастаў быць шчырым.

Пясняр змяніў гучанне сваёй ліры. Змяніў даўно. Прычым усведамляў гэты крок — крок да няшчырасці. Таму напярэдадні змены даў знаць пра гэта: яшчэ ў 1925 г. — згаданым ужо вершам "Пахаваная муза", у якім сказаў праз прыём перададзенай трыбуны свайму лірычнаму герою — таксама паэту, што муза, з якою "даволі блукалі... па свеце", "заснула", "змоўкла" — "і згаслі агні", а сам паэт "спявае з другою", знаходзячы дэтэрмінізм і апраўданне ў тым, што "такі ўжо наш свет" [Т. 2, с.116]. Вершам "З мінулага" Якуб Колас проста не стрымаўся. А магчыма, і пастараўся перадаць ключ сваім сучаснікам і нашчадкам для расшыфроўкі яго сапраўдных паэтычных памкненняў і перажыванняў.

Да тэмы падзеленай радзімы Якуб Колас вярнуўся 21 верасня 1939 г., зрэагаваўшы на савецкае "ўз’яднанне" Беларусі вершам "Свайму народу". Гэты і шэраг іншых вершаў ("Гудзе зямля, дрыжаць лясы...", "Радасная сустрэча", "Наперад", "Вольнаму народу" — як бачна, колькасна менш, чым напісаў Янка Купала) не падвяргаюць сумненням высокую вартасць падзей, у выніку якіх савецкая ўлада прыйшла на Заходнюю Беларусь. Паэт падае розныя тэматычныя аспекты — і ўсюды бачыць змены да лепшага. Галоўнае:
Няма граніц, няма паноў —
Сышло іх панаванне...
("Гудзе зямля, дрыжаць лясы...)
(На самой справе, старую мяжу саветы захавалі, не жадаючы, каб беларусы бачылі, як жывуць па іншы бок гэтай амаль дваццацігадовай мяжы, бо расчараваліся б людзі з абедзвюх частак нядаўна рознадзяржаўнай Беларусі.)

Нічога не дае падставы сумнявацца ў шчырай радасці Якуба Коласа з прычыны аб’яднання Беларусі. Але, як і ў выпадку з Янкам Купалам, гэтыя вершы цалкам кан’юнктурныя, зададзеныя і рэгламентаваныя савецкай дактрынай. Таксама варта характарызаваць колькістаронкавы публіцыстычны артыкул Якуба Коласа 1943 г. "Дружба и взаимное уважение — залог свободы и процветания белорусского и польского народов" з наступнымі радкамі: "Обращаясь в недалёкое прошлое, мы должны признать, что чёрной страницей в истории польского государства остаётся насильственный захват польскими империалистами западной части Белоруссии в 1920-21 гг. Ни один народ мира, в том числе и польский, не оправдывал этот захват и считал его актом насилия. Живое тело белорусского народа польские империалисты раскроили пополам" і да т.п.

Варта звярнуць увагу, што непасрэдна на тэму падзелу Беларусі ў 1921 г. паводле Рыжскага дагавора Якуб Колас з 1925 г. выказваўся толькі аказіянальна. Паэт асуджаў польскіх прыгнятальнікаў, услаўляючы жыццё той часткі Беларусі, на якой была створана БССР. Ён ужо ніколі не вярнуўся да вершаванага асэнсавання непасрэдна самой падзеі падзелу, хаця быў змушаны адгукацца на яе пазнейшыя вынікі. Прыкладна гэтаксама павёў сябе Янка Купала. Выглядае на тое, што абодва тагачасныя народныя паэты Беларусі не зракліся сваіх ацэнак першай паловы 1920-х гг., не зракліся сваіх колішніх маркіраванняў суб’ектаў падзелу.

Увогуле тэма падзелу Беларусі ў вершах Якуба Коласа з’яўляецца дастатковай, каб прасачыць эвалюцыю нацыянальнай пазіцыі паэта. Яго палітычныя погляды выглядаюць больш празрыстымі, чым у таго ж Янкі Купалы. З патрыёта свайго краю, духам "тутэйшага", Якуб Колас вырастае ў "дзяржаўніка" з цэласнай нацыянальнай свядомасцю. Спрычыніліся да такіх перамен, як бачыцца, па-першае, перыпетыі ў лёсе самога творцы — яны стварылі эмацыйна-нервовую глебу, a па-другое, трагедыя падзелу роднай краіны (да таго ж, малая радзіма, многія сваякі засталіся па заходні бок мяжы) — яна выклікала хвалю абурэння і без таго неспакойнай душы паэта, стала якраз тым пераломным момантам усведамлення Беларусі як эвентуальнай дзяржавы, а не проста краіны. У выніку родны кут для Якуба Коласа пашырыў свае межы, ахапіўшы ўсю Беларусь. Больш таго, да сацыяльнай паэтычнай іпастасі дадаецца сацыяльна-палітычная грань, што ў ранейшых вершах паэта назіралася даволі замглёна, толькі намацвалася.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (27.03.2013) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 7974 | Тэгі: Якуб Колас, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/5
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 45
Гасцей: 45
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.